Белорусский портал в Казахстане

Як на захадзе Беларусі ацэньваюць і з чым атаясамліваюць дзень 17-га верасня. Круглы стол



Звязда, 14 верасня 2021

Абмяркоўваць і аналізаваць важныя гістарычныя падзеі найлепш там, дзе яны адбываліся. Таму перад датай 17 верасня, якая з гэтага года — не толькі дзень, калі распачалося аб’яднанне Заходняй Беларусі і БССР, але і дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства, я накіравалася ў Гродна. Там у канферэнц-зале Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы «Звязда» сумесна з гэтай ВНУ зладзіла круглы стол. На ім прысутнічалі выкладчыкі і студэнты, і мы абмяркоўвалі тэму, адну з самых актуальных сёння на старонках «Звязды» — што такое дата 17 верасня ў гісторыі нашага народа і нашай дзяржавы, чаму яе варта адзначаць на самым высокім узроўні, што трэба зрабіць, каб гэты дзень стаў сапраўдным святам — не толькі ў календары, але і ў свядомасці людзей.

Выбар месца правядзення гэтай зацікаўленай размовы сябе апраўдаў. Гутарка атрымалася надзвычай цікавая і змястоўная. Не толькі таму, што прымалі ў ёй удзел спецыялісты, дасведчаныя ў гэтай тэматыцы, якую могуць вывучаць непасрэдна на месцы падзей. Для большасці ўдзельнікаў круглага стала падзеі верасня 1939 года — гэта яшчэ і старонка сямейнай гісторыі..
*****
У абмеркаванні ўдзельнічалі Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук; Віктар Белазаровіч, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, кандыдат гістарычных навук; Эдмунд Ярмусік, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктар гістарычных навук; Андрэй Гецэвіч, загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны, кандыдат гістарычных навук, Валерый Чарапіца, прафесар кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі, кандыдат гістарычных навук; Наталля Улейчык, дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі, кандыдат гістарычных навук; Аляксандр Горны, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдат гістарычных навук; Святлана Тарасава, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі.
*****
Звязда: Зусім нядаўна, у ліпені, у рэдакцыі «Звязды» ўжо праходзіў круглы стол, прысвечаны даце 17 верасня. Тады са сталічнымі гісторыкамі, якія займаюцца гэтай праблематыкай, мы гаварылі аб ёй у больш глабальным кантэксце... Хаця, напэўна, словы «глабальны» або «лакальны» тут увогуле недарэчы. Таму што ў любым выпадку размова будзе ісці пра жыцці і лёсы соцень тысяч, мільёнаў людзей... Менавіта тут, у заходнебеларускім рэгіёне, лічы, для кожнага і наступствы Рыжскага міру, і 17 верасня 1939 года — не проста радкі ў падручніку па гісторыі роднай краіны, але і частка ўласнай, сямейнай біяграфіі. І менавіта тут, бадай, найбольш дарэчы гаварыць пра важнасць гэтай даты ў кантэксце не толькі аб`яднання народа, але і таго, як змянілася жыццё людзей. Хаця сёння некаторыя і спрабуюць сцвярджаць, што «за Польшчай жылі лепш», але ж насамрэч гэта было зусім не так...

Валерый Чарапіца: Некаторыя сёння сапраўды кажуць: маўляў, за палякамі жылося лепш: мелі і чарку, і скварку. Магчыма, хтосьці і меў. Але ці пераважыць гэта «чарка і скварка», якую мелі ў дастатку далёка не ўсе, права мець сваю дзяржаву, ганарыцца ёй, размаўляць і вучыцца на роднай мове, мець сваю прэсу — тое, чаго беларусы «за Польшчай» былі пазбаўлены ад пачатку?..

Трэба заўважыць, што беларусы цярпелі не толькі нацыянальную дыскрымінацыю, але і канфесійную — вялікая частка беларускага насельніцтва была праваслаўная, і разам з паланізацыяй актыўна праводзілася акаталічванне.

Андрэй Гецэвіч: Калі казаць аб сацыяльных фактарах, ад якіх залежыць дабрабыт людзей, трэба мець на ўвазе не толькі праблему рэгіёна Заходняй Беларусі, па якім літаральна за некалькі гадоў пракацілася не адна вайна, але і пытанне прыярытэтаў. Прыярытэтаў, якія расстаўляла цэнтральная Польшча да «Крэсаў усходніх». Атрыманыя паводле Рыжскага міру беларускія і ўкраінскія землі складалі 24 працэнты ад усёй тэрыторыі і 12 працэнтаў ад насельніцтва тагачаснай Польшчы. Але на гэтай тэрыторыі размяшчалася ўсяго менш за тры працэнты прамысловай вытворчасці. Рэгіён быў аграрны, з так званым рызыкоўным земляробствам, і ніхто ў Варшаве не думаў гэту сітуацыю кардынальна мяняць — Заходняя Беларусь была проста сыравінным прыдаткам цэнтральных прамысловых раёнаў краіны. Як вынік — нізкі ўзровень даходаў насельніцтва. Што датычыцца іншых сацыяльных паказчыкаў, па якіх і вызначаецца ўзровень дабрабыту людзей... Сем тысяч школ — ніводнай беларускай, 200 студэнтаў-беларусаў у польскіх універсітэтах — значыць, фактычна ніякай нацыянальнай інтэлігенцыі. Нарэшце, медыцынскае абслугоўванне. На дзесяць тысяч насельніцтва ў Цэнтральнай Польшчы ў той час прыпадала 60—70 бальнічных ложкаў. А ў Віленскім ваяводстве — 17, у Палескім — тры! Ад усіх гэтых фактараў вялікая колькасць насельніцтва знаходзілася ў стане сацыяльнай напружанасці. Людзі, асабліва тыя, што жылі ў прыгранічных раёнах, атрымлівалі інфармацыю з Усходу — па радыё і па іншых каналах, ім было з чым параўноўваць. А ў Савецкай Беларусі тады сапраўды быў небывалы ўздым — стваралася Акадэмія навук, будаваліся новыя прадпрыемствы, адкрываліся новыя ўстановы адукацыі. У заходніх жа рэгіёнах было яшчэ малазямелле і беспрацоўе.

Віктар Белазаровіч: 74 працэнты сялянскіх двароў у Заходняй Беларусі былі малазямельныя — не больш за 10 гектараў зямлі. Многія сёння скажуць: якое ж, маўляў, гэта мала, тут у многіх па шэсць сотак. Але ж гэта была экстэнсіўная гаспадарка, і пражытковы мінімум быў 8,73 гектара на душу працаздольнага насельніцтва, і ён не выконваўся.

Андрэй Гецэвіч: Цяпер скептыкі кажуць пра тое, што ў БССР не было магчымасці выехаць за мяжу, а ў Польшчы беларусы маглі выязджаць. Але ж выязджалі не на турыстычную экскурсію, а ў пошуках заробку, збягаючы ад нястачы, каб мець магчымасць купіць зямлю. У тых, чые карані тут, шмат сямейных гісторый менавіта пра тое, як прадзед з`ездзіў на заробкі ў Амерыку, вярнуўся і купіў надзел зямлі. Людзі проста хацелі жыць і працаваць на сваёй зямлі, а магчымасці такой дзяржава ім не давала. А яшчэ людзі хацелі, каб да іх нармальна ставіліся — і гэтага яны не мелі.

Эдмунд Ярмусік: Мой дзед памёр у красавіку 1939 года, бо яму патрабавалася аперацыя. А каб зрабіць аперацыю, трэба было прадаць карову. А ў сям`і трое малых дзяцей. Дзед памёр, а мой бацька, які застаўся ў сям`і старэйшым, у 11 гадоў стаў за плуг, каб пракарміць астатніх. Вось такая сямейная гісторыя як сведчанне таго, як тут жылося «за Польшчай». Нялёгка жылося абсалютнай большасці людзей, асабліва сялянству, бо здабываць кавалак хлеба прыходзілася вельмі цяжкай працай...

Звязда: Беларусы — людзі адвеку цярплівыя, пра гэта сёння нават анекдоты складаюць. Але, трэба думаць, згаданая сацыяльная напружанасць у заходнебеларускім грамадстве была на той час вельмі вялікая. Нацыянальна-вызваленчы рух быў, без перабольшвання, масавы, і пра гэта таксама варта не саромецца сёння казаць.

Аляксандр Горны: Пра нацыянальна-вызваленчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі мы вельмі мала пакуль ведаем. А ён сапраўды быў масавы — сотні тысяч людзей ва ўмовах паланізацыі, палітычнага пераследу, эканамічнай нястачы змагаліся за беларускае слова, за аб`яднанне беларускіх земляў. Толькі ў складзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады, паводле афіцыйных звестак, было 90—100 тысяч чалавек. (У савецкім Мінску на час утварэння гэтай арганізацыі, у 1926 годзе, было менш сяброў кампартыі бальшавікоў.) Гэтыя людзі думалі па-беларуску, яны супраціўляліся паланізацыі. Нездарма лідара гэтай арганізацыі Браніслава Тарашкевіча называлі «беларускі Гандзі» — інтэлектуал еўрапейскага ўзроўню, які пайшоў бараніць беларускае насельніцтва. Нават седзячы ў Гродзенскай турме менавіта за ўдзел у беларускім вызваленчым руху, ён перакладаў на нашу мову «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Актыўна дзейнічалі і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, і Таварыства беларускай школы. Была нават жаночая арганізацыя — Аб`яднанне беларускіх жанчын імя Цёткі...

Наталля Улейчык: Як прыклад такой адданасці беларускай справе — Сяргей Прытыцкі. Для мяне асабіста ён не толькі вядомы дзяржаўны дзеяч, але і блізкі сваяк: Сяргей Восіпавіч — старэйшы брат маёй бабулі. Таму гісторыя яго барацьбы — гэта частка нашай сямейнай гісторыі. Іхняя сям`я была з вёскі Гаркавічы з-пад Беластока, тыповая беларуская шматдзетная малазямельная сям`я. І выпрабаванні былі тыповыя для таго часу: уцёкі на ўсход ад вайны, вяртанне да разбуранай сядзібы і ўсё ліха, якое давялося пазнаць беларусам, што апынуліся на тэрыторыі Польшчы. Спачатку старэйшы брат Аляксандр уступае ў КПЗБ, каб змагацца за лепшае жыццё, за ім ідзе і Сяргей. Пасля — падполле, арышт, астрог. У 1934 годзе Прытыцкага пераправілі ў Мінск у школу КПЗБ пры ЦК КПБ, але ў 1935 годзе ён вяртаецца на радзіму. Забойства правакатара, які здаваў падпольныя арганізацыі, смяротны прысуд, замена пад ціскам грамадскасці смяротнага пакарання на доўгатэрміновае зняволенне. Равіцкая турма на польска-германскай граніцы, вызваленне 1 верасня 1939-га падчас наступлення нямецкіх войскаў, шлях разам з іншымі палітзняволенымі на ўсход, да Беластока. Менавіта ў Беластоку ён і даведаўся, што Чырвоная армія перайшла граніцу...

Аляксандр Горны: Гаворачы аб нацыянальна-вызваленчым руху, варта заўважыць яшчэ адзін важны момант. Кожнае з беларускіх аб`яднанняў — ад леварадыкалаў да паланафілаў — у сваіх праграмных дакументах прапісвала галоўны тэзіс — «Аб`яднанне беларускага народа». І гэта была галоўная мэта барацьбы — усе яны бачылі беларусаў у сваёй адзінай дзяржаве.

І што яшчэ характэрна — за ўсе васямнаццаць гадоў палякі не змаглі народны рух і жаданне людзьмі звацца задушыць. Нядаўна ў архіве я знайшоў надзвычай цікавыя дакументы польскай паліцыі таго часу — фатаграфіі рэчаў, якія яны канфіскоўвалі ў беларускіх актывістаў. 1938 год. Здавалася б, ужо няма ніводнай беларускай школы, беларуская прэса закрыта. А маладыя дзяўчаты з-пад Бераставіцы сваім хлопцам, сябрам Кампартыі Заходняй Беларусі, якія сядзяць у польскіх астрогах, вышываюць на хусцінках па-беларуску (а ходзяць жа ў польскую школу): «Майму дарагому...», «Майму барацьбіту...», «Майму каханаму...» Гэта вельмі яскравы паказчык таго, што беларусы, нягледзячы на суцэльную паланізацыю, заставаліся беларусамі, у тым ліку дзякуючы сотням тысяч актывістаў, якія не адракаліся ад ідэі беларускага яднання. І да 17 верасня 1939 года многія былі падрыхтаваныя, многія яго чакалі...

Звязда: І гэты дзень прынёс людзям перамены да лепшага — як бы ні банальна гэта гучала, але яно насамрэч так і было...

Ірына Кітурка: У гэты дзень адбыўся акт гістарычнай справядлівасці, калі штучна раз`яднаны з палітычных меркаванняў іншых дзяржаў народ быў аб`яднаны. Нашым продкам і нам — жыхарам заходніх рэгіёнаў Беларусі была дадзена магчымасць пачаць новае жыццё, у якім не было нацыянальнага і сацыяльнага ўціску, у рэспубліцы, нават у назве якой было слова «Беларуская». 17 верасня як дзень народнага адзінства — для нас не проста дата і не проста прыгожыя словы.

Для нашага ўніверсітэта гэты дзень таксама вельмі важны. Менавіта дзякуючы 17 верасня 1939 года з`явілася сама магчымасць арганізацыі вышэйшай навучальнай установы на заходнебеларускіх землях. Ужо праз паўгода далучэння Заходняй Беларусі да БССР, 22 лютага 1940 года, было прынята рашэнне аб стварэнні настаўніцкага інстытута ў Гродне, з якога, уласна, і бярэ пачатак наш універсітэт. На настаўніцкі інстытут у той час была ўскладзена вялікая задача — рыхтаваць кадры для навучання беларускіх дзяцей у беларускіх школах. Што да 1939 года нават уявіць было немагчыма.

Андрэй Гецэвіч: Тыя змены, якія адбыліся літаральна ў першыя месяцы пасля ўз`яднання, — рэч найкаласальнейшая для насельніцтва Заходняй Беларусі. Акрамя настаўніцкага інстытута ў Гродне, з`явіліся падобныя ўстановы ў Пінску і Баранавічах. Былі адкрытыя 25 сярэдніх навучальных устаноў, якія павінны былі забяспечыць народную гаспадарку ўласнымі кадрамі. Школы сталі беларускімі. Прычым не трэба казаць, што ўсё польскае тут жа гвалтам забаранілі — тысяча школ засталіся польскамоўнымі, былі і літоўскія, і ўкраінскія школы.

Мільён гектараў зямлі нацыяналізавалі і перадалі сялянам! Так, мы будзем потым казаць пра тое, што пасля яна стала калгаснай. Але давайце не забываць, што да вайны ў Заходняй Беларусі ў калгасы людзей ніхто не заганяў, былі аднаасобныя гаспадаркі...

Віктар Белазаровіч: 49 тысяч двароў, якія да вайны ўступілі ў калгасы, у большасці сваёй не былі прымусова туды ўцягнуты, яны самі так захацелі, няхай гэта былі былыя бядняцка-батрацкія гаспадаркі. І ўлада іх падтрымала...

Андрэй Гецэвіч: І галоўнае — у працэсе гэтых сацыяльна-эканамічных змен вырашылася асноўная праблема — беспрацоўя. Магчымасць працаўладкавацца, навучыцца нейкай прафесіі асабліва для моладзі была вельмі важнай. А дадайце бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, якое стала даступнае ўсім без выключэнння. З такімі зменамі большасць насельніцтва толькі вітала новую ўладу, людзі былі гатовыя да ўз`яднання.

Віктар Белазаровіч: Каб зразумець асэнсаванне тых падзей тагачаснымі людзьмі, несумненна, трэба звяртацца да дакументальных крыніц, дзённікаў, успамінаў. Такія ўспаміны былі выдадзены ў зборніку «У новай айчыне» ў 2001 годзе. Многіх рэспандэнтаў сёння ўжо няма сярод жывых. Але ў гэтым выданні засталіся сведчанні таго, як простыя людзі ўспрымалі 17 верасня. «Прыйшлі нашы», — вось як згадвалі праз шэсцьдзясят гадоў тыя падзеі нават жыхары цяпер польскага Падляшша. «Не хацелі быць «кацапамі», хацелі людзьмі звацца», — бадай, галоўная думка тых успамінаў. 17 верасня гэтыя людзі сустракалі з радасцю. Варта паглядзець фотаздымкі тых часоў — радасць на тварах шчырая, непадробная. Людзі атрымалі магчымасць вучыцца, наведваць бібліятэкі і тэатры, і гэта было масава і даступна для ўсіх. Вялікую дапамогу ў той час аказалі нашы браты — вопытнымі кадрамі з Масквы і Ленінграда, арганізацыяй прамысловасці. У тым жа Гродне яшчэ да вайны запрацаваў завод па вытворчасці веласіпедаў. Можна сказаць, што менавіта тады была закладзена традыцыя брацкай узаемадапамогі, што для шматнацыянальнай Гродзеншчыны актуальна і сёння... Людзі прымалі актыўны ўдзел у палітычным жыцці, стваралі мясцовыя камітэты, вылучалі дэлегатаў на сход не па ўказцы зверху. Гэта быў сапраўдны народны энтузіязм, радасць ад аб`яднання, ад прадчування новага — лепшага жыцця.

Наталя Улейчык: У Беластоку ў той час быў цэнтр грамадска-палітычнага жыцця Заходняй Беларусі. І на пачатку кастрычніка 1939 года часовае кіраўніцтва Беластока прымае зварот да ўсіх гарадоў Заходняй Беларусі, у якім гаворыцца, што «вызваленаму народу перш з ўсё належыць вызначыць характар будучай улады, а затым стварыць яе органы». Такім паўнамоцтвам можа быць надзелены толькі Народны сход. Людзі змаглі выбіраць сваіх прадстаўнікоў для абмеркавання і вырашэння, як жыць далей, ужо ў першыя месяцы пасля вызвалення. 926 чалавек было выбрана на сход, які распачаўся 28 кастрычніка ў гарадскім тэатры Беластока...

Віктар Белазаровіч: І выбары ў Вярхоўны Савет БССР і ў мясцовыя Саветы ў 1940 годзе прайшлі на вельмі высокім узроўні. І для людзей гэта было сапраўднае свята, бо раней яны такога права не мелі...

Прынамсі такое ўспрыманне было ў людзей у Баранавіцкім і Палескім ваяводствах. На захад ад Ваўкавыска было больш палякаў, таму тут прысутнічала і насцярожанасць. Была і варожасць, і супраціўленне, і мы таксама пра гэта павінны ведаць. Як і пра тое, што 24 сакавіка 1940 года — дзень ужо згаданых выбараў у Вярхоўны Савет БССР — супаў з каталіцкім Вялікаднем і з храмаў чуліся заклікі на выбары не хадзіць. Былі і забойствы актывістаў. Была і дэпартацыя асаднікаў, да якой беларускія сяляне ставіліся станоўча. Былі і бежанцы, што з`явіліся ў далучаных рэгіёнах, ратуючыся ад фашыстаў, якія захапілі Польшчу, і гэта была праблема, якую ўладзе давялося аператыўна вырашаць. Пра гэта трэба ведаць, больш за тое — гэтыя пытанні трэба дадаткова вывучаць, бо гэта таксама наша, беларуская, гісторыя...

Звязда: Дзень 17 верасня сапраўды некалькі гадоў быў усенародным святам. Але на пачатку 1950-х гадоў яго ўвогуле перасталі адзначаць, каб не наступаць на балючы мазоль Польшчы, важнаму саюзніку ў сацыялістычным лагеры. Пра гэты дзень амаль забыліся, хіба што назвы вуліц засталіся...

Аляксандр Горны: Сапраўды, мемарыялізацыя гэтага дня адбывалася толькі на пачатку. У першае дзесяцігоддзе па ўсіх заходнебеларускіх гарадах і мястэчках з`явіліся вуліцы і нават плошчы 17 Верасня. У Гродне стары мост адкрылі пасля рэканструкцыі акурат да 10-годдзя ўз`яднання, увосень 1949 года. А пасля пра гэты дзень сапраўды сталі забываць...

Святлана Тарасава: Але ж заставалася літаратура. І яна ў мемарыялізацыі, разуменні значэння падзей верасня 1939 года сыграла вялікую ролю. Асабліва ў той час, калі гаварыць аб тым, што гэта свята для нашага народа, было не прынята. Увогуле, даследчыкі гавораць пра феномен заходнебеларускай літаратуры.. Яна ўяўляла сабой сінтэз розных літаратурных плыняў, кірункаў, пакаленняў пісьменнікаў, яна аб`ядноўвала творцаў з рознымі ідэйнымі поглядамі, з розным бачаннем перспектыў развіцця Беларусі. Але іх усіх яднала ідэя Бацькаўшчыны, Радзімы. Усе яны бачылі Беларусь цэльнай дзяржавай, а беларускі народ — адзіным.

І творы гэтых пісьменнікаў — сапраўдны летапіс тых падзей. У дзённіку «Лісткі календара» Максім Танк пад датай 22 верасня 1939 года піша: «Пачалі арганізоўваць розныя ўрады... Раздалі надзелы панскай зямлі...» У кнізе мемуараў Уладзіміра Калесніка, якому ў 1939 годзе было толькі 17 гадоў, чытаем: «Можа быць, мая эйфарыя была перабольшана ва ўспрыманні тых падзей, але мне прыемна згадаць, што мая эйфарыя юнацкай закаханасці супадала тады з той узнёсласцю, якая панавала вакол». Тут варта згадаць і Янку Брыля, і Валянціна Таўлая. Брыль у верасні 1939 года быў у нямецкім палоне як салдат Войска Польскага, куды яго мабілізавалі, і навіну аб уз`яднанні ён даведаўся з лістоў брата. Натуральна, у такіх умовах яму было вельмі складана выказаць сваю рэакцыю, свае адносіны да гэтай падзеі. Але ўся наступная творчасць Янкі Брыля, народнага пісьменніка, была прысвечана вяртанню належнага статусу заходнебеларускай літаратуры, і большая частка яго творчасці праходзіла пад знакам заходнебеларускай тэмы... Валянцін Таўлай, які памёр у 1947 годзе, у верасні 1939-га знаходзіўся ў Гродзенскай турме. Але ў яго ёсць верш з сімвалічнай назвай «Перамога», напісаны раней за гэту дату: «Заўтра ў заплаканых шыбінах хмар сінім рассветам прасочыцца ранак...» Выходзіць, паэт прадбачыў вызваленне?

Аляксандр Горны: А ў нядаўна апублікаваным дзённіку беларускага дзеяча Леаніда Галяка можна прачытаць згадку, што ў першыя дні верасня 1939-га польскія ўлады адправілі беларусаў капаць акопы каля Вільні, а людзі рабілі гэта з вялікай неахвотай. Яны не хацелі бараніць гэту ўладу і гэту дзяржаву, ад якой нічога добрага не бачылі.

Валерый Чарапіца: Пра гэта ў народзе нават прыпеўкі складалі:

Вы не думайце, палякі,
Вас не будзем бараніць —
Пазасядзем у акопах
І гарэлку будзем піць...

Святлана Тарасава: Паколькі жывых сведак тых падзей застаецца ўсё менш, сёння трэба шукаць не толькі ў дзяржаўных, але і ў прыватных архівах дакументы, сведчанні, дзённікі, запісы аб тых часах, пакуль і яны не страціліся.

Звязда: Канешне, гісторыя не церпіць умоўнага ладу, але... Што было б на гэтай тэрыторыі, калі б 17 верасня 1939-га не адбылося?

Аляксандр Горны: Беларускі рух на той час быў сапраўды вельмі масавым, але ў далейшым лёс жыхароў Заходняй Беларусі мог скласціся гэтак сама, як лёс беларусаў Падляшша. Калі раней там жылі 200 тысяч чалавек, якія ідэнтыфікавалі сябе беларусамі, дык цяпер такіх людзей засталося каля 40 тысяч. Працэсы асіміляцыі ідуць вельмі хутка. Польская адукацыя, польская армія — гэта былі вельмі моцныя трыгеры асіміляцыі, не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, і літоўцаў... Нейкае беларускае асяроддзе, напэўна, засталося б, але большая частка насельніцтва беларусамі б сябе не лічыла...

Ірына Кітурка: Наша шчасце, калі можна так сказаць, у тым, што гэтыя дзве даты — 18 сакавіка 1921 года і 17 верасня 1939 года — адносна блізкія па часе. Яны здарыліся ў межах жыцця аднаго пакалення. Пытанне працягласці часу вельмі важнае ў гісторыі. Мы ведаем, як літаральна на працягу стагоддзя прадалася і апалячылася ў Рэчы Паспалітай беларуская шляхта. Мы ведаем, як у той жа дзяржаве ўвядзенне польскай мовы ў дакументаабарот выцесніла мову старабеларускую, якая была афіцыйнай. Мы ведаем, як уплывае на асіміляцыю адукацыйны фактар: дзеці Мікалая Радзівіла Чорнага, бацькі беларускай Рэфармацыі, сталі каталікамі толькі таму, што ў Полацку адкрыўся езуіцкі калегіум... Калі б перыяд знаходжання заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы быў большы, беларусаў бы на гэтай тэрыторыі як народа проста не засталося б. І прыклад становішча беларусаў у Заходняй Беларусі, калі частка народа апынулася ў іншай дзяржаве, — гэта яскравае сведчанне таго, пра што апошнім часам гаворыцца часта, прычым на найвышэйшым узроўні. Нікому ў іншай краіне мы не патрэбныя. Дасягнуць нейкіх вяршынь у жыцці мы можам толькі ў сваёй краіне. Менавіта таму мы і сёння, бадай, як ніколі, павінны быць разам, адзіныя ў сваёй Беларусі.

Звязда: Гэта мы гаворым з нашай, беларускай пазіцыі. Для нашых заходніх суседзяў дата 17 верасня — дагэтуль фантомны боль. І тэма вяртання «Крэсаў усходніх» з парадку дня не здымаецца і сёння...

Валерый Чарапіца: У канцы 1970-х гадоў мне давялося быць у дактарантуры Варшаўскага ўніверсітэта. Вельмі ўражвала, выклікала непаразуменне і абурэнне тое, што ў сацыялістычнай Польшчы таго часу на сценах дамоў было намалявана графіці з надпісам «Рamіetaj 17 wrzesnіa» з выявай шыбеніцы і савецкіх сімвалаў. У пачатку 1990-х у Польшчы выйшлі кніжкі, у якіх паход савецкай арміі ў верасні 1939 года разглядаўся як захоп спрадвечна польскіх тэрыторый. А калі ў жніўні 2020-га пачаліся пратэсныя акцыі, у большасці сваёй зрэжысіраваныя з Варшавы, што мы чулі тут, у Гродне? «Тo jest nasze mіasto!»... Гэта для палякаў заўсёды было і, напэўна, надоўга яшчэ застанецца балючай тэмай. Але ў нас ёсць свае нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы, і менавіта з гэтай пазіцыі мы павінны разглядаць пытанне.

Эдмунд Ярмусік: На падзеі 1939 года трэба глядзець з пункту гледжання геапалітыкі. Менавіта ў заходнім рэгіёне за будучыню беларускай дзяржаўнасці ішла самая напружаная барацьба. Польскі ўрад нават у эміграцыі не пакідаў ідэі вяртання «Крэсаў усходніх» — дзейнічала антысавецкае падполле, якое пераўтварылася пасля ў Армію Краёву. А новая савецкая ўлада рабіла ўсё, каб захаваць адзінства гэтай тэрыторыі. І барацьба працягвалася да пачатку 1950-х гадоў. Наколькі гэта было актуальна нават у гады вайны, можна зразумець нават па адной гэтай цытаце. У закрытым лісце ЦК КПБ нелегальным абкамам партыі і Беларускаму штабу партызанскага руху «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР» ад 2 жніўня 1943 года сказана: «Падпольныя цэнтры і партызанскія атрады, арганізуючы і ўзначальваючы барацьбу народа, павінны развіваць яе на той аснове, што заходнія вобласці Савецкай Беларусі з`яўляюцца неад`емнай часткай БССР, неад`емнай тэрыторыяй СССР». У гэтых радках якраз і квінтэсэнцыя ўсяго таго, што адбывалася ў той складаны перыяд з пункту гледжання геапалітыкі. Праблема засталася і пасля вайны, калі па дазволе Сталіна граніцу перасунулі на ўсход, і той жа Беласток апынуўся ў Польшчы, хаця кіраўніцтва БССР было за захаванне граніцы на ўзроўні восені 1939-га. Калі ж Польшча ўсталявалася ў сацыялістычным блоку, тэма «Крэсаў усходніх» замоўчвалася, хаця аб ёй у Варшаве не забыліся. І яна ўсплыла ў 1980-я гады, калі ў Польшчы пачала актыўна дзейнічаць «Салідарнасць». З таго часу і да сёння гэта тэма ў нашых заходніх суседзяў на слыху. У памяці, у ментальнасці палякаў прэтэнзіі на гэтыя тэрыторыі будуць захоўвацца.

Аляксандр Горны: Азначаная дата не толькі важная, але і вельмі дыскусійная, бо падзеі, якія адбываліся ў верасні 1939 года, закранулі розныя народы, розныя культурныя асяродкі...

Валерый Чарапіца: Мой бацька нарадзіўся ў 1914 годзе ў Беластоку і быў пахрышчаны там у праваслаўным Свята-Мікалаеўскім саборы. Дарэчы, ён мне калісьці, у 70-х гадах, задаў пытанне: «Чаму ў маім пашпарце месцам нараджэння пазначаны «горад Беласток, ПНР»? Я ж нарадзіўся ў павятовым горадзе Беластоку Гродзенскай губерні Расійскай імперыі...» Нам трэба гэты рэгіён, не прэтэндуючы ні на што, не пакідаць, вывучаць — там зямля нашых продкаў...

Звязда: Што сёння найперш трэба зрабіць на ўзроўні гістарычнай навукі, на ўзроўні краіны, каб у свядомасці грамадства дата 17 верасня замацавалася як лёсавызначальная для нашага народа і нашай дзяржавы?

Аляксандр Горны: 17 верасня — гэта канчатковая дата стварэння беларускай нацыі — можа, варта і гэту думку абазначыць у ідэалогіі новага свята? Трэба гаварыць сёння і пра мемарыялізацыю менавіта падзей таго часу. Чаму б у Гродне на вуліцы Кірава не змясціць мемарыяльную дошку ў памяць аб Тарашкевічы, які прыязджаў сюды з мітынгамі, а потым знаходзіўся ў зняволенні за беларускую ідэю? І ў іншых заходнебеларускіх гарадах, напэўна, ёсць падобныя месцы, дзе варта згадаць моманты, перадумовы, гісторыю яднання народа.

Эдмунд Ярмусік: Трэба стаяць на пазіцыі гістарычнай праўды. Якую трэба данесці найперш моладзі, каб зразумелі, чаму было менавіта так, а не інакш. Як успрымалася народам акаталічванне і паланізацыя, навошта гэта было патрэбна польскай уладзе. Ці ўсюды з кветкамі сустракалі ў 1939-м Чырвоную армію... Калі мы будзем гаварыць праўду, нічога — ні добрага, ні дрэннага — не ўтойваючы, гэта будзе толькі на карысць умацавання сённяшняй дзяржаўнасці і народнага адзінства. А самая галоўная праўда, наша няўхільная пазіцыя павінна быць такая — гэта нашы тэрыторыі, тэрыторыі, на якіх беларускі народ абвясціў сваю незалежную дзяржаву.

Алена Ляўковіч
Звязда, 14 верасня 2021

Шчырая ўдзячнасць Ірыне Кітурцы, Віктару Белазаровічу, Аляксандру Горнаму за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні круглага стала.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3351
Текущая дата: 27.12.2024