Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: У нашай Радзімы, акрамя нас, нікога няма. Толькі мы ведаем, якой павінна быць будучыня Беларусі



Валерыя Сцяцко (Звязда) 28 красавіка 2024

У гістарычны дзень закладваюцца і новыя традыцыі. Упершыню Пасланне Прэзідэнта, з якім па Канстытуцыі кіраўнік дзяржавы павінен звяртацца кожны год, агучана падчас Усебеларускага народнага сходу. Гэта стане штогадовай традыцыяй. Традыцыйна, Пасланні Прэзідэнта задаюць вектары развіцця краіны на бліжэйшы час. Таму пытанні развіцця рэальнага сектара эканомікі Аляксандр Лукашэнка наўмысна пакінуў за дужкамі, усе тэмы дэталёва разабралі на нядаўніх нарадах, якія шырока асвятляліся. 

Выступленне Прэзідэнта, якое адкрыла першае пасяджэнне сёмага Усебеларускага народнага сходу, стала не рабочым, а фундаментальным. Якія акцэнты ў сваёй прамове раставіў Аляксандр Лукашэнка. 

Новыя функцыі і новыя паўнамоцтвы дэлегатаў: «Эвалюцыйна, па-беларуску ўзважана»

Па словах кіраўніка дзяржавы, яны разам з новым статусам Усебеларускага народнага сходу вызначаюць гістарычнасць моманту.

«Важна не што, а як мы робім — як удасканальваем мадэль палітычнага ладу. Не ламаючы ўклад, не адмаўляючыся ад традыцый — эвалюцыйна, па-беларуску ўзважана, без рэзкіх рухаў, абапіраючыся на меркаванне большасці. Мы спакойна ставімся да непрымання заходнімі лібераламі нашай мадэлі палітычнага развіцця. Нягледзячы на гэта, самі мы не адмаўляем прагрэсіўныя формы заходнееўрапейскай дэмакратыі. Мы іх інтэгруем: у свой палітычны лад, у сваю культуру, у сваё светаўспрыманне, калі яны не супярэчаць нашым прынцыпам і каштоўнасцям. Ролю механізму зліцця спрадвечных традыцый і сусветнай практыкі кіравання выконвае УНС», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сіла беларусаў у тым, што мы не адмовіліся ад савецкіх дэмакратычных традыцый, дапоўніўшы іх сучаснымі, якія адпавядаюць духу нашага перыяду, яго гісторыі. «Сіла, якая фармуе нацыю, умацоўвае нацыянальную дзяржаўнасць», — адзначыў ён. 

Дасягненне нацыянальнай дэмакратыі: «Мы ў прынцыпе не адлучаем уладу ад народа»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння ўзмацняецца роля і статус улады народных прадстаўнікоў. «І тут важна зрабіць акцэнт на тым, што мы ў прынцыпе не адлучаем уладу ад народа. І кім бы мы ні з’яўляліся, знаходзячыся ў гэтай зале, дзе б ні працавалі, паміж намі няма дыстанцыі. Тут ва ўсіх нас адзін статус — удзельнікі Усебеларускага народнага сходу. Дэлегаты і запрошаныя. І гэтым дасягненнем нацыянальнай дэмакратыі я ганаруся больш за ўсё», — сказаў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларусы могуць ганарыцца напрацаваным досведам стратэгічнага планавання. Без малога 30 гадоў Сход шмат у чым вызначаў дзяржаўны ўклад Беларусі.

Новы статус Усебеларускага народнага сходу: «Уключыць грамадства ў палітычны дыскурс»

Цяпер УНС зацвярджае ўсе асноўныя праграмныя дакументы, якія вызначаюць эканамічнае развіццё, бяспеку нашай краіны. «Дэлегаты павінны разумець, што ў гэтых дакументах напісана, умець растлумачыць людзям. І не проста растлумачыць — уключыць грамадства ў палітычны дыскурс. Сёння без гэтага нельга. Не будзем размаўляць з нашымі грамадзянамі аб глабальных мэтах развіцця дзяржавы мы  — за нас гэта зробяць іншыя. Менавіта адзінае разуменне нацыянальнай стратэгіі павінна яшчэ больш згуртаваць і ўмацаваць нас», — сказаў беларускі лідар. 

Рашэнне кадравых пытанняў: «Дэлегаты — гэта і ёсць голас народа»

Цяпер дэлегаты УНС будуць выбіраць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ім дадзена права аператыўна сабрацца і прыняць рашэнне аб увядзенні надзвычайнага або ваеннага становішча. І нават прызнанне легітымнасці выбараў у іх руках. Усе іх рашэнні ў іерархіі прававых актаў краіны зоймуць найвышэйшую пазіцыю і набудуць агульнаабавязковы характар. Іх павінны будуць выконваць усе грамадзяне, усе органы і інстытуты ўлады. УНС атрымаў выключныя паўнамоцтвы блакіраваць рашэнні любога органа або службовай асобы. Тым самым Сход стане ахоўным буферам ад магчымых небяспечных працэсаў, якія ідуць уразрэз з інтарэсамі грамадства і дзяржавы. 

«Дэлегаты — гэта і ёсць голас народа, калектыўны розум. Вы не проста ўсеагульны сход. Вы нацыянальнае сумленне. У вас няма права на памылку. Вы маеце права толькі на вернасць і адданасць сваёй краіне і нашаму народу. Ваша місія — служэнне ў імя будучыні Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Бяспека: «Мы ведаем, што значыць быць моцнымі ў імя міру»

Кіраўнік дзяржавы назваў сімвалічным, што сваю работу Усебеларускі народны сход пачынае з абмеркавання і прыняцця важнейшых дакументаў, якія датычацца нацыянальнай бяспекі.

«Беларусь — кампактная краіна, беларусы — міралюбівы народ, які мае запас магутнай жыццёвай энергіі. Рэсурс унікальны, і можна шмат казаць аб тым, як у розныя перыяды гісторыі ён дапамагаў выжываць. Пры гэтым маніякальнае жаданне быць мацнейшымі ў гэтым свеце нам незразумелае і чужое. Але мы ведаем, што значыць быць моцнымі ў імя міру. Гэта наша памяць. Гэта наш гістарычны досвед, які каштаваў нам вельмі дорага. У бягучым годзе мы адзначым 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пакаленне пераможцаў паказала, што сіла нацый не ў капіталах, не ў вайсковай моцы, не ў амбіцыях – яна ў сапраўдных каштоўнасцях, у імкненні да справядлівасці і веры ў сябе», — сказаў Прэзідэнт.

Урокі сучаснасці: «Калі б не стойкасць і мужнасць сапраўдных патрыётаў — страцілі б краіну»

Аляксандр Лукашэнка ад урокаў гісторыі перайшоў да падзей сучаснасці. Па яго словах, сёння, там, дзе народ даведзены да галечы, а ў вярхоў кішэня трашчыць ад нарабаванага, вывесці людзей на вуліцы і абваліць краіну вялікіх намаганняў не варта. Але ў Беларусі гэты план не атрымаўся. 

«Мы набылі каласальны досвед, сталі згуртаванай і сталай нацыяй. Мы, сапраўды, сталі мацнейшымі. Мы тады, у 2020 годзе, паглядзелі на сябе, сваё жыццё і на тое, што нас акружае, праз люстэрка праўды. Ацанілі, што маглі страціць, убачылі сапраўднае аблічча і ўнутраных, і знешніх ворагаў. Мы да дэталяў вывучылі, як працуе метадычка вашынгтонскага абкама. На ўласным досведзе — урокі, урокі, і яшчэ раз урокі. Разумныя людзі заўсёды глядзяць, што адбываецца, і выносяць урокі. Мы так зрабілі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — На нас тады глядзелі з усіх бакоў свету. Некаторыя глядзелі з надзеяй. У НАТА ўжо паціралі рукі і рыхтаваліся да вайсковай інтэрвенцыі ў заходнія рэгіёны. Разлічвалі на хаос і бліцкрыг. Калі б не стойкасць і мужнасць сапраўдных патрыётаў — страцілі б краіну. Не выстаялі б мы тады — натаўскія каршакі былі б ужо пад Смаленскам. І ўкраінская тэма стала б нашай рэальнасцю. Але мы аказаліся мацнейшымі. Памятайце, я іх папярэджваў: мы любім сваю краіну, а „любімую не аддаюць!“ Мы і не аддалі. І паверце, не аддадзім, якія б намаганні яны ні прыкладалі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Міжнародная абстаноўка: «Наша міралюбнасць — не пацыфізм»

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні ўдзяліў вялікую ўвагу пераўладкаванню свету, дзе амбіцыі заходніх краін, наносяць шкоду дзяржавам, якія ідуць у іх на павадку. Але, па словах беларускага лідара, калі Захад хоча застацца ў новым светаўладкаванні адным з цэнтраў сілы, няхай вучыцца ў Кітая.

«Супольнасць адзінага лёсу з усім чалавецтвам — вось узор яднання нацый без шкоды нацыянальным культурам, ідэалогіям, суверэнітэту. Без прыгнечання і пачуцця перавагі. Без бразгання зброяй. Сілай мудрасці і інтэлекту. Прапанаваны Кітаем праект такога справядлівага светаўладкавання мае права на жыццё. Больш за тое, нам, беларусам, ён вельмі блізкі», — заявіў Прэзідэнт. 

Па яго словах, свет ужо змяніўся. І не так, як марылі за акіянам. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ЗША, распачаўшы жвавую атаку на ўсіх непажаданых адначасова, зразумелі, што дапусцілі памылку, аб’яднаўшы непаслухмяную Расію і галоўнага ворага — Кітай. Выйсце знайшлі: канфлікт у Еўропе (Украіне) перакласці на плечы Еўрасаюза і НАТА (грашыма дапаможам...). Мэта — адцягнуць, утапіць Расію ў вайне з Украінай, аслабіць баявымі дзеяннямі і санкцыямі (тады РФ будзе не да адзінства з КНР). А ў гэты час разабрацца з Кітаем, уцягнуўшы зацікаўленых. Таму на заходніх межах беларусы твар у твар стаяць з НАТА.

«Зразумела, нас жадаюць уцягнуць у вайну, і я як Галоўнакамандуючы, і нашы ваенныя, гэта разумеем. Пакуль правакуюць, капаюць акопы, мадэрнізуюць ваенную інфраструктуру, узбраенне. Я ўжо казаў: мы па іншым боку мяжы будуем мірнае жыццё. Сцены не ўзводзім. Акопы не капаем. Але наша міралюбнасць — не пацыфізм. Папрашу не блытаць. Па меры росту пагроз будзем прымаць сіметрычныя меры і нарошчваць баявую моц. І, звяртаючыся да іх, хачу папрасіць, не штурхайце нас да асіметрычных мер. Мы павінны быць моцнымі, каб ніхто не адважыўся паставіць нас на калені, як часта было ў нашай гісторыі» — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заклікаў на фоне ваеннага спектакля на мяжы з Беларуссю адказаць сабе на пытанне: ці ёсць сёння рэальная карысць ад падкантрольных Захаду наднацыянальных структур? Ён звярнуў увагу, што Міжнароднае права, АБСЕ, ААН, СААЗ і іншыя не змаглі прадухіліць і спыніць ніводнага крывавага канфлікту. Еўрапейскі фонд міру наогул выдаткоўвае сродкі на вайну ва Украіне. 

Формула поспеху любой інтэграцыі: «Моцныя суверэнныя дзяржавы — моцны саюз»

«Міжнародныя пагадненні, інтэграцыйныя саюзы патрэбны. Але такія, якія будуць паважаць нацыянальны суверэнітэт, выбудоўваць узаемадзеянне ўдзельнікаў праз дыялог, кансэнсус, пошук кампрамісаў. Бяспека павінна быць роўнай і агульнай для ўсіх краін планеты. Згодны з экспертамі, якія сцвярджаюць, што сістэмы супрацоўніцтва і бяспекі можна і трэба будаваць у рамках кантынента будучыні — Вялікай Еўразіі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што прыкладам мірнага і стваральнага парадку стануць правераныя гадамі нашы саюзніцкія адносіны з Расіяй.

«Я б нават сказаў, што Саюзу Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь удалося апярэдзіць сённяшнія тэктанічныя зрухі ва ўсіх сферах. І зараз менавіта наш час. Моцныя суверэнныя дзяржавы — моцны саюз. Вось формула поспеху любой інтэграцыі. Час падштурхнуў нас з расіянамі да рашэння найважнай задачы. Мы маем намер дасягнуць тэхналагічнага суверэнітэту ў рамках Саюза, захоўваючы нацыянальныя інтарэсы. І мы ўпэўнена рухаемся да жаданага выніку. Наша саюзнае будаўніцтва — узор саюза суверэнных народаў. І гэта мадэль мае шанцы на поспех і пашырэнне ўдзельнікаў. Падкрэсліваю, ніякага гвалту і ніякага паглынання», — сказаў ён. 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, такі ж сур’ёзны рэсурсны, гаспадарчы і транзітны патэнцыял мае Еўразійскі эканамічны саюз. Ён можа прэтэндаваць на тэхналагічнае і інтэлектуальнае лідарства ў рэгіёне. Набірае вагу Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, дзе Беларусь ужо летам будзе выступаць у статусе паўнапраўнага члена.

«Каб мець уяўленне пра перспектывы дадзенай структуры, дастаткова паглядзець, колькі месца на карце свету займаюць дзяржавы — удзельнікі і назіральнікі, падсумаваць насельніцтва і палічыць агульную плошчу. З такім размахам і не трэба быць ваенным блокам на ўзор НАТА, каб стаць стрымліваючым элементам любой агрэсіі. Ды і не ў маштабе сіла. ШАС — гэта размова на роўных. Усе, хто стаміўся ад гегемоніі ЗША, у тым ліку краіны Лацінскай Амерыкі, Глабальнага Поўдня, глядзяць на гэту структуру з павагай. А БРІКС — гэта ўжо іншая геаграфія і іншы маштаб уплыву на сусветны парадак дня. Няма сумневаў: ШАС і БРІКС — прагрэсіўная сусветная большасць. Гэта выклік ідэалогіі глабальнай уніфікацыі. Месца Беларусі менавіта там — побач з народамі, якія прадстаўляюць розныя культуры, але аб’яднаныя імкненнем да міру і развіцця», — упэўнены беларускі лідар.

Сіла нацыі і як яе памножыць: «Надыходзіць час не агрэсіўна моцных, а моцных духам»

«Надыходзіць час моцных. Не агрэсіўна моцных, а моцных духам. Сапраўдная моц вымяраецца імкненнем станавіцца лепшым, рабіць свет лепшым, прымаць яго нацыянальную, канфесійную, ідэалагічную разнастайнасць, дапамагаць тым, хто слабейшы. Мы, беларусы, так разумеем моц нацыі. Якія мы, сучасныя беларусы, што трэць стагоддзя цвёрда стаяць пад інфармацыйным, санкцыйным „агнём“? Безумоўна, развіваючыся ў сітуацыі пастаяннага ціску і агрэсіі, мы загартаваліся. А ўвогуле, гістарычнае развіццё беларускага народа насуперак абставінам і ёсць той унікальны шлях, прычым даўжынёй у стагоддзі. Мы — моцная нацыя», — заявіў Прэзідэнт. І расказаў, што мы павінны зрабіць найперш, каб захаваць гэты статус. Усё проста — станавіцца яшчэ мацнейшымі: «На чале ўсяго — моцная эканоміка. Але і яна — вынік правільнага геапалітычнага выбару». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў афарызм пра савецкае мінулае, які нарадзіўся на фоне разрухі 90-х. Тыя, хто апладзіраваў ліберальным рэформам, ганіў савецкую сістэму, раптам ачулісяі і пачалі ўспамінаць: як добра мы дрэнна жылі.

«Каб не прыйшлося калі-небудзь сказаць гэтак жа аб нашым з вамі часе, параўноўваючы яго з якой-небудзь чарговай гуманітарнай катастрофай, давайце сапраўды прызнаем: мы ніколі яшчэ так добра не жылі, як цяпер! Вядома, маглі б і лепей. Але ў нас не тое, што ёсць, напрыклад, у Эміратах, і Расіі. Прызнаем, каб не кідацца ў рэвалюцыйныя трансфармацыі. Не для гэтага трэць стагоддзя таму мы адводзілі народ ад бездані. І адвялі. — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Так, санкцыі рост стрымалі. Без іх, гэта значыць у абдымку з Захадам, быў шанц разбагацець. Але не ва ўсіх. Выключна ў лічаных беларусаў. Мы ж рабілі ўсё, каб не дапусціць расслаення грамадства на бедных і багатых. Няхай не кожны гэта разумее, не ўсе прымаюць, але мы рабілі тое, што абяцалі народу. І зрабілі! Як умелі і як маглі. Няхай пасля нас зробяць лепш! Ведаючы, як ніхто іншы, геапалітычныя рызыкі, сувымяраючы нашы геаграфічныя, рэсурсныя магчымасці з тымі намаганнямі, якія мы разам прыклалі, я ганаруся нашымі дасягненнямі. Дзякуй вам усім, хто ў 90-я выводзіў краіну з крызісу, адводзячы яе ад бездані».

Што трэба зрабіць у будучыні: «У Год якасці павінны зрабіць немагчымае»

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў беларусаў шмат падстаў для гонару. Але працы будзе яшчэ больш, чым было. «Будзе найжорсткая дысцыпліна — будзе і вынік! І калі мы не жадаем сядзець у акопах, павінны працаваць адказна. Кожны на сваім месцы. Шчыра. Напружана. Так, як умеем. Мы ўжо не адзін раз перасягнулі сябе ва ўсіх сферах. А ў Год якасці павінны зрабіць немагчымае», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, сёння як ніколі важна захаваць патэнцыял моцнага (адзінага) народа, моцнай і квітнеючай Беларусі (дзяржавы для народа) — у імя міру!

«Гэты патэнцыял напрацоўваўся дзесяцігоддзямі. І не толькі намі. У яго ўкладзены каласальныя намаганні савецкага пакалення. У нас няма права падвесці ні сябе, ні тых, на чыіх плячах мы стваралі суверэнную дзяржаву», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Звяртаючыся да дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу (як і да ўсіх беларусаў), Прэзідэнт падкрэсліў, што мы павінны быць моцнымі, каб захаваць мір у сваёй краіне, захаваць традыцыі, захаваць духоўны стрыжань. «Мы павінны быць моцнымі, каб мець магчымасць абараніць слабых, дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе. Мы павінны быць моцнымі, каб нас чулі на міжнароднай палітычнай арэне. І наш голас паслядоўна гучыць у імя міру». 

Беларускі лідар падкрэсліў, што мы разам прайшлі вельмі цікавы шлях да фармавання сваёй нацыянальнай дэмакратыі — шэсць усебеларускіх народных сходаў, чатыры ўсенародныя рэферэндумы. Стварылі аснову грамадзянскай супольнасці — грамадства моцнага і патрыятычнага.

«Вядома, я разлічваю на нашае агульнае імкненне да эканамічнага, навуковага, сацыяльнага, культурнага і духоўнага развіцця, якое складаецца з працы, інтэлекту, таленту і маральнай сілы кожнага. — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У нашай Радзімы, акрамя нас, нікога няма. Толькі мы ведаем, якой павінна быць будучыня Беларусі, якой павінна быць наша краіна, як зрабіць яе яшчэ мацнейшай. Так, было цяжка. Будзе не лягчэй. Але будзе цікава, бо мы выбралі моцную, суверэнную, незалежную, мірную Беларусь. І ў гэты складаны, супярэчлівы час трэба выдужаць! Мы павінны гэта зрабіць, бо ЧАС ВЫБРАЎ НАС!»

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 28 красавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/3756
Текущая дата: 22.12.2024