Белорусский портал в Казахстане

Атава ў аблозе. Чаму разбушавалася Канада?



Захар Бурак (Звязда) 6 лютага 2022

Паліцыя Атавы запытала і атрымала падмацаванне для супрацьстаяння тым, хто пратэстуе супраць каранавірусных абмежаванняў. Пра гэта днямі паведаміў шэф паліцыі канадскай сталіцы Пітэр Слолі, перадала The Guardіan.

«Мы не толькі разгортваем усе даступныя рэсурсы нашай паліцыі кожны дзень, але таксама запыталі і атрымалі дадатковых афіцэраў і рэсурсы ад Каралеўскай канадскай коннай паліцыі, правінцыйнай паліцыі Антарыа і многіх іншых муніцыпальных упраўленняў па ўсім Антарыа», — заявіў Слолі на прэс-канферэнцыі. Акрамя таго, кіраўнік паліцыі падкрэсліў, што разглядаюцца ўсе метады барацьбы з сітуацыяй, якая склалася: ад перагавораў да прымянення сілы.

Масавыя пратэсты дальнабойшчыкаў працягваюцца ў паўночнаамерыканскай краіне ўжо амаль два тыдні. Хваляванні ахапілі ўсю краіну, тысячы грузавікоў заблакіравалі аўтастрады, якія вядуць да партоў і граніцы з ЗША, паралізавана Атава. Чаму разбушавалася Канада?

Калона свабоды

Дальнабойшчыкі рушылі з Ванкувера да Атавы (адлегласць паміж гарадамі перавышае 4,3 тысячы кіламетраў) 23 студзеня пад лозунгам «Калона свабоды» (Freedom Convoy 2022). Кіроўцы грузавікоў патрабуюць адмяніць пакет антыковідных абмежавальных мер, які ўступіў у сілу 15 студзеня. Згодна з новым распарадкам, які зацвердзіў урад Канады, невакцынаваныя дальнабойшчыкі, якія вярнуліся з ЗША, павінны здаваць ПЦР-тэсты і вытрымліваць 14-дзённы каранцін. У каментарыі Toronto Sun 26 студзеня прадстаўнік руху Бенджамін Дзіхтэр заявіў, што працягласць «Калоны свабоды» складае 70 кіламетраў. Па папярэдніх ацэнках, якія згадала выданне, у акцыі бярэ ўдзел звыш 50 тысяч машын (пазней прыводзілася інфармацыя пра 70—80 тысяч вялікагрузаў).

Аналітыкі звярнулі ўвагу, што на шматлікіх кадрах, якія распаўсюджаны ў СМІ і сацсетках, канадскіх дальнабойшчыкаў актыўна віталі мясцовыя жыхары. Так, намеснік дырэктара Інстытута стратэгічных даследаванняў і прагнозаў РУДН Павел Фельдман не выключыў rt.com, што пратэст кіроўцаў могуць масава падтрымаць канадскія грамадзяне і амерыканскія дальнабойшчыкі.

«На вуліцы Атавы і іншых гарадоў могуць выйсці людзі, незадаволеныя палітыкай урада Джасціна Трудо. Таксама сітуацыі не рады і дальнабойшчыкі з паўночных штатаў ЗША. Амерыканскі бізнес таксама моцна пакутуе, і з высокай доляй верагоднасці кіроўцы са Злучаных Штатаў падтрымаюць сваіх канадскіх калег», — лічыць эксперт.

На спецыяльнай нарадзе сталічнай рады па пытаннях паліцэйскай службы начальнік паліцыі Атавы Пітэр Слолі канстатаваў, што «Калона свабоды» ператварылася ў масавы пратэсны рух, з якім нельга не лічыцца. Адзінкавая акцыя або дэманстрацыя праз тое, што пачалі называць «Калонай свабоды», з удзелам транспартных сродкаў з усёй Канады, істотна змянілася апошнімі днямі», — сказаў Слолі. Паводле яго слоў, паліцыя фіксуе рост колькасці «зацікаўленых бакоў», якія заклікаюць грамадзян узяць удзел у антыўрадавых дэманстрацыях у Атаве.

У сваю чаргу, выконваючы абавязкі намесніка начальніка паліцыі Атавы Трыш Фергюсан заявіў, што праваахоўнікі горада рыхтуюцца «да цэлага шэрагу патэнцыйных рызык». Да іх ліку ён аднёс выступленні сапернікаў «Калоны свабоды», «блакіраванне скрыжаванняў, умяшанне ў работу крытычна важнай інфраструктуры, незаконныя і гвалтоўныя дзеянні».

Прэм`ер збег ад пратэстоўцаў

Удзельнікі пратэстаў сцвярджаюць, што іх акцыі маюць выключна мірны характар. Аднак журналісты тэлерадыёвяшчальнай карпарацыі CBC на адной з дэманстрацый прыхільнікаў «Калоны свабоды» ў правінцыі Антарыа заўважылі сцяг ультраправай арганізацыі Proud Boys, якая ў лютым мінулага года была прызнана ў краіне тэрарыстычнай. Больш за тое, некаторыя мітынгоўцы нібыта заклікалі ажыццявіць «канадскую версію штурму Капітолія».

Аб росце агрэсіі і гвалтоўнага патэнцыялу пратэсту паведамляюць і іншыя мясцовыя СМІ. Напрыклад, тэлеканал CTV апублікаваў вытрымкі з электроннага ліста, які быў разасланы канадскім парламентарыям. У ім гаварылася, што зламыснікі спрабуюць высветліць асабістыя даныя і адрасы заканадаўцаў.

«Дальнабойшчыкі вядомыя тым, што не грэбуюць сілавымі метадамі барацьбы. Да таго ж многія з іх стомлены бясконцымі каранавіруснымі абмежаваннямі, частка ўжо пазбавілася крыніцы даходаў. Складана прадказаць развіццё абстаноўкі, але, па меншай меры, сутыкненне з прадстаўнікамі праваахоўных органаў — гэта цалкам рэалістычны сцэнарый», — лічыць Павел Фельдман. Як ён мяркуе, дадатковым раздражняльным фактарам у сітуацыі з «Калонай свабоды» стала пазіцыя прэм`ер-міністра, які ў рэзкай форме адмовіўся ісці на саступкі дальнабойшчыкам.

«Маргінальная меншасць людзей, якія рухаюцца да Атавы, выказваючы свае непрымальныя погляды, не ўяўляе пазіцыі канадцаў, якія падтрымлівалі адно аднаго, якія ведаюць, што прытрымліванне навукі і гатоўнасць абараніць адно аднаго — найлепшы спосаб і далей гарантаваць нашы свабоды, нашы правы, нашы каштоўнасці як краіны», — сказаў Джасцін Трудо, выступаючы перад журналістамі 26 студзеня, калі шматкіламетровая калона ячшэ рухалася па краі-
не да Атавы.

Прэзідэнт Цэнтра стратэгічных камунікацый Дзмітрый Абзалаў адзначыў rt.com, што канадскі прэм`ер дарма недаацэньвае маштаб пратэснага руху. «На мой погляд, Трудо спадзяецца, што ўсё абыдзецца, хоць у складзенай сітуацыі ёсць і яго віна. У яго добрыя адносіны з Джо Байдэнам, і ён вырашыў сінхранізаваць антыковідную палітыку са Злучанымі Штатамі, дзе цяпер уводзяцца вельмі жорсткія абмежавальныя меры», — заўважыў эксперт.

Размаўляць з пратэстоўцамі Джасцін Трудо не планаваў першапачаткова. Напярэдадні прыбыцця «Канвою свабоды» ў Атаву ён паведаміў, што сыходзіць на самаізаляцыю, паколькі ў аднаго з яго дзяцей быў дыягнаставаны каранавірус. На мінулых выхадных 50-гадовы прэм`ер разам з сям`ёй проста збеглі са сталічнай рэзідэнцыі ў невядомым напрамку. Паведамлялася, што з меркаванняў бяспекі яны з`ехалі за горад. 31 студзеня, калі многія пратэстоўцы пакінулі Парламенцкі ўзгорак у Атаве, аказалася, што станоўчы тэст выявіўся і ў самога канадскага прэм`ера.

Між тым пратэст быў падтрыманы шэрагам палітычных цяжкавагавікоў. Пасля таго як акцыя набыла нацыянальны характар (за першы тыдзень, паведамляюць арганізатары, канадцы ахвяравалі суму, эквівалентную $4,4 млн), у яе падтрымку выказаўся рэспектабельны прадстаўнік канадскай палітыкі — лідар кансерватараў Эрын О`Тул. «Канвой свабоды», заявіў ён напярэдадні прыбыцця калоны ў Атаву, ператвараецца ў сімвал стомленасці і раз`яднання, што зараз назіраюцца ў краіне.

Апошняя кропля

З дэкларацыі, якую распаўсюдзілі ўдзельнікі «Канвоя свабоды», можна зрабіць выснову, што патрабаванне абавязковай вакцынацыі для дальнабойшчыкаў, якія перасякаюць граніцу з ЗША, — гэта апошняя кропля ў тузіне праблем, якія збіраліся.

«Ужо больш за год ланцужок паставак тавараў знаходзіцца ў хаатычнай бязладзіцы з-за таго, што ўлады розных правінцый Канады накладаюць драконаўскія абмежаванні, якія не маюць нічога агульнага са свабодай перамяшчэння, на дзелавую актыўнасць і ўсю канадскую эканоміку», — адзначаецца ў рэлізе «Канвоя свабоды».

Той факт, што канадскі пратэст узначалілі менавіта дальнабойшчыкі, не выклікае здзіўлення, адзначыў eadaіly.com. Праблемы з ланцужкамі паставак статыстычнае ўпраўленне Канады нядаўна назвала адной з галоўных прычын рэкорднага скачка інфляцыі.

Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне, хутчэй за ўсё, стала галоўным матывам для пераносу парламенцкіх выбараў, запланаваных на кастрычнік 2023 года, на верасень 2021 года, прычым гэтаму не перашкодзіла чарговая хваля каранавіруса ў краіне. Джасцін Трудо растлумачыў датэрміновыя выбары неабходнасцю атрымання яго Ліберальнай партыяй большасці ў парламенце для барацьбы з пандэміяй і аднаўлення эканомікі. Аднак вынікі для лібералаў аказаліся яшчэ горшымі, чым на федэральных выбарах 2019-га, калі яны страцілі парламенцкую большасць, хоць і здолелі застацца ва ўладзе.

Група Canada Unіty, якая ўдзельнічала ў арганізацыі «Канвоя свабоды», прадставіла мемарандум з умовамі да ўлад: адмяніць усе патрабаванні па абавязковай вакцынацыі, вярнуць работу грамадзянам, звольненым з-за адмовы вакцынавацца, адмяніць усе штрафы, накладзеныя за невыкананне абмежаванняў.

Раней незадаволеныя дзеяннямі ўрада заявілі, што каранавірусныя абмежаванні парушаюць канстытуцыю краіны, асобна нагадаўшы Джасціну Трудо, што каля вытокаў сённяшняга канстытуцыйнага ўладкавання краіны стаяў не хто іншы, як яго бацька П`ер Трудо, прэм`ер-міністр Канады ў 1968—1979 гадах.

«Гэта не рух супраць вакцынацыі, гэта рух за свабоду», — так фармулявалі праграму-максімум некаторыя ўдзельнікі пратэстаў. Да таго моманту, калі «Канвой свабоды», які стартаваў з правінцыі Альберта на паўночным захадзе краіны, дабраўся да цэнтральнай правінцыі Антарыа, стала відавочна, што незадаволенасць яго прыхільнікаў далёка не абмяжоўваецца каранавіруснымі абмежаваннямі. Мэтай пратэсту з`яўляецца роспуск урада, заявіў Джэйсан Лафейс, арганізатар акцыі ў Антарыа ад Canada Unіty.

На мяжы крызісу

Эксперты не выключаюць, што пратэсты ў Канадзе могуць прывесці да негатыўных сацыяльна-эканамічных наступстваў, якія, у сваю чаргу, паўплываюць на палітычную сітуацыю ў краіне. Па звестках Канадскага альянсу грузаперавозак, граніцу са Злучанымі Штатамі рэгулярна перасякаюць каля 160 тысяч кіроўцаў. У сувязі з новымі абмежаваннямі з рэйсаў можа быць знята да 32 тысяч чалавек. Пры гэтым дэфіцыт дальнабойшчыкаў у галіне яшчэ да прыняцця новых правілаў ацэньваўся альянсам у 18 тысяч чалавек.

Як паведамляе Reuters, аўтамабільныя грузаперавозкі маюць вялікае значэнне для забеспячэння бесперабойнай транспарціроўкі тавараў праз амерыкана-канадскую граніцу. Больш за дзве трэці грузаабароту паміж дзвюма краінамі ажыццяўляецца менавіта за кошт дальнабойшчыкаў. Агенцтва адзначае, што цяжкая сітуацыя ў сектары аўтамабільных грузаперавозак Канады можа прывесці да росту цэн на паліва і паслужыць драйверам далейшага росту інфляцыі, якая і без таго пабіла ў краіне 30-гадовы максімум, дасягнуўшы ў снежні мінулага года адзнакі 4,8 працэнта.

«Самая вялікая небяспека гэтай сітуацыі з дальнабойшчыкамі ў тым, што прылаўкі канадскіх крам могуць імкліва апусцець. Фактычна гэта будзе азначаць наступленне сур`ёзнага сацыяльна-эканамічнага крызісу, які можа перарасці ў масавыя антыўрадавыя палітычныя хваляванні, аж да адстаўкі дзейнага ўрада», — падкрэсліў Павел Фельдман.

Раней у сваім выступленні Трудо заявіў, што недахоп тавараў у канадскіх крамах — вынік збою ў глабальным ланцужку паставак, выкліканага пандэміяй COVІD-19, а не пратэстаў дальнабойшчыкаў. «Заявы Трудо не вельмі падобныя на словы лідара дзяржавы, якая займае вядучыя месцы ў міжнародных рэйтынгах эканамічнага развіцця. Ён адмаўляе зусім відавочныя праблемы і не жадае прызнаваць, што ўрад перастараўся з абмежавальнымі мерамі, якія становяцца стрэлам у нагу ўласнай эканоміцы», — перакананы намеснік дырэктара Інстытута стратэгічных даследаванняў і прагнозаў РУДН.

На думку Дзмітрыя Абзалава, Трудо адмаўляецца прызнаваць неразумнасць новага пакета абмежавальных мер, асцерагаючыся, што гэтым скарыстаюцца кансерватары. Таксама, як лічыць эксперт, прэм`ер-міністр Канады не хоча псаваць адносіны з Байдэнам, які з`яўляецца прыхільнікам жорсткіх антыковідных рашэнняў. «Ігнараваць рост пратэснага руху немагчыма. Але ў гэтай сітуацыі Трудо, відаць, разлічвае пераседзець, не ісці на саступкі, дачакацца, калі пратэсты пойдуць на спад», — падкрэсліў эксперт.

Салідарнае з пазіцыяй кансерватараў выданне Toronto Sun канстатавала, што першапрычынай здарэння было нежаданне палітыкаў прыслухоўвацца да меркавання людзей: дэманстратыўна самаізаляваўшыся падчас мітынгаў у Атаве, Джасцін Трудо толькі яшчэ больш падзяліў нацыю. «Праўда ў тым, што многім канадцам цяпер цяжка, — адзначыла Toronto Sun у рэдакцыйным каментарыі. — За апошнія два гады людзі панеслі вялікія страты — як непасрэдна з-за каранавіруса, так і з-за негатыўных наступстваў лакдаўнаў і іншых мер. Збольшага праблема заключаецца ў тым, што палітыкі здольныя разглядаць пандэмію толькі праз прызму палітычнай стратэгіі, засяродзіўшыся на выніках апытанняў і галасавання на выбарах. Аднак выклікі апошніх двух гадоў былі якімі заўгодна, толькі не палітычнымі — гэта глыбока чалавечая гісторыя».

Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 6 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3483
Текущая дата: 25.12.2024