Алена Ляўковіч (Звязда) 7 кастрычніка 2020
Размова з новым рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце аб узаемасувязі мінулага і сучаснасці, ідэальных грамадзянах і кіруючай эліце
Вячаслава Даніловіча, кандыдата гістарычных навук, нашы чытачы добра ведаюць: ні адзін круглы стол на тэму гісторыі ў «Звяздзе» не праходзіў без удзелу кіраўніка профільнага інстытута Акадэміі навук. Нядаўна Вячаслаў Віктаравіч атрымаў новую пасаду — рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. З кіраўніком «кузні» кіруючых кадраў краіны мы гутарылі, як ні падасца камусьці дзіўным, зноў большай часткай пра гісторыю і неабходнасць яе вывучэння. І пра «бягучы момант», канешне, і пра ідэалогію. Сумясцілі, насуперак стэрэатыпам, сумяшчальнае. Менавіта так, бо ўсё, пра што вялася гутарка, вельмі моцна паміж сабой узаемазвязана. Іншае пытанне — ці многія з нас гэтую ўзаемасувязь разумеюць...
— Вячаслаў Віктаравіч, за яшчэ зусім нядоўгі час на новай пасадзе вы паспелі зразумець, у чым прынцыповая розніца — кіраваць акадэмічным інстытутам і ВНУ?
— Несумненна, розніца ёсць, бо Інстытут гісторыі — гэта сапраўды акадэмічная ўстанова, якая займаецца навуковай работай, а Акадэмія кіравання — найперш вышэйшая навучальная ўстанова, першасная задача якой — падрыхтоўка кіруючых кадраў і перападрыхтоўка тых спецыялістаў, якія ўжо працуюць кіраўнікамі. Вельмі адказны ўчастак для нашага грамадства і дзяржавы, асабліва цяпер. Хоць і роля акадэмічнага інстытута гісторыі якраз сёння вельмі важная, тут работа менавіта з людзьмі, якія, у сваю чаргу, будуць працаваць з іншымі людзьмі, таму адказнасць вельмі вялікая. Дарэчы, у Акадэміі кіравання навуковая работа таксама вядзецца — ёсць уласны даследчыцкі інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання. Так што фронт работы тут значна шырэйшы, чым у Інстытуце гісторыі, але буду старацца справіцца. Тым больш кіраўніком краіны пастаўлена задача ўзмацніць ідэалагічны складнік навучання...
— Увогуле, Акадэмія кіравання вылучаецца сярод іншых навучальных устаноў не толькі тым, што яна ад пачатку кузня кіраўніцкіх кадраў, але яшчэ і тым, што кадры тут «куюцца» (маю на ўвазе студэнтаў, якія паступілі адразу пасля школы), і «падкоўваюцца» (гэта пра спецыялістаў з усёй краіны, якія паступаюць сюды, каб атрымаць дадатковыя веды менавіта датычныя кіравання). Атрымліваецца, да выкладчыкаў Акадэміі патрабаванні таксама асаблівыя? Бо адна справа выкладаць 18—20-гадовым студэнтам, і зусім іншая — людзям з ужо сфарміраваным светапоглядам, з назапашаным прафесійным і жыццёвым вопытам...
— Вы маеце рацыю. У Інстытуце дзяржаўнай службы, дзе акурат і навучаюцца кіраўнікі з месцаў, павінны выкладаць найлепшыя прафесіяналы, прычым я глыбока перакананы, што сюды трэба прыцягваць і найлепшыя прафесарска-выкладчыцкія кадры з усёй нашай краіны — каб яны маглі прыехаць і прачытаць курс па сваім прадмеце. Да таго ж, тут з лекцыямі выступаюць дзеючыя кіраўнікі — міністры, намеснікі міністраў, якія могуць растлумачыць слухачам не толькі тэорыю, але і практыку, менавіта зыходзячы з уласнага досведу.
— Цалкам лагічна, што ў інстытутах Акадэміі даволі грунтоўна вывучаецца такі прадмет, як ідэалогія беларускай дзяржавы. На ваш по=гляд як гісторыка, а цяпер і як рэктара, наколькі важна ў кантэксце менавіта ідэалогіі дэталёвае вывучэнне гісторыі — сусветнай і ўласнай краіны?
— Увогуле гісторыя і ідэалогія — гэта па сутнасці два бакі аднаго медаля. Займацца тым, што называецца ідэалогіяй, не ведаючы гісторыі сваёй краіны, усіх яе этапаў, не ведаючы, што адбывалася ў сусветнай гісторыі і як выглядала твая краіна ў той час, не аналізуючы прычын і наступстваў тых ці іншых гістарычных падзей і з`яў, мне здаецца, увогуле немагчыма. Прынамсі, якасна — немагчыма. А падзеі, якія адбываюцца сёння ў краіне, яскрава сведчаць пра тое, што ідэалагічную работу трэба якасна ўдасканальваць. Не магу сказаць, што справа толькі ў веданні гісторыі, але гэта адзін з самых важных момантаў. А вывучаць яе, культываваць павагу да сваёй краіны, яе мінулага, трэба на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад дзіцячага садка. Павінна быць выбудавана сістэма, каб моладзь, якая падрастае, стаяла менавіта на беларускіх нацыянальна-дзяржаўных пазіцыях, а не паддавалася ўплыву звонку.
— Гэта доўгі працэс. А што рабіць цяпер?
— У Акадэміі мы рыхтуемся да таго, каб ідэалагічным работнікам, кіраўнікам з усёй краіны прапанаваць кароткатэрміновыя курсы па рабоце з прэсай, па якаснай прэзентацыі таго, што зроблена, па ўменні працаваць з негатыўна настроенымі людзьмі. Мяркуем, што гэтыя курсы будуць карысныя менавіта зараз людзям, якія знаходзяцца на вастрыі — па сутнасці, гэта пэўнае павышэнне кваліфікацыі. Сёння вельмі важна ўмець камунікаваць з людзьмі, пераконваць іх. Трэба выкарыстоўваць усе сучасныя сродкі, якімі карыстаюцца апаненты ўлады — напрыклад, мы ствараем Telegram-канал Акадэміі кіравання. Хутчэй за ўсё, ён будзе называцца «Дзённік кіраўніка». У ім мы мяркуем падаваць нашу інфармацыю, наша бачанне падзей на мове моладзі.
Але, паўтаруся, адначасова трэба ствараць сістэму па выхаванні свядомых адукаваных грамадзян краіны, якія будуць дбаць пра яе ўмацаванне і незалежнасць.
— Пакуль мы выхаваем такіх ідэальных грамадзян...
— Але калі мы не пачнём іх выхоўваць, сённяшняя сітуацыя будзе ў краіне паўтарацца пастаянна.
— Мне здаецца, менавіта недахоп глыбокага ведання гісторыі Беларусі (а дзесьці і адсутнасць разумення неабходнасці яе ведаць) і стаў адной з прычын падзелу нашага грамадства ў сучасных палітычных варунках. Ці спявалі б на прыступках філармоніі «Магутны Божа», калі б ведалі біяграфію аўтаркі слоў гэтай песні? Ці ўсё-ткі лепш спелі б Купалаву «Малітву»? Ці спяшаліся б іх апаненты называць «фашысцкім сімвалам» разам з сапраўды вельмі спрэчным бела-чырвона-белым сцягам герб «Пагоня», калі б ведалі, якую даўнюю гісторыю ён мае, колькі перамог атрымалі пад ім нашы продкі, баронячы сваю зямлю... Прычым, што дзіўна для мяне асабіста, — інфармацыя пра ўсё гэта не закрытая, варта толькі пацікавіцца. Але — не цікавяцца. Гэта «хвароба» менавіта нашага часу, ці такое ўжо ў нас было?
— Я адкажу адразу так: гэта не толькі наша «хвароба», яна характэрная і для іншых краін і народаў. Кожнае грамадства праходзіць пэўныя этапы, калі пад уплывам знешніх ці ўнутраных сіл губляецца гістарычная сувязь, мяняецца гістарычнае самаўяўленне. Прыкладаў таму ў гісторыі хапае. І толькі тады грамадства пераадольвала гэты своеасаблівы крызіс, калі пачыналі выхоўвацца жаданне ведаць гісторыю свайго народа — усіх без выключэння яе этапаў — і павага да яе. А ў гэтым на вядучыя пазіцыі павінна выходзіць акадэмічная навука — з фактамі, дакументамі, доказамі. Мы павінны ведаць пра ўсе падзеі, якія адбываліся на нашай тэрыторыі, як станоўчыя, так і адмоўныя. Гаварыць пра гэта нармальна, спакойна, але менавіта з пункту гледжання не некага там, а беларусаў, беларускага народа. Што тая ці іншая падзея або асоба ў гісторыі значыла менавіта для беларусаў, дабро або ліха яна нам прынесла. (Напрыклад, Рыжскі мір для беларусаў — гэта вялікая трагедыя падзелу народа, а для тых жа палякаў — вялікі поспех, бо амаль удалося аднавіць Рэч Паспалітую ў колішніх яе межах). Кожны народ мае права на сваю трактоўку гісторыі, і нам трэба навучыцца рабіць гэта менавіта з пазіцыі беларусаў. Не трэба прыўкрашваць або дэманізаваць гісторыю, трэба падаваць усё так, як было на самай справе, імкнуцца стварыць аб`ектыўную карціну мінулага. Менавіта такую задачу ставяць гісторыкам на самым высокім узроўні.
— Ці можа на сённяшні дзень менавіта гістарычная навука з яе аб`ектыўнай ацэнкай і дакументальнымі сведчаннямі паспрыяць кансалідацыі нашага грамадства?
— Я думаю, што можа. Але тут важная, паўтаруся, менавіта аб`ектыўная падача — без замоўчвання аднаго і без выпячвання другога... Іншая справа, што ёсць людзі, якія з вялікай цяжкасцю і неахвотай пазбаўляюцца ад укладзеных у галаву стэрэатыпаў. Але, напэўна, калі і можна іх пераканаць, дык толькі неаспрэчнымі дакументальнымі фактамі. У гэтым кантэксце вельмі важна, што навейшыя напрацоўкі акадэмічных гісторыкаў, адлюстроўваюцца ў падручніках па гісторыі, якія перыядычна абнаўляюцца. Напрыклад, у новай рэдакцыі падручнікаў будзе прапісана, што славяне жылі на тэрыторыі Беларусі з ІV стагоддзя — гэта вынік апошніх грунтоўных знаходак і даследаванняў нашых археолагаў.
— Я памятаю, калі «Звязда» агучыла дакументы, знойдзеныя Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук, якія сведчылі, што ініцыятарам замены «тарашкевіцы» на «наркамаўку» ў беларускім правапісе быў сам Браніслаў Тарашкевіч, нам тэлефанавалі і пісалі абураныя чытачы: маўляў, такога не можа быць. Але пасля апублікавання матэрыялаў мовазнаўчай канферэнцыі 1926 года многія скептыкі адкінулі сумненні...
— Важна ў нашым грамадстве развіваць культуру дыскусіі, дыялогу, якія павінны грунтавацца на фактах, на аргументах. Калі хтосьці трактуе іх па-іншаму, трэба выслухаць і прывесці нейкія свае контраргументы. А такі дыялог стане магчымы, калі — я зноў гэта паўтару — любоў, павага і цікавасць да сваёй радзімы і да сваёй гісторыі будзе выхоўвацца з маленства, і працэс гэты павінен быць пастаянны.
— Пару гадоў таму «Звязда» разам з Інстытутам гісторыі НАН вяла праект «Нараджэнне эліты» — пра першых дзяржаўных дзеячаў БССР, менавіта пра кіруючыя кадры маладой рэспублікі, якія разам з прадстаўнікамі творчай і навуковай інтэлігенцыі ў 20-я гады мінулага стагоддзя зрабілі проста непад`ёмную працу. Народ, у якога, паводле перапісу 1897 года, было менш за 15 працэнтаў пісьменных, у 1929-м ужо меў сваю Акадэмію навук, прагрэсіўны ўклад сельскай гаспадаркі, развітую прамысловасць... У чым, на ваш погляд, роля і місія сучаснай кіруючай эліты Беларусі?
— На мой погляд, яны надзвычай адказныя. Яшчэ біблейскія прарокі ў свой час гаварылі пра прагматычных следапытаў, якія вядуць за сабой народ праз хаос і сумятню, сеюць зерне новага шляху. У нашых сучасных умовах такімі следапытамі, а не толькі добрымі прафесіяналамі ў сваёй справе, павінны быць менавіта кіруючыя кадры нашай краіны.
Аўтар: Алена Ляўковіч
Звязда, 7 кастрычніка 2020
Звязда, 7 кастрычніка 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3241
Текущая дата: 19.11.2024