Белорусский портал в Казахстане

Сем этапаў сцэнарыя па знішчэнні Беларусі - Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сапраўдных задумах апанентаў



(БЕЛТА) 16 сентября 2020

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з палітычным актывам рэспублікі развянчаў міфы аб сітуацыі ў краіне і расказаў аб сапраўдных задумах апанентаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паэтапны разбор падзей у краіне выяўляе сапраўдныя задумы і тактыку знешніх нават не апанентаў Беларусі, а агрэсараў. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што на працягу апошніх дзесяці гадоў яны скрупулёзна рыхтаваліся да цяперашняга часу "Ч".

"Каб адразу зняць усе маскі, назавём гэтых ігракоў пайменна. На ўзроўні глабальных цэнтраў гэта перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, больш канкрэтна - іх сетка фондаў па падтрымцы так званай дэмакратыі. На еўрапейскім кантыненце актыўна дзейнічалі амерыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, на жаль, наша Украіна", - адзначыў Прэзідэнт.

Кожная з гэтых краін адпрацоўвала сваю ролю, падкрэсліў ён. Чэхія - з даўніх часоў у якасці рэсурснага хаба, Польшча - спачатку як інкубатар медыяканалаў ("Белсат", "Нехта" і іншыя), а затым - як пляцоўка для альтэрнатыўных органаў у выгнанні.

"Літва, уколатая тэмай БелАЭС, - як таран беларуска-еўрапейскіх адносін. Украіна, нягледзячы на нашу нязменную яе падтрымку (напрыклад, у пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці ды і па іншых), насуперак духу нашых узаемаадносін стала фарпостам палітычных правакацый, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Такім чынам, мы дакладна бачым суб`ектаў гэтага працэсу, іх праваднікоў і памагатых. Тактыка арганізатараў будавалася па класічным амерыканскім падручніку каляровых рэвалюцый. Гэта ўсім вядомы Джын Шарп. Цяпер мы можам азірнуцца назад і дэталёва разабраць усе этапы сцэнарыя па знішчэнні нашай краіны, якому мы, на шчасце, не дазволілі рэалізавацца і не дазволім".

Першы этап. Падрыхтоўчы

Прэзідэнт адзначыў, што няўдалыя спробы каляровых рэвалюцый 2006 і 2010 гадоў змянілі падыходы да ўздзеяння на Беларусь. Паводле яго слоў, ад тэхналогій прамога дзеяння знешнія суб`екты перайшлі да метадаў мяккай сілы і трансфармацыі ўлады знутры.

"Беларусь сталі хістаць па-новаму, нацэльваючыся на жалезны прэзідэнцкі электарат: жыхароў рэгіёнаў, працоўных, бюджэтнікаў, пенсіянераў. Такую тактыку, дарэчы, спрабавалі прымяніць у Сірыі і Венесуэле. Успомніце, як на прыкладзе вядомага дэкрэта нумар 3 былі апрабаваны метады так званага сацыяльнага пратэсту. Менавіта з такіх пратэстаў у далейшым вылучыліся і раскруціліся дзясяткі блогераў, якія праз YouTube і Telegram-каналы сталі прамываць мазгі розным сацыяльным групам, падкупляючы іх нібыта барацьбой за народныя інтарэсы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, пасля спынення спробы расхістаць грамадства ў 2017 годзе стратэгі пачалі стварэнне пастаянных ачагоў нездавальнення ў рэгіёнах.

Другі этап. Парламенцкія выбары

За паўгода да прэзідэнцкіх выбараў створаныя тэхналогіі дэстабілізацыі былі абкатаны на выбарах парламенцкіх, заявіў кіраўнік дзяржавы. Менавіта ў гэты перыяд на поўную моц запрацавала сетка спецыялізаваных Telegram-каналаў з выразным размеркаваннем роляў і мэтамі ачарніць уладу, падарваць асновы дзяржаўнай ідэалогіі, перш за ўсё з дапамогай фэйкаў і фальсіфікацый, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Акрамя напаўнення інфармацыйных каналаў у перыяд парламенцкіх выбараў, былі пратэсціраваны новыя формы вулічнай актыўнасці. Так, спецыяльна створаны пад выбары "маладзёжны блок" пад выглядам вылучэння кандыдатаў у парламент актыўна фарміраваў настроі нездавальнення ў розных сацыяльных групах. У гэтых мэтах эксплуатавалася на першы погляд непалітычная тэматыка: закон аб адтэрміноўках, размеркаванне студэнтаў, легалізацыя наркотыкаў, вядомая тэма 328-га артыкула Крымінальнага кодэкса і гэтак далей.

Трэці этап. Падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў

На гэтым этапе, расказаў Прэзідэнт, замежныя стратэгі дасканала падбіралі ключы да кожнага сацыяльнага слоя ў Беларусі, ствараючы "герояў" для розных мэтавых аўдыторый. Так, заўважыў ён, істотна актывізаваліся ваяжы па гарадах і вёсках кандыдата-блогера, якому спрабавалі сфармаваць імідж народнага змагара. Адначасова, пасылаючы сігналы бізнесу і "новым слаям", нарошчвалася прысутнасць у СМІ банкіра, пад якога ствараліся буйныя інтэрнэт-пляцоўкі. Гаворачы пра вылучэнне свайго экс-памочніка, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэтым замежныя стратэгі паспрабавалі ўнесці разлад у настроі дзяржаўнай эліты і прамацаць яе лаяльнасць Прэзідэнту.

"Улада ж у гэты няпросты перыяд была поўнасцю паглыблена ў барацьбу з пандэміяй COVID-19, якая неспадзявана захліснула свет. Але замест таго каб стаць побач у гэтай агульнасусветнай бітве, так званыя незалежныя СМІ і Telegram-каналы зрабілі ўсё, каб ускладніць работу, разбурыць давер людзей да дзяржавы", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Чацвёрты этап. Прэзідэнцкая кампанія

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на беларускае грамадства, разагрэтае інтэрнэт-атакамі, пачаў сыпацца цэлы набор каляровых паліттэхналогій, запазычаных з арабскага, армянскага, польскага, ганконгскага і іншых пратэстаў.

"Выкарыстанне тактыкі парада пікетаў (помніце - збор подпісаў) дало магчымасць у адным месцы адначасова атрымаць подпісы выбаршчыка адразу некалькім прэтэндэнтам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гастролі кандыдатаў па рэгіёнах спалучаліся з "карусельнымі" чэргамі (па аналогіі з Прыбалтыкай) і хайпам ад "вулічнай творчасці" - як у свой час у Польшчы".

"А далей у ход пайшлі сучасныя паліттэхналогіі, якія ператвараюць палітыку ў шоу. У шоу, якое разлічана на масавага гледача", - канстатаваў беларускі лідар. Напрыклад, аб`яднаны штаб пабудаваў сваю тактыку на эксплуатацыі жаночага вобраза, які традыцыйна шануецца беларусамі, але на гэты раз ён набыў новыя балаганныя формы.

Адначасова былі запушчаны фэйкі аб міфічных мільёнах на замежных рахунках Прэзідэнта, розныя мемы. Паказальнай, на думку Аляксандра Лукашэнкі, стала і вайна сацыялогій.

"Усе сілы былі кінуты на заваяванне віртуальнай большасці за кошт фэйкавага кантэнту ў СМІ і стварэнне ўпэўненасці ў тым, што вынікі выбараў будуць сфальсіфікаваны, а ўлада прайграе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пяты этап. Спроба майданнага сцэнарыя

Дзень выбараў, паводле слоў Прэзідэнта, стаў гадзінай "Х" для спробы рэалізацыі майданнага бліцкрыга. Недавер да вынікаў кампаніі загадзя стымуляваўся заклікамі да выбаршчыкаў прыйсці на выбары толькі 9 жніўня, удзельнічаць у сумніўных ініцыятывах. Па закліках аб`яднанага штаба на ўчастках на час іх закрыцця ствараліся штучныя чэргі, ажыятаж і нагнятанне атмасферы.

Затым апублікаваныя аб`яднаным штабам папярэднія вынікі галасавання паслужылі падставай для агрэсіўнай абароны "ўкрадзеных галасоў". "Папярэдняя прамыўка мазгоў у разы падагрэла буянства пратэстуючых 9, 10 і 11 жніўня", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, планавалася адразу вывесці на вуліцы беларускіх гарадоў тысячы пратэстуючых і захапіць адміністрацыйныя будынкі, культавыя месцы. Пры гэтым у рэжыме анлайн паступалі інструкцыі ад замежных каардынатараў: "Не перагаворам! Ніякіх перагавораў. Сілы ў нас! Заўтра нас будзе больш! Рыхтуйце звароты аб непрызнанні выбараў у ЗША, Еўрасаюз, Расію, Кітай! Патрабуйце другі тур!"

З мэтай пабудзіць як мага больш людзей да актыўных дзеянняў і каб не было сумненняў у нібыта маральнай перавазе, у інтэрнэт-полі быў створаны выразны вобраз "ворага", на лексічным узроўні.

"Прадстаўнікоў улады і сілавых структур сталі называць фашыстамі, узурпатарамі, бандытамі і гэтак далей. Вынік мы бачылі. Спецыяльна, мэтанакіравана білі па хлопцах з АМАПа. У першы ж дзень былі паранены больш як 25 байцоў. Ёсць пераломы рук, ног, пазваночнікаў у збітых машынамі супрацоўнікаў ДАІ, якія цяпер яшчэ знаходзяцца ў шпіталях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў выпадку пасіўнасці праваахоўных органаў Беларусь чакала б непазбежнае ўключэнне далейшых майданных тэхналогій, якія, як вядома з гісторыі, рэдка абыходзіліся без шматлікіх чалавечых страт і заўсёды заканчваліся трагедыяй для краіны.

Шосты этап. Паслявыбарны пратэст

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзеянні праваахоўнікаў дазволілі збіць эскалацыю пратэсту. "Тады лялечнікі рэзка змянілі тактыку, прадставіўшы пратэст у анёльскім бязвінным выглядзе. У ход пайшлі кветкі, белае адзенне, суботнія і нядзельныя так званыя мітынгі-карнавалы. Таксама стваралася карцінка нібыта народнага пратэсту, які не меў яўных лідараў і не залежаў ад іх волі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Стаўка была зроблена на маштабнасць, працягласць і шырокую геаграфію акцый.

"Адначасова - і гэта не заўсёды падсвечваецца СМІ - узяты курс на стварэнне радыкальнага крыла пратэстуючых. Для іх распрацоўваюцца пакрокавыя інструкцыі і памяткі (гэта вы бачыце ў інтэрнэце таксама), рэкамендацыі па форме адзення і экіпіроўцы, спосабах супраціўлення сілавікам, вырабе і выкарыстанні кактэйляў Молатава, феерверкаў, петард. Тыражуюцца базавыя правілы падтрымання кантактаў, у тым ліку ва ўмовах недаступнага інтэрнэту або сотавай сувязі. Адпрацоўваюцца "ганконгскія" тэхналогіі адначасовага збору ў абазначаных месцах, спантаннай змены маршрутаў, сінхронных дзеянняў пратэстуючых", - дадаў Прэзідэнт.

На новы ўзровень, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пераходзіць масіраванае інфармацыйнае ўздзеянне. Кіраванне і каардынацыя пратэстамі ажыццяўляюцца ў прамым эфіры кругласутачна.

Выказаўся Аляксандр Лукашэнка і наконт спроб уключэння ў пратэсты працоўных калектываў пад выглядам забастовак, студэнтаў, якія прыехалі на вучобу да 1 верасня. "Чаканні апазіцыі, што пры выглядзе пратэстуючых улада рухне, не апраўдаліся", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер робяцца спробы зрабіць пратэст часткай штодзённага жыцця людзей. "Тыражуюцца інструкцыі па стварэнні "народных дружын" і "груп самаабароны". Тактыка дваровага пратэсту рэалізуецца праз фарміраванне міні-груп і чатаў раёнаў, жыллёвых комплексаў, асобных двароў. Сёння каардынатары спрабуюць арганізаваць двары, заўтра яны прыйдуць у вашы кватэры. Гэта іх мэта. Не атрымаецца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сёмы этап. Спроба легалізацыі інфраструктуры перамен

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стварэнне так званага каардынацыйнага савета не апраўдала надзей арганізатараў пратэсту. Пасля ўцёкаў за мяжу арганізатараў давялося шукаць і паскорана раскручваць новыя больш дробныя твары, пажадана са скандальнай рэпутацыяй.

Ён адзначыў што ў грамадстве пачынае актыўна эксплуатавацца вайна сімволік, барацьба за памятныя мясціны, якія дарагія кожнаму беларусу. Выбудоўваюцца новыя механізмы і схемы фінансавання, а падкантрольныя Варшаве каналы актыўна распаўсюджваюць так званы план "Б", які прадугледжвае фармаванне паралельных (нібыта народных) міністэрстваў, сабатаж эканомікі і сацыяльнай сферы.

"Дайшло да абсурду. Спрабуючы ўцягнуць краіну ў зацяжны палітычны і эканамічны крызіс, каардынатары пратэсту раздаюць інструкцыі па эканамічным супраціўленні, як яны называюць, - нявыплата падаткаў, камунальных плацяжоў, выхад з прафсаюзаў і гэтак далей. Асабліва наіўным страты абяцаюць кампенсаваць за кошт фондаў, якія нібыта аказваюць адрасную падтрымку "ахвярам рэжыму". Вопыт размовы з украінскімі майданшчыкамі адназначна падказвае: ніхто з іх нічога ніколі не атрымліваў і не атрымае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неадчэпнай ідэяй каардынацыйнага савета і асноўнай задачай на бліжэйшы перыяд з`яўляецца спроба падрыву маналітнасці вертыкалі ўлады, сілавога блока, сістэмы дзяржаўных СМІ.

"Такім чынам, беларускі сцэнарый 2020 года ўяўляе сабой сплаў з найбольш эфектыўных каляровых тэхналогій дэстабілізацыі, якія атрымалі апрабацыю ў розных краінах. Відавочна стаўка на маштаб і працягласць пратэстаў, вымотванне сіл і выдаткаванне рэсурсаў. Мы ведаем, хто кіруе, хто чагосьці хоча ў Беларусі, і таму не расслабляемся і гатовы адказаць на любы выклік", - падагульніў кіраўнік дзяржавы.

16 верасня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3233
Текущая дата: 22.12.2024