Новости по теме

https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Прэзідэнт адкрыў трэцюю лінію Мінскага метрапалітэна і анансаваў будаўніцтва чацвёртай


Пра тое, што ў хуткім часе пачнецца работа па распрацоўцы кальцавой лініі метрапалітэна ён заявіў падчас адкрыцця трэцяй лініі на станцыі Кавальская Слабада.

«Пачнём мегапраект па будаўніцтве чацвёртай лініі метрапалітэна — кальцавой, якая разгрузіць МКАД. Дзякуючы гэтаму ў агляднай перспектыве будуць створаныя паўнацэнныя транспартна-перасадачныя вузлы паміж усімі відамі гарадскога і прыгараднага транспарту», — сказаў ён.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэцяя чарга «якасна зменіць жыццё горада — надасць яму больш дынамікі і камфорту». «Эканамічны, хуткасны, а галоўнае, экалагічна чысты — гэты від транспарту стаў самым масавым і папулярным, сапраўды народным», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Штодня паслугамі метрапалітэна карыстаюцца больш за 700 тысяч пасажыраў — траціна ўсяго пасажырапатоку Мінска, праінфармаваў Прэзідэнт. Новая лінія злучыць праз цэнтр горада паўднёвыя і паўночныя раёны сталіцы.

«Запуск першай чаргі новай лініі метро — гэта паказчык сацыяльнай і палітычнай устойлівасці»

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў праекціроўшчыкам і будаўнікам за хуткае выкананне, якасць працы і адпаведнасць сучасным стандартам, эстэтыку афармлення станцый і глыбокі сэнс, які закладзены ў іх знешняе аблічча. Асобна ён адзначыў бяспеку трэцяй лініі — яна абсталявана абарончымі агароджамі з празрыстага шкла.

На будаўніцтве першай чаргі былі задзейнічаны больш за 3000 чалавек.

«Дзякуй усім вам, вы сапраўдныя стваральнікі, бо працуеце на карысць людзей. І ў гэты складаны год нічога не спыніла вас: ні пандэмія, ні заклікі да страйку. Таму што вы былі занятыя справай, як і большасць беларусаў, дзякуючы якім краіна жыве, развіваецца, становіцца прыгажэйшай і больш утульнай», — сказаў ён.

Прэзідэнт дадаў, што сённяшні запуск першай чаргі новай лініі метро — гэта паказчык сацыяльнай і палітычнай устойлівасці.

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў, што «падобна цягнікам на новай лініі метро, Беларусь таксама крочыць да новых мэтаў».

«Метрабудаўніцтва параўнальна з космасам, толькі пад зямлёй»

Па словах Прэзідэнта, у свой час яму прыйшлося прымаць рашэнне: працягваць развіццё гэтага віду транспарту ці не. Ён расказаў, што ў сярэдзіне 90-х, пасля распаду Саюза, калі цяжка было, была ідэя спыніць у Мінску будаўніцтва метрапалітэну. «Мной было прынятае рашэнне, якім я ганаруся, — прызнаўся ён. — Я сказаў: метро ў нас будзе. Метрабуд мы разбураць не станем. Я не сыходзіў з таго, што больш танна, а што больш дорага, ці будзем мы перамяшчацца наземным транспартам, трамвайныя шляхі пабудуем па гэтых артэрыях або іншых».

Ён дадаў, што ў тыя гады пашкадаваў «метрабудаўцаў і тую школу, якая ў Беларусі была створаная». «Бо не шмат гарадоў у свеце будавалі тады і будуюць  зараз метро. Мне стала шкада: калі мы спынім будаўніцтва, не стане гэтай школы, а гэта параўнальна з космасам, толькі пад зямлёй. Правільна сказалі вашы кіраўнікі, гэта — вышэйшы ўзровень будаўніцтва. Тут інавацыя, тут самыя новыя тэхналогіі. Адсюль, з-пад зямлі, будаўнікі наверсе, на зямлі, бяруць новыя метады», — адзначыў Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў метрабудаўнікоў з адкрыццём новых станцый. «Вельмі хачу, каб мы захавалі вас — разумных, талковых, таленавітых. Гэта не на злобу дня сказанае, каб вас пахваліць. Вы сапраўды класныя спецыялісты. Таму трымайце сваю галаву ў руках і думайце, як жыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У 2023–2024 гадах будаўніцтва разгорнецца ў бок мікрараёна Зялёны Луг

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў расказаў Прэзідэнту пра перспектывы развіцця метро ў сталіцы.

Па яго словах, акрамя чатырох сёння адкрытых станцый, далейшыя планы — увядзенне ў эксплуатацыю станцыі Аэрадромная. У сакавіку запланавана праводзіць работы па аддзелцы. На станцыі Немаршанскі сад таксама вядуцца работы. Далей — будаўніцтва станцыі Слуцкі гасцінец, паведаміў мэр.

У 2023–2024 гадах будаўніцтва разгорнецца ў бок мікрараёна Зялёны Луг.

Улічваючы, што ў хуткім часе пачне забудоўвацца поўнач Мінска, дзе з’явіцца разумны горад, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў зрабіць невялікае адгалінаванне і ў гэты бок.

Таксама, на думку кіраўніка дзяржавы, у перспектыве неабходна працягнуць сінюю ветку метрапалітэна ў бок Смалявічаў. Прычым у гэтым кірунку ўжо неабходна асвойваць наземнае метро, лічыць Прэзідэнт.

«Неабходна асвойваць наземнае метро, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Нам неабходна выскачыць за Уручча, там выйсці наверх і ісці за Смалявічы».

Па словах спецыялістаў, яны ўжо разглядаюць такія магчымасці (калі падземнае метро выходзіць на паверхню і ідзе як звычайная электрычка), выкарыстоўваючы сусветную практыку.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў паступова пераводзіць Мінск на электратранспарт

«У Мінску ад рухавікоў унутранага згарання трэба сыходзіць. Мінск трэба спакойна, без тэрміновых паказчыкаў, паступова пераводзіць на электратранспарт, бо атручваем людзей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Як распавёў мэр Мінска Уладзімір Кухараў, «МАЗ» і «Белкамунмаш» вырабляюць свае батарэі для хуткай і доўгатэрміновай зарадкі электратранспарту: «І ўжо ўвесь транспарт будзе беларускай батарэяй забяспечаны».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асаблівая ўвагу з вясны будучага года трэба звярнуць увагу трамвайнаму руху. «Трэба прывесці ў парадак трамвайныя шляхі, каб яны былі бясшумнымі. Добрыя ж трамваі вырабляем, і гэта добры транспарт. Трамвайныя пуці трэба прыводзіць у парадак, пачынаючы ад цэнтра. Трамвай — гэта будучае», — адзначыў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя планы актуальны і з нагоды магчымага заўтра адкрыцця Беларускай атамнай станцыі. «Электраэнергіі будзе дастаткова. Нашы пратэстуны плачуць, што няма куды яе падзець. Слухайце, як няма куды падзець электраэнергію? Нам яшчэ трэба адну такую станцыю пабудаваць, каб адысці ад залежнасці па вуглевадародах. Гэта шчасце, падарунак», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Хто б мог думаць: экскалатары свае, усё сваё і цягнік свой!»

Падчас экскурсіі Уладзімір Кухараў звярнуў увагу Прэзідэнта, што ўпершыню на новых станцыях Мінскага метрапалітэна ўсталявалі беларускія экскалатары. Іх паставіла прадпрыемства з Салігорска.

«Добра, што экскалатары зрабілі свае, таму што іх усюды трэба выкарыстоўваць, — адзначыў Прэзідэнт. — Малайцы. Гэта беларускія, а ў Палац рэспублікі пакупалі».

Перамяшчаліся паміж станцыямі вышэйшыя дзяржаўныя асобы на цягніках М-110, вырабленых ЗАТ «Штадлер Мінск» спецыяльна для трэцяй веткі сталічнай падземкі. Цягніковы састаў дадзенай мадэлі мае не толькі выдатныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі, але і палепшаныя спажывецкія характарыстыкі — зніжаны ўзровень шуму, кандыцыяніраванне паветра.

«Добрая машына, ідзе мякка. Хто б мог думаць: экскалатары свае, усё сваё і цягнік свой!» — дадаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт выказаў думку, што беларускія спецыялісты могуць ствараць многае: ад прадуктаў харчавання да буйных інфраструктурных праектаў.

«Я думаю, што ж лепей для краіны: калі ў яе мора вуглевадародаў ці тое, што там могуць усё рабіць? Калі ты ўмееш усё рабіць — за гэтым будучыня. Вуглевадароды знойдуць, атамныя станцыя, ветракі, сонечная энергія — знойдзем. А вось кампетэнцыі, мазгі — гэта галоўнае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Пенсіянеры — гэта святое»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб павышэнні пенсій. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час адкрыцця трэцяй лініі мінскага метро.

«Абавязкова трэба дапамагчы пенсіянерам, ветэранам. Гэта наша апора, яны аказаліся апорай у дадзены момант, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўчора падпісаў указ аб павышэнні (хоць трошкі) пенсій, каб рэальныя пенсіі не ўпалі. Пенсіянеры — гэта святое. Яны не могуць сабе зарабіць больш грошай, яны ўжо выпрацавалі свой час. Мы іх павінны падтрымліваць, як бы ні было цяжка».

Будаўніцтва новай лініі метро ад станцыі Кавальская слабада да станцыі Юбілейная плошча пачалося ў кастрычніку 2013 года. Яе працягласць 4,4 км. Асаблівасць трэцяй лініі — інтэлектуальная сістэма кіравання цягнікамі, аплаты праезду, платформенная бар’ерная агароджа. На новых станцыях будуць курсіраваць вагоны мадэлі М-110, якія выраблены на «Штадлер Мінск». На трэцяй лініі можа быць да 17 станцый, сёння адкрываюцца чатыры. Лінія мае цікавыя інтэр’ерныя рашэнні. На станцыі Кавальская слабада ўвасоблены сінтэз сучаснай архітэктуры і нацыянальнай спадчыны. Асноўная мастацкая задума станцыі Вакзальная — вобраз дарогі. Інтэр’ер станцыі Францішка Багушэвіча заснаваны на матывах творчасці, эпохі і асяроддзя, у якім працаваў гэты пісьменнік. У афармленні апошняй станцыі Юбілейная плошча асноўная мэта — стварэнне святочнага настрою.

Для пасажыраў трэцяя лінія метро адкрыецца 7 лістапада з 12:30.

Вольга Мядзведзева, Марыя Дадалка
Звязда, 6 лістапада 2020

Кoличество переходов на страницу: 264