Сяргей Куркач (Звязда) 27 лютага 2023
Развіццё аграпрамысловага комплексу ўваходзіць у лік прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі краіны. Сёння ў сельскай мясцовасці пражывае 22 % насельніцтва краіны. У сельскай гаспадарцы працуе каля 7 % ад занятых у рэальным сектары эканомікі. Але па вытворчасці большасці відаў сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва мы істотна пераўзыходзім многія краіны і занялі ў 2021 годзе ў рэйтынгу глабальнай харчовай бяспекі 36-е месца сярод 113 дзяржаў. У мінулым годзе мы не толькі забяспечвалі сябе прадуктамі харчавання, але і рэалізавалі значны экспартны патэнцыял.
Мінулы год стаў рэкордным
Экспарт харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны ў 2022 годзе склаў больш за 8 мільярдаў долараў. Гэта практычна на чвэрць больш, чым у папярэднім годзе. У 2021 годзе краіна экспартавала такой прадукцыі на 6,7 мільярда. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка распавёў, за кошт чаго ўдалося дасягнуць такіх вынікаў.
Доля экспарту сельгаспрадукцыі ў агульным экспарце краіны перавышае 20 %. Айчынныя аграрыі пастаўляюць свае тавары ў больш чым 100 краін свету. Пры гэтым асноўным стратэгічным партнёрам і прэміяльным рынкам застаецца Расія. Менавіта туды ў мінулым было накіравана каля 70 % усёй экспартаванай прадукцыі. Зараз асаблівы ўпор робіцца на супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. Работнікі аграпрамысловага комплексу маюць намер пастаўляць сваю прадукцыю практычна ў кожную вобласць суседняй краіны.
Па словах Вадзіма Шагойкі, на гэты момант практычна ўсе айчынныя прадпрыемствы, якія хочуць працаваць з расійскімі партнёрамі, могуць гэта рабіць без абмежаванняў.
«Асобныя прадпрыемствы могуць закрывацца па нейкіх відах прадукцыі ветэрынарнай службай — гэта пытанне тэхнічнага характару. Але нейкай негатыўнай тэндэнцыі або сістэмы на сёння няма», — адзначыў намеснік міністра.
Традыцыйна нядрэнна ў айчынных кампаній складваюцца адносіны з краінамі СНД і ЕАЭС. Беларусь экспартуе сельгаспрадукцыю ў Арменію, Азербайджан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан.
Дастаткова актыўная работа летась вялася па пашырэнні геаграфіі паставак. Вялікая ўвага — азіяцкім краінам, у прыватнасці Кітаю. Гэтую краіну ў Мінсельгасхарчы называюць адным з самых ёмістых і перспектыўных рынкаў. Па даных за студзень — верасень 2022 года, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нарасцілі туды пастаўкі харчавання на 60 %, экспарт наблізіўся да лічбы ў 500 мільёнаў долараў. Акрамя таго, айчынная сельгаспрадукцыя запатрабавана на рынках такіх краін, як ААЭ, Пакістан, Індыя. Таксама ў ведамстве вывучаюць перавагі афрыканскіх краін, цяпер у гэты рэгіён ідуць пробныя пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі.
У еўрапейскія краіны экспарт вырас у разы
«Адзначу, што наша харчовая прадукцыя працягвае пастаўляцца ў еўрапейскія краіны, і яна там запатрабавана. Па выніках 2022 года мы практычна ў 1,5 раза павялічылі экспарт нашай сельгаспрадукцыі ў краіны Еўрасаюза. Пры гэтым ніякіх абмежаванняў або ўмоўнасцяў паставак беларускай прадукцыі ў Еўрапейскі саюз з нашага боку няма. Вытворцы не збіраюцца зніжаць пастаўкі або наогул ад іх адмаўляцца. Паколькі ў еўрапейскіх краін ёсць патрэба ў нашай прадукцыі, мы працягваем яе экспартаваць», — заявіў Вадзім Шагойка. Ён таксама дадаў, што калі эканамічныя ўмовы з’яўляюцца для Беларусі выгаднымі і прымальнымі, то пастаўкі працягваюць ажыццяўляцца.
Пры гэтым пэўныя лагістычныя складанасці ў гэтым напрамку летась былі. Намеснік міністра нагадаў, што праз санкцыі давялося перабудоўваць маршруты паставак, будаваць новыя лагістычныя ланцужкі. На сёння гэтыя пытанні вырашаны.
«Дзесьці гэта прывяло і да падаражэння лагістыкі, да зніжэння маржынальнасці прадукту. Але гэта не крытычна ў цяперашніх умовах», — падкрэсліў ён.
Па законе рынку
Тлумачачы рэкордныя вынікі мінулага года, Вадзім Шагойка адзначыў, што шмат у чым гэта адбылося за кошт кан’юнктуры рынку, якая складваецца на карысць Беларусі. Цэны на малочную прадукцыю выраслі больш чым на 30 %, на мясную — практычны рост таксама да 30 %. Акрамя таго, змянілася структура паставак, галіна стала экспартаваць больш высокамаржынальнай прадукцыі. Напрыклад, у частцы мясной прадукцыі перапрацоўшчыкі нарасцілі продаж каўбасных вырабаў, мясных кансерваў і прадукцыі перапрацоўкі. Пры гэтым у параўнанні з 2021 годам скараціліся пастаўкі мяса — туш і паўтуш. Аднак тут нівеліраванне адбылося з прычыны росту сярэдніх коштаў паставак.
Паводле яго слоў, зніжэнне паставак малочнай прадукцыі адбылося з-за перасылак сыравіны для вытворчасці высокамаржынальных прадуктаў. «Так, значна павялічылі экспарт масла і сыроў. Пры гэтым адзначаецца зніжэнне па малаку, вяршках і смятане ў спажывецкай тары, якія першапачаткова мелі больш нізкую маржынальнасць», — адзначыў намеснік міністра.
Вадзім Шагойка нагадаў, што эфектыўнасць паставак прадукцыі аграпрамысловага комплексу на экспарт значна вышэйшая, чым эфектыўнасць продажаў на ўнутраным рынку. Пры гэтым у краіне прыярытэтная ўвага ўсё ж удзяляецца забеспячэнню харчаваннем уласнага насельніцтва. Асобна прадстаўнік Мінсельгасхарча адзначыў, што беларускія экспарцёры сельгаспрадукцыі працуюць па стапрацэнтнай перадаплаце і запазычанасці па разліках за прадукцыю не маюць.
Была праблема з упакоўкай
Яшчэ мінулым летам лідар нашай дзяржавы запатрабаваў, каб у Беларусі да канца года пачалі вырабляць уласны ўпаковачны матэрыял для малочных і іншых прадуктаў.
Бо ў сувязі з санкцыямі заходніх краін праблема з упакоўкай тэтрапак сапраўды існуе. У канцы года кіраўнікі профільнага міністэрства дакладвалі, што дэфіцыт тэтрапаку, які прывёў да зніжэння экспарту беларускага неразведзенага малака за мяжу, удалося пераадолець. Па іх словах, адбылося гэта за кошт паставак ад альтэрнатыўных вытворцаў (у тым ліку з Еўропы).
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Вадзім Шагойка нагадаў, што з-за прыпынення паставак упакоўкі ад традыцыйных еўрапейскіх партнёраў беларускім прадпрыемствам прыйшлося знайсці дадатковыя варыянты ў Кітаі і Індыі. Цяпер шматлікія заводы ўжо зрабілі тэставыя разлівы сваёй прадукцыі ў тару ад новых пастаўшчыкоў, якая павінна забяспечыць яе захаванасць на 6, 9 і 12 месяцаў. Аднак, па словах Вадзіма Шагойкі, выпрабавальны працэс патрабуе яшчэ большай колькасці часу, а таму адразу перайсці да замены ўпакоўкі пакуль няма магчымасці.
«Тэставы разліў прадугледжвае знаходжанне на вытрымцы прадукту на гэтыя месяцы плюс яшчэ 20–30 %. Таму замяніць раптоўна ўпакоўку не атрымліваецца», — заявіў намеснік міністра.
Ён звярнуў увагу, што дзесьці яшчэ дапрацоўваецца ўпакоўка пад абсталяванне на беларускіх прадпрыемствах. «Гэта працэс жывы, ён вырашаецца, і пакуль нейкіх пытанняў не ўзнікае. Вядуцца перамовы з пастаўшчыкамі ўпакоўкі», — адзначыў Вадзім Шагойка.
Ён таксама растлумачыў, што Беларусь ужо не арыентуецца на заходнія кампаніі ў пытаннях забеспячэння тэтрапакам. Аказваецца, прадпрыемствы, якія выпускаюць такую ўпакоўку, ёсць і ў Расіі, але ў нашай краіне па-ранейшаму не адмаўляюцца ад планаў запусціць яе ўласную вытворчасць.
Раней прадстаўнікі канцэрна «Беллеспаперапрам» паведамлялі, што ў свеце існуе ўсяго 5–6 кампаній, якія валодаюць тэхналогіямі стварэння ўпакоўкі тыпу тэтрапак. У прыватнасці, асаблівы кардон, які з’яўляецца сыравінай для яе вытворчасці, робяць у нашай краіне на Добрушскай папяровай фабрыцы. Зараз ідзе працэс пошуку інвестараў для самастойнай вытворчасці.
Трэба мадэрнізаваць цяплічныя гаспадаркі
Якія меры ў нашай краіне будуць прымацца для вырошчвання агародніны ў міжсезонны перыяд? Пытанне цікавае.
Гаворачы аб магутнасцях па вытворчасці агародніннай прадукцыі, Вадзім Шагойка падкрэсліў, што ў нашай краіне дастаткова плошчаў цяплічнай гаспадаркі і вырашчанай у адкрытым грунце прадукцыі, каб у цэлым па годзе забяспечыць насельніцтва на 100 %.
«Аднак застаецца адкрытым пытанне забеспячэння насельніцтва гароднінай у міжсезонне. Не ўсе нашы цяпліцы абсталяваны сучаснымі тэхналогіямі дасвятлення, якія патрэбны для вырошчвання агуркоў і памідораў з лістапада да лютага. Таму менавіта ў гэты перыяд мы імпартуем дадзеную прадукцыю», — растлумачыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.
Пры гэтым, паводле яго слоў, урад цяпер паставіў задачу мадэрнізаваць нашы цяплічныя гаспадаркі — па магчымасці абсталяваць іх тэхналогіямі святлакультуры і дадаткова пабудаваць новыя сучасныя цяпліцы.
«Адзначу, што, нягледзячы на пэўныя пытанні ў міжсезонны перыяд, летам і восенню наша гародніна экспартуецца. Аднак пакуль наша вытворчасць перабудоўваецца, імпарт прадукцыі, якая адсутнічае, у міжсезонне працягнецца», — сказаў на заканчэнне Вадзім Шагойка.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 27 лютага 2023
Звязда, 27 лютага 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3645
Текущая дата: 22.12.2024