Белорусский портал в Казахстане

«Пекла сярод эпідэміі»: куды рушыць Польшча?



Пётр Дунько (Звязда) 29 кастрычніка 2020

У Польшчы цяпер вельмі неспакойна. Масавыя акцыі пратэсту ахапілі гэтую краіну пасля прыняцця тыдзень таму Канстытуцыйным судом пастановы аб тым, што перапыненне цяжарнасці з прычыны паталогіі плода не адпавядае палажэнням асноўнага закона дзяржавы.

Вердыкт быў сустрэты масавымі акцыямі — у той жа дзень у Варшаве на вуліцы выйшла каля тысячы чалавек. Пасля пратэсты ахапілі каля 150 польскіх гарадоў. Адбыліся сутыкненні ўдзельнікаў акцый з паліцыяй, быў ужыты слёзатачывы газ.

Як сцвярджаюць эксперты, польскае грамадства аказалася расколатым на два непрымірымыя лагеры, супрацьстаянне імкліва набліжаецца да пункта незвароту.

Гэтую сітуацыю ўскладняе другая хваля пандэміі каранавіруса, якая фактычна захліснула краіну. Куды рушыць Польшча?

Без кампрамісаў

Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Польшчы, летась у рэспубліцы было зроблена 1100 легальных абортаў. 1074 з іх прыйшлося правесці з-за выяўлення ў плода невылечнай хваробы, паведаміла ТАСС. Паводле неафіцыйных ацэнак, колькасць нелегальных аперацый і абортаў, якія полькі правялі за межамі краіны, можа быць у дзясяткі разоў большая.

Паводле даных апытання грамадскай думкі, праведзенага даследчым цэнтрам ІBRіS у снежні мінулага года, толькі 15 працэнтаў прадстаўнікоў польскага грамадства выступаюць за ўзмацненне жорсткасці заканадаўства аб абортах. Каля паловы рэспандэнтаў заўважыла, што іх задавальняе дзеючае кампраміснае заканадаўства, 29 працэнтаў выказаліся за лібералізацыю закона.

«Большая частка польскага грамадства, як вынікае з даследаванняў, настроена супраць узмацнення жорсткасці закона аб абортах. Так было заўсёды. Большасць у Польшчы выступае, хутчэй, за тое, каб даць жанчынам больш свабоды ў прыняцці рашэння пра сваё жыццё. Гэта генеральная тэндэнцыя», — адзначыў ТАСС польскі сацыёлаг прафесар Хенрык Даманьскі.

Так ці інакш, умовы «абартыўнага кампрамісу» не прымаў ні адзін з бакоў. Праваабаронцы, феміністкі і левыя партыі выступалі за лібералізацыю заканадаўства аб абортах — у прыватнасці, за дазвол праводзіць такія аперацыі «з сацыяльных прычын». Правыя і кансерватыўныя колы, блізкія да каталіцкай царквы, наадварот, патрабавалі зрабіць больш жорсткім заканадаўства ці нават цалкам забараніць правядзенне абортаў у Польшчы.

На працягу апошніх пяці гадоў улада ў Польшчы належыць кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць» (Prawo і Sprawіedlіwosc, PіS). Нягледзячы на тое, што ў яе выбарчых праграмах не было і няма абяцанняў, якія датычацца заканадаўства аб абортах, вядомыя прадстаўнікі PіS шмат разоў выказваліся за ўзмацненне яго жорсткасці.

У гэтай сітуацыі адзін з бакоў вырашыў пайсці іншым шляхам. 119 дэпутатаў сейма, якія прадстаўляюць правыя і кансерватыўныя сілы, звярнуліся ў Канстытуцыйны суд Польшчы з просьбай прызнаць неканстытуцыйным палажэнне закона ад 1993 года аб дапушчальнасці правядзення аборту ў выпадку, калі перынатальныя абследаванні пакажуць высокую верагоднасць цяжкага і непазбежнага дэфекту плода або невылечнай хваробы, якая пагражае яго жыццю. З іх выступлення падчас разгляду гэтага пытання ў судзе вынікала, што, на іх думку, Канстытуцыя Польшчы абараняе правы чалавека з моманту яго зачацця, а зусім не нараджэння. Адпаведна, да цяжкіх дэфектаў плода трэба ставіцца гэтак жа, як да цяжкіх хвароб ужо народжаных людзей.

«Правы чалавека не могуць быць прывілеем здаровых людзей», — заявіў у судзе ў пацвярджэнне свайго пункта гледжання адзін з ініцыятараў прадстаўлення, дэпутат сейма ад «Права і справядлівасці» Барталамей Урублеўскі. Адзін з суддзяў Канстытуцыйнага суда, відавочна, прагназуючы хвалю пратэстаў пасля рашэння з гэтай нагоды, спытаў у ініцыятараў прадстаўлення, чаму парламент, у якім PіS кантралюе большасць, не можа проста змяніць адпаведныя палажэнні закона.

«Любое рашэнне парламента можна адмяніць, змяніць. Рашэнне Канстытуцыйнага суда — гэта больш моцны элемент змянення, паколькі яго нельга адмяніць законам», — парыраваў Урублеўскі.

Больш чым цынізм

Рашэнне Канстытуцыйнага суда віталі прадстаўнікі правых і кансерватыўных сіл, якія складаюць немалую частку прыхільнікаў цяперашняй польскай улады. Праціўнікі рашэння рэагавалі на яго не менш эмацыянальна.

«Пекла для жанчын. Вось што азначае сённяшні прысуд палітызаванага Канстытуцыйнага суда», — напісала віцэ-спікер сейма Малгажата Кідава-Блонская.

«Пасля сённяшняга рашэння Канстытуцыйнага суда Польшча стала першым халіфатам Еўропы», — лічыць журналіст Вітольд Главацкі.

«Укінуць тэмы абортаў і рашэнне псеўдасуда па гэтай справе ў разгар эпідэміі — гэта больш чым цынізм. Гэта палітычная подласць», — напісаў колішні прэм`ер-міністр Польшчы, кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі Дональд Туск.

Напярэдадні і падчас прыняцця вердыкту акцыі пратэсту прайшлі каля Канстытуцыйнага суда. Таксама пікетавалі штаб-кватэру партыі «Закон і справядлівасць» і дом яе лідара Яраслава Качыньскага. Пасля пратэсная хваля захліснула вуліцы і плошчы, у нядзелю дайшла да касцёлаў. Пагадзіцеся, сітуацыя вельмі незвычайная, калі не сказаць нябачаная, у каталіцкай Польшчы. Дайшло да інцыдэнтаў, заклікаў байкатаваць царкву. Многія акцыі трансляваліся ў сацыяльных сетках. На сценах храмаў з`явіліся напісаныя фарбай лозунгі пратэстоўцаў. У Лодзі апошнія прыйшлі да касцёла ў чырвоных сукенках, якія сімвалізуюць гераінь нашумелага амерыканскага серыяла «Аповед служанкі» — антыўтопіі, у якой расказваецца пра рабства здольных да зачацця і нараджэння дзяцей жанчын. У Познані актывісткі ўварваліся ў касцёл пад канец службы. Набажэнства прыйшлося перапыніць. Умяшалася паліцыя.

У мястэчку Ясная Гура органы аховы правапарадку ўпершыню ўжылі слёзатачывы газ, каб уціхамірыць натоўп. Па інфармацыі газеты Dzіennіk Zachodnі, прымяненню спецсродкаў папярэднічала сутычка прыхільнікаў абортаў з польскімі нацыяналістамі, якія падтрымліваюць кіруючую партыю «Права і справядлівасць». Пасля ў Варшаве аўтамабіль BMW на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў натоўп жанчын-пратэстоўцаў. Дзве дзяўчыны пацярпелі, а кіроўца ўцёк з месца здарэння. Падобны інцыдэнт здарыўся таксама ў варшаўскіх Бялянах, дзе адзін з аўтамабілістаў падчас блакавання натоўпам трасы паехаў проста на людзей.

Біялагічная бомба

Вулічныя беспарадкі ў Польшчы выліліся ў супрацьстаянне ў Сейме паміж дэпутатамі ад кіруючай партыі «Права і справядлівасць» і апазіцыяй, прадстаўленай «Лявіцай» і «Грамадзянскай платформай». Віцэ-спікер польскага парламента Рышард Цярлецкі ад PіS абвінаваціў прыхільнікаў акцый пратэсту ў выкарыстанні сімвала Трэцяга рэйха.

Пасяджэнне Сейма пачалося з таго, што дэпутаты ад апазіцыі надзелі маскі з выявай чырвонай маланкі — сімвала цяперашніх пратэстаў супраць рашэння канстытуцыйнага трыбунала аб забароне абортаў.

«Са шкадаваннем павінен сказаць, што ў зале сярод сяброў «Лявіцы» і «Грамадзянскай платформы» знаходзяцца дэпутаты, якія носяць маскі са знакамі, што нагадваюць сімвалы гітлерюгенда і СС», — заявіў Рышард Цярлецкі, выклікаўшы буру абурэння.

У выніку прадстаўнікі «Лявіцы» падняліся на трыбуну з транспарантамі, на якіх было напісана: «To jest wojna». Дэпутат «Грамадзянскай платформы» Малгажата Трач крычала ў мікрафон: «Гэта вайна! І вы прайграеце гэтую вайну!» Калі разгарачаныя апазіцыянеры пачалі прабірацца да старшыні партыі «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага, Цярлецкі паклікаў ахову.

Тым часам днямі лідар усяпольскай нацыянальнай жаночай забастоўкі Марта Лемпарт у інтэрв`ю TVN24 заявіла: яна апасаецца, «што каго-небудзь заб`юць». На яе думку, пратэсты, якія працягваюцца, могуць прывесці да краху ўрада Матэвуша Маравецкага. Лемпарт таксама агучыла планы. Спачатку па ўсёй краіне будуць працягнутыя «стыхійныя прагулкі» па гарадскіх вуліцах, пасля — агульнанацыянальная забастоўка. На 30 кастрычніка запланаваны грандыёзны «марш на Варшаву».

Старшыня польскай грамадскай ініцыятывы нацыянальна-кансерватыўнага кірунку «Марш незалежнасці» Роберт Банкевіч абвясціў пра стварэнне новай арганізацыі пад назвай «Нацыянальная гвардыя». Яна будзе складацца з грамадскіх актывістаў. Мэтай будзе абарона касцёлаў і іншых аб`ектаў ад нападаў левых пратэстоўцаў, якія выступаюць супраць рашэння Канстытуцыйнага суда аб абмежаванні права на аборт. Пра гэта паведаміла Polskіe Radіo 24.

На прэс-канферэнцыі, арганізаванай у панядзелак перад базілікай Святога Крыжа ў Варшаве, Роберт Банкевіч заявіў: «Мы ствараем свайго кшталту самаабарону — каталіцкую самаабарону, самаабарону цывілізацыі». Актывіст таксама нагадаў, што пратэстоўцы «абвясцілі вайну супраць улады і касцёла», таму стварэнне «Нацыянальнай гвардыі» выступае сіметрычным адказам гэтай заяве. «Калі гэта вайна, то мы прымаем выклік», — падкрэсліў Банкевіч.

Намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска назваў масавыя пратэсныя акцыі «біялагічнай бомбай» — натоўп, які выкрыквае лозунгі, з`яўляецца ідэальным месцам для распаўсюджвання каранавіруса. Тым больш што хуткасць перадачы інфекцыі ў апошнія два тыдні вельмі расце і зараз на высокім для краіны ўзроўні.

Распаліць пажар

Лідар кіруючай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі выступіў з відэазваротам да нацыі, пракаментаваўшы пратэсты пасля рашэння Канстытуцыйнага суда аб забароне абортаў. Па словах Качыньскага, тыя, хто заклікае да несанкцыянаваных выступленняў, і тыя, хто ў іх удзельнічаюць, «ствараюць агульную небяспеку,  тым самым здзяйсняюць сур`ёзнае злачынства». «У нас цяжкая стадыя эпідэміі. У нас забароненыя ўсякія сходы больш за пяць чалавек. У нас ёсць дзяржава, у якой гэтыя дэманстрацыі, безумоўна, будуць каштаваць жыцця многім людзям. Улады маюць не толькі права, але і абавязаны супрацьстаяць такім падзеям», — сказаў ён.

Генеральны сакратар «Грамадзянскай платформы» Марцін Кервіньскі напісаў у мікраблогу: «Яраслаў Качыньскі не здзівіў. Адзінае, што ён можа зрабіць, — гэта сеяць зло і нянавісць. Але заахвочваць грамадзянскую вайну — гэта новая якасць яго паслання».

Вядомы грамадскі дзеяч Польшчы Ян Эпевак працягнуў думку: «Качыньскі заклікае сваіх прыхільнікаў абараняць царкву «любой цаной». Калі гэта не заклік да стварэння апалчэнцаў і грамадзянскай вайны, я не ведаю, што гэта такое. Нас чакае рэлігійная хунта ў бананавай рэспубліцы Польшча».

Другі дэпутат ад «Грамадзянскай платформы» Ізабэла Ляшчына наогул назвала Качыньскага «насамрэч вар`ятам». Мэр Варшавы і экс-кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі Рафал Тшаскоўскі таксама не саромеўся ў эпітэтах: «Гэта надзвычай цынічны чалавек, пазбаўлены якіх-небудзь правілаў. Спачатку зладзіў пекла пасярод эпідэміі, а цяпер абвастрае канфлікт», — напісаў мэр польскай сталіцы ў «Фэйсбуку».

Падсумаваў водгукі на адрас Качыньскага яго ранейшы паплечнік па антыкамуністычнай барацьбе ў ПНР Уладзіслаў Фрасінюк. Колішні актывіст антыкамуністычнага падполля ў сацсетках звярнуўся да Качыньскага: «Ярэк, ні Бог, ні гонар, ні радзіма ў табе. Ты паставіў Ярузельскага ў прыклад, і ў выніку ты скончыш, як Ярузельскі».

Цікава, што пра апошняга лідара сацыялістычнай Польшчы прыгадала яго дачка. Моніка Ярузельская апублікавала ўрывак з прамовы свайго бацькі ад 13 снежня 1981-га, калі ён абвясціў аб увядзенні ваеннага становішча ў Польшчы, дадаўшы: «У якасці папярэджання... Толькі тое, што тады мы не былі цалкам суверэннай дзяржавай».

Многія назіральнікі сцвярджаюць, што ўлада наўмысна пайшла на тое, каб запусціць дыскусію аб абортах менавіта цяпер. Ёсць меркаванне, што гэта павінна адцягнуць увагу польскага грамадства ад пагаршэння з кожным днём сітуацыі з эпідэміяй каранавіруса. «У перыяд самага жудаснага крызісу апошніх гадоў кіруючая партыя замест таго, каб засяродзіцца на аб`яднанні і салідарнасці палякаў, звяртаецца да тэмы абортаў, каб распаліць пажар і адцягнуць увагу грамадства ад катастрафічнай сітуацыі ў сістэме аховы здароўя і таго, што дзяржава не спраўляецца з эпідэміяй», — напісала ўплывовае ліберальнае выданне Gazeta Wyborcza.

Пётр Дунько
Звязда, 29 кастрычніка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3249
Текущая дата: 26.04.2024