(БЕЛТА) 6 верасня 2021
Выбраная Беларуссю мадэль рэагавання і падтрымкі насельніцтва ў пандэмію даказала сваю эфектыўнасць. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў сваім выступленні ў рамках 13-га Саміту жанчын - спікераў парламентаў "Цэнтральная роля жанчын у барацьбе з пандэміяй і аднаўленні пасля яе з пазіцыі гендарнай роўнасці", паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.
Спікер адзначыла, што тэма форуму актуальна для ўсіх краін, эпідэмія каранавіруснай інфекцыі ахапіла практычна ўсю планету і пагражае жыццю і здароўю людзей самых розных дзяржаў.
"У барацьбе з пандэміяй кожная краіна прымае меры з улікам сваёй нацыянальнай спецыфікі, сацыяльнай сістэмы і магчымасцей эканомікі. У Беларусі за перыяд пандэміі набыты каштоўны вопыт: рэалізуецца шырокі комплекс санітарных і медыцынскіх мерапрыемстваў па процідзеянні распаўсюджванню інфекцыі і лячэнні людзей, напрацаваны механізмы ўзаемадзеяння органаў улады, парламентам і ўрадам прыняты адпаведныя прававыя акты, - расказала Наталля Качанава. - Работа вядзецца па ўсіх напрамках: для забеспячэння бяспекі ўрачоў і насельніцтва арганізавана ўласная вытворчасць сродкаў індывідуальнай аховы, адпрацавана лагістыка лячэння і нагляду за больш лёгкімі пацыентамі дома, цяжкімі - у бальніцах; створана сістэма санаторыяў для рэабілітацыі пацыентаў; арганізавана вытворчасць вакцыны "Спадарожнік V" на беларускіх прадпрыемствах, актыўна вядзецца вакцынаванне насельніцтва".
Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, пандэмія каранавіруса вымусіла ўсіх па-іншаму паглядзець на каштоўнасць жыцця і здароўя, а самае галоўнае - змянілася стаўленне людзей да медыкаў: істотна павысілася сацыяльная значнасць іх працы.
"Беларускую медыцыну можна па праву назваць жаночай. У арганізацыях аховы здароўя Беларусі працуе 75 працэнтаў спецыялістаў-жанчын, і кожная без выключэння на сваім узроўні выконвае свае прафесійныя задачы - верна і з самааддачай. Нашы ўрачы змагаюцца за кожнае жыццё! Сістэма аховы здароўя Беларусі змагла вытрымаць сур`ёзную нагрузку, таму што мы ў свой час захавалі ўсе яе звёны: санэпідслужбу, інфекцыйныя бальніцы, фельчарска-акушэрскія пункты і бальніцы ў самых невялікіх раённых цэнтрах і галоўнае - спецыялістаў, - паведаміла Наталля Качанава. - У Беларусі цэняць сапраўдных герояў барацьбы з пандэміяй. Па рашэнні кіраўніка дзяржавы за самаадданую працу медыцынскія работнікі былі ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, падзякамі, ганаровымі граматамі. Менавіта ўрачу-інфекцыяністу ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі прысвоена ганаровае званне "Народны ўрач Беларусі". Акрамя таго, дзяржава выдзеліла дадатковыя фінансавыя рэсурсы для павышанай аплаты працы медыцынскіх работнікаў".
Спікер нагадала, што ў нашай краіне не ўводзіліся строгія ўнутраныя каранцінныя меры ў перыяд пандэміі, таму ўзровень зніжэння дзелавой актыўнасці і эканомікі ў цэлым быў адным з самых нізкіх у еўрапейскім рэгіёне. Разам з тым для захавання галін, схільных да негатыўнага ўплыву эпідэміялагічнай сітуацыі, быў прыняты спецыяльны ўказ Прэзідэнта "Аб падтрымцы эканомікі". Меры датычыліся прадастаўлення адтэрміновак па арэндных плацяжах, змяншэння сум аплаты па падатках, пераліку завінавачанасці за энергарэсурсы. У ліку такіх галін - турызм, рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, транспарт, дзе большасць работнікаў - гэта жанчыны.
"Важнейшай тэндэнцыяй у ходзе пандэміі стала актыўнае выкарыстанне ў сістэме працоўных адносін новых гібкіх форм занятасці. На працягу ўсяго перыяду пандэміі ў Беларусі не было масавых скарачэнняў рабочых месцаў. Адна са слабаабароненых катэгорый у перыяд пандэміі - сем`і з дзецьмі. Для малазабяспечаных шматдзетных сем`яў у Беларусі былі прыняты меры дадатковай матэрыяльнай падтрымкі. З пачаткам пандэміі аператыўна перабудавана работа па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва. Дамы-інтэрнаты для пажылых людзей працавалі ў рэжыме поўнай ізаляцыі, медыцынскі персанал працаваў вахтавым метадам, што дало магчымасць мінімізаваць рызыкі заносу і распаўсюджвання інфекцыі. Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання арганізавалі бясплатную дастаўку дадому прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і лякарстваў непрацаздольным грамадзянам, - адзначыла Наталля Качанава. - Выбраная Беларуссю мадэль рэагавання і падтрымкі насельніцтва ў пандэмію даказала сваю эфектыўнасць: не дапушчана зніжэння ўзроўню заработнай платы, выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы, насельніцтву ў поўным аб`ёме забяспечаны пенсійныя выплаты".
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што Беларусь - сацыяльна арыентаваная дзяржава, у аснове якой непахісныя агульначалавечыя прынцыпы. Дасягненне роўнасці мужчын і жанчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, забеспячэнне аднолькавых магчымасцей, павышэнне ролі жанчыны ў грамадстве заўсёды былі і будуць важнейшымі прыярытэтамі на шляху ўстойлівага развіцця Беларусі. Для гэтага створана асноўная нарматыўна-прававая база. Рэалізуецца пяты нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці. Прымаюцца прававыя, арганізацыйныя, адміністрацыйныя меры, накіраваныя на павышэнне статусу жанчын, абарону іх правоў і інтарэсаў.
"Апошнім часам нашай краінай пройдзены значны шлях у эвалюцыі гендарных адносін, пры гэтым мы пастаянна акумулюем міжнародны вопыт па пытаннях удасканалення і рэалізацыі гендарнай палітыкі. Сёння Беларусь уваходзіць у першую трыццатку дзяржаў па такім крытэрыі, як жаночае прадстаўніцтва ў органах заканадаўчай улады. Жанчыны займаюць высокія пасады ў органах дзяржкіравання, складаюць трэць ад агульнай колькасці членаў парламента, - сказала Наталля Качанава. - Жанчыны ўносяць важкі ўклад у аднаўленне і развіццё нацыянальных традыцый, распрацоўку стваральнага парадку дня развіцця, у міжнацыянальны дыялог, вырашэнне праблем беднасці і эканамічнай няроўнасці. Большасць жанчын сталі сур`ёзнай апорай беларускай дзяржаве ў складаны перыяд знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы і спробы змянення канстытуцыйнага ладу нашай краіны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Мы не дазволілі ўцягнуць жанчын у нацыянальнае процістаянне".
Наталля Качанава заявіла, што Беларусь ганарыцца сваімі жанчынамі. "Імкненне да поспеху і дасканаласці ва ўсім - гэта фактычна нацыянальныя рысы беларускіх жанчын. Наша задача як парламентарыяў ствараць спрыяльныя ўмовы і стымулы для самаразвіцця і актыўнага ўдзелу жанчын у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці нашых краін. Упэўнена, што вынікі саміту будуць садзейнічаць эфектыўнай рэалізацыі гэтай задачы", - рэзюмавала спікер.
6 верасня 2021, Мінск
БЕЛТА
6 верасня 2021, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3347
Текущая дата: 22.12.2024