Алена Ляўковіч (Звязда) 26 студзеня 2024
На самым пачатку года ва ўсім свеце абмяркоўвалі заяву аднаго з самых уплывовых і багатых людзей на планеце Ілана Маска. Ён даволі-такі безапеляцыйна заявіў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, што найбольшая сусветная небяспека на сённяшні дзень — дэмаграфічны калапс. Трэба заўважыць, што падобныя заявы ад Маска гучаць не ўпершыню, тое самае («Планеце пагражае не дэмаграфічны крызіс, а калапс») ён заявіў пяць гадоў назад на міжнародным форуме ў Кітаі... Калі такія людзі штосьці публічна гавораць або пішуць, значыць, яны нешта ведаюць або маюць на ўвазе, падобныя заявы толькі дзеля хайпу ніхто з іх не робіць.
Дык можа, і праўда ўсё ідзе да дэфіцыту на Зямлі... людзей? Калі гэта так, каму гэта патрэбна і як ад гэтага ратавацца? Аб гэтым мы паразважалі з доктарам палітычных навук, прафесарам кафедры палітычнай тэорыі МДІМА МЗС Расіі Кірылам Коктышам.
— Кірыл Яўгенавіч, яшчэ гадоў дзесяць таму гаварылі аб перанасяленні планеты, зараз Маск заяўляе аб дэмаграфічным калапсе як аб самай вялікай небяспецы. Але, калі глядзець на статыстыку ААН, быццам бы з колькасцю насельніцтва ў чалавецтва пакуль усё ў парадку: у лістападзе 2022 года яна пераадолела мяжу 8 млрд чалавек. Па даных ААН, павелічэнне насельніцтва планеты на 1 млрд адбылося за 12 гадоў. Адзнакі 8,5 млрд чалавецтва, паводле прагнозаў, дасягне да 2030 года, а ў 2080-м людзей ужо будзе амаль 10,5 млрд. Але за Маскам паўтараюць і іншыя эксперты, нават з Кітая. Справа, атрымліваецца, не ў агульнай колькасці людзей, а ў дысбалансе на планеце, па прынцыпе: дзесьці густа, дзесьці пуста?
— На самай справе так, бо пытанне ж не толькі ў колькасці, але і ў якасці. Дэмаграфічны рост, як правіла, прыходзіцца на найменш развітыя рэгіёны, і ён у гэтым плане не гарантуе якасць чалавецтва. А ў рэгіёнах развітых ідзе трэнд на паніжэнне адукацыйных стандартаў, культурных стандартаў, спрашчэнне самога чалавека, ператварэнне яго ў «кіберчалавека» — што мы бачым на Захадзе ўжо гадоў 20-30. Усе гэтыя тэндэнцыі разбуральныя і насамрэч нічым іншым не кампенсуюцца. Сёння на значнай частцы планеты «брыльянтавы мільён» і «залаты мільярд» кіруюць усім, астатнія людзі — гэта тыя, хто іх абслугоўвае, або тыя, што сыходзяць у віртуальную рэальнасць і ў ёй жывуць. Стала рэчаіснасцю тая мадэль, пра якую пісаў у «Машыне часу» Герберт Уэлс і якую пазней, у больш удасканаленым выглядзе паказаў Дэвід Кэмеран у фільме «Аватар». Калі хочаш нешта даведацца — не трэба займацца адукацыяй, трэба проста падключыцца да «дрэва». Так вельмі лёгка, напрыклад, перапісаць гісторыю. І гэта перапісванне будзе тым больш эфектыўным, чым меншы будзе адукацыйны ўзровень спажыўца інфармацыі. Гэты трэнд на кіберчалавека — самы небяспечны, бо ён разам з усім астатнім мае на ўвазе дэградацыю самога чалавецтва. Вытокі ўзяцця курсу на гэты трэнд — даклад Рымскага клуба «Межы росту», апублікаваны ў 1972 годзе, у якім было дастаткова шчыра дэкларавана, што любая сапраўдная інавацыя мяняе баланс сіл, тым самым змяняючы і склад пануючага класа, калі не ўвесь клас. З гэтага вынікае, што, каб «спыніць цудоўнае імгненне», захаваць свой статус, гаспадарам свету інавацыі больш не патрэбны: яны небяспечныя. Няхай замест іх будзе імітацыя інавацый! Памятаеце рэкламную формулу — «зараз у новым пачку»? Якасць прадукту застаецца той жа, але ён зараз нібыта новы і нават больш цікавы. Гэта не што іншае, як спроба спыніць развіццё чалавецтва. Дзеля чаго? Дзеля кансервацыі ўладнага становішча глабальных эліт — калі сёння 1% самых багатых людзей Зямлі маюць больш, чым 99% астатняга насельніцтва планеты.
— У прынцыпе, няма нічога новага: статыстыка паказвае, што церпяць найперш краіны з высокім узроўнем развіцця. Хтосьці скажа, што гісторыя развіваецца па спіралі — рана ці позна самая развітая цывілізацыя прыходзіць у заняпад, а то і гіне зусім…
— Самыя развітыя цывілізацыі не абавязкова прыходзяць у заняпад. Ёсць такое паняцце, як сума здзейсненых памылак, якія ў кожнай цывілізацыі назапашваюцца, і гэта ўрэшце можа прывесці да яе падзення. Але ёсць цывілізацыі, якія праз гэта досыць паспяхова прайшлі, — Персія, Індыя, Кітай, якія і сёння існуюць як неперарыўныя культуры. Калі ў Кітаі ці Індыі адукаванага чалавека спытаць, што было на гэтым месцы паўтары тысячы гадоў назад, ён з вялікай верагоднасцю вам адкажа... Так што заняпад цывілізацыі залежыць найперш ад унутраных прычын, ад ужо згаданай сумы памылак, калі цывілізацыя іх не выпраўляе і на іх не вучыцца. Няма такой прадвызначанасці — што вось, цывілізацыя дасягнула нейкага пункту ў развіцці, і яе непазбежна чакае заняпад.
— Нельга не заўважыць, што да гэтай самай кропкі сёння як ніколі некаторыя краіны імкнуцца самі, калі мець на ўвазе тэму нашай размовы — дэмаграфію. Прапаганда нетрадыцыйных адносін, бяздзетных сем’яў вялася і вядзецца, можна сказаць, нават агрэсіўна. Ёсць жа ў гэтага выгадаатрымальнікі?
— Выгадаатрымальнікі, на самай справе, былі заўсёды. Вядомы італьянскі даследчык Марка Піцуці высветліў цікавы і, здаецца, сапраўдны матыў, чаму Брут апынуўся сярод забойцаў Цэзара. Справа ў тым, што незадоўга да таго Цэзар забараніў высокія працэнты на пазыкі, а Брут толькі-толькі здолеў навязаць аднаму невялікаму гораду імперыі пазыку пад «усяго толькі» 48 працэнтаў у месяц... Сітуацыя, калі капітал дзейнічае ў цені гучных ды прыгожых словаў дзеля сваёй выгады зусім не новая, яна старая, як свет. Так, апошнія пяцьсот гадоў можна казаць аб існаванні «глыбіннай дзяржавы», што з’явілася на свет у выніку рэформаў Генрыха VІІІ, але і да таго можна знайсці шмат сюжэтаў, калі капітал, яшчэ не арганізаваны ў палітычную форму, імкнуўся знайсці і знаходзіў найбольш выгадны спосаб існавання для сябе. Гэта было ад таго часу, як капітал з’явіўся як паняцце, і здаралася кожны раз, калі не было этычных абмежаванняў адносна сродкаў атрымання найбольшай выгоды. Нагадаю, у Брытаніі сярэдзіны XІX стагоддзя опіумная вайна з Кітаем падавалася як «адкрыццё яшчэ адной дэспатыі дабротам свабоднага гандлю». Таварам быў опіум.
Што датычыцца прадстаўнікоў тых жа сексуальных меншасцяў, то гэта няшчасныя людзі, чые слабасці няшчадна экспуатуюцца, а яны самі далёка не заўсёды разумеюць, што іх выкарыстоўваюць. Пратэстанцкі капіталізм, а англасаксы — гэта пратэстанты, прадугледжвае рост попыту толькі за кошт індывідуальнага спажыўца, пашырэння яго патрэб. А за кошт чаго можна гэтыя патрэбы максімізаваць? З пункту гледжання кейнсіянства, дзе галоўная праблема — гэта як зрабіць, каб грошы былі ў абароце, а не ў скарбонцы, прадстаўнік сексуальнай меншасці — ідэальны спажывец: у яго няма дзяцей, якія патрабуюць зберажэнняў ды выдаткаў, ён можа дазволіць сабе траціць столькі, колькі атрымлівае, а гэта значыць, што яго спажывецкія стандарты будуць вышэйшымі за сярэдні ўзровень. Вось вам і яшчэ адзін сегмент рынку, які сябе акупіць. У гэтым, дарэчы, няма нічога новага: тое, што адбываецца сёння з ЛГБТ і з трансгендарамі, вельмі нагадвае разгул сафістаў у Старажытнай Грэцыі — тая ж аргументацыя, тая ж базавыя ўстаноўкі. Якую задачу рашалі сафісты? Як вызваліць купца ад нейкіх маральных абавязкаў і абмежаванняў, каб ён дбаў пра асабісты прыбытак, атрымліваючы яго любой цаной і без пакут ад згрызот сумлення — апошняе было істотным, калі мы нагадаем, што самым прыбытковым таварам былі людзі, уцягнутыя ў рабства. І ўсё тое, што маем сёння, — і культура адмены, і культура астракізму, і нават пэўныя крытэрыі прыгажосці, калі лічылася, што ідэалам мужчынскай прыгажосці быў мужчына, падобны на жанчыну, і наадварот, — ужо было перажыта Старажытнай Грэцыяй падчас панавання сафістаў, якія стварылі цэлую індустрыю ў тагачасным разуменні.
Дарэчы, ЛГБТ — гэта ўжо ўчарашні дзень, у плане атрымання прыбытку з’явілася новая, куды больш выгадная катэгорыя, — трансгендары. Чалавек, які змяніў пол, пажыццёва вымушаны прымаць дарагія фармпрэпараты, гэта нават не залатая жыла для гігантаў фармакалогіі, а жывы залаты струмень, гэта ж бізнес, нават больш выгадны, чым наркотыкі..
— Але ж калі так пойдзе далей, не будзе каму вырабляць тое, што так выгадна прадаецца?
— Вось тут «залаты мільярд», а асабліва — «брыльянтавы мільён» — лічаць, што прагрэс будзе здольны вырашыць для іх праблему. Што рабатызацыя вытворчасці, штучны інтэлект і гэтак далей прывядуць да выніку, калі машыны заменяць значную частку «незалатых» мільярдаў«, патрэбных толькі ў якасці персаналу для абслугоўвання. Для гэтых людзей больш насельніцтва на планеце, чым ёсць, не трэба, нават тое, што ёсць, ужо зашмат.
— Маск сказаў, што нават масавая міграцыя не ўратуе тую ж Еўропу ад калапсу. Але, на маю думку, тут іншая небяспека: можа перапісацца культурны код еўрапейцаў, і нашы ўнукі будуць жыць у зусім іншым свеце…
— Еўропа і так усю сваю гісторыю перапісвала свой культурны код, гэта звычайны еўрапейскі лёс. Ён не тыповы для нас, для ўсходніх славянаў, а для Заходняй Еўропы — гэта звычайная справа…
— Што дзіўна: ЗША, якія выглядаюць галоўным выгадаатрымальнікам у тым ліку і ў гэтай сітуацыі, пра дэмаграфічную праблему не гавораць. Атрымліваецца, яны, як заўсёды ў апошні час, застануцца «ў шакаладзе»?
— Не, проста на сёння пра гэта ніхто не думае. Сённяшняя адміністрацыя ЗША ставіць задачы тактычныя, а не стратэгічныя. Тактычныя задачы — запаланіць краіну мігрантамі, каб забяспечыць дамінаванне лаяльных сабе выбаршчыкаў. Якая будзе за гэта стратэгічная расплата — аб гэтым сёння не думаюць, пра гэта будуць думаць заўтра, пасля выбараў. А наступствы могуць быць катастрафічныя, найперш для саміх ЗША, і здарыцца гэта можа даволі хутка, думаю, у бліжэйшыя гадоў пяць-шэсць мы гэта ўбачым.
— Атрымліваецца, што многія народы ў той жа Еўропе могуць проста знікнуць з Зямлі, прычым таксама даволі хутка?
— Здольнасць краін Еўропы да самазахавання залежыць ад ступені іх суб’ектнасці. Ад таго, наколькі яны гатовы ўсведамляць уласныя інтарэсы, а не знешнія. Сёння ў большасці еўрапейскіх дзяржаў ва ўладзе знаходзяцца падкантрольныя ЗША нават не эліты, а персоны, якія — хто пад пугай, пад цяжарам кампрамату, хто — за пернік, за ўласную будучыню — клапоцяцца аб інтарэсах ЗША, а не ўласных краін. Амерыканскія інтарэсы сёння — у захопе еўрапейскай прамысловасці і ўвогуле эканомікі, яна стала сродкам выжывання іх уласнай. І гэты працэс будзе ісці, пакуль эліты ў Еўропе не зменяцца. Вядома, Еўропа можа прачнуцца і ўзбунтавацца. Але пытанне, калі гэта будзе, калі будзе. Здаецца, не вельмі хутка.
— І тады ўжо не будзе каму прачынацца…
— Магчыма. Такі варыянт таксама не выключаны. Тут усё залежыць ад самой Еўропы…
— Ці можа асобна ўзятая дзяржава абараніць сябе ад такіх тэндэнцый? Сацыяльная палітыка — так. Але, як паказвае досвед той жа Еўропы, дзе высокія дзіцячыя дапамогі і льготы для шматдзетных, а нараджальнасць не павялічваецца, адной сацыяльнай палітыкі мала…
— Асобна ўзятая краіна — не. Тут істотныя саюзы і альянсы, у якіх яна знаходзіцца, бо насамрэч незалежнасць у сёняшнім складаным свеце гарантуецца толькі ўзаемазалежнасцю. Калі краіна знаходзіцца ў правільнай кампаніі, яна выжыве, менавіта як суверэнная дзяржава. Калі ёсць агульныя каштоўнасці, тады ёсць і калектыўная моц адстойваць сваё, бо ў адзіночку не выжыве ніхто, і ў гэтым таксама няма нічога новага. Або ты сябруеш з аднадумцамі, якія цябе падтрымліваюць, або, калі такіх аднадумцаў няма, у цябе надыходзяць цяжкія часы... Глабальнай эканоміцы можа супрацьстаяць толькі глабальная эканоміка, што сёння мы і назіраем: намецілася раздзяленне свету, а значыць, і сусветнай эканомікі, на заходнюю меншасць і незаходнюю большасць. Калі мы кажам пра гэта, мы маем на ўвазе і рэгіянальнае раздзяленне працы, якое забяспечвае таннасць прадукцыі, што вырабляецца. А выбудаваць сістэму раздзялення працы заўсёды лягчэй у рэжыме ўзаемадзеяння.
— Калі ўсё ж здарыцца абяцаны Маскам калапс, у беларусаў ёсць шансы выжыць?
— А чаму ў нас здарыцца калапс? Беларусь, беларуская эканоміка развіваецца ў рамках Саюзнай дзяржавы, беларуская прамысловасць сёння стала другім сэрцам гэтага аб’яднання. Гэта бліскучыя перспектывы развіцця. Беларусь хутка стане членам ШАС, Беларусь збліжаецца з БРІКС — а гэта вельмі сур’ёзна, гэта мае на ўвазе раўнапраўны ўдзел у абмеркаванні карціны свету з галоўнымі глабальнымі гульцамі, якія, у адрозненне ад заходніх краін, маюць у прыярытэце ўласную суб’ектнасць, шануюць інтарэсы і каштоўнасці сваіх народаў. Беларусь у гэтым плане знаходзіцца ў правільнай кампаніі.
Гутарыла Алена Ляўковіч
Звязда, 26 студзеня 2024
Звязда, 26 студзеня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3724
Текущая дата: 22.12.2024