Белорусский портал в Казахстане

Крывавая восень. Чаму Еўропу апанаваў тэрарызм?



Захар Бурак (Звязда) 6 лістапада 2020

Тэракты ў гарадах Францыі і Вене не прымусяць Еўропу адмовіцца ад сваіх фундаментальных каштоўнасцяў. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Грэцыі і старшыня Камітэта міністраў Савета Еўропы (СЕ) Мільтыядыс Варвіцыётыс на адкрыцці 130-й сесіі камітэта ў Афінах. Крывавы тэракт у Вене стаў сведчаннем таго, што эстрэмісты пагражаюць не толькі Францыі, але і іншым еўрапейскім краінам, адзначыла dw.com. І не толькі — гэта насамрэч глабальная пагроза. «Ісламісцкі тэрарызм аб`яднаны ў сеткі па ўсім свеце і аднолькава небяспечны ўсюды. Перад Еўропай стаіць агульны выклік, які мы можам вырашыць толькі разам», — адзначыў аўстрыйскі канцлер Себасцьян Курц падчас выступлення перад Нацыянальным саветам Аўстрыі, паведаміла РІА «Навіны». Чаму Стары Свет апанаваў тэрарызм і чым гэта пагражае ў глабальным маштабе?

Трагічны час

Гэты тыдзень пачаўся з крывавых падзей у аўстрыйскай сталіцы. Увечары ў панядзелак у людным венскім квартале «Бярмудскі трохвугольнік» паблізу цэнтральнай сінагогі і Венскай оперы злачынец страляў па мінаках. Загінулі чатыры чалавекі: двое мужчын і дзве жанчыны. Раненні атрымалі яшчэ 22 чалавекі, у тым ліку адзін паліцэйскі.

Нападзенне ў Вене адбылося ўсяго праз некалькі дзён пасля шэрагу ісламісцкіх тэрактаў у Францыі. 16 кастрычніка ў Парыжы злачынец напаў з нажом на 47-гадовага настаўніка гісторыі і геаграфіі Самюэля Паці, забіў яго і адрэзаў галаву. 29 кастрычніка ў выніку нападзення ўзброенага нажом тэрарыста загінулі тры наведвальнікі базілікі Нотр-Дам у Ніцы і яшчэ шэсць чалавек былі параненыя. А праз два дні, 31 кастрычніка, невядомы адкрыў агонь перад грэчаскай праваслаўнай царквой у Ліёне і параніў святара.

Таксама паліцэйская служба Еўрасаюза Europol паведаміла пра раскрыццё буйной сеткі ісламістаў на тэрыторыі ЕС. Іспанскай паліцыі ўдалося выявіць на поўначы краіны ячэйку джыхадыстаў, якія займаліся падрыхтоўкай тэрактаў ад імя тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». «Ячэйка актыўна распаўсюджвала ў інтэрнэце джыхадысцкую прапаганду з мэтай вярбоўкі і ідэалагічнай апрацоўкі маладых людзей», — адзначаецца ў паведамленні Europol. Па звестках ведамства, у некаторых са шматлікіх акаўнтаў джыхадыстаў у сацсетках было больш за дзесяць тысяч падпісчыкаў. Завербаваных маладых людзей затым фізічна і псіхалагічна рыхтавалі да ажыццяўлення тэрактаў, у тым ліку вучылі валодаць халоднай і агнястрэльнай зброяй. На тое, каб раскрыць сетку, іспанскай паліцыі спатрэбілася два гады.

Нашчадкі «халіфата»

Паводле даных Europol, у мінулым годзе колькасць тэрарыстычных атак у Еўропе знізілася ў некаторай ступені: баевікам удалося здзейсніць 21 нападзенне, у той час як 119 запланаваных тэрактаў былі папярэджаны. Канешне, агульная лічба ўражвае. Пры гэтым рэалізаваць свае злачынныя планы ўдавалася ў асноўным тэрарыстам-адзіночкам. Джыхадыстаў, якія дзейнічаюць у групе, спецслужбам звычайна ўдаецца своечасова выкрыць і абясшкодзіць.

Нягледзячы на гэтую тэндэнцыю, пагроза тэрактаў у Еўропе па-ранейшаму захоўваецца, прызнаў dw.com эксперт па бяспецы з бельгійскага Інстытута Эгмонт Томас Рэнар. Цяпер тэрарысты ў асноўным дзейнічаюць у адзіночку, нават калі ў іх ёсць сувязі з джыхадыстамі. «Яны з`яўляюцца нашчадкамі так званага «халіфата» ІД у Сірыі і Іраку і нясуць адказнасць за тое, каб нават пры больш нізкім узроўні тэрарыстычнай пагрозы тэракты адбываліся рэгулярна», — заўважыў аналітык.

Нават пасля разгрому «Ісламскай дзяржавы» сутнасць ісламісцкай прапаганды ў асноўным засталася ранейшая: джыхадзісты нацкоўваюць «добрых мусульман» на «распусны, амаральны Захад», ухваляюць глабальную барацьбу ісламістаў супраць няверных і заклікаюць да помсты за дзеянні Захаду супраць мусульман, тлумачыць Рэнар. Паводле ацэнак эксперта, у поле зроку службаў бяспекі зараз знаходзяцца каля 50 тысяч чалавек, якія пражываюць у Еўропе і маюць сувязі з джыхадзістамі. Многія з іх — гэта баевікі ІД, якія вярнуліся з Сірыі, альбо тыя, хто хацеў далучыцца да гэтай групоўкі, аднак быў спынены на турэцка-сірыйскай мяжы.

Асобасныя характарыстыкі і матывацыя тэрарыстаў у кожным канкрэтным выпадку адрозніваюцца, што абцяжарвае работу спецслужбаў, лічыць Томас Рэнар. Напрыклад, злачынец, які здзейсніў тэракт у Вене, быў прыхільнікам «Ісламскай дзяржавы». У мінулым ён збіраўся адправіцца ў Сірыю, каб ваяваць там на баку ІД, аднак быў затрыманы і ў красавіку мінулага года прыгавораны да 22 месяцаў турмы за ўцягнутасць у дзейнасць тэрарыстычнай арганізацыі. У снежні 2019 года яго датэрмінова вызвалілі. Аб яго шчыльных сувязях з ІД сведчыць і той факт, што гэтая групоўка ўзяла на сябе адказнасць за тэракт у Вене.

У сваю чаргу, злачынец, які ўчыніў нападзенне ў Ніцы, менш кантактаваў з ісламістамі ў рэальным жыцці і, як мяркуецца, далучыўся да радыкальнай ідэалогіі ў інтэрнэце. У многіх падобных выпадках адказнасць за атаку не бярэ на сябе ніводная тэрарыстычная арганізацыя, заўважыў Томас Рэнар.

Ідэальны шторм

Выступаючы ў пачатку ліпеня на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН, генеральны сакратар арганізацыі Антоніу Гутэрыш расказаў, што тэрарыстычныя групоўкі па ўсім свеце выкарыстоўваюць пандэмію каранавіруса, каб пашырыць свой уплыў. Паводле яго слоў, члены такіх арганізацый разглядаюць глабальную нестабільнасць як тактычную перавагу. З ім пагаджаецца шэраг экспертаў. На думку гендырэктара Расійскага савета па міжнародных справах Андрэя Картунова, экстрэмісты могуць скарыстацца сітуацыяй, якая склалася, паколькі, акрамя пандэміі, свет сутыкнуўся і з іншымі сур`ёзнымі праблемамі.

«Тое, што зараз адбываецца, можна было б назваць ідэальным штормам. Супала некалькі негатыўных фактараў: з аднаго боку, пандэмія, з другога — падзенне цэн на нафту і звязаная з гэтым эканамічная рэцэсія. Усё гэта стымулюе рэгіянальную нестабільнасць і ўздым радыкалізму. Блізкаўсходнія, афрыканскія, паўднёваазіяцкія краіны — многія дзяржавы вельмі слабыя, інстытуты кволыя, яны не спраўляюцца з наборам праблем, узнікае магчымасць для разнастайных рэлігійных, палітычных радыкалаў захапіць уладу ці проста дэстабілізаваць сітуацыю», — расказаў іz.ru эксперт.

У Іраку і Сірыі на фоне пандэміі зноў узмацнілася групоўка «Ісламская дзяржава», канстатуе Інстытут даследавання праблем міру SІPRІ. Эксперты ўпэўнены, што абвал эканомікі толькі пагоршыць канфлікты ва ўсіх рэгіёнах. Дырэктар Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем міру (SІPRІ) Дэн Сміт асцерагаецца ўзмацнення тэрарызму на фоне пандэміі каранавіруса SARS-CoV-2.

«Гэта асабліва датычыцца Ірака і Сірыі. У Іраку ўжо назіраюцца прыкметы аднаўлення актыўнасці тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава «(ІГ)», — заявіў Сміт у інтэрв`ю выданням медыягрупы Funke.

Ён адзначыў, што ў Емене канфлікт можа толькі пагоршыцца, а ў Афганістане варта чакаць узмацнення ісламскага радыкальнага руху «Талібан». На думку Сміта, новая эскалацыя напружанасці магчымая ў рэгіёне Афрыканскага Рога і ў заходняй частцы Сахары, напрыклад, у Нігерыі або Малі, бо з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі дзяржаўная інфраструктура вельмі аслабла, і людзі не атрымліваюць неабходнай падтрымкі.

«Таму некаторыя далучаюцца да ўзброеных фармаванняў, у якіх лепшы, напрыклад, доступ да харчавання», — растлумачыў дырэктар SІPRІ.

Ужо ў сакавіку, калі большасць краін ЕС толькі пачалі закрывацца на каранцін, баевікі ІД у сваім штотыднёвым бюлетэні «Ан-Наба» заклікалі сваіх прыхільнікаў нанесці ўдар па Захаду. Тэрарысты назвалі пандэмію прыдатным момантам для такіх дзеянняў, бо ўрады заходніх краін апынуліся цалкам занятыя барацьбой з вірусам. Прыкладна ў гэты ж час сваю агітацыю пачалі і тэрарысты з «Аль-Каіды». Баевікі выпусцілі шасцістаронкавы маніфест на англійскай мове, у якім расказалі пра крах эканамічнай гегемоніі ЗША, пра «пакаранне для Захаду» і звязалі пандэмію з «пакараннем найвышэйшых сіл».

Прадчуванне грамадзянскай вайны

У маі ў дакладзе Блізкаўсходняга навукова-даследчага інстытута (MEMRІ) адзначалася, што ў апошні час эксперты назіраюць усплёск інтэрнэт-актыўнасці з боку радыкалаў. Гэта і з`яўленне розных акаўнтаў на Facebook, запуск новых падпольных СМІ і актывацыя ўжо дзеючых Telegram-каналаў. Цалкам магчыма, што агітацыя баевікоў і заклікі атакаваць Захад часткова дабраліся да «мэтавай аўдыторыі».

«Ніца заплаціла занадта высокую цану, як і ўся наша краіна ў апошнія гады», — адзначыў мэр гэтага горада Эстразі пасля нядаўняга тэрарыстычнага нападзення. Ён мае рацыю: Францыю сапраўды можна лічыць краінай, якая больш за ўсё ў Еўропе пацярпела ад праблемы радыкалаў за апошнія гады. Ды і сама Ніца станавілася аб`ектам жорсткай атакі не так даўно — у 2016 годзе. Усяго з удзелам радыкалаў у Францыі з 2012-га было здзейснена 40 тэрактаў, у выніку якіх загінулі каля 300 чалавек.

«Нават калі паміж апошнімі нападзеннямі ў Парыжы і Ніцы не будзе выяўлена прамой арганізацыйнай сувязі, яны ствараюць уражанне цэласнай тэрарыстычнай пагрозы, з якой прыходзіцца мець справу французскай дзяржаве», — лічыць эксперт Расійскага савета па міжнародных справах Аляксей Чыхачоў. Ён адзначае, што фактычна гэтая пагроза нікуды не сыходзіла як мінімум з 2015 года.

А цяпер у Францыі намячаецца новая хваля тэрору, заявіў РІА «Навіны» вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН Сяргей Фёдараў. Прычым французскія палітыкі расцэньваюць апошнія нападзенні радыкалаў як пачатак грамадзянскай вайны. «Гэта пачатак грамадзянскай вайны ў Францыі. Гэтая грамадзянская вайна — вынік некампетэнтнасці, убоства, бескультур`я і баязлівасці французскага палітычнага класа апошніх 40 гадоў», — заўважыў былы кіраўнік Руху за Францыю, былы кандыдат у прэзідэнты рэспублікі Філіп дэ Вілья.

З ім згодны кіраўнік Народнага рэспубліканскага саюза Франсуа Аселіна. «Усё, здаецца, ідзе да таго, што пачнецца грамадзянская вайна», — сказаў ён РІА «Навіны». Франсуа Аселіна лічыць, што французскі прэзідэнт адкрыў некалькі франтоў, хоць у яго няма прававых, паліцэйскіх, вайсковых сродкаў, каб абараніць французаў ад наступстваў, да якіх вядуць яго заявы.

Гэта, дарэчы, добра разумеюць і грамадзяне Пятай рэспублікі. Большасць французаў лічыць, што дзяржава не здольная абараніць іх ад тэрарыстычных атак. Аб гэтым піша газета Fіgaro са спасылкай на даныя апытання грамадскай думкі холдынгавай кампаніі Fіducіal і аналітычнага цэнтра Odoxa. Так, 76 працэнтаў жыхароў Францыі не вераць у здольнасць урада забяспечыць іх бяспеку ад тэрарызму. Зваротнага меркавання прытрымліваюцца 26 % працэнтаў французаў, што на 18 % менш, чым у ліпені. Акрамя таго, 57 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што ў месцах рэлігійных набажэнстваў прысутнічае недастаткова паліцэйскіх патрулёў. Як сведчаць апошнія падзеі, такія меркаванні небеспадстаўныя.

Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 6 лістапада 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3253
Текущая дата: 22.12.2024