Чацвер 25 красавіка 2024 г.

https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аб уваходжанні Беларусі ў Балонскі працэс


Калі ў 2002 годзе Беларусь стала паўнапраўнай удзельніцай Лісабонскай канвенцыі 1997 года "Аб прызнанні кваліфікацый вышэйшай адукацыі", паўстала пытанне: як ажыццявіць гэты інтэграцыйны крок, не нашкодзіўшы таму, што ёсць добрага ў беларускай вышэйшай школе, - фундаментальнай і якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў? Для беларускай адукацыі Лісабонская канвенцыя і яе практычная рэалізацыя - Балонскі працэс - сталі новым зыходным пунктам у рашэнні ўраўнення з мноствам невядомых: ці ўдасца захаваць традыцыі фундаментальнай айчыннай навукі, што адбудзецца з кандыдатамі навук, наяўнасць якіх не прадугледжана ў еўрапейскай мадэлі адукацыі, ці не стануць бакалаўры ў чаргу на біржы працы? Былі праведзены кансультацыі са спецыялістамі, скрупулёзны аналіз сітуацыі ў кантэксце "не нашкодзь", і 23 ліпеня 2010 года кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне і даручыў міністру адукацыі Беларусі пачаць працэдуру далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу.

Аб тым, што чакае нацыянальную вышэйшую школу ў кантэксце развіцця інтэграцыі ў еўрапейскую адукацыйную прастору, у інтэрв'ю  расказаў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

- Аляксандр Міхайлавіч, якая асноўная мэта далучэння Беларусі да Балонскага працэсу? Што дасць гэта інтэграцыя нашай вышэйшай школе?

- Інтэграцыя - гэта сучасна і правільна, таму што эканоміка, прамысловасць і тэхналогіі ў краінах Еўропы развіваюцца практычна аднолькава. І мы разумеем, што нашы маладыя спецыялісты павінны быць падрыхтаваны з улікам таго, што робіцца на тэрыторыі Еўропы ў той або іншай краіне. Пры гэтым, вядома ж, мы хочам зрабіць так, каб нашы нацыянальныя асаблівасці вышэйшай школы, нашы традыцыі і якасць захаваліся.

Асноўнай мэтай Балонскага працэсу з'яўляецца стварэнне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Лісабонская канвенцыя прадугледжвае прызнанне кваліфікацый, і асноўныя прынцыпы падрыхтоўкі спецыялістаў ва ўсіх краінах аднолькавыя - па прадметах навучальнага працэсу, па выкананню кваліфікацыйных характарыстык і г.д. Я лічу, што такі крок дасць магчымасць павысіць прывабнасць і канкурэнтаздольнасць нашай нацыянальнай адукацыі ў сучасным свеце.

Жаданне сачыць за развіццём працэсаў адукацыі на еўрапейскай прасторы ў беларускіх вучоных і педагогаў было вялікае. Таму што менавіта праз вышэйшую школу фарміруецца кадравая перспектыва, вядуцца даследаванні, ствараюцца асновы тэхналогій. Больш таго, мы хацелі не толькі вывучаць вопыт, але і прымаць удзел у распрацоўцы адпаведных адукацыйных тэхналогій.

З цягам часу стала зразумела, што рашэнні Балонскага працэсу маюць рэкамендацыйны характар. Гэта значыць, мы можам будаваць сваю сістэму адукацыі зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, а сістэма развіцця Балонскага працэсу, не закранаючы нашых інтарэсаў, дапаможа нам сачыць за адукацыйнымі працэсамі ў сусветнай прасторы і ўдзельнічаць у іх. Яна прадугледжвае распрацоўку пэўнай адукацыйнай палітыкі ў дэмакратычным аспекце, і развіццё нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі не супярэчыць гэтым устаноўкам.

- Беларусь даволі доўга ішла да разгляду пытання аб уваходжанні ў Балонскі працэс. Якія фактары спынялі прыняцце рашэння?


- Спачатку Балонскі працэс вельмі няпроста ўспрымаўся нашымі вузаўскімі вучонымі і выкладчыкамі - у беларускай вышэйшай школы ёсць добрыя кваліфікацыйныя традыцыі. Яшчэ з часоў Савецкага Саюза ў кожнай рэспубліцы адукацыя фарміравалася ў адпаведнасці з развіццём тых ці іншых галін эканомікі, пры адкрыцці спецыяльнасцей абавязкова прымалася за аснову развіццё прамысловасці і забеспячэнне кадрамі. Такі падыход прадугледжвае добрую, моцную, фундаментальную падрыхтоўку. І мы заўсёды клапаціліся аб тым, каб захаваць традыцыі, якія фарміраваліся дзесяцігоддзямі. Гэта па-першае.

А па-другое, беларускія ВНУ даюць сваім выпускнікам кваліфікацыю, з якой адразу ж можна пачынаць працаваць. Заходняя ж вышэйшая школа пабудавана інакш. Там прадугледжваецца бакалаўрыят - агульная базавая падрыхтоўка, а ўжо кваліфікацыя і спецыялізацыя даводзіцца на прадпрыемстве або ў фірме. Для беларускіх прадпрыемстваў такая сістэма не падыходзіла.

Менавіта таму неабходны быў час для вывучэння пытання аб далучэнні да Балонскага працэсу. Прааналізаваўшы дакументы, мы прыйшлі да высновы, што некаторыя рашэнні Балонскага працэсу ўжо ажыццёўлены. Напрыклад, ён не патрабуе, а рэкамендуе двухступеньчатую сістэму вышэйшай адукацыі. І мы прыйшлі да гэтага самі, зыходзячы з інтарэсаў краіны. Таму што разумелі, што акрамя падрыхтоўкі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй ёсць яшчэ прафесіі "асаблівай складанасці" - вучоныя, канструктары машынабудавання, спецыялісты інфармацыйных тэхналогій.

- Далучэнне да Балонскага працэсу азначае ўзаемнае прызнанне дыпломаў аб адукацыі?

- Узаемнае прызнанне дыпломаў - гэта не асноўная мэта Балонскага працэсу і краін - удзельніц Лісабонскай канвенцыі. Дыпломы прызнаюцца і цяпер. Але да прызнання заказчык, работадавец  заўсёды правярае, наколькі ты адпавядаеш таму дыплому і той кваліфікацыі, якая запісана ў цябе ў дакуменце.

Канвенцыя аб прызнанні дакументаў аб адукацыі, або Лісабонская канвенцыя, не прадугледжвае аўтаматычнага прызнання любога дакумента аб вышэйшай адукацыі ў краінах, якія падпісалі канвенцыю. Яна толькі абавязвае распрацаваць працэдуры правядзення прызнання, устанавіць дакладныя тэрміны разгляду спраў і магчымасць апеляцыі.

А ў асноўным Беларусь выконвае ўсе рэкамендацыі Балонскага працэсу, у нас ёсць двухступеньчатая сістэма вышэйшай адукацыі, якасныя праграмы, агульнаадукацыйныя стандарты адпавядаюць патрабаванням еўрапейскай сістэмы менеджменту якасці ІСО 9001. Цяпер Балонскі працэс афіцыйна аб'ядноўвае 47 дзяржаў. З краін былога СССР дэкларацыю падпісалі Расія, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія, Азербайджан. У сакавіку 2010 года ўдзельнікам Балонскага працэсу стаў і Казахстан.

Па зместу мы адпавядаем усім патрабаванням Лісабонскай канвенцыі, а вось мабільнасць плануем развіваць. Хоць дазваляць такую мабільнасць трэба не ўсім, а тым, хто паспявае вучыцца, і толькі пры згодзе рэктара ВНУ. Гэта значыць, паступае студэнт у БДУІР, напрыклад, вучыцца курс-два, пасля, пры выдатных поспехах у асноўнай ВНУ, вядома ж, ён можа паехаць павучыцца ў ВНУ іншай краіны па сваёй спецыяльнасці. Цяпер такую магчымасць выкарыстоўваюць каля 1,5 тыс. беларускіх студэнтаў. Яны вучацца ў ВНУ Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі. Па сутнасці ўсе рэкамендацыі Балонскага працэсу мы выконваем, а цяпер проста прыйшлі да высновы, што іх трэба замацаваць на паперы.

Акрамя таго, нашым вучоным выгадна мець сумесныя распрацоўкі ў структуры Балонскага працэсу. Мы зможам абменьвацца тэхналогіямі, прапаноўваць для ўкаранення свае адукацыйныя ноу-хау, пераймаць чужыя. І не толькі ў адукацыі, але і ў навуцы, прамысловасці, іншых галінах.

Акрамя таго, мы зацікаўлены ў экспарце адукацыйных паслуг. У Беларусі цяпер вучацца амаль 10 тыс. студэнтаў з 84 краін. Але многія хочуць павучыцца ў Еўропе год-два, пасля прыехаць да нас. Гэта пэўная мабільнасць адукацыйных сістэм.

- А як практычна праходзіць працэс далучэння? Як доўга працягнецца гэта працэдура?

- Спачатку нам трэба падаць заяўку. Нашы дакументы разгледзіць экспертная група. Яна ж прыедзе ў Беларусь для вывучэння сістэмы вышэйшай школы. Але мы гатовы да гэтай працэдуры. Бо нашы ВНУ завяршаюць працэс пераходу на еўрапейскія стандарты, значыць, на гэтым узроўні праблем узнікнуць не павінна. Далей рашэнне аб уключэнні Беларусі будзе прымаць Канферэнцыя міністраў адукацыі еўрапейскіх краін. Яна праводзіцца адзін раз у тры гады. Я так думаю, што рашэнне можа быць прынята ў 2012 годзе.

Беларусь, дарэчы, таксама прымае ўдзел ва ўсіх еўрапейскіх канферэнцыях міністраў. Я, напрыклад, быў у Афінах і Стамбуле.

- ВНУ павінны як-небудзь асабліва рыхтавацца да інтэграцыі?


- Не, асаблівых змяненняў не спатрэбіцца. Дарэчы, БДУ ўжо ўваходзіць у Еўрапейскую асацыяцыю ўніверсітэтаў. Асноўныя мэты яе стварэння - садзейнічанне развіццю ВНУ ў адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі вышэйшай адукацыі. Асацыяцыя аб'ядноўвае 800 удзельнікаў з краін Еўропы. Найбольш актуальны і аб'ёмны на сённяшні дзень напрамак дзейнасці асацыяцыі - рэфармаванне сістэмы адукацыі ў рамках Балонскага працэсу. Таксама асацыяцыя актыўна займаецца пошукам найлепшых метадаў і форм укаранення і развіцця ідэй Балонскага працэсу.

Адукацыя - гэта прыярытэтная галіна краіны. Беларусі патрэбны спецыялісты высокага ўзроўню, якія будуць развіваць нашу эканоміку ва ўсіх сферах - ад сельскай гаспадаркі да высокіх тэхналогій. Мы абавязаны сачыць за тым, што адбываецца ў свеце, браць лепшае і прапаноўваць свае рашэнні.

Юлія ВАНІНА
27.07.2010
БЕЛТА


Кoличество переходов на страницу: 2821


Комментарии