(БЕЛТА) 24 сакавіка 2023
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка крыху больш за год таму зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. У Лунінецкім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў ваенныя аб`екты, дзе яму далажылі аб арганізацыі і выкананні задач баявога дзяжурства па проціпаветранай абароне. Тут жа 21 студзеня 2022 года Прэзідэнт правёў нараду па ўмацаванні ваеннай бяспекі краіны, якая стала новай кропкай адліку як у цэлым для Узброеных Сіл, так і ў жыцці ваенных у Лунінецкім раёне. Цяпер тут сфармаваны новы зенітны ракетны полк.
Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Дбайна захаваная яшчэ з савецкіх часоў ваенная інфраструктура як ніколі спатрэбілася ў цяперашні неспакойны час. Дастаткова нагадаць, што авіябаза ў Лунінцы ў гады СССР была вельмі запатрабаванай і служыла інтарэсам краін усяго Варшаўскага дагавора. Гэта быў вучэбны аэрадром знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў падчас халоднай вайны.
АБАРОНА ПАЎДНЁВЫХ ГРАНІЦ
У час прыезду ў Лунінецкі раён у пачатку мінулага года Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Сёння мы сабраліся тут, у ціхім, спакойным кутку нашай Беларусі, каб абмеркаваць пытанні бяспекі нашай дзяржавы. Яшчэ 10 гадоў таму ніхто і не думаў, што такі момант, як сёння, настане і нам давядзецца ствараць воінскія часці і цэлае аб`яднанне для абароны нашых паўднёвых граніц. З болем у сэрцы мы назіраем усё тое, што робіцца ва Украіне. Яе цяперашняе палітычнае кіраўніцтва, знаходзячыся пад знешнім кіраваннем, паводзіць часам сябе непрадказальна і неадэкватна. Таму на гэты выпадак - непрадказальнасці, неадэкватнасці, - і на выпадак, не дай бог, ваенных дзеянняў нам трэба вызначацца".
"Амаль паўтары тысячы кіламетраў паўднёвай граніцы Беларусі і Украіны - гэта немалая працягласць. Чаго б нам ні каштавала, нам трэба не проста бачыць, што будзе адбывацца і адбываецца на гэтай граніцы, яе трэба надзейна абараніць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што з душы ўкраінскай нацыі вырываюць усё, што толькі можна. Перш за ўсё памяць славянскіх народаў, адзіныя карані, мову, культурны і этнічны код, які звязвае народы. "Усё спрабуюць знішчыць у душы ўкраінцаў, - сказаў ён. - Мы не ўяўлялі, што праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны па цэнтральных вуліцах Кіева, іншых гарадоў будуць маршыраваць малойчыкі з фашысцкай свастыкай. Гэта для нас непрымальна, таму што мы ніколі не забудзем усё тое, што рабілася на нашай тэрыторыі. У рэшце рэшт, мы памятаем Хатынь, памятаем, што адбылося. І не толькі што адбылося, а хто рабіў там гэтыя бясчынствы. Гэта таксама адна з прычын, чаму мы вымушаны сёння рэагаваць тут, на поўдні нашай краіны, на тую сітуацыю, якая складваецца".
Падзеі ў Хатыні маштабна і на дзяржаўным узроўні ў Беларусі ўспаміналі і ў бягучым годзе, калі гэтымі днямі споўнілася 80 гадоў гэтай трагедыі. А вось словы і рашэнні кіраўніка дзяржавы наконт паўднёвых рубяжоў сталі сапраўды прароцкімі. Абстаноўка на іх і так была далёкая ад ідэальнай, улічваючы ўзяты ўкраінскімі ўладамі яшчэ ў 2020 годзе курс на разрыў нармальных адносін з Беларуссю. Але з пачаткам расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі рашэнне ўмацаваць паўднёвыя рубяжы стала не проста своечасовым, але жыццёва неабходным рашэннем. І проціпаветраная абарона з прычыны інцыдэнтаў, якія мелі месца, адыгрывае адну з важнейшых роляў.
Хочаш міру - рыхтуйся да вайны. Гэты адвечны тэзіс не раз падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка, патрабуючы прадпрымаць усё для таго, каб патэнцыйны сапернік не мог застаць знянацку. Пры гэтым Беларусь не жадае вайны. "Мы выбудоўваем сваю бяспеку зыходзячы з таго, каб абараняць нашы рубяжы, каб абараніцца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
НОВЫ ПОЛК
Аб тым, што неабходна для абароны паўднёвых рубяжоў, міністр абароны Віктар Хрэнін дакладваў Прэзідэнту яшчэ ў канцы лістапада 2021 года. А таму студзеньскі прыезд у Лунінецкі раён праз пару месяцаў быў невыпадковы. "Тады мы дамовіліся аб тым, што сустрэнемся ў нейкі дзень тут, у Лунінцы, гэтым, з пункту гледжання ваенных, вельмі добрым і зручным месцы, каб абмеркаваць усе прапановы, якія былі тады выкладзены. Тады я папрасіў дапрацаваць тыя прапановы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запатрабаваў далажыць па выніках дапрацоўкі аб тым, што неабходна рабіць не толькі ў Лунінцы, але і ў Беларусі ў цэлым па сістэме СПА, і галоўнае - на паўднёвых рубяжах.
Віктар Хрэнін у размове з журналістамі ў студзені мінулага года па выніках праведзенай нарады таксама адзначаў напружанасць абстаноўкі і мілітарызацыю не толькі ў краінах НАТА, але і на ўкраінскім напрамку. "Павышэнне інтэнсіўнасці баявой падрыхтоўкі ў нашых суседзяў. І, вядома, палітычны вектар суседняй Украіны, які змяніўся. Адтуль, на жаль, гучаць і абвінавачанні, і пагрозы ў наш адрас. Яны адкрыта ўжо заяўляюць, што ў Міністэрстве абароны на пастаяннай аснове размясціліся і працуюць амерыканскія ваеннаслужачыя. Мы пастаянна бачым, што іх паветраная прастора выкарыстоўваецца разведвальнай авіяцыяй. Мы бачым, цяпер разгорнуты лагеры, - паведамляў міністр.- І на сённяшні дзень пытанне ваеннай бяспекі стаіць вельмі востра. Мы павінны, абавязаны прымаць рашэнні па абароне нашай краіны. І як мы цяпер будзем абараняць, і на будучае".
Таму ў ходзе наведвання кіраўніком дзяржавы ішла размова аб развіцці сістэмы проціпаветранай абароны, у тым ліку на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы да 2040 года. "Гэты гарадок (у Лунінецкім раёне.) чакае вялікая будучыня, яго інфраструктура будзе развіта, адноўлена, адрамантавана. Тут і цяпер размяшчаюцца воінскія часці, з`явяцца і новыя", - абяцаў міністр.
І вось канкрэтны вынік. Як паведамілі 23 сакавіка бягучага года ў Мінабароны, у Беларусі сфармаваны новы зенітны ракетны полк. Пры фармаванні палка асаблівая ўвага ўдзялялася стварэнню сучаснай ваеннай інфраструктуры і вучэбна-матэрыяльнай базы, абсталяванню камфартабельных месцаў размяшчэння асабовага складу, пытанням сацыяльнага забеспячэння ваеннаслужачых і членаў іх сем`яў.
Воінскую часць у Лунінцы наведаў міністр абароны. Ён падкрэсліў, што фармаванне новага ракетнага зенітнага палка стала адэкватным адказам на сітуацыю вакол граніц краіны. "Абстаноўка вакол нашай краіны не становіцца спакайнейшай. Ідзе актыўная мілітарызацыя Захаду, узрастае ваенны патэнцыял каля нашых граніц. Начыняецца зброяй Украіна, кіраўніцтва Украіны праяўляе непрадказальнасць сваіх дзеянняў. Мы вымушаны дзейнічаць адэкватна на тыя выклікі і пагрозы, якія могуць узнікнуць у рамках бяспекі нашай краіны. Таму было прынята рашэнне на базе існуючай воінскай часці ў Лунінцы стварыць новы зенітны ракетны полк", - растлумачыў Віктар Хрэнін.
Новы полк дыслацыруецца за 50 км ад дзяржаўнай граніцы. Сюды перамешчаны самыя лепшыя спецыялісты. Яны аснашчаны сучасным узбраеннем. Тут створана добрая вучэбна-матэрыяльная база. Арганізаваны казармы для асабовага складу тэрміновай службы.
ЖЫЛЛЁ ДЛЯ ВАЕННЫХ
Як не раз адзначаў Прэзідэнт, у жыллёвым пытанні ў прыярытэце ваенныя і шматдзетныя сем`і. Чалавек, які аддае ўсяго сябе службе Радзіме, абароне яе рубяжоў, разумеючы, што ў пэўных абставінах давядзецца ахвяраваць і ўласным жыццём, не павінен непакоіцца пра тыл і думаць, дзе будзе жыць яго сям`я. Гэта прынцыповае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі, не толькі галоўнакамандуючага, але і чалавека, які прайшоў сур`ёзную ваенную школу, таксама атрымала рэальнае ўвасабленне пры развіцці ваеннай інфраструктуры ў Лунінцы.
Пабудаваны службовы дом для сем`яў ваеннаслужачых. Для дзяцей выдзелены месцы ў школах і садах, членам сем`яў прадастаўлены месцы для працаўладкавання.
У цэлым пры фармаванні новага палка ў прыярытэце было пытанне сацыяльнай абароненасці ваеннаслужачых і іх сем`яў. "Прэзідэнт неаднаразова гаворыць, што асноўная задача дзяржавы - забяспечыць жыллём бюджэтнікаў і ваеннаслужачых. Будаўніцтва дома для ваеннаслужачых на справе даказвае гэтыя словы. Атрыманне жылля будзе стымулам выконваць задачы больш якасна, эфектыўна, прафесійна. Калі ў чалавека няма хвалявання за свой тыл, ён будзе лепш выконваць задачы. Гэта аксіёма", - сказаў Віктар Хрэнін і дадаў, што з заступленнем палка на баявое дзяжурства ўзмоцніцца баявы патэнцыял Узброеных Сіл і павысіцца эфектыўнасць проціпаветранай абароны.
Дарэчы, у лютым кіраўнік дзяржавы падпісаў указ нумар 37 аб забеспячэнні арэндным жыллём ваеннаслужачых. Да ўсіх існуючых спосабаў атрымання жылля дададзены яшчэ адзін. Цяпер людзі ў пагонах маюць права, аддаўшы пэўныя гады свайго жыцця служэнню Радзіме, атрымаць жыллё бясплатна. А ў мінулым годзе ў Беларусі было пабудавана 540 кватэр для ваеннаслужачых у 12 гарадах. У 2023 годзе плануецца ўзвесці больш за 3,9 тыс. арэндных кватэр у 24 гарадах краіны.
БЕЛТА, 24 марта 2023
БЕЛТА, 24 марта 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3648
Текущая дата: 22.12.2024