Новости по теме

https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


З якімі складанасцямі сутыкаюцца касманаўты?


Да апошняга тыдня шанцы большасці беларусаў сустрэцца асабіста з касманаўтам, а тым больш з астранаўтам ці тайканаўтам, раўняліся нулю. Канешне, нашы землякі Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі радзіму не забываюць. Але ж ці могуць іх візіты ахапіць усіх, каго цікавіць касмічная тэма?

Звычайна, калі мы хочам падкрэсліць невыканальнасць задачы, кажам: «Не прасцей, чым трапіць у космас...» Тым не менш, пачынаючы з палёту Гагарына, на калязямной арбіце пабывала ўжо каля 600 чалавек. І амаль 90 з іх прыехалі ў Беларусь для ўдзелу ў ХХХІ Міжнародным кангрэсе ўдзельнікаў касмічных палётаў

Праўда і міфы пра «Салют-7»

Па традыцыі адзін дзень падчас правядзення кангрэса адводзіцца для сустрэч касманаўтаў і астранаўтаў з грамадскасцю — навукоўцамі, даследчыкамі, канструктарамі, спецыялістамі прадпрыемстваў, якія задзейнічаны ў касмічных распрацоўках, ну і абавязкова са школьнікамі і студэнтамі, якія ўсё радзей мараць пра космас. Мы наведалі дзве такія сустрэчы.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце на шасці факультэтах і ў Інстытуце прыкладных фізічных праблем высадзіўся бадай што самы шматлікі і прадстаўнічы касмічны дэсант з дванаццаці касманаўтаў і астранаўтаў з Расіі, Швецыі, Германіі і ЗША.

Выступленні гасцей былі напрамую звязаны са спецыфікай адукацыйнай і навуковай дзейнасці тых падраздзяленняў, куды яны завіталі. Напрыклад, геаграфічны факультэт наведалі Марыё РАНКА, амерыканскі астранаўт, спецыяліст у галіне мэтэаралогіі і фізічнай акеанаграфіі, і касманаўт Віктар Савіных, двойчы Герой Савецкага Саюза, вучоны, які шмат гадоў быў рэктарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта геадэзіі і картаграфіі, а цяпер займае ў гэтай ВНУ ганаровую пасаду прэзідэнта.

Пра подзвіг Віктара Савіных моладзь ведае дзякуючы фільму «Салют-7», які выйшаў на экраны летась. У цэнтры сюжэта — выратаванне савецкай касмічнай станцыі, якая страціла сувязь з Зямлёй, перастала рэагаваць на ўсе каманды з Цэнтра кіравання палётамі. Раней ці пазней яна пачала б зніжацца і ў рэшце рэшт упала б на Зямлю. Да таго ж і губляць дарагую касмічную тэхніку ніхто не хацеў... Таму перад экіпажам у складзе Уладзіміра Джанібекава і Віктара Савіных была пастаўлена задача: прыстыкавацца ўручную да некіраванага «Салюта-7» і вярнуць касмічную станцыю да жыцця. Іх палёт стаў адной з самых складаных місій у гісторыі сусветнай касманаўтыкі.

Станцыя круцілася ў космасе ва ўсіх плоскасцях на вялікай хуткасці. Стыкоўку ў такіх умовах яшчэ ніхто і ніколі не выконваў. Было невядома, што здарылася на станцыі: выбух, разгерметызацыя з-за пападання метэарыта або, можа быць, пажар? На Зямлі адпрацоўвалі дзеянні экіпажа на ўсе выпадкі...

Натуральна, што студэнты пацікавіліся меркаваннем Віктара Савіных пра кінафільм. Ці не з'яўляецца расійская стужка адказам амерыканскаму «Амаргедону»? І як ён ставіўся да таго, што да «мёртвай» станцыі паляцеў карабель пад нумарам 13?

— Абсалютна спакойна, — запэўніў герой-касманаўт. — Гэта амерыканцы баяцца лічбы 13. Нават калі яны трэніраваліся ў нашым Зорным гарадку, то ніхто з іх у 13-м пакоі не жыў. А ў мяне з гэтай лічбай у жыцці шмат што звязана. Падчас першага майго касмічнага палёту стыкоўка праходзіла 13 сакавіка. Трэці палёт быў у рамках 13-й Міжнароднай экспедыцыі. Да «Салюта-7» мы ляцелі на караблі «Саюз Т-13». І жыву я ў кватэры № 13. Так што я сябрую з гэтай лічбай. Ніякіх забабонаў у мяне няма.

Што датычыцца праўдападобнасці фільма, то там, канешне, вельмі шмат мастацкага вымыслу. Ніхто кувалдай у адкрытым космасе не махаў! Гэты эпізод мяне больш за ўсё абурыў. А вязаныя шапкі на нас — гэта праўда.Тэмпература на станцыі, калі мы туды трапілі, была мінусавая. Але ўвогуле я лічу фільм карысным для прыцягнення ўвагі моладзі да космасу. Касмічныя палёты заўсёды напоўнены самымі рознымі няштатнымі сітуацыямі, на якія трэба рэагаваць імгненна. І важна паказаць граматныя дзеянні экіпажа.

Ці бачная зверху Вялікая кітайская сцяна?

Амерыканскі астранаўт Марыё Ранка здзейсніў тры касмічныя вандроўкі на шатлах і адзін выхад у адкрыты космас. Ён служыў афіцэрам мэтэаслужбы на дэсантным караблі, афіцэрам экалагічнай службы ВМС ЗША, праводзіў акіянаграфічныя і гідраграфічныя даследаванні. Запрашэнне паступіць у NASA атрымаў у 1987 годзе. І хоць годам раней трагічна загінулі сем членаў шатла «Чэленджэр», яго гэта не спыніла...

— Калі я рос, наша краіна была ахоплена інтарэсам да космасу, — канстатуе ён. — Я глядзеў фантастычныя фільмы кшталту «Стартрэка» і таксама марыў пра космас. Вельмі хацелася б, каб так было і цяпер. У мяне часта пытаюцца, што я думаю пра сучасныя фантастычныя фільмы. Скажу, што самы горшы фільм, які я глядзеў, — гэта «Гравітацыя».

У Марыё выдатнае пачуццё гумару. На пытанне: «А што, акрамя добрага здароўя, патрабуецца для таго, каб трапіць у космас?» ён упэўнена адказвае: «Трэба быць такім жа прыгожым, як я». А ці ёсць месца гумару на касмічным караблі? «Там мы пастаянна жартуем адзін з аднаго, — сцвярджае ён. — Гумар — выдатны спосаб разрадзіць атмасферу і ўстанавіць больш цесныя сувязі з калегамі, з якімі ты праводзіш побач шмат часу».

Усіх цікавіць, як спіцца ў космасе і што сніцца касманаўтам.

— Некаторым падабаецца спаць у бязважкасці, але толькі не мне, — кажа Марыё. — Першы раз я адправіўся ў космас у 39-гадовым узросце. Гэта значыць, што 39 гадоў я спаў у сваім ложку з падушкай і коўдрай. Прызнаюся, што іх у космасе вельмі не хапала. Да таго ж, калі ты знаходзішся ў бязважкасці і на цябе не дзейнічае прыцягненне, твой пазваночнік выцягваецца: я, такім чынам, вырас на два сантыметры. Падобнае «падаўжэнне» стала прычынай боляў у паясніцы. Прыйшлося прымаць абязбольвальныя сродкі, каб заснуць. Калі вас на Зямлі штосьці непакоіць (прастуда ці насмарк), вы ж таксама не можаце заснуць. Затое добрая навіна заключалася ў тым, што раней, калі ў мяне пыталіся пра мой рост, я людзям крышачку хлусіў — казаў, што шэсць футаў. А калі я ў космасе «падрос», выйшла, што казаў усім праўду...

Калі ты знаходзішся на арбіце, то спіш менш, бо графік вельмі насычаны. Тым больш калі хочаш правесці нейкі час каля ілюмінатара і паназіраць за Зямлёй, зорамі, зрабіць фотаздымкі, то даводзіцца скарачаць пад свае патрэбы час на сон.

Але адзін свой сон падчас касмічнай экспедыцыі Марыё ўсё ж такі запомніў і падзяліўся ім з аўдыторыяй: яму снілася, што яны разам з жонкай знаходзяцца ў кабіне шатла. Паміж імі стаіць свечка, але запальваць яе катэгарычна нельга, і яны разам назіраюць у цемры за космасам.

Метэоры Марыё параўноўвае з адбіткамі пальцаў у чалавека, бо яны нясуць унікальную касмічную інфармацыю. Але непасрэдна для караблёў і станцыі ўяўляюць пагрозу, таму лепш за імі назіраць на вялікай адлегласці. Астранаўт расказаў, што, знаходзячыся ў космасе, можна на працягу сутак сустракаць світанак 16 разоў. Зверху можна разглядзець мяжу паміж ЗША і Мексікай, Егіптам і Ізраілем, а вось Вялікую кітайскую сцяну — вельмі праблематычна, таму што яна па колеры зліваецца з мясцовасцю, частка сцяны праходзіць увогуле праз лясы, а ўмовы надвор'я, якія там складваюцца, таксама не спрыяюць, каб можна было яе разглядзець.

Што датычыцца выхаду ў адкрыты космас, то гэта, падкрэслівае Марыё, самыя моцныя ўражанні і захапляльны досвед у жыцці. Чалавеку насамрэч вельмі цяжка асэнсаваць бясконцасць.

З кандытарскай фабрыкі — у космас

А вось расійскаму касманаўту Юрыю Усачову падчас адной са сваіх місій давялося выходзіць у космас аж шэсць разоў! Герой Расійскай Федэрацыі, лётчык-касманаўт Юрый Усачоў і першы астранаўт з Вялікабрытаніі — доктар Хелен Шармэн — сустрэліся са школьнікамі ў сталічным кінатэатры «Піянер», дзе ім давялося адказваць на зусім недзіцячыя пытанні. Напрыклад, наконт перспектыў развіцця новых сродкаў для скарачэння часу пералёту да Марса.

— Выхад у адкрыты космас — гэта сур'ёзная фізічная нагрузка, таму што скафандр важыць больш як 100 кілаграм, ён нязручны і ты цягаеш яго на сабе, як слімак — сваю ракавіну. Рукі, ногі цяжка згінаюцца. Ну і псіхалагічна даводзіцца няпроста, бо трэба пастаянна кантраляваць свае перамяшчэнні. Але страху няма, пра трос, які злучае цябе са станцыяй, у гэты момант не думаеш. Усе твае рухі і счэпкі адпрацоўваюцца да аўтаматызму яшчэ на Зямлі падчас доўгіх трэніровак. Пасля выхаду ў адкрыты космас звычайна губляеш два-тры кілаграмы. Затое потым вельмі добра спіцца, таму што ты вельмі стаміўся і думаеш толькі аб адным — як дабрацца да сваёй падушкі, — усміхаецца Юрый Усачоў. — А вось сны ў космасе сняцца толькі зямныя.

Дзяцей цікавіла, што было самым складаным падчас палёту і ці бывае касманаўтам страшна?

— Старт ракеты і вяртанне на зямлю — самыя небяспечныя ў тэхнічным плане моманты палёту. А ў чалавечым... ты пазбаўлены на доўгі час звыклай атмасферы, сям'і, прыроды, змен часоў года і вялікай колькасці вады, бо экспедыцыя доўжыцца шэсць месяцаў. Для гігіенічных працэдур на касмічнай станцыі прадугледжаны свае прыстасаванні. Бульбачку таксама нельга пасмажыць на патэльні, — жартуе Юрый.

— Страшна, калі наперадзе цябе чакае невядомасць, а нас рыхтавалі да палёту прафесіяналы, і я ведала ўсё, што мне трэба было ведаць, і давярала людзям, якія стварылі карабель, — канстатуе Хелен. — На жаль, мая місія была вельмі кароткай — усяго восем дзён. Я адправілася на касмічную станцыю як даследчык. І самым складаным для мяне было зрабіць усё, што я хацела б зрабіць у космасе, канешне, акрамя пастаўленых перад мной задач. А пры падрыхтоўцы да палёту самым цяжкім было вывучыць рускую мову.

Сказаць, што Хелен выцягнула шчаслівы білет, калі трапіла ў космас, — нічога не сказаць. Яна стала першым астранаўтам у Вялікабрытаніі, хаця не была ні лётчыкам, ні канструктарам, ні інжынерам. Затое добра разбіралася ў хіміі. На момант, калі яна пачула па радыё паведамленне аб адборы кандыдатаў для ўдзелу ў касмічным палёце ў рамках праекта Juno (па збору сродкаў на фінансаванне экспедыцыі камерцыйнымі і грамадскімі арганізацыямі), Хелен працавала... хімікам-тэхнолагам на кандытарскай фабрыцы. Яна рызыкнула і перамагла сярод 13 тысяч сваіх суайчыннікаў, якія таксама імкнуліся трапіць у космас. Сёння Хелена займаецца навукай і выкладаннем. Кажа, што калі б выдаўся другі выпадак адправіцца ў космас, то яна яго дакладна не ўпусціла б...

Юрый Усачоў і Хелен Шармэн выказалі ўпэўненасць, што чалавек, які высадзіцца на Марсе, ужо нарадзіўся, больш за тое, ён ужо вучыцца ў школе. Таму ім можа стаць кожны з прысутных у зале, калі, вядома, вельмі гэтага захоча.

— Я шчыра жадаю вам не баяцца быць дзівакамі, якія мараць паляцець на Чырвоную планету, — параіў школьнікам Юрый. — Не азірайцеся на іншых, хто кажа, што гэта немагчыма. Як толькі вы пачняце гэта рабіць, будзеце жыць чужым жыццём, а не сваім. Кожны чалавек прыходзіць у свет са сваёй задачай. Самае галоўнае — займацца любімай справай. І паверце, што ўсе намаганні каштуюць таго, каб хоць адным вокам паглядзець на Зямлю з ілюмінатара карабля, адчуць сябе ў бязважкасці...

— На свеце існуе шмат цікавых і важных прафесій. І зусім неабавязкова, каб усе імкнуліся ў космас, — дадала Хелен. — Думаю, што хопіць і некалькіх мэтанакіраваных...

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 15 верасня 2018

Кoличество переходов на страницу: 420