Белорусский портал в Казахстане

Старшыня БВФБ аб планах, таргах юанем і выніках эканамічнага форуму



(БЕЛТА) 13 чэрвеня 2022

Белорусская валютна-фондавая біржа адказвае за правядзенне аперацый з каштоўнымі паперамі. Яна кантралюе належнае выкананне дзеючага заканадаўства, прымае ўдзел у працэсах, якія адбываюцца, прадстаўляючы інтарэсы дзяржавы. Старшыня праўлення БВФБ Андрэй Аўхіменя расказаў аб выніках работы біржы за першыя пяць месяцаў 2022 года, таргах кітайскім юанем на пляцоўцы біржы, а таксама аб выніках наведвання Еўразійскага эканамічнага форуму.
***   ***   ***
- Якіх вынікаў удалося дабіцца за першыя пяць месяцаў 2022 года? Якія паказчыкі былі дасягнуты за гэты перыяд?

- За студзень - май БВФБ рэалізавала праекты па запуску таргоў кітайскім юанем на валютным рынку і па забеспячэнні магчымасці заключэння здзелак РЕПО і форвардных здзелак з каштоўнымі паперамі з удзелам цэнтральнага контрагента. Акрамя гэтага, прадоўжана актыўнае развіццё праекта па прамым допуску юрыдычных асоб да біржавых таргоў на валютным рынку.

За мінулыя пяць месяцаў аб`ём таргоў на біржавым валютным рынку дасягнуў Br17,6 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 44,5 працэнта, аб`ём таргоў на біржавым рынку каштоўных папер вырас на 78,6 працэнта - да Br5,7 млрд, аднавілася правядзенне дэпазітных аўкцыёнаў Міністэрства фінансаў, у ходзе якіх былі размешчаны рэсурсы на суму Br1,9 млрд (за аналагічны перыяд мінулага года аб`ём дэпазітных аўкцыёнаў склаў усяго Br15,5 млн).

- БВФБ актыўна супрацоўнічае з замежнымі біржамі і абменьваецца міжнародным досведам. Раскажыце аб праектах і планах на 2022 год?

- БВФБ - паўнапраўны прадстаўнік у Міжнароднай асацыяцыі біржаў краін СНД, Федэрацыі еўра-азіяцкіх фондавых біржаў, узаемадзейнічае з Сусветнай федэрацыяй біржаў, партнёр ініцыятывы ААН па ўстойлівым развіцці. БВФБ заключыла шэраг двухбаковых пагадненняў з вядучымі біржамі краін СНД, Кітая, Турцыі і іншых краін.

У 2022 годзе мы плануем прадоўжыць работу па інфармацыйным абмене вопытам з гэтымі арганізацыямі, прымаць удзел у мерапрыемствах, што арганізуюцца міжнароднымі партнёрамі, пашыраць узаемадзеянне і супрацоўніцтва, у тым ліку з біржамі нашых бліжэйшых суседзяў. У ходзе праведзенага 17 мая гэтага года ў Мінску агульнага гадавога сходу арганізацый - членаў Міжнароднай асацыяцыі біржаў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў (МАБ СНД) мы заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве з акцыянерным таварыствам "Санкт-Пецярбургская валютная біржа", які прадугледжвае ў тым ліку ўзаемадзеянне па забеспячэнні магчымасці ўзаемнага допуску ўдзельнікаў да таргоў каштоўнымі паперамі.

- У сакавіку 2022 года пачаліся першыя таргі кітайскім юанем. Наколькі добра яны ідуць і ці адзначаюцца нейкія тэндэнцыі ў заключэнні здзелак з гэтай валютай?

- Дынаміка аперацый з кітайскім юанем сведчыць аб росце іх аб`ёму ў першыя месяцы пасля запуску. За гэты час заключана больш за 1 тыс. здзелак, аб`ём таргоў вырас з 235 млн юаняў у красавіку да 488 млн юаняў у маі 2022 года, гэта значыць больш як у два разы.

Паступова пашыраецца і колькасць удзельнікаў таргоў кітайскім юанем. Цяпер здзелкі стабільна заключаюць больш за 30 удзельнікаў таргоў, сярод іх ёсць не толькі банкі, але і юрыдычныя асобы.

- Раскажыце аб выніках удзелу ў Еўразійскім эканамічным форуме. Ці дасягнуты нейкія дамоўленасці ў час гэтага мерапрыемства?

- У рамках форуму адбыліся пленарныя пасяджэнні, у рабоце якіх БВФБ прыняла ўдзел у фармаце відэаканферэнцыі, выступіўшы з дакладамі ў блоках "Роля біржавых фінансавых інструментаў, намініраваных у нацыянальных валютах ЕАЭС, у стымуляванні эканамічнага росту" і "Практычныя аспекты фарміравання інтэграванага валютнага рынку на прасторы ЕАЭС. Механізмы прамога курсаўтварэння нацыянальных валют дзяржаў - членаў саюза. Шляхі пашырэння выкарыстання нацыянальных валют дзяржаў ЕАЭС пры разліках у рамках узаемнага гандлю".

На працягу апошніх двух гадоў рэгулятары і біржы дзяржаў - членаў ЕАЭС працуюць над праектамі двух міждзяржаўных пагадненняў: аб допуску брокераў і дылераў адной дзяржавы - члена ЕАЭС да ўдзелу ў арганізаваных таргах біржаў іншых дзяржаў - членаў ЕАЭС, а таксама аб трансгранічным допуску да размяшчэння і абарачэння каштоўных папер на арганізаваных таргах у дзяржавах - членах ЕАЭС. Праекты названых пагадненняў закладваюць аснову для стварэння інтэграванай біржавой прасторы. У ходзе форуму была адзначана неабходнасць паскарэння работы па заключэнні названых пагадненняў.

БЕЛТА, 13 чэрвеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3559
Текущая дата: 02.05.2024