Белорусский портал в Казахстане

Сенатар Віктар Лісковіч: Упэўнены, што моладзь трэба вучыць на прыкладах гісторыі



Вольга Ануфрыева (Звязда) 11 верасня 2020

Першая палова жыцця прыйшлася на савецкі перыяд, другая — на суверэнную краіну

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч адсвяткаваў прыгожую ва ўсіх адносінах дату — 60-гадовы юбілей.

У эксклюзіўным інтэрв`ю «МС» ён расказаў аб сваёй сямейнай дынастыі, якой, дарэчы, ужо 270 (!) гадоў, жыццёвых універсітэтах і планах на перспектыву. У якасці спойлера: выдавецкую дзейнасць суразмоўнік спыняць не збіраецца і з выхадам у адстаўку паедзе ў каралеўскі горад. Хочаце больш дакладна? Даведаецеся з сённяшняга інтэрв`ю.

«Сацыялка» на цэнтральным месцы

«МС»: Вы адзін з нямногіх парламентарыяў, які мае дастаткова багатую практыку заканадаўчай дзейнасці: у свой час працавалі ў профільнай камісіі ў ніжняй палаце, зараз узначальваеце аналагічную камісію ў верхняй палаце — ці адбіваецца папярэдні вопыт на цяперашнім статусе?

— Я пачну з таго, што кіраўнічы, арганізацыйны досвед работы, дзе я прайшоў усе этапы выканаўчай улады — працаваў звычайным урачом, загадчыкам аддзялення, галоўным акушэрам-гінеколагам Гродзеншчыны, галоўным урачом буйной медыцынскай установы, намеснікам старшыні аблвыканкама — гэта адзін кірунак маёй дзейнасці. Другі звязаны з грамадскай дзейнасцю. Старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, у якой было больш за 600 супрацоўнікаў, я быў 9 гадоў. І гэты час, безумоўна, не мог не адбіцца — я атрымаў каласальны вопыт! Потым я быў дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, двойчы абласнога Савета, у Палаце прадстаўнікоў пятага склікання працаваў у Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Таму мне добра вядомыя абедзве вертыкалі ўлады — і веданне, менавіта, практыкі выкарыстання законаў і працэсу падрыхтоўкі законапраектаў спрыяе таму, што сёння можна прадметна, канкрэтна, дакладна і хутка прымаць рашэнні па праблемах, якія ўтрымліваюцца ў зваротах грамадзян, па ўнясенні паправак у законапраекты, якія сёння праходзяць праз нашу камісію ў межах яе кампетэнцыі.

«МС»: Профільная камісія, якую вы ўзначальваеце, як ніякая іншая зразумелая і блізкая людзям — ахова здароўя, адукацыя, культура, прасцей кажучы, «сацыялка» — складае цэнтральную частку нашага жыцця. На ваш погляд заканадаўцы, якая са сфер зараз патрабуе ўдасканалення?

— Пакуль чалавек жыве, ён ніколі не спыняецца на дасягнутым, і спынення працэсу наогул быць не можа. А сацыяльны кірунак — гэта наша жыццё ад нараджэння да глыбокай старасці, таму тут вельмі важна не ўпусціць нідзе ніводнага аспекту. Нарадзіўся чалавек — патрэбна якасная медыцынская дапамога, каб былі здаровыя бацькі, каб дзіця расло здаровае і развівалася, каб яно ў садку атрымала задаткі адданасці сваёй краіне, любові да яе — з трох гадоў ужо можна фарміраваць гэтыя каштоўнасці. Далей яно пайшло ў школу, дзе выбудоўвае свае стасункі з іншымі дзецьмі, вучыцца навучацца перш за ўсё. Далей чалавек становіцца студэнтам ці атрымлівае рабочую спецыяльнасць — таксама вельмі важна, як яго сустрэнуць у калектыве, як ён пройдзе першы этап навучання і выкарыстае тыя веды, якія атрымаў у навучальнай установе. Тут вельмі значную ролю адыгрывае настаўніцтва, замацаванне першага рабочага месца і г. д. Далей чалавек уступае ў актыўную фазу (хтосьці становіцца работнікам вытворчасці, хтосьці — навукоўцам, хтосьці — кіраўніком) і на гэтым этапе важна, як раскрыецца яго талент. Тут свае законапраекты, якія суправаджаюць яго ў жыцці. Потым надыходзіць пенсійны ўзрост, патрэбная сацыяльная абарона — тут таксама ёсць свае нюансы, якія трэба ў адпаведнасці з умовамі нашага жыцця, эканомікай краіны выбудоўваць у адпаведныя законапраекты. І вельмі важна, каб гэтыя дакументы ішлі ад жыцця, ад інтарэсаў, якія датычацца асноўнай масы людзей, а не вузкай яе катэгорыі. Але яшчэ раз падкрэслю, пакуль чалавек жыве — ён заўсёды будзе развівацца, і адпаведна, законы пішуцца людзьмі і для людзей, для камфортнага жыцця грамадства. Таму я не сказаў бы, што сёння нейкі законапраект вельмі важны.

Самае галоўнае на сённяшні дзень — гэта моладзь і яе запатрабаванасць у грамадстве, яе любоў да Радзімы і яе ўнёсак у будучае краіны. Трэба інвеставаць у моладзь сілы, сродкі, каб чалавек любіў сваю краіну. Вядома, бацькоў і краіну не выбіраюць: яны даюцца нам Богам адзін раз, і мы павінны іх успрымаць такімі, якія яны ёсць — самымі лепшымі і любімымі. І пачынаць з маленства.

Дасягнуць вышынь можа кожны

«МС»: Не магу не запытацца аб ацэнцы таго, што зараз адбываецца ў краіне: чаго не хапае?

— Наконт таго, што зараз адбываецца, скажу шчыра, я ніколі не мог уявіць, што змагу стаць сведкам спроб узрушыць нашу краіну. Яшчэ раз пераконваюся, што з моладдзю трэба вельмі плённа працаваць, паказваць ёй, што было ў нашым грамадстве раней і што стала цяпер. Я бачыў розныя этапы развіцця краіны. Быў у мяне 1991 год, калі як старшыні прафсаюзнай арганізацыі мне давялося размяркоўваць тавары, талоны, купоны... Было вельмі цяжка: не было ні зарплаты, ні тавараў — нічога не было, але краіна справілася з гэтай разрухай. І сёння створана сучасная моцная сацыяльна накіраваная дзяржава. Які сэнс усё гэта страчваць у адзін момант?! Са свайго боку я ацэньваю сённяшнія з`явы, бо бачыў дрэннае, таму я даражу здабыткамі. Упэўнены, што моладзь трэба вучыць на прыкладах гісторыі, каб было з чым параўнаць і бачыць, што ты ідзеш наперад. Перакананы, калі ты сёння хочаш і можаш працаваць — дасягнеш у сваёй краіне любых вяршынь. Я, напрыклад, пачынаў працоўную дзейнасць яшчэ ў Савецкім Саюзе. Асноўны ж этап жыцця прайшоў у незалежнай Беларусі. Абодва перыяды ўмоўна можна падзяліць напалову (крыху больш за 30 у адным і амаль 30 цяпер), таму хачу сказаць, магчымасць рэалізаваць сябе была заўсёды. У мяне, напрыклад, простыя бацькі. Нарадзіўся я ў Кобрыне, што ў Брэсцкай вобласці, закончыў звычайную школу. Першыя чатыры гады вучыўся ў трэцюю змену — а палове дзявятай вечара заканчваліся заняткі, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: быў старшынёй піянерскай дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі школы. Мне падабалася вучыцца, асабліва цікавілі дакладныя навукі: фізіка, хімія, матэматыка, чарчэнне. У свой час стаў прызёрам абласной алімпіяды па фізіцы. Калі я скончыў у 17 гадоў школу і паступіў у медінстытут, прыйшоў туды абсалютна з дакладным разуменнем, што такое краіна — гэта тое месца, дзе ты патрэбны. Так атрымалася, што ўвесь апошні час — 36 гадоў — я прысвяціў Гродзенскай вобласці, з іх 13 — Астравецкаму раёну. Усе гэтыя этапы сведчаць аб чым? Што звычайны чалавек можа сябе рэалізаваць — для гэтага створаны ўсе ўмовы. У свой час я абараніў кандыдацкую дысертацыю, не будучы аспірантам, без адрыву ад вытворчасці, бо лічыў гэта патрэбным для ўласнага развіцця, краіны і ганаруся тым, што ідэя маёй кандыдацкай дысертацыі «Рознаўзроўневая сістэма перынатальнай дапамогі» была ўкаранёна ў маштабах краіны і цяпер паспяхова функцыянуе. Я адзін з аўтараў распрацоўкі гэтай сістэмы, укаранёнай на першым этапе ў Гродзенскай вобласці, дзе яна дала вельмі адчувальныя вынікі, пасля чаго пайшло развіццё ва ўсёй краіне. Але я не кажу, што зрабіў гэта адзін. Спачатку цябе суправаджаюць твае настаўнікі, потым ты павінен суправаджаць сваіх вучняў. Тады будзе пераемнасць пакаленняў. У мяне былі найлепшыя настаўнікі, якія зрабілі розны ўнёсак у мае станаўленне, развіццё, фарміраванне як асобы — гэта і медыкі, і кіраўнікі, і арганізатары аховы здароўя. Іх каля 10 чалавек. А цяпер я вельмі задаволены тым, што ў мяне ёсць і мае вучні, якія, не баюся сказаць, разумнейшыя за мяне, больш паспяховыя і вельмі ганаруся, калі нехта звяртаецца да мяне па параду.

270 гадоў на ўсіх!

«МС»: Калі мы ўжо закранулі досвед вашай урачэбнай дзейнасці, яе практычнага выкарыстання, не магу не закрануць сям`ю, якая з`яўляецца пракладам пераемнасці пакаленняў, урачэбнай дынастыі. Ведаю, што сумарны стаж вашай сям`і складае больш за 250 гадоў...

— Падлічылі — 270 гадоў.

«МС»: Ці плануе самае малодшае пакаленне — ваша ўнучка — працягнуць сямейную дынастыю?

— Ёй 12 гадоў. Яна любіць медыцыну, але ці пойдзе яна ў гэтым кірунку развівацца далей, я не ведаю, гэта будзе яе выбар. Калі мае дзеці прымалі рашэнне, ніякага ціску з нашага боку не было, трэба каб работа прыносіла радасць і задавальненне. Мала жадаць — трэба, каб ты адчуваў сваю прафесію. А наогул, прафесійная дзейнасць пачыналася з брата майго бацькі Аляксея Лісковіча, які памёр, на жаль, у 47-гадовым узросце, меў навуковую ступень, ад яго вельмі хуткімі тэмпамі пайшла ўся наша дынастыя. Потым быў я, мая сястра, яе муж, мая жонка і яе сёстры, мае дзеці, зяць і іншыя сваякі...

«МС»: А калі паглядзець па спецыялізацыях?

— Усе розныя: ад урача-дыетолага да галоўнага акушэра-гінеколага вобласці. Але там ёсць кардыёлагі, дэрмата-венеролаг, тэрапеўт, нефролаг, неўролаг, педыятр і акушэры-гінеколагі я і мой зяць. Іншымі словамі, амаль увесь спектр спецяльнасцяў. Калі вылучаць з усіх, не перабольшваючы ці змяншаючы вагу кожнага, я спыніўся б на дзвюх. Першая — гэта жонка, якая з 1991 года працуе загадчыкам аддзялення ў розных бальніцах: Астравецкая ЦРБ, Гродзенская раённая бальніца і абласны кардыяцэнтр. Другая, каго б я вылучыў, — малодшая дачка, асістэнт кафедры скурна-венералагічных хвароб Гродзенскага медуніверсітэта. Яна паспяхова абараніла дысертацыю, вядзе заняткі для замежных студэнтаў па-англійску, з майго пункту гледжання, гэта падкрэслівае веданне свайго прадмета.

«МС»: Дзе адбылася закладка вашага базісу як прафесіянала ў галіне аховы здароўя?

— У медыцыне я прайшоў усе этапы: працаваў у райцэнтры, фактычна сельскай мясцовасці, потым галоўным урачом у абласным цэнтры, галоўным акушэрам-гінеколагам вобласці, іншымі словамі, уся лінейка пасад, за гэты час прыняў 6,5 тысячы родаў. Хачу сказаць, што самы важны этап — гэта работа ў раённым цэнтры. Гэта тое месца, дзе ты вельмі хутка фарміруешся з прафесійнага пункту гледжання, таму што ты павінен імгненна прымаць рашэнні. Калі ты зробіш нешта няправільна, аўтарытэту ў раёне ніколі не заробіш. 13 гадоў астравецкага перыяду з пункту гледжання фарміравання спецыяліста — самыя каштоўныя і важныя.

«МС»: У працяг тэмы аховы здароўя: ведаю, што вы з`яўляецеся аўтарам мноства манаграфій, якія маюць практычнае выкарыстанне...

— Больш за 350 навуковых прац выдадзена: 10 манаграфій, восем вучэбных дапаможнікаў. тры манаграфіі тры двухтомнікі, дапаможнік па арганізацыі аховы здароўя для студэнтаў — гэта тое, дзе я хацеў пакінуць свае веды паслядоўнікам. Мяркую, у некаторай ступені ў мяне гэта атрымалася. Калі я працаваў на пасадзе намесніка старшыні аблвыканкама, і зараз у якасці сенатара, я вельмі актыўна займаюся выданнем публіцыстычнай літаратуры.

Якія кнігі чакаюць свайго «зорнага часу»?

«МС»: Бачу ў вашым кабінеце шмат кніг, якія выдадзены пры вашым непасрэдным удзеле...

— Так, у іх закладзены мае ідэі, канцэпцыі і, канешне, аўтарскі круг выканаўцаў. Калі маеш аднадумцаў, то зрабіць 24 кнігі за чатыры гады нескладана. Гаворка пра альбомныя выданні, мастацкія, прэзентацыйныя, мінімум на дзвюх-трох мовах (рускай, беларускай, англійскай), якія адлюстроўваюць усе этапы стваральнага шляху Гродзеншчыны за суверэнны перыяд Беларусі. Гэта тая гісторыя, на якой можна вучыць моладзь ганарыцца і берагчы сваю зямлю. З апошніх выданняў можна згадаць чатыры кнігі з серыі «Падарожжа ў часе», зробленыя ў цесным супрацоўніцтве з Уладзімірам Ліхадзедавым. Перш за ўсё гэта кніга «Шматнацыянальная Беларусь», якая рыхтавалася да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, яе прэзентацыя запланавана ў Гродне на Дзень горада 19 верасня. У выданні адлюстроўваецца, як людзі розных нацыянальнасцяў жывуць у міры і згодзе ў нашай краіне, як жылі сто гадоў таму.

Дзве кнігі мы выдалі да VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі: «75 гадоў Перамогі» і «Блакада».

«МС»: Чаму менавіта такі тандэм?

— Таму што адна прысвечана абароне і вызваленню Беларусі, а другая — блакаднаму Ленінграду як сімвалу гераізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўсяго савецкага народа. У гэтых кнігах можна знайсці Мінск і іншыя гарады Беларусі рэвалюцыйнага, даваеннага, ваеннага, разбуранага, адноўленага і сучаснага перыядаў. Вельмі паказальна, як за кароткі прамежак часу краіна аднавілася і пайшла наперад. Апошняя кніга прысвечана Лідзе. Чаму менавіта ёй? Таму што Ліда сёлета з`яўляецца культурнай сталіцай Беларусі. Яна выклікае цікавасць у айчынных турыстаў і замежнікаў.

Раней яшчэ чатыры кнігі з серыі «Падарожжа ў часе» былі выдадзены па Гродзенскім рэгіёне: аб Гродне, Слоніме, Навагрудку і Смаргоні. На гэтым мы не плануем спыняцца, ёсць дамоўленасць з Гродзенскім аблвыканкамам, аўтарам — Ліхадзедавым — аб тым, што кнігі з`явяцца пра кожны з рэгіёнаў Гродзеншыны. Перш за ўсё аб Гродзенскім раёне, Свіслацкім і Белавежскай пушчы, Ваўкавыскім, Шчучынскім, Астравецкім і іншых. Кожны край мае асаблівы каларыт, таму, я мяркую, гэтая серыя будзе цікавая для чытача.

Ёсць яшчэ планы. Калі мы пачыналі з «Гродзеншчыны гасціннай», зразумелі, што павінны рабіць серыю, і пасля яе з`явілася кніга «Па Нёмане, Віліі, Шчары» — гэта водныя артэрыі і навакольныя цікавінкі Гродзенскай вобласці. Пасля з`явілася трэцяя кніга «Аўгустоўскі канал: незвычайная гісторыя і новае жыццё». У ёй адлюстравана мунулае, сучаснасць і будучае гэтай унікальнай воднай артэрыі нашага гісторыка-культурнага помніка. Зараз рыхтуецца чацвёртая кніга «Гродзеншчына: запаведны свет». Гаворка ідзе аб амаль 20 заказніках і запаведніках, якія маюць дачыненне да Гродзенскага рэгіёна. Гэта будзе не проста інфармацыйны матэрыял. Выданне стане вельмі карысным з пункту гледжання турыста — чым гэты край унікальны, што тут можна паглядзець, чаму падзівіцца і гэтак далей. Я мяркую, што ў пачатку наступнага года гэтая кніга будзе выдадзена.

Акрамя таго, ужо падрыхтаваны макет кнігі аб спартсменах, якія праслаўлялі Гродзеншчыну. Самае галоўнае — у выданні можна ўбачыць, як яны прыйшлі да перамог. Не толькі дзякуючы сваім фізічным даным, але будуць паказаны і іх трэнеры, школы, дзе яны займаліся, настаўнікі фізічнай культуры. Іншымі словамі, канцэпцыя — паказаць анталогію перамог праз прызму людзей, якія прывялі спартсменаў да чэмпіёнскіх тытулаў.

І нарэшце, трэцяя кніга, якая выйдзе калі не сёлета, то налета, прысвечана векавому юбілею Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Тым больш што цяпер ідзе вялікая рэканструкцыя Старога замка. Зараз мы вызвалілі плошчу ў Новым замку (бібліятэка пераехала ў шыкоўнае новае былое памяшканне Нацбанка па Гродзенскай вобласці) пад мастацкую галерэю. Ідзе рэканструкцыя палаца тэкстыльшчыкаў, дзе будзе філіял музея, размесціцца экспазіцыя «Прырода Гродзеншчыны» і будзе адлюстраваны перыяд савецкай эпохі. Таму ў цэнтры горада сфармуецца своеасаблівы музейны квартал. Канешне, мы актыўна працуем над тым, каб зрабіць такое прэзентацыйнае выданне, прысвечанае асноўнаму музею Гродзеншчыны.

«МС»: Гэтыя выданні, можна сказаць, звязаныя больш з прафесійнай дзейнасцю. А як звычайнага чытача, якая літаратура вас больш прываблівае?

— Ваеннага перыяду. На працягу ўсяго жыцця яна мне падабалася, цікавасць не страчваецца і зараз. Асабліва прывабліваюць дакументальныя хронікі. Я знаёмы з такой літаратурай, што выдавалася ў савецкі час, практычна перачытаў усю — гэта мемуары военачальнікаў, кнігі аб партызанскім руху Беларусі. Я захапляюся мемуарамі Жукава, Ракасоўскага, Васілеўскага. Яны ў мяне да гэтага часу захоўваюцца з дзіцячых гадоў (Жукава, напрыклад, я перачытваў чатыры разы і кожны раз успрымаў па-новаму). Вельмі цікавы чалавек з няпростым лёсам, але які настолькі любіў сваю дзяржаву, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці на яго шляху, дэманстраваў прыклад любові да Радзімы. Дзякуючы яму і яго ўнёску ў Вялікую Перамогу мы маем сёння мір.

Што цікавага ў сацсетках?

«МС»: Крыху адыдзем ад мінулага да сучаснасці: не так даўно ў вас з`явіўся акаўнт у «Інстаграме». Не магу не спытаць: гэта даніна модзе ці жаданне быць на сувязі з маладзёжнай часткай аўдыторыі?

— Вельмі шкадую, што не пачаў займацца гэтым раней. Хоць бы два-тры гады таму. Вывучыў я яго хутка і зразумеў, што асноўная аўтыторыя падпісчыкаў — моладзь. Там проста так падпісчыкаў не набярэш, пакуль яны самі не захочуць гэтага зрабіць. Аўдыторыі юнакоў і дзяўчат падабаецца, калі ты зразумелай мовай расказваеш ім, што было, што будзе, дзелішся сваім бачаннем і меркаваннем. І яны адгукаюцца на такі дыялог. Перакананы, адмаўляцца ад новага нельга. Мы часам так робім з адной прычыны: лічым гэта негалоўным і неактуальным. Але калі асноўная частка моладзі ўспрымае гэты канал перадачы інфармацыі, вынік адзін: бяры, вучыся, даганяй і выкарыстоўвай.

«МС»: Дарэчы, аб моладзевай аўдыторыі: вы не так даўно бралі ўдзел у «Адкрытым дыялогу», які арганізавала саюзная моладзь у Гродне, якія адчуванні і высновы ад такой формы зносін?

— Дыялог атрымаўся дастаткова адкрыты і шматвектарны. Я хачу сказаць, што дыялогі патрэбны ў розных фарматах, у розных кірунках. З якой перыядычнасцю? Адказ адназначны — пастаянна: адзін на адзін, з невялічкай групай, вялікай аўдыторыяй, але дыялог павінен быць няспынны. Нават калі ты размаўляеш з маладым чалавекам па вырашэнні простага пытання — гэта ўжо мае карысць. Ён чуе, разумее, пагаджаецца ці не, твая задача — калі ты яго не пераканаў, значыць, ты быў падрыхтаваны недастаткова. Гэта маё меркаванне, калі ты хочаш дасягнуць мэты ў рабоце з моладдзю, працуй над сабой так, каб пераканаць у тым, што ты хочаш давесці.

«МС»: Не так даўно пры Нацыянальным сходзе быў створаны Маладзёжны савет (парламент), чаго вы чакаеце ад маладых парламентарыяў?

— На іх ускладаюцца вялікія чаканні: гэта павінны быць нашы пераемнікі не ў дэпутацкім, а цалкам у кіраўнічым жыцці. Павінны прыйсці людзі, якія будуць далей весці краіну наперад, яны будуць займаць розныя пасады ў міністэрствах, Саўміне, дэпутацкім корпусе, Адміністрацыі Прэзідэнта, хтосьці ўзначаліць завод ці школу, але гэта, несумненна, будуць лідары. Усе яны — 70 маладых людзей — вельмі матываваныя. Гэта студэнты, працуючая моладзь, нехта нават дзяцей сваіх мае, але ўсе яны прыйшлі, з аднаго боку, па рэкамендацыі абласцей, з другога — па асабістым жаданні. І першае іх станаўленне сведчыць аб тым, што яны жадаюць заявіць аб сабе і зрабіць для краіны шмат карыснага.

На пенсію — толькі ў Гродна

«МС»: Зараз, калі дазволіце, вернемся на ўзровень сям`і. Вы жывяце на два гарады — у Гродне засталіся вашы блізкія, а працуеце ў сталіцы. Я так разумею, што 260 кіламетраў для шчаслівай сям`і — не адлегласць?

— Канешне, не адлегласць. Справа ў тым, што мы так вырашылі: дзеці, жонка працуюць, быт сфарміраваны ў Гродне. Не буду адпірацца, калі надыдзе пенсійны ўзрост, я вярнуся ў гэты горад, вельмі яго люблю. У Мінск я прыехаў працаваць, асноўны час заняты на рабоце, таму прыходжу дамоў толькі пераначаваць — мяне нішто не адцягвае ад рабочага працэсу, а для сустрэч з сям`ёй ёсць выхадныя, якія дапамагаюць падтрымліваць усё ў патрэбным балансе.

«МС»: Гэтая адлегласць вымушае шмат часу праводзіць у дарозе, не стамляецеся за рулём?

— Не. Я адчуваю сябе гадоў на 20 маладзейшым за свой узрост. Наогул, калі працаваў намеснікам старшыні аблвыканкама, шмат ездзіў: трэба бываць у розных месцах, бачыць, параўноўваць, назіраць, супастаўляць і рабіць адпаведныя высновы. А потым будаваць прагнозы. Самае галоўнае, каб потым гэтыя прагнозы былі карысныя грамадству, людзям, краіне.

«МС»: Які від адпачынку для вас можна лічыць найлепшым?

— Перамена сферы дзейнасці... Нават калі трэба капаць бульбу — для мяне гэта ўжо адпачынак. Я вельмі не люблю пасіўны адпачынак, напрыклад легчы на беразе мора і ляжаць.

«МС»: І напрыканцы. Ведаю, у вас шмат розных узнагарод. Назавіце, калі ласка, самую блізкую сэрцу і каштоўную?

— Узнагарод шмат, сапраўды, але я раскажу аб некалькіх.

Хачу пачаць з першай. У першым класе за выдатную вучобу атрымаў ад дырэктара кнігу «Цімур і яго каманда». Дзеці вельмі ганарыліся, калі ім рабілі такі падарунак. Усе 10 гадоў школьнага жыцця такія ўзнагароды ў мяне прысутнічалі. У 2008 годзе я атрымаў медаль «За працоўныя заслугі», гэта была першая прэзідэнцкая сур`ёзная ўзнагарода, і яна не магла не замацавацца ў памяці. З улікам таго што атрымлівалі добрыя вынікі, напрыклад, патрыятычнае выхаванні, канешне ж, маюцца і іншыя ўзнагароды. Але асобна я хацеў бы вылучыць ордэн Пашаны, які атрымаў у сакавіку 2016 года, — гэта другая дзяржаўная ўзнагарода. Калі падсумаваць усе, то самая каштоўная — яна, безумоўна.

Гутарыла Вольга Ануфрыева
Звязда, 11 верасня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3232
Текущая дата: 22.12.2024