Белорусский портал в Казахстане

Пчала



"Боская працаўніца" — пчала — у культуры шматлікіх народаў з`яўляецца надзвычай шматпланавым сімвалам. Яна стала ўвасабленнем працавітасці і стараннасці, арганізатарскіх і творчых здольнасцяў, мудрасці і храбрасці, самаадданасці, эканоміі і беражлівасці. Часам пчала сімвалізавала таксама красамоўнасць, нездарма ж з`явіўся выраз "мядовыя словы". Менавіта таму, што раней чытаць і пісаць даводзілася пры васковых свечках, пчалу сталі звязваць з асветай і адукацыяй.

У старажытных славян пчала стала сімвалам кахання, таму што аб`ядноўвала ў сабе і радасць, асалоду (мёд), і гаркоту (джала), — тое, без чаго не абходзіцца сямейнае жыццё.

 Пчолы заўсёды былі паплечнікамі нябесных бостваў. Дзікі мёд звалі "ежай багоў". Хрысціяне прадоўжылі гэту традыцыю: пчаліны мёд стаў сімвалам Хрыстовай дабрадзейнасці, а джала — яго пакутамі.

 Старажытныя людзі былі перакананыя, што пчолы з`яўляюцца на свет "самі па сабе, з воску і мёду", таму пчала была таксама сімвалам цнатлівасці. Так яна стала сімвалізаваць адвечную дзявоцкасць Дзевы Марыі, якая без граху зачала і нарадзіла Ісуса Хрыста.

Часам выяву пчалы можна сустрэць на надмагільных камянях, як сімвал бессмяротнасці. Магчыма таму, што абуджэнне пчалы пасля зімовага сну атаясамлівалася з уваскрасеннем пасля смерці.

 Згодна са старажытнымі паданнямі, святымі пчолы сталі таму, што джалілі рукі тых, хто прыносіў пакуты Хрысту, і палягчалі яго пакуты: яны прыляталі роем і пілі яго крывавы пот у час яго хрэсных пакут. Таксама лічыцца, што менавіта пчолы першымі разнеслі вестку аб яго ўваскрэсенні. Пчалу заўсёды лічылі Боскай угодніцай, таму што яна "робіць воск на свечы" — "Богу ахвяру прыносіць".

Тыя, хто меў сто і больш вулляў, па народных уяўленнях, былі звязаны з нячыстай сілай, іх звалі знахарамі, калдунамі і ведзьмакамі. У дахрысціянскія часы ў народзе існавала паданне, што пчолы з`явіліся ў багне, таму іх ахоўнікамі лічылі вадзяніка.

Лічылася, што пчала джаліць толькі грэшнікаў: "пчолы не любяць дурных людзей", а добрага чалавека "пчала не кране".

Сярод сялян існаваў звычай: "Чалавеку злоснаму, грахоўнаму лепш пчол не заводзіць!"

Забіць пчалу без нагоды лічылася вялікім грахом, скрасці вулей ці калоду — страшэнным злом, разбурыць вулей — "разбурыць храм Божы".

 Паўсюдна лічылася, што гаспадар павінен размаўляць з пчоламі, як з разумнымі істотамі, быццам яны з`яўляюцца членамі сям`і. Ім трэба расказваць сямейныя навіны. Калі пчолы на некалькі хвілін змоўклі, а потым загулі роўна, значыць, прынялі навіны добра; калі ж выляталі з вулляў і злосна гулі — чакай непрыемнасцяў.

Лічылася, што пчолы не "ганаруюць" таго гаспадара, які любіць есці мёд.

Чужы рой, які наведаў вашу гаспадарку, лічыўся добрай прыкметай, знакам дабрабыту ў хаце і гаспадарцы. Гэты рой трэба было асабліва ахоўваць.

Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда 11.08.2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/872
Текущая дата: 23.12.2024