Белорусский портал в Казахстане

Крошын: радзіма Паўла Багрыма



Зайграй, зайграй, хлопча малы, І ў скрыпачку, і ў цымбалы, А я зайграю ў дуду, Бо ў Крошыне жыць не буду. Бо ў Крошыне пан сярдзіты, Бацька кіямі забіты, Маці тужыць, сястра плача: “Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..”

Гэтыя радкі, вядомыя кожнаму беларусу, напісаныя ў той час, калі яшчэ не нарадзіліся ні Колас, ні Купала. Яшчэ не загучала “Дудка” Багушэвіча, і “Сялянкі” Дуніна-Марцінкевіча нават не было ў задуме. І ці даведаліся б мы калі-небудзь пра каваля й паэта Паўла Багрыма, каб…

Каб на пачатку ХІХ стагодзьдзя ў мястэчку Крошын не служыў ксёндз Мацей Магнушэўскі, які адкрыў пры касьцёле школу. Каб у 1822-м мястэчкам не завалодаў шляхціц Станіслаў Юрага, якому заманулася перапісаць вольных крошынцаў у мужыкі, каб увесьці паншчыну. Каб з-за сквапнасьці таго Юрагі ў 1828-м ня ўспыхнуў бунт, уціхамірваць які давялося губэрнатару. Менавіта тады з вуснаў пятнаццацігадовага крошынца й прагучалі гэтыя радкі: “Мне пастушком век ня быці, А ў маскалях трудна жыці, А я і расьці баюся, Дзе ж я, бедны, абярнуся?”

І яшчэ невядома, што болей напалохала расейскага чыноўніка — рашэньне пакрыўджанай шляхты бараніць свае правы ці гэтыя радочкі “на местном наречіі”. Гледзячы на прысуд — Багрым быў рэкрутаваны на 25 гадоў — верш прадстаўнік новай улады ацаніў дастойна.

Сёньня Крошын сустракае падарожніка вялікай сажалкай, у якой адбіваюцца двухпавярховыя катэджы колішняга калгасу-мільянэра. Калі глядзець на дагледжанасьць крошынскіх дамоў, чысьціню вуліцаў і аўтамабільны рух, гаспадарка і цяпер трымаецца. І амаль няма старасьвеччыны. Уражаньне, быццам прыехаў не ў старое мястэчка, а ў нядаўна заселеную вёску. Новая царква на плошчы, новае кафэ, новая школа.

У школу, дзе ёсьць музэй Паўла Багрыма, я і накіраваўся. Выкладчыца роднай мовы Лілія Голас сустрэла мяне вельмі прыязна.

(Голас: ) “Бачыце наш музэй. Можа, ён не такі прывабны. Тут усё зроблена рукамі вучняў ды настаўнікаў”.

(Карэспандэнт: ) “А які, на вашую думку, самы каштоўны экспанат?”

(Голас: ) “Вось. Я лічу — тое, што зроблена рукамі Багрыма. Хаця вялікага доказу, як кажуць, няма, але навукоўцы палічылі, што частка агароджы, весьнічкі, экспанаты, якія вы бачыце тут, зробленыя рукамі Паўла Багрыма. У радыюсе недзе пяцідзесяці кілямэтраў праехалі — і вось такія рэчы зробленыя толькі ў нас і ў Каўпеніцы, тут побач”.

Аглядаючы работы майстра, я быў вельмі зьдзіўлены паведамленьнем, што паэтычная спадчына паэта магла быць значна багацейшая. У Крошыне жыў чалавек, які меў поўны сшытак Багрымавых вершаў.

(Голас: ) “Я на той час была яшчэ вучаніцай гэтай школы. Каб мы ведалі, дык зьвярнуліся б да чалавека, які меў гэныя вершы. Ён сам быў глухі такі чалавек, глуханямы, але ў яго былі вершы Паўла Багрыма. І, як сьцьвярджала жонка, за непатрэбай, цяжка было з паперай — скурылі гэтыя вершы. Жонка яго сьцьвярджала так. Хто ж ведаў, што праз столькі гадоў мы станем вяртацца...”

Помнік Багрыму рабавалі не аднойчы. Вандалы вельмі любяць каляровыя мэталы. Апошні помнік (ужо трэці) з-за адсутнасьці медзі, дзякуй Богу, не кранаюць. Паэт выяўлены паводле вядомай працы Заіра Азгура.

(Голас: ) “Выява Паўла Багрыма. Зроблена па ўяўленьні. Як адкрывалі мы музэй, мне абяцалі эксгумацыю — і па парэштках цяпер крыміналістыка вельмі лёгка можа вызначыць, які чалавек, выяву яго зрабіць. Не зрабілі. Абяцаць — паабяцалі, але на гэта трэба сродкі, на гэта трэба дазвол. Гэта партрэт Азгура, а гэта Марачкін нам падараваў. Паглядзіце, два розныя абліччы. Такім уяўляюць яго. Практычна мы нічога ня маем — акрамя таго, што згадваецца ў архівах”.

Я быў вельмі ўсьцешаны тым, што костак Багрыма ўсё ж ня сталі выкопваць зь зямлі. Бо ці так гэта важна — які ён меў твар? Крыміналістыка кепска стасуецца з паэзіяй. Бо і сталы, вусаты прыгажун Азгура, і рашучы маладзён Марачкіна толькі ўзбагачаюць легенду. Тым больш, што гэта было так даўно! Зрэшты, у апошнім я моцна засумняваўся, спаткаўшы карэнную крошынку, патомную шляхцянку Гражыну Сергель. Яна вось ужо 89 гадоў жыве каля знакамітага на ўсю Беларусь касьцёлу.

(Сергель: ) “Некалі было мястэчка. Некалі былі кірмашы. Яно не падлягала паншчыне. Яно было вольнае! Вызваленьне ад паншчыны — кніга залатымі літарамі была выпісаная. Яе хавалі ў Крошыне па чарзе. Жыхары. Юрага быў… Нюхаў, нюхаў. У каго прыхоўваецца кніга гэтая. Вынюхаў ён. Прозьвішча Ролік. Паклікаў яго, падпаіў. “Прынясі, пакажы мне гэтую кнігу”. Гэты прынес, паказаў яму гэтую кнігу, той за кнігу — і шыш. Не аддаў. Усё жыцьцё не рабіў Крошын паншчыну, і раптам паншчына. Выклікаў полк карны. Расказвалі дзяды, прадзяды. І ад канторы да крыжа, стаяў на скрыжаваньні — усіх мужчын распранулі да палавіны, і салдаты розгамі секлі. Паплыла кроў аж у Шчару”.

(Карэспандэнт: ) “А што расказвалі дзяды-прадзеды пра Багрыма?”

(Сергель: ) “Наш жыхар крошынскі. Залатыя рукі меў. Ён многа трымаў вучняў. Ён зрабіў гэтую люстру. У яго была адна дачка, Альжбета. Дзе яны выехалі, невядома. Згубілі сьлед. А ён пісаў вершаў вельмі многа. У Гэлькі Камінскай маці сваячка была яго. Казала — во такі во зборнік у зялёных акладках, вершаў. Пры цару ж ня можна было пісаць. І гэтая Камінская хавала гэтыя вершы. Яна хавала, хавала, а потым дала дзецям. А дзеці папарывалі.

А ён меў залатыя рукі. Прынес пан Завадзкі яму брытву ангельскую. “Зробіш ты мне такую брытву?” “Пакінь, — кажа, — пачакай”. За тыдзень часу прыходзіць пан, ён кладзе дзьве брытвы перад ім. Кажа: “Выбірай, каторая твая, каторая мая”. Схапіўся Завадзкі за брытву Багрымаву. А як павярнуў, выпісана “П.Б. Крошын”. А на ангельскай нічога”.

Дзіўная старая пра падзеі даўно мінулай эпохі апавядала так, як быццам усё адбывалася нядаўна. Але наступная гісторыя пані Гражыны ўсё мне раслумачыла. Прага волі й гатовасьць да адпору не былі вытраўленыя з крошынцаў нават за саветамі. І выкаваная Багрымам жырандоля засталася ў касьцёле дзякуючы крошынскаму бунту 1960-х гадоў.

(Сергель: ) “Прыяжджалі зь Менску па гэтую люстру. Можа, дзесяць разоў прыяжджалі. Але ж кладаўшчык быў наш. Католік, Стэфан. Тут бабкі старыя, хто з чым. Хто зь віламі, Самахвіліхі маці з матыкаю. І стане каля дзьвярэй. І кажа: “Падыдзі. Я ўжо пражыла дзевяноста гадоў. Мне ўжо хопіць жыцьця. А табе галаву раскалю напалам”. Яна спраўная такая, маленькая жанчына, шустрая была”.

(Карэспандэнт: ) “У характары крошынскіх захавалася гэтая вольнасьць?”

(Сергель: ) “А хто нас крошынскіх засталося? Дзьве жанчыны. Чаму ён быў вольны? Некалі казалі: “Вільна капейку Крошыну вінна”. Крошын быў большы за Вільню некалі. Але ж швэды ішлі — зьнішчылі, татары ішлі — зьнішчылі. Якія войны ні ішлі, гэты Крошын згарыць. Другая сусьветная вайна прайшла — “асвабадзіцелі” спалілі. Як сьвечка згарэў. У 44-м годзе”.

Вось аказваецца, адкуль такая крошынская сучаснасьць. Маёй наступнай суразмоўцы, бабе Ганьне, таксама ёсьць чым згадаць “асвабадзіцеляў”. Яна іх добра запомніла не ад 1944, а ад 1939 году.

(Ганна: ) “Вывезьлі ў нас вельмі многа. І мы былі таксама ў сьпісах. На вываз. Вывезьлі ў першую чаргу сапраўдных палякаў. Легіянэры былі. Іх у першую чаргу. Сярод ночы, дзьве гадзіны на зборы, зь дзецьмі”.

(Карэспандэнт: ) “А вас за што ў гэтыя сьпісы?”

(Ганна: ) “Бацька любіў рабіць. Зямлі было многа. То нас у кулакі запісалі”.

(Карэспандэнт: ) “А што вас уратавала ад высылкі?”

(Ганна: ) “Немцы пайшлі з вайной”.

У бабы Ганны для мяне знайшлася яшчэ адна гісторыя. І таксама пра крошынскі бунт. 1949 году.

(Ганна: ) “Касьцёл я помню, як забіралі. Уся вёска была там. Быў старшыня — ня ведаю, зь якой ён вёскі родам. І ўмомант па Крошыне праляцела, што касьцёл прыйшлі забіраць. А ключы былі ў маёй сяброўкі. Яна гаворыць, што старшыня загадаў ключы аддаць. А старэнькія бабкі: не давайце, дзеткі, не давайце. Ключы мы з гэтай Засяй схавалі. Нікому не аддавалі. Паклікалі каваля. Ён кажа: “Забіце мяне на месцы, ня буду”. Прывезьлі са Старога Двара каваля, той таксама адмовіўся. Такі плач, крык бабы паднялі. І той ключ у Засі застаўся. А пасьля бацька яе аддаў. Як аддаў, тады склад зрабілі. Страшны дзень быў”.

Грукаючы ў хату Гэлены Камінскай, апошняй, хто бачыў Багрымавы вершы, я, прызнацца, хацеў цуду. А раптам... Але цуду ня здарылася.

(Камінская: ) “Вось тая вокладка. У ёй жа нічога няма. Яна, бачыце, якая зьнішчаная, старая”.

(Карэспандэнт: ) “Як шкада! Як так здарылася?”

(Камінская: ) “Яны вельмі дружылі з Багрымам. І бацька наш вельмі баяўся за гэтыя вершы”.

(Карэспандэнт: ) “Што ён расказваў? Аддаў, схаваў?”

(Камінская: ) “Дзецям ён не аддаваў. За гэтыя вершы адказваў бы. За гэтыя вершы. Ён мог іх спаліць, а мог аддаць гэтаму Багрыму. А, можа, той Багрым пакойны каму аддаў. Хто іх ведае. Вельмі даўно было”.

Вось з гэтым я, трымаючы пустую зялёную вокладку, у якой маглі быць аркушы, якім сёньня цаны б не было, пагадзіцца ніяк ня мог. Якое тут “даўно”! Калі Багрым памёр толькі ў 1891-м. А Гэленінаму бацьку было тады дваццаць гадоў. Якое “даўно”, калі адваяваная крошынцамі жырандоля дасёньня зачароўвае позіркі вернікаў. Якое “даўно”, калі аматарскі юначы вершык цяпер гучыць як крамола.

У Беларусі ўсё толькі пачынаецца. І прамінулыя ад першага крошынскага бунту гады — толькі разгон перад новымі бунтамі.

Радыё Свабоды
30.11.2006
Зьміцер Бартосік, Крошын

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/pages/print/1/880
Текущая дата: 18.04.2024