Белорусский портал в Казахстане

Родныя песні



1906

Гэй, родныя песні! Вы ў суме і ў горы,
Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, –
Для роднай зямелькі вы – светлыя зоры,
Для роднага краю вы – райскія гімны!
У вас адаб’ецца нядоля і доля,
Ўздыханні, што ходзяць з сахою, з сякерай,
І холад, і голад, няволя і воля,
І ў будучнасць ясну надзея і вера.
На свеце на белым і праўдай і чэсцяй
Гандлююць, збываюць за фальш і няславу;
Вы ж, песні, і светам маглі бы затрэсці,
Паклікаць к змаганню за добрую справу.
На рукі людскія наложаць аковы.
Край стопчуць, заграбяць чужыя народы, –
У песнях жа родны край, родныя словы
Жылі і жывуць, і жыць будуць заўсёды.
Гэй, песні, гэй, звон Беларусі загнанай!
Зайграйце пацехай на родным загоне,
Што ўжо няма болей няволі, кайданаў
І людзі не стогнуць, як стогнуць сягоння!
1906

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/423
Текущая дата: 07.05.2024