Пётр Дунько (Звязда) 14 снежня
Зноў шакавальная навіна з суседняй краіны — у Вільнюсе завершаны дэмантаж найбуйнейшага ў Літве воінскага мемарыяла на Антакальніскіх могілках. «Гэта шчаслівы дзень, шчаслівы момант», — з пачварным задавальненнем напісаў мэр літоўскай сталіцы Рэмігіюс Шымашус на сваёй старонцы ў Facebook. Як вядома, каля мемарыяла на Антакальнісе, створанага ў 1951 годзе, пахаваны больш чым тры тысячы воінаў Трэцяга Беларускага фронту. Яны загінулі летам 1944-га ў баях за вызваленне Вільнюса. Літоўскія ўлады за разбурэнне мемарыялу асудзіла міжнародная грамадскасць, у тым ліку папярэдзіў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб`яднаных Нацый. Аднак гэта ніколькі не спыніла варварскай кампаніі. Да чаго ж дайшлі літоўскія ўлады?
«Нязручная» спадчына
У снежні мінулага года кампаніяй Vіlmorus было праведзена апытанне грамадскай думкі. У выніку высветлілася, што больш за палову жыхароў Літвы выступаюць за тое, каб помнікі савецкай эпохі заставаліся на сваіх месцах, паведаміла RuBaltіc.ru. Паводле даных даследавання, на пытанне, што рабіць з помнікамі савецкай эпохі, 21,1 працэнта рэспандэнтаў адказалі, што іх трэба пакінуць у спакоі. Яшчэ 31,2 працэнта выказаліся супраць зносу. За тое, каб перадаць помнікі савецкай эпохі ў музеі, выступілі 32 працэнты апытаных. І толькі 5,4 працэнта выказаліся за знос ці знішчэнне.
Апытанне было праведзена падчас грамадскіх дэбатаў наконт зносу помніка савецкаму пісьменніку Пятрасу Цвірку з плошчы ў цэнтры Вільнюса. У Дзяржаўнай камісіі па культурнай спадчыне Літвы падкрэслілі, што вынікі апытання пацвярджаюць, што каштоўнасці, занесеныя ў рэестр культурнай спадчыны, не павінны быць аб`ектамі магчымага знішчэння.
Дзяржкамісія тады адзначыла, што каштоўнасць аб`екта не павінна вызначацца па перыядзе, калі ён быў створаны. Неабходна ацаніць, ці з`яўляецца архітэктура прафесіянальнай, цікавай, добрай ці не, каштоўныя іншыя элементы ці не. Спадчына можа быць «нязручнай», але гэта не мяняе яе каштоўнасці», — адзначалася ў паведамленні ведамства.
Як вядома, у жніўні мінулага года гарсавет Вільнюса зацвердзіў рашэнне аб тым, каб выкрасліць манумент Пятраса Цвіркі са спісу аб`ектаў культурнай спадчыны. Пазней улады прынялі пастанову аб зносе помніка, а летась 19 лістапада манумент быў дэмантаваны.
Метадычка па зносе
Сёлета з падачы літоўскіх улад бесчалавечая кампанія актывізавалася. Пачасціліся акты вандалізму ў адносінах да мемарыяльных аб`ектаў. У сакавіку дэпартамент культурнай спадчыны нагадаў, што, паводле Жэнеўскай канвенцыі, магілы салдат, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны, знаходзяцца пад прававой аховай, паведаміў Delfі. Ва ўсім свеце гэтая канвенцыя абавязвае краіны паважаць ахвяр вайны, пахаваных на іх тэрыторыях, і не рабіць ніякіх рэарганізацый на гэтых могілках у аднабаковым парадку. За апаганьванне такіх аб`ектаў прадугледжана і крымінальная адказнасць. У рэестры культурных каштоўнасцяў Літвы знаходзіліся 158 месцаў пахавання савецкіх салдат, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Літаральна праз два месяцы пасля гэтых заяў той жа дэпартамент культурнай спадчыны распрацаваў рэкамендацыі па зносе помнікаў. «Працэс дэмантажу самакіраваннямі савецкіх помнікаў выклікаў на месцах некаторыя практычныя пытанні, на якія падрыхтаваны вычарпальныя адказы», — прыводзяцца ў паведамленні словы міністра культуры Сіманаса Кайрыса.
Згодна з рэкамендацыямі, муніцыпалітэты самастойна вырашаюць, ці ўяўляюць гэтыя мемарыяльныя аб`екты культурную, мастацкую каштоўнасць. Калі рыхтуецца рашэнне аб зносе помніка, дэпартамент раіць ацаніць, ці могуць прыняць такія мемарыяльныя аб`екты для экспанавання ці захоўвання мясцовыя музеі. Калі яны не бяруцца за гэта, рэкамендацыямі прапануецца перадаваць знятыя помнікі ў так званы парк савецкіх скульптур у Грутас Друскінінкайскага раёна, дзе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў пад адкрытым небам экспануюцца помнікі бальшавікам, рэвалюцыянерам і савецкім дзеячам, знятыя адразу пасля абвяшчэння Літвой незалежнасці.
ААН — не ўказ
Першапачаткова знесці воінскі мемарыял на Антакальніскіх могілках вільнюскія ўлады планавалі да 1 лістапада. Аднак у Камітэце па правах чалавека ААН заклікалі ўстрымацца ад далейшага дэмантажу помнікаў савецкім воінам, у тым ліку мемарыяла ў сталіцы. У выніку літоўскія ўлады звярнуліся ў камітэт з тлумачэннямі сваіх намераў і просьбай адмяніць рэкамендацыю. Камітэт пакінуў яе ў сіле, але муніцыпалітэт палічыў па-свойму. Віцэ-мэр літоўскай сталіцы Валдас Бенкунскас заявіў, што пазіцыя камітэта ААН па гэтым пытанні з`яўляецца другараднай: «Рашэнне камітэта з`яўляецца несправядлівым, таму ўлічана не будзе».
Мэр Вільнюса і ўвогуле заўважыў, што рэспубліка не абавязана даваць справаздачу перад арганізацыяй за дэмантаж помнікаў. Паводле яго слоў, муніцыпалітэт сталіцы не з`яўляецца падсправаздачнай ААН інстанцыяй і не абавязаны ўзгадняць з арганізацыяй пытанні зносу манументаў савецкім воінам Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўнік горада выказаў спадзяванне, што «здаровы сэнс возьме верх». А само рашэнне аб прыпыненні зносу помніка савецкім салдатам у Вільнюсе ён палічыў дзіўным.
Пазіцыя Камітэта па правах чалавека ААН па савецкіх помніках з`яўляецца памылковай. Пра гэта ў інтэрв`ю радыёстанцыі Zіnіu radіjas заявіў міністр культуры Літвы. «Гэта трактоўка (камітэта ААН.) па пытанні, па якім мы павінны гаварыць на розных міжнародных платформах, не з`яўляецца абсалютна справядлівай», — сказаў Сіманас Кайрыс.
«Гэтымі дзеяннямі Літва спрабуе закрэсліць памяць аб літоўскіх часцях, якія ваявалі разам з усім савецкім народам супраць германскага нацызму і перамаглі яго. Пры гэтым неабходна адзначыць, што літоўскія нацыяналісты па жорсткасці не саступалі ўкраінскім, а яўрэйскія пагромы пачыналіся яшчэ да таго, як немцы ўваходзілі ў пакінутыя савецкімі войскамі гарады», — адзначыў pobedarf.ru вучоны сакратар расійскага Музея Перамогі Віктар Сенечкін.
«Знесуны» будуць праклятыя
У пасольстве Расіі ў Літве падкрэслілі, што дэмантаж шасці скульптур мемарыяла савецкім воінам на Антакальніскіх могілках у Вільнюсе — кульмінацыя азвярэлай лініі літоўскіх улад па знішчэнні памяці аб подзвігу герояў, якія цаной свайго жыцця вызвалілі Літву і Еўропу ад нацызму.
«Такім чынам функцыянеры-часаўшчыкі ў Літве з нездаровым азартам, вартым лепшага прымянення, пад рознымі падставамі спяшаюцца хутчэй пазбавіцца ад любога напаміну аб тых, каму цяперашнія пакаленні, якія жывуць у прыбалтыйскай рэспубліцы, абавязаны — ні многа ні мала самім сваім існаваннем», — адзначаецца ў заяве. Пры гэтым літоўскія кіруючыя вярхі праігнаравалі не толькі меркаванне значнай часткі ўласнага насельніцтва, якое выступае супраць гэтага цынічнага акта, але і рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека, які забараніў дэмантаж помніка. У сваім прававым нігілізме мясцовыя чыноўнікі дагаварыліся да таго, што сусветная арганізацыя ім, маўляў, наогул не ўказ, адзначылі дыпламаты. Яны заклікалі міжнародныя і грамадскія арганізацыі даць ацэнку такой дэманстратыўнай пагардзе рашэннямі органа ААН.
«Такім чынам функцыянеры-часаўшчыкі ў Літве з нездаровым азартам, вартым лепшага прымянення, пад рознымі падставамі спяшаюцца хутчэй пазбавіцца ад любога напаміну аб тых, каму цяперашнія пакаленні, якія жывуць у прыбалтыйскай рэспубліцы, абавязаны — ні многа ні мала самім сваім існаваннем», — адзначаецца ў заяве. Пры гэтым літоўскія кіруючыя вярхі праігнаравалі не толькі меркаванне значнай часткі ўласнага насельніцтва, якое выступае супраць гэтага цынічнага акта, але і рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека, які забараніў дэмантаж помніка. У сваім прававым нігілізме мясцовыя чыноўнікі дагаварыліся да таго, што сусветная арганізацыя ім, маўляў, наогул не ўказ, адзначылі дыпламаты. Яны заклікалі міжнародныя і грамадскія арганізацыі даць ацэнку такой дэманстратыўнай пагардзе рашэннямі органа ААН.
Часовы павераны ў справах РФ у Літве Аляксандр Елкін заўважыў, што рашэнні па зносе помнікаў воінам Вялікай Айчыннай вайны ажыццяўляюцца насуперак міжнароднаму праву. «Блюзнерскія і варварскія дзеянні літоўскіх улад выклікаюць абурэнне», — заўважыў ён.
Людзі, якія зносяць помнікі савецкім воінам у Прыбалтыцы, будуць праклятыя сваім народам. Аб гэтым заявіла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава на брыфінгу. «А вы сваіх ветэранаў спыталі? Схадзіце да іх на могілкі, у нямой цішыні задайце пытанне, ці можна ператварацца ў варвараў у ХХІ стагоддзі?» — заўважыла Марыя Захарава. Па словах дыпламата, раней улады краін Прыбалтыкі не смелі замахвацца на помнікі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ахвярам фашысцкіх канцлагераў, а пачалі іх зносіць, калі ветэраны памерлі. «Тады вось гэта самая тухлая частка грамадства, якая называе сябе ліберальнай грамадскасцю, і ўзняла галаву», — падкрэсліла дыпламат.
«Ім не тое, што ААН не патрэбная, ім ужо і сумленне не перашкаджае, вось у чым праблема, — падкрэсліла Марыя Захарава ў эфіры радыё «Спутник». — Ізноў жа гэта не пытанне палітычных установак, гэта пытанне таго, што людзі проста губляюць сваё чалавечае аблічча».
Пранацысцкая дзяржава
Мінабароны Расіі апублікавала архіўныя дакументы, прысвечаныя вызваленню Чырвонай арміяй Літоўскай ССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У новым раздзеле «Падзяка за свабоду: выкрасліць, забыць, знішчыць» змешчаны гістарычныя матэрыялы, якія сведчаць пра кровапралітныя баі па вызваленні рэспублікі і герояў-вызваліцеляў. Падчас вызвалення Літвы загінулі звыш 137 тысяч чырвонаармейцаў. «Аднак пахавана на гэтых землях яшчэ больш чырвонаармейцаў: акрамя загінулых у 1944 годзе, тут знаходзяцца астанкі дзясяткаў тысяч савецкіх ваеннапалонных, а таксама чырвонаармейцаў, якія загінулі ў цяжкіх абарончых баях лета 1941 года. Усяго зараз у Літве захавалася 269 мемарыяльных знакаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны», — распавялі ў Мінабароны.
Паводле звестак ведамства, з сярэдзіны 2008 года ў Прыбалтыцы актывізавалася вайна з помнікамі і мемарыяламі. «Са снежня 2017 года літоўскі бок фактычна заблакіраваў расійскую дзейнасць па рамонце мемарыялаў і аднаўленні месцаў пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі. Такім чынам, улады краіны імкнуцца да поўнага разбурэння помнікаў савецкім салдатам і афіцэрам, што, у сваю чаргу, становіцца падставай для пераносу і нават вывазу пахаванняў», — адзначылі прадстаўнікі міністэрства.
Пры гэтым літоўскі бок спрабуе выкрасліць з гісторыі краіны ўласных герояў — літоўцаў, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў шэрагах Чырвонай Арміі і загінулі тут. Замест гэтага на могілках краіны ўзвышаюцца мемарыялы нацыяналістам — памагатым гітлераўцаў. Іх тут ушаноўваюць. Як стала вядома, нядаўна рэгаліі ганаровага грамадзяніна Вільнюса былі ўручаны былому прэзідэнту Літвы Валдасу Адамкусу, які падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на баку нацысцкай Германіі, паведаміла Delfі. У 1944-м ён быў асабістым даручэнцам ваеннага злачынца Антанаса Імпулявічуса, вядомага пад мянушкай Мінскі мяснік. Пазней увайшоў у калабарацыянісцкае фарміраванне «полк Медэра», якое наўпрост падпарадкоўвалася вермахту.
Літва заўжды была і застаецца ваяўнічай пранацысцкай дзяржавай, адзначыла аглядальнік Рэната Рэйнгальдэне ў сваім артыкуле на eadaіly.com. «Задамося простым пытаннем: чым з`яўляецца краіна, якая галасуе супраць барацьбы з гераізацыяй нацызму і выступае за разбурэнне помнікаў яго пераможцам? Толькі прыхільніцай гераізацыі нацызму і праціўніцай перамогі над ім. Прычым Літва ўжо прэтэндуе на званне фарпоста чалавеканенавісніцкай ідэалогіі», — падкрэсліла Рэната Рэйнгальдэне.
Намеснік кіраўніка літоўскага «Форуму добрасуседства» Казімірас Юрайціс падчас сваёй паездкі ў Беларусь распавёў БелТА аб адносінах да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў прыбалтыйскай рэспубліцы. «Для нашых палітыкаў не мае значэння, што ў гады вайны загінулі 600 тысяч літоўцаў, не кажучы ўжо пра 200 тысяч яўрэяў. Цяжка падабраць словы, якія апісалі б тое, што адбываецца. Варварства — гэта занадта мякка. Гэта самая сапраўдная дзікасць і падмена паняццяў, знікненне чалавечнасці», — адзначыў Казімірас Юрайціс. Скажам проста — тэст на людскасць літоўскія ўлады не вытрымалі.
У Польшчы і Літве рыхтуюць ваенізаваныя фармаванні для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі
Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.
Супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС атрыманы звесткі аб стварэнні ў Польшчы і Літве ваенізаванага экстрэмісцкага фармавання «Паспалітае Рушэнне» і структурных падраздзяленняў — «харугваў», якія ў яго ўваходзяць. Гэтыя ўтварэнні, якія дзейнічаюць сумесна з экстрэмісцкімі фармаваннямі BYPOL, мабілізацыйны план «Перамога» і «Аб`яднаны пераходны кабінет», праводзяць работу па арганізацыі замахаў на тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Беларусі.
«Па задуме стваральнікаў, пасля падрыхтоўкі ўдзельнікі фармавання з ліку збеглых злачынцаў, прадстаўнікоў дыяспар і студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, павінны вярнуцца ў Беларусь пад добрапрыстойнымі падставамі. У далейшым з іх будзе створана ўжо навучаная «пятая калона» для вядзення дыверсійнай, тэрарыстычнай і агентурнай работы. Гэтую арганізацыю плануецца выкарыстоўваць у тым ліку для дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры краіны ў перыяд правядзення электаральных кампаній 2024-2025 гадоў», — адзначыў начальнік аддзела ГУБАЗіК Яўген Пілецкі.
Цяпер па крымінальнай справе правяраецца больш чым 200 чалавек. Як паведаміў Яўген Пілецкі, праваахоўнікамі працягваецца аператыўная работа па ўстанаўленні актывістаў і прадстаўнікоў дыяспар, якія ўдзельнічаюць у экстрэмісцкіх ініцыятывах, у тым ліку па лічбавых слядах у інтэрнэце.
Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 14 снежня 2022
Звязда, 14 снежня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3613
Текущая дата: 22.12.2024