Белорусский портал в Казахстане

Пятрусь Броўка



беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт і перакладчык. Пятрусь БроўкаАкадэмік АН БССР (1966, член-карэспандэнт з 1953).

Пятрусь Броўка нарадзіўся 12(25) чэрвеня 1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні.,(цяпер Ушацкі раён  Віцебскай вобласці). Памёр 24 сакавіка 1980г.

У беднай сялянскай сям`і было 9 дзяцей і 2,5 дзесяціны зямлі. Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям`і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзяцей. Падчас нямецкай акупацыі яна была вывезена ў Асвенцым, дзе і загінула. Паэт прысвяціў маці паэму «Голас сэрца» (1960).

Маленькі Пятрусь пасвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў пісьмы іхным мужам на франты 1-й сусветнай вайны.

Вучыўся Пятрусь спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу, пасля вучыўся ў Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучанне ў сям`і не хапіла сродкаў.

Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Я. Купалы, апавяданнямі Я. Коласа, упадабаў паэзію М. Някрасава. З 1918 у 13-гадовым узросце пачаў працаваў перапісчыкам у Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце (савецкай грамадскай установе), потым справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе. Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў селькорам. У 1919 перажыў польскую акупацыю. У 1923 быў выкліканы на 1-ы з`езд селькораў Беларусі, але не паехаў, бо не было сродкаў на дарогу. У 1923 быў абраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 — старшынёй Маладолецкага сельсавета.

У 1925 Пётра Ўсцінавіч быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ.
У 1927-1928 працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына» (Полацк), адначасова з 1927 кіраўнік мясцовага філіялу «Маладняка». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых.
У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1931. Член СП СССР (з 1934). Удзел у «Маладняку» шмат даў П. Броўку, ён захапляўся творамі А. Пушкіна, М. Някрасава, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, сваёй надзённасцю прыцягвала яго паэзія Дз. Беднага. Папераменна захапляўся то С. Ясеніным, то У. Маякоўскім, пасля, нягледзячы на іх рознасць, палюбіў абодвух, знаходзіў у кожнага геніяльнае.
У 1934 Пятрусь Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 у іх нарадзіўся сын Юрка.
У 1940 прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Член ВКП(б) з 1940.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію.
У 1941—1942 быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 — адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».
У 1948 абраны старшынёй праўлення СП БССР (да 1967). Член ЦК КПБ (1952-80). У 1959 дэлегатам ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
У 1967-1980 — галоўны рэдактар БелСЭ (цяпер яе пераемніца «Беларуская Энцыклапедыя» носіць імя П. Броўкі). Выбіраўся дэпутатам ВС СССР (1956—1980) і БССР (1947—1955), сакратаром праўлення СП СССР.

Дэбютаваў вершамі ў 1926 у газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне» ў 1926 («Ой, не шапчы мая бярозка!»). Паэтычны талент П. Броўкі дасягнуў вяршыні ў 1960-1970-я. Аўтар кніг паэзіі «Гады як шторм» (1930), «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Паэзія» (1932), «Так пачыналася маладосць» (1934), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Кацярына» (1938, паэма), «Вершы і паэмы» (1940), «Шляхамі баравымі» (1940), «Насустрач сонцу» (1943, Масква), «У роднай хаце» (1946), «Вершы і паэмы» (1946), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Па сакрэту» (1961, сатыра і гумар), «А дні ідуць…» (1961), «Маладым сябрам» (1961, для дзяцей), «Высокія хвалі» (1962), «Наш музей» (1962, паэма для дзяцей), «Вершы і паэмы» (1966), «Заўсёды з Леніным» (1967, паэма), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «Ты — мая пчолка» (1972), «Лясы наддзвінскія» (1973, паэма), «І ўдзень і ўночы» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979), «Маладосць і сталасць» (1980), «Савецкі чалавек» (1982), «Мая Радзіма» (1985).

Аўтар аповесцяў «Каландры» (1931, экранізавана ў 1934), «Донька-Даніэль» (1982, для дзяцей), нарысаў «Ураджай» (з П. Глебкам, 1933), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), рамана «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборніка апавяданняў «Разам з камісарам» (1974).

Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф`ева, У. Бранеўскага, Дж. Байрана і інш. паэтаў.

Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» (1940, пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з Я. Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947).

Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і многімі медалямі. Народны паэт БССР (1962). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975). Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Ганаровы грамадзянін Мінска (1980). Член СП СССР з 1934. Лаўрэат Сталінскай прэміі 2-й ступені за паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаяць…», «Спатканне» (1947), Сталінскай прэміі 3-й ступені за зборнік вершаў «Дарогі жыцця» (1950), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман «Калі зліваюцца рэкі» (1959), Ленінскай прэміі за кнігу вершаў «А дні ідуць…» (1962), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за паэму «Заўсёды з Леніным» і за кнігу вершаў «Між чырвоных рабін» (1969), Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

У Мінску (вул. К. Маркса, 30) створаны літаратурны музей Пятруся Броўкі. На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у БелЭн і Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна адкрыты мемарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах — хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта. Імя П. Броўкі прысвоена выдавецтву «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», калгасу «Новае жыццё» і Вялікадолецкай школе; яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах. Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ устаноўлена стыпендыя імя Пятруся Броўкі.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/424
Текущая дата: 23.12.2024