Белорусский портал в Казахстане

Па-над белым пухам вішняў...



Dе lа musique аvant tоutе chose. (Р. Vеrlаinе)
                   ***
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б`ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых,-
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.

I ліецца хваляй песня,-
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.

Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/723
Текущая дата: 21.12.2024