Грунвальдская бітва (Танэнбергская бітва, 15 ліпеня 1410) — вырашальная бітва «Вялікай вайны» 1409—1411 Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага супраць экспансіі Тэўтонскага ордэна.
Адбылася каля паміж мястэчкамі Грунвальд (Жальгірыс) і Танэнберг. Скончылася разгромам войскаў Тэўтонскага ордэна.
*****
Грунвальд. Правакацыя Вітаўта
Кожная гістарычная падзея з часам абрастае міфамі. І чым больш часу мінае, тым больш гэтых міфаў. Бывае, рэальныя факты саступаюць ім месца ў падручніках. Асабліва калі справа тычыцца такіх значных падзей, як Грунвальдская бітва.
Вайну пачалі не крыжакі
Мала хто ведае, што Вялікую вайну 1409–1411 гадоў (упершыню яе так назваў, дарэчы, польскі храніст Ян Длугаш) наўмысна справакаваў вялікі князь літоўскі Вітаўт. На той момант тэрыторыя Жмудзі — сучаснай заходняй Літвы — знаходзілася пад кантролем Тэўтонскага ордэна. І вясной 1409 Вітаўт падгаварыў жмудзінаў узняць паўстанне супраць крыжакоў.
Справа ледзьве не скончылася для Вялікага Княства Літоўскага фатальна. Вялікі магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінген звярнуўся па дапамогу да Ягайлы. Ордэн прасіў караля Польшчы захаваць нейтралітэт у будучай вайне паміж крыжакамі і ВКЛ. Калі б Ягайла спакусіўся на прапанову, якая магла яму дазволіць у перспектыве дабіцца тэрытарыяльных і палітычных саступак ад аслабленага вайной ВКЛ, гісторыя Беларусі склалася б іначай.
Дыпламатычная артпадрыхтоўка
Перад пачаткам ваенных дзеянняў абодва бакі імкнуліся дыпламатычнымі шляхамі перацягнуць на свой бок як мага больш саюзнікаў. Больш паспяховым у гэтым выявіўся крыжацкі ордэн. Юнгінгену ўдалося заручыцца падтрымкай венгерскага караля Жыгімонта Люксембургскага. На шчасце, толькі дыпламатычнай. Калі б вугорскія войскі абрынуліся на паўднёва-заходнія рубяжы ВКЛ і Кароны, Ягайлу з Вітаўтам прыйшлося б нясоладка. Усе сілы былі кінутыя на вайну з крыжакамі, рэсурсаў на «другі фронт» не было.
Абодва бакі актыўна карысталіся паслугамі наймітаў. На баку крыжакоў ваявалі рыцары з усёй Еўропы. Браты-саюзнікі таксама нанялі каля 3000 «гастарбайтэраў» — пераважна з Чэхіі і Маравы. Але былі і валанцёры, якія секліся з немцамі з ідэйных перакананняў. Сярод іх — будучы правадыр гусітаў Ян Жыжка. Менавіта на Грунвальдскім полі ён страціў сваё першае вока.
Здрада наёмнікаў
Акрамя каронных і вялікакняскіх сіл ды татараў у склад арміі саюзнікаў уваходзілі малдаўскія і сербскія аддзелы. Агулам войска падпарадкоўвалася Ягайлу, аднак на справе каардынаваць і кантраляваць такую колькасць людзей было цяжка. Як піша Длугаш, непасрэдна перад бітвай такая разрозненасць вылілася ў адкрытае дэзерцірства. Пабачыўшы бліскучыя крыжацкія шэрагі, наёмныя чэшскія рыцары з харугвы Святога Юрыя паспрабавалі ўнікнуць бою. Гэта заўважыў падканцлер Кароны Ян Тронба і вярнуў здраднікаў на поле бітвы. Што праўда, ненадоўга: толькі ён адвярнуўся — наёмныя чэхі зноў уцяклі.
Юнгінген браў Ягайлу «на слабо»
Грунвальдская бітва пачалася з тонкай правакацыі крыжакоў. Саюзнікі, нягледзячы на сваю колькасную перавагу, доўга не наважваліся на атаку. Крыжакі таксама не жадалі атакаваць першымі: іх было меней і, ударыўшы ў цэнтр войска саюзнікаў, яны маглі трапіць у пастку — палякі і ліцвіны замкнулі б флангі ў кола і высеклі ворагаў.
А тым часам ліпеньскае сонца неміласэрна смажыла крыжакоў у даспехах, якія стаялі на горцы. Ліцвіны ж з палякамі вычэквалі ў падлеску. Тады Юнгінген пайшоў на правакацыю: накіраваў у лагер Ягайлы падарунак — два аголеныя мячы. «Вялікі магістр Ульрых пасылае табе і твайму брату два мячы, каб вы разам са сваімі арміямі менш баяліся і змагаліся адважней, чым цяпер. А таксама каб больш не хаваліся па лясах і гаях», — гаварылася ў пасланні крыжакоў. Неўзабаве пасля гэтага Ягайла загадаў распачынаць бітву, якая скончылася для Юнгінгена так трагічна.
Тыя два мячы доўгі час захоўваліся ў Кракаве, у Вавельскім замку. Затым трапілі ў прыватную калекцыю Ізабэлы Чартарыйскай у Пулавы, а адтуль іх у часе падзелаў Рэчы Паспалітай вывезлі на ўсход расійцы. Дзе цяпер мячы Юнгінгена — невядома.
«Уцёкі» ліцвінаў
Ці бегла з Грунвальдскага поля Вітаўтава войска? Згодна з пашыранай версіяй, атрады з ВКЛ пад кіраўніцтвам Вітаўта, наступаючы, трапілі ў воўчыя ямы і панеслі вялікія страты. Што і змусіла Вітаўта пасля далёка адступіць. За імі пагналіся крыжакі, а калі, не здолеўшы разбіць атрады з ВКЛ, вярнуліся на поле бою, засталі амаль поўны разгром асноўных сваіх сіл войскамі Кароны.
Насамрэч падрыхтаваць воўчыя ямы крыжакі наўрад ці маглі — яны падышлі да месца бітвы амаль адначасова з войскамі саюзнікаў, і такія іх дзеянні не засталіся б без увагі. А ўцёкі аддзелаў ВКЛ маглі быць добра спланаванай акцыяй, мэтай якой было падзяліць крыжацкую армію на дзве часткі.
Гонар вялікага магістра
Калі вынік Грунвальдскай бітвы стаў зразумелы, магістру Тэўтонскага ордэна прапаноўвалі пакінуць месца падзей. Але ён адмовіўся. «Не дай Бог, каб я з’ехаў з поля бітвы, на якім загінула столькі адважных», — сказаў Ульрых фон Юнгінген. Вялікага магістра забіў шараговы ваяр, які, хутчэй за ўсё, і сам загінуў. Бо пра яго не захавалася ніякіх звестак. Крыжакі былі аточаныя і пераможаныя. Рэшткі войска закрыліся ва ўмацаваным лагеры. Ён неўзабаве быў узяты штурмам, і амаль усе яго абаронцы загінулі.
Дабіваць крыжакоў было нявыгадна
Адна з найбольшых таямніц Грунвальдскай бітвы — чаму саюзнікі не далі рады ўзяць сталіцу пераможанай дзяржавы — Мальбарк. Каб гэта зрабіць, Ягайлу з Вітаўтам было дастаткова пратрымаць аблогу некалькіх месяцаў. Аднак войскі прастаялі пад сценамі толькі некалькі дзён.
Агульнапрынятая версія — ваяры хацелі хутчэй вярнуцца дадому, бо якраз ішло жніво, трэба было парадкаваць ураджай. Аднак у выпадку здабыцця Мальбарку кожны з ўдзельнікаў штурму атрымаў бы частку крыжацкіх багаццяў, якія шматкроць пераважылі б каштоўнасць ураджаю.
Відаць, прычына хавалася ўсё ж у супярэчнасцях між пераможцамі. Паводле адной версіі, падчас бітвы большыя страты панеслі войскі ВКЛ. Ягайла, у якога адносіны з Вітаўтам і так былі напружаныя, мог адмовіцца ад развіцця свайго поспеху, каб захаваць унію ВКЛ і Кароны. Такім чынам, Грунвальдская бітва ледзьве не стала прычынай разрыву гістарычнага хаўрусу між дзвюма краінамі.
Паводле іншай версіі, Вітаўт не хацеў знішчаць канчатова трэці «цэнтр сілы» ў рэгіёне, каб не застацца сам-насам з палякамі і Ягайлам.
Цень Грунвальду
У 1914 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, нямецкая армія ізноў стаяла на Грунвальдскім полі. Маршал Гіндэнбург, які камандаваў нямецкімі аддзеламі, сказаў генералу Людэндорфу, што бітва ў жніўні 1914 будзе шанцам узяць рэванш за 1410 г. Немцы сапраўды перамаглі праз пяцьсот гадоў пасля Грунвальду.
Падчас Другой сусветнай вайны паражэнне ад войск саюзнікаў у ліпені 1410 выкарыстоўвалася нямецкай прапагандай як матывацыя для паходу на Польшчу. Савецкая прапаганда малявала бітву як паўстанне славянаў супраць германскай агрэсіі. Між тым этнічная прыкмета ў далёкім 1410-м грала малую ролю: у крыжацкіх харугвах хапала славянскіх і балцкіх ваяроў з падуладных тэрыторый, у шэрагах саюзнікаў змагаўся стракаты інтэрнацыянал з найманых еўрапейскіх рыцараў. Відавочна адно: Грунвальд быў такой буйной падзеяй еўрапейскай гісторыі, што яго грукат дакаціўся да нашага часу праз шэсць стагоддзяў.
Алесь Пілецкі
Наша Ніва
15.07.2010
*****
Балада Грунвальдскай бітвы
Пад латамі стальнымі крыжакоў
Жывыя душы і жывая кроў,
І ім, як нам, жыццё таксама міла,
Але палюбіць сёння іх магіла,
Бо з намі Вітаўт наш, над намі Бог,
І коп’яў лес, і нашых стрэлаў хмары,
Што ў небе над самотаю дарог
Лятуць і лётам абуджаюць мары
Аб перамозе, да якой ідзём
За Вітаўтам, нібыта за агнём
Праз ноч у дзень, дзе нашыя магілы,
Нібы прыступкі лесвіцы, з якой
Нам воляй дыхаць, бачыць край наш мілы,
Нібыта Храм бялюткі, прад сабой...
Звіняць мячы, крывавяцца шаломы,
І коп’яў лес трашчыць, нібы трыснёг.
І ўжо адказ ёсць на пытанне: «Хто мы?»,
Але яго яшчэ не чуе Бог...
(17-19.08.2005)