Белорусский портал в Казахстане

Беларускім бокам на розных участках граніцы з Польшчай неаднаразова назіраліся факты нясення службы польскімі пагранічнікамі ў н



Пётр Дунько (Звязда) 21 снежня 2021

Чарговы выпадак быў зафіксаваны напярэдадні на брэсцкім напрамку, паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце.

У крыві — 3,6 праміле алкаголю

Польскі нарад прыцягнуў увагу беларускіх пагранічнікаў не зусім адэкватнымі паводзінамі. Ваеннаслужачыя на сумежным баку, якія пры сабе мелі зброю, ішлі ўздоўж калючай загароды няўпэўненай хадой і гучна, але няскладна гаварылі.

«У працэсе так званай абароны граніцы польскія вайскоўцы падтрымлівалі калегу з абодвух бакоў, каб ён мог прадоўжыць «маніторынг» абстаноўкі і «змагацца» з міграцыйным крызісам», — адзначылі ў ДПК.

Гэта ўжо як мінімум трэці выпадак выяўлення на дзяжурстве п`яных польскіх вайскоўцаў, накіраваных для ўзмацнення аховы граніцы з Беларуссю.

«Раней, 28 верасня, раённая пракуратура г. Любліна паведамляла аб адхіленні ад службы вайскоўца Войск тэрытарыяльнай абароны, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап`янення, — паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. — Пазней прадстаўнік раённай пракуратуры г. Любліна заявіў аб смерці 7 лістапада вайскоўца 21-й брыгады, у якога ў крыві было выяўлена 3,6 праміле алкаголю».

Міжволі ўспамінаецца расповед польскага вайскоўца Эміля Чэчкі пра «п`яныя дзяжурствы» на граніцы, якія завяршаліся расстрэлам бежанцаў. Ад дзеянняў польскіх пагранічнікаў пацярпелі сотні чалавек. Пра гэта ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў намеснік дырэктара Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Арцём Свірыдаў.

«Тое, што адбывалася і адбываецца на польска-беларускай граніцы, — гэта практыка Сярэднявечча. Раней еўрапейскія палітыкі прапаноўвалі на прававой аснове вырашаць палітычныя канфлікты. Ну вось давайце і праверым, наколькі вашы словы адпавядаюць таму, што вы рэальна думаеце і хочаце рабіць. Я спадзяюся, што пасля ўсіх фактаў злачынстваў палякаў супраць бежанцаў міжнародныя інстытуты, пачынаючы ад ААН і заканчваючы АБСЕ, не прамаўчаць, інакш навошта яны патрэбны, — сказаў эксперт. — Я магу зразумець, навошта Захад разбурыў гэтыя краіны, адкуль зараз бягуць людзі. У іх былі прыкладныя мэты, толькі вось аб наступствах яны не думалі. Прэзідэнты Беларусі і Расіі ж папярэджвалі, што пасля таго, як яны разбураць Сірыю, Лівію і іншыя краіны, абавязкова атрымаюць зваротную рэакцыю».

Таксама Арцём Свірыдаў пракаментаваў выказванне былога камандуючага сухапутнымі войскамі Польшчы Вальдэмара Скшыпчака, які патрабуе расстраляць польскага вайскоўца Эміля Чэчку, які ўцёк у Беларусь.

«Калі я пачуў гэтую навіну, то задумаўся, што такія рэчы, як нацыянальны характар і ментальнасць, далёка не эфемерныя. Як гісторык магу сказаць, што гэтыя выказванні вельмі ўпісваюцца ў логіку «польскасці». Знешняя палітыка Польшчы ў цэлым амаральная. Рысы жорсткасці, апраўдванне любых сродкаў дзеля дасягнення мэты — гэта характэрна для польскай эліты. Такога варта было чакаць. Замест таго, каб разабрацца, чаму так адбылося, яны дазваляюць сабе дадзеныя выказванні і дзеянні», — адзначыў аналітык.

Трыбунал для Дуды, Маравецкага і Качыньскага

Калі б у гэтым свеце права нешта значыла, то трыбунал для Дуды, Маравецкага і Качыньскага быў бы ўсё бліжэй. Такое меркаванне апублікаваў у сваім тэлеграм-канале палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі, каментуючы агучаную інфармацыю польскім вайскоўцам, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.

«Заявы дэзерціра могуць здацца непраўдападобнымі. Нельга выключаць, што ён набівае сабе цану для атрымання сховішча гэтак жа, як беларускія «збеглыя» расказваюць у Польшчы, як іх катавала рота АМАПа распаленай качаргой, а яны так і не здалі пароль ад тэлефона. Але! Ёсць адзін нюанс: няхай нашы польскія суседзі пусцяць у прыгранічную зону журналістаў, дэпутатаў, праваабаронцаў, супрацоўнікаў Чырвонага Крыжа і іншых міжнародных арганізацый. Чаму не пускаюць?» — задаецца пытаннем эксперт.

Ён таксама звярнуў увагу: паказанні польскага вайскоўца Эміля Чэчкі супадаюць з публікацыямі ў заходняй прэсе, дзе сустракалася лічба 70 і 220 забітых палякамі бежанцаў.

«І, нарэшце, хто адкажа за смерць 14 чалавек, трупы якіх ужо знойдзены на польскай граніцы са слядамі катаванняў і насілля?», — адзначыў Аляксандр Шпакоўскі.

Шматлікія сведчанні злачынстваў, агучаныя Эмілем Чэчкам, павінны легчы ў аснову абвінаваўчага заключэння падчас паказальнага судовага працэсу. Аб гэтым заявіла БелТА старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец.

«Падумаць толькі: усе гэтыя злачынствы ў адносінах да безабаронных бежанцаў адбываюцца ў ХХІ стагоддзі ў «цывілізаванай і талерантнай» Еўропе! Забойствы, збіванні, здзекі з няшчасных людзей, якія ўцякаюць ад вайны, развязанай калектыўным Захадам у іх на радзіме, і разрухі, што стала вынікам гэтага нахабнага і беспардоннага ўмяшальніцтва, — сказала сенатар. — Я глыбока перакананая, што злачынным дзеянням кіруючай у польскім грамадстве партыі PіS (перакладаецца як «Права і Справядлівасць» і выглядае хутчэй як здзек, чым адлюстраванне рэальнай рэчаіснасці) неабходна даць міжнародную прававую ацэнку».

Таццяна Рунец лічыць, што гэта неабходна зрабіць, па-першае, каб спыніць усе злачынствы Польшчы супраць мірных бежанцаў, якія імкнуцца ў Еўропу па лепшае жыццё, а па-другое, прадэманстраваць усяму свету ўрачыстасць і вяршэнства права над усёдазволенасцю і беспакаранасцю асобных членаў ЕС.

Гэта сапраўдны крах рэпутацыі Польшчы, заявіла член Савета Рэспублікі Ала Смаляк. Па словах члена Савета Рэспублікі Аляксея Няверава, сітуацыя з Эмілем Чэчкам — гэта вынік дзеянняў афіцыйных польскіх палітыкаў: «Іх «вар`яцтва» і «абыякавасць» на граніцы сталі трыгерам дадзенага дзеяння Чэчкі. Я ўпэўнены, што ў Польшчы ёсць разумныя грамадзяне, якія гэтак жа, як і мы, беларусы, асуджаюць гвалт у адносінах да бяззбройных і ні ў чым не вінаватых людзей на граніцы».

Тэрарыстычная дзяржава

Прызнанні польскага салдата — гэта ідэалагічны і палітычны стрэл у апошнія рэшткі прытомнасці калектыўнага Захаду. Такой думкай з карэспандэнтам БелТА падзяліўся загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін. «Безадказная палітыка ЗША развязала рэваншызм у Еўропе і надзяліла нацысцкімі паўнамоцтвамі Польшчу ў распальванні рэгіянальных канфліктаў з правам пашырэння сваіх нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку і за кошт Беларусі. Ультраправыя настроі ў Еўропе ўмацоўваюцца. Апошнія падзеі з перабежчыкам з польскага войска Эмілем Чэчкам сталі халодным душам як для польскай грамадскасці, так і ў цэлым для ястрабаў калектыўнага Захаду. Рэпутацыя Польшчы як каталіцкай, традыцыйнай у сваіх каштоўнасных арыенцірах, мірнай краіны аказалася грубай падробкай. Супрацьпраўныя і злачынныя дзеянні Варшавы могуць стаць адным з дэтанатараў паскарэння перагляду вынікаў халоднай вайны», — адзначыў эксперт.

Паводле яго слоў, прапанова ў Польшчы пакараць смерцю салдата, які ўцёк у Беларусь, прабіла маральнае дно польскіх улад.

«У прынцыпе Польшча сябе паставіла па-за цывілізаваным светам і прававым полем.  — сказаў Мікалай Шчокін. — Польскае войска — гэта войска карнікаў і забойцаў. Польскае кіраўніцтва — гэта злачынцы і нягоднікі, палітычныя авантурысты, гатовыя дзеля паслугі ЗША і сваіх ілюзорных мэт забіваць свой народ. Наша граніца з боку Польшчы ператварылася ў брацкую магілу і свайго роду помнік ахвярам рэпрэсій польскага кіраўніцтва супраць свайго народа.

Мікалай Шчокін лічыць, што Польшча супрацьпаставіла сябе ўсяму свету і стала тэрарыстычнай дзяржавай, гатовай стаць на чале адраджэння чацвёртага рэйха. Беларусь стала на абарону як Еўропы, так і Усходу ад польскага тэрарызму і прасоўвання нацызму польскай закваскі. Цяпер ужо зразумела, што без супрацоўніцтва з Беларуссю рэгіянальнай бяспекі не выбудаваць. Беларусь — гарант стабільнасці ў Еўропе і саюзнік у правядзенні ўсходняга вектара міралюбівай палітыкі», — падкрэсліў палітолаг.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 21 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3468
Текущая дата: 08.05.2024