Таццяна Лазоўская (Звязда) 21 сакавіка 2022
Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў выпускае прадукцыю пад гандлёвай маркай «Уладар», «Пастараль» і «Pasta Solare». Гэта найбуйнейшы вытворца мукі, макаронных вырабаў, камбікорму, свініны, ялавічыны і малака ў Беларусі. У структуры прадпрыемства 14 арганізацый з 11 раёнаў Міншчыны. На камбінаце створана вытворчасць з замкнутым цыклам: тое, што здабываецца на полі, на фермах перапрацоўваецца і паступае на стол спажыўцам, без пасрэднікаў. Як на прадпрыемстве дбаюць аб харчовай бяспецы і ці варта пакупаць муку, макарону і іншыя прадукты мяшкамі, пра гэта і іншае распавялі работнікі камбіната.
— Вы таксама купляеце муку ў запас? — пацікавілася ў старшага майстра Юліі Хамічонак.
— Я выхоўваю малое дзіця, якое вельмі любіць бліны. Практычна кожны дзень просіць прыгатаваць. Але запасаў не раблю, сёння закончылася мука — заўтра набуду па меры неабходнасці, — сцвярджае Юлія Міхайлаўна. — Я ж бачу астаткі прадукцыі, запасаў дастаткова. Фасуем крупы, муку ўсіх відаў. Усяго ўдосталь. Прадукцыю пастаўляем у магазіны Барысаўскага раёна і горада. Загружаем таксама машыны з Гродзенскай, Гомельскай, Віцебскай абласцей. Абавязкова забяспечваем прадукцыяй буйныя сеткавыя крамы, камбінаты школьнага харчавання. У прынцыпе, штодзень увесь асартымент прадуктаў папаўняецца.
— Не купляйце прадукцыю цэлымі ўпакоўкамі, — уступае ў размову намеснік дырэктара камбіната Таццяна Вярбіцкая. — Бо потым будзеце выкідваць сапсаванае на сметнік, як было ў 1990-х гадах. А тым часам шмат сіл затрачана на яе выпуск. Шкада працы і намаганняў нашых работнікаў, якія ў прадукцыю ўкладваюць душу. Прадпрыемства працуе кругласутачна. Так што дэфіцыту не будзе, хопіць усім, і хлеба, і да хлеба.
Таццяна Вярбіцкая падкрэсліла, што на прадпрыемстве асвоілі і працягваюць працаваць над лінейкай здаровага харчавання. «У апошнія гады вырабляем муку ржаную з цэльнага збожжа, пшанічную муку з цэльнага збожжа. Яны багатыя на карысныя мікраэлементы, макраэлементы і вітаміны».
Дырэктар камбіната Уладзімір Мірановіч паведаміў, што ў савецкія часы ў Беларусі была найлепшая вытворчасць макароны. Макарону з крупкі выпускалі ў Расіі, Прыбалтыцы і ў Барысаве. На долю гэтай вытворчасці ў краіне сёння выпадае 4/5 макароннай барысаўскай вытворчасці пад гандлёвай маркай «Пастараль».
— Мы можам выпускаць 32 віды макароны. Але ў гэтым няма сэнсу. Неабходна вырабляць тыя сарты, якія запатрабаваны спажыўцом. Калі запатрабаванасць на некаторыя сарты меншая за адзін працэнт, то немэтазгодна іх вырабляць. Толькі час марнуем і энергарэсурсы.
Апошнім часам на прадпрыемстве выпуск макароны падвоіўся. Прычына не толькі ў ажыятажы. З крам сыходзяць замежныя вытворцы і пастаўшчыкі. Гэтую нішу займаюць беларускія тавары. Калі раней, напрыклад, Еўраопт браў 600 тон на месяц, то цяпер — каля тысячы тон.
Уладзімір Мірановіч папярэдзіў, што не трэба ствараць ажыятаж. Пакупнікі бяруць па дзве ўпакоўкі макароны, а гэта 20 пачак.
— Тым не менш, спажывецкі попыт мы павінны задаволіць. Працуем без выхадных, без свят і своечасова выконваем усе заяўкі, — адзначыў кіраўнік.
— Мясцовыя органы ўлады звяртаюць першачарговую ўвагу на напаўненне айчыннага рынку, каб не было ніякага дэфіцыту, а чалавек, прыйшоўшы ў магазін, змог задаволіць свае спажывецкія запатрабаванні. Прадукты харчавання выпускаюцца ў неабходных аб`ёмах. Прыклад — камбінат хлебапрадуктаў. У свой час Прэзідэнтам Беларусі было прынята правільнае рашэнне ўкласці рэсурсы ў стварэнне макароннай вытворчасці для задавальнення попыту краіны. 70 % вытворчасці макаронных вырабаў у Беларусі закрывае Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў. Мы сёння бачым лінейку з пшаніцы беларускіх сартоў, цвёрдых сартоў, якая купляецца ў Расіі, выпускаецца выдатная прадукцыя, якая не саступае імпартным аналагам. А з улікам сённяшняй сітуацыі немалаважным застаецца і цанавы фактар. Макарона абсалютна прымальная па цане для любой катэгорыі грамадзян, у тым ліку і малазабяспечаных, — лічыць старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.
Па яго словах, створаны запас мукі, камбінат працуе ў кругласутачным рэжыме, забяспечвае хлебазаводы, рознічныя гандлёвыя сеткі. Людзі могуць купіць не толькі муку, але ўжо гатовыя сумесі для бліноў, кандытарскай выпечкі.
— Калі параўноўваць лічбы па харчовых пазіцыях, то ўнутранае спажыванне прадукцыі агародніцтва ў Беларусі складае 10-15 % ад вытворчасці. На ўнутраным рынку спажываецца 50 % мяса-малочнай прадукцыі.
Аляксандр Турчын звярнуў увагу на тое, што растуць сусветныя цэны на мінеральныя ўгнаенні, энерганосьбіты. Гэта ўсё ўзаемазвязаныя рэчы. Чым большы кошт паліва, тым вышэйшая цана на ўгнаенні. Напрыклад, калійныя ў параўнанні з мінулым годам выраслі ў разы. Усё гэта ўплывае на кошт збожжа ў свеце.
Але ў Беларусі ў гэтым плане сітуацыя больш спрыяльная, паколькі цэны на газ, мінеральныя ўгнаенні на ўнутраным рынку даюць падставы для ўпэўненасці, што мы атрымаем ураджай, якога хопіць, каб накарміць людзей і жывёлу. Цана на хлеб, мяса і малако рэзка не паднімецца.
Упэўненыя ў заўтрашнім дні і работнікі Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. За суткі тут перапрацоўваецца 200 тон пшаніцы, 150 тон жыта, да 300 тон збожжа на камбікормавую вытворчасць.. З 200 тон пшанічнага збожжа 100-120 тон ідзе на вытворчасць макаронных вырабаў.
— Таксама забяспечваем хлебазаводы, якія замацаваны за прадпрыемствам, і камбікормавую вытворчасць. Фасуем 150 тон круп. Фактычна вытворчасць загружана максімальна. Адгружаем прадукцыю кругласутачна, так што спажыўцам не варта хвалявацца, што нечага не хопіць, — сцвярджае Уладзімір Мірановіч. — У нас пастаянна распрацоўваюцца розныя віды мукі. Выпусцілі лінейку для бісквітаў, вялікая лінейка паўфабрыкатаў. Вырабілі макаронныя вырабы групы А (цвёрдыя гатункі). Спажывец ацаніў іх якасць. А ў цэлым, што датычыцца макароннай прадукцыі, выпускаецца больш як 2,5 тысячы вырабаў у месяц, плануем выходзіць на тры тысячы. І тут будзем улічваць патрэбы пакупніка, глядзець, што карыстаецца найбольшым попытам — ражкі, спагеці або локшына.
На камбінаце распрацавана праграма забеспячэння збожжам уласнай вытворчасці. У склад аб`яднання ўваходзяць 4 сельгасарганізацыі, ёсць больш як 30 тысяч гектараў зямлі. Сёлета тут плануюць выйсці на 70 тысяч тон забеспячэння магутнасцяў уласным збожжам, што дазволіць зменшыць сабекошт прадукцыі.
Аўтар: Таццяна Лазоўская
Звязда, 21 сакавіка 2022
Звязда, 21 сакавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3531
Текущая дата: 22.12.2024