Белорусский портал в Казахстане

Кот, Сабака і Мыш



Прайшло таму нямала год,
Калі сабака, мыш і кот
Жылі у згодзе, разам елі,
Скакалі, навет песні пелі,
Лізалі косці пад сталом
I весялілі цэлы дом.
 
Ды вось аднойчы гаспадар
Задумаў ехаць на базар.
Ён загадаў сабаку строга:
- Не адыходзься ад парога,
Сядзі, для пэўнасці, пры хаце,
Пільнуй усё маё багацце.
I можа мала, можа многа
Сядзеў сабака ля парога,
Ды захацеў ён паскакаць,
Крыху пагаўкаць, пабрахаць.
I кажа ён кату: 
- У дружбу
Ты саслужы адну мне службу
I за мяне пільнуй у хаце
Гаспадаровае багацце.

- Ну, што-ж, - яму прамовіў кот,
-Каб большых ня было турбот!
3 ахвотай пасяджу ля ганку,
А ты сабе бяжы пагаўкай.
I можа мала, можа многа
Той кот праседзеў ля парога.
Паклікау мыш і кажа:
-  Ў дружбу
Ты саслужы адну мне службу
I за мяне пільнуй у хаце
Гаспадаровае багацце.
Бо тут ад ветру на парозе
Я дужа лапкі памарозіў.

-  Ну, добра - кажа мыш, - скарэй
Бяжы на печ ды лапы грэй.
I можа мала, можа многа
Сядзела мышка ля парога.
Ды раптам чуе - паміж траў
Цьвіркун на скрыпачцы зайграў.
Тут мышка, ўзяўшы лапкі у бокі,
Хутчэй пусцілася у скокі.

Вярнуўся гаспадар - а у хаце,
Глядзіць, няма яго багацця.
Хацеў сабаку ён прагнаць,
Ды той пачаў яго лізаць,
Прасіць, маліць, гаспадара:
-  Не праганяй мяне з двара.
За гэта буду я нязменна
Служыць аддана і сумленна.
-  Што-ж, - гаспадар яму ў вадказ,
-  Чым марнаваць дарэмна час,
Служы ды верны будзь, як друг...
Аднак ідзі, брат, на ланцуг.
 
Сабака бедны з тэй пары
Сядзіць навязан на двары.
За крыўду гэткую гатоў
Ён разарваць усіх катоў.
I кот з мышамі больш ня дружыць,
Як толькі зловіць, так і душыць.
А мыш залезла у падпамосце,
Грызе падлогу там із злосці.
                  ***
Вядома, гэта толькі казка,
Ды прачытаць для тых я раю,
Свае хто часам абавязкі.
Выконваць іншым даручае.

Н. Тарас ( З выдання: "Беларускія казкі".   Выдавецтва "Бацькаўшчына". Мюнхэн 1957.)

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/321
Текущая дата: 08.12.2024