Белорусский портал в Казахстане

Стаўбавы абрад



У паўночна-заходніх раёнах Беларусі пачаткам вяселля лічылася выкананне стаўбавога абраду («зачынальнага абраду», «рады», «баслабожы»). Ён здзяйсняўся ў доме жаніха пры ўдзеле гасцей перад яго ад`ездам да маладой, а ў доме нявесты — перад ці адразу пасля прыезду маладога. Выконваў абрад і спецыяльную стаўбавую песню старшы сват або хто-небудзь з жанатых мужчын (зачынальнік, стаўбавы), які меў адпаведны талент. Ён улазіў на печ ці на стоўб пры печы, а зрэдку станавіўся на лаўку, трымаючы ў руках два пірагі. Ўсе прысутныя уставалі, акрамя маладых. Усталёўвалася цішыня. Тады выканаўца, стукаючы пірагамі адзін аб адзін, гаварыў: «Дом свяшчэнны, мір хрышчэнны, баславіце раз, баславіце два, баславіце тры». Госці за кожным разам адказвалі: «Бог баславіць».

Пасля гэтага ён пачынаў спяваць стаўбавую песню, ў якой богі заклікаліся да людзей, каб «скаваць свадзебку моцную, штоб яе людзішкі не разгудзілі, ветрыкі не раздулі, дожджыкі не размачылі». Скончыўшы песню, зачынальнік кідаў пірагі да парога, дзе іх падхоплівалі дзеці. Затым частавалі стаўбавога і ўсіх прысутных.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/840
Текущая дата: 24.11.2024