Белорусский портал в Казахстане

Псалом - песнапеў анёльскі. (Уводзіны да кнігі Псалтыр)



Пісанне, натхнёнае Богам,
карыснае ўсякаму чалавеку:
для навучання і разважання,
для ачышчэння і высвячэння,
для выпраўлення і для здзяйснення праўды,-
каб дасканалы быў чалавек і здатны
да ўсякае добрае справы,
як піша апостал Павел.
Усталявана Святое Пісанне,
каб мы знаходзілі ў ім
для сябе спажытак і мелі раду -
ў Законе Старым і ў Законе Новым,
у дзеях Святых Айцоў і ў Святых Прароках,
і ў прыповесцях мудрацоў
і ў псалмах урачыстых, якія складаў цар Давід
і іншыя Божыя хвалапеўцы.
 
Прарокі звястуюць наступнасць,
якая суджана людзям і цэлым народам
паводле іхняга чыну:
добрую - добрым і злую - злым.
Жыцці Святых Айцоў і іхнія дзеі
вучаць нас жыць на свеце
ў цярплівасці і ў надзеі, і ў боязі Божай.
Прыпавесці і сказы настаўнікаў мудрых
дбайна ўсіх нас - малых і старых -
настаўляюць у звычаях добрых.
 
Псалмы ацаляюць дух і гояць ад немачаў цела,
душу прасвятляюць, мацуюць розум,
спакой усталёўваюць, льюць лагоду,
тугу праганяюць, адводзяць смутак,
любоў абуджаюць, спагаду, шыраць
людзей прыязнасць, даюць у малітвах чуласць.
Злых духаў выганяюць, анёлаў на помач клічуць.
Псалом - гэта шчыт
супраць нашых сурочлівых мрояў і пострахаў,
супакаенне - у рупеску дзённым,
падтрымка - у працы, дарадца і радасць - юным,
старым - уцеха і песня,
жанчынам - малітва пабожная і акраса,
мужчынам - апора трывалая і падмога,
навук памнажэнне дарослым
і дзеткам малым - пачатак усякай добрай навукі.
 
XVI ст.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/451
Текущая дата: 28.03.2024