https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Полацк будзе развівацца ў якасці аднаго з найбуйнейшых турыстычных і культурных цэнтраў Беларусі


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 мая ў Полацку, беручы ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 1150-годдзю горада.
Лукашэнка заяўляе аб планах ператварыць Полацк "у сапраўдную Меку для культурнага чалавека"

"Гэта дата знамянальная не толькі для палачан. Яна выклікае глыбокае пачуццё нацыянальнага гонару ў сэрцы кожнага беларуса. Шанаванне слаўных старонак летапісу свайго народа — аснова патрыятызму і грамадзянскасці людзей. Як карані сілкуюць і надаюць устойлівасць дрэву, так і гістарычнае мінулае, павага да дзеянняў продкаў узвышаюць і акультурваюць чалавека, фарміруюць і ўмацоўваюць нацыю", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён падкрэсліў, што Полацк адыграў выбітную ролю ў гісторыі і як духоўная калыска народа, бо "менавіта адсюль распаўсюдзілася па беларускай зямлі святло праваслаўнай веры, пісьменства і мастацтва".

Паводле слоў Лукашэнкі, наведаўшы горад, ён з радасцю ўбачыў, што Полацк не застыў у сваім развіцці і не ператварыўся ў горад-музей, які жыве толькі былой славай. "Ва ўсім бачна яго імкненне ў будучыню: у новабудоўлях і прамысловых прадпрыемствах, у планах і настроях людзей. Тут паўсюдна віруе жыццё. Паспяхова развіваецца эканоміка, сацыяльная сфера, адукацыя і культура, ствараюцца камфортныя ўмовы для палачан і шматлікіх гасцей. І пры гэтым беражліва і разумна захоўваецца багатая спадчына мінулых стагоддзяў", — сказаў ён.

Лукашэнка таксама зазначыў, што ёсць жыхары горада, якія негатыўна ставяцца да планаў па мадэрнізацыі Полацка. "Я павінен сказаць тым, хто прама, адкрыта або ўпотай спрабуе супрацьстаяць мадэрнізацыі горада: мадэрнізацыя — не перабудова на сучасны лад, мы імкнемся са старажытнасці дастаць усё, што сёння не бачым, каб наша нацыя ганарылася тым, што ёсць на полацкіх землях, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Для гэтых людзей хачу сказаць: мною прынята рашэнне — генеральны план аднаўлення Полацка. Гораду Полацку быць як апоры духоўнасці, культуры нашага народа. Полацк мы ператворым у сапраўдную Меку для культурнага чалавека. Рашэнне прынята".

Паводле слоў Лукашэнкі, у Полацку, які называюць сэрцам беларускай зямлі, абавязкова "павінен пабываць кожны беларус, каб, дакрануўшыся да вытокаў айчыннай гісторыі, адчуць гонар за сябе і свой працавіты і таленавіты народ". "Тут, у геаграфічным цэнтры Еўропы, абавязкова павінен пабываць і кожны еўрапеец. Пахадзіўшы па вуліцах, дзе больш чым за тысячу гадоў перапляліся традыцыі Захаду і Усходу, розныя веры і культуры, лягчэй будзе зразумець: наша агульнае мінулае — крок да нашай будучыні, — падкрэсліў ён. — Беларусь — гэта не задворкі Еўропы, а вароты ў ЕўраАзію, ключ да практычнага ўвасаблення ідэі інтэграцыі інтэграцый".

Лукашэнка падкрэсліў, што аб`яднанне патэнцыялаў Еўрапейскага і Еўразійскага саюзаў дазволіць "стварыць цалкам новыя магчымасці для дынамічнага развіцця і ўсебаковага супрацоўніцтва краін і народаў двух кантынентаў". "Менавіта ў прасоўванні гэтай ідэі мы бачым найважнейшую місію і геапалітычную ролю нашай дзяржавы як сувязнага звяна", — заявіў Лукашэнка.

Як паведамляе прэс-служба, да пачатку ўрачыстай часткі святочных мерапрыемстваў Лукашэнкі азнаёміўся з тым, як вырашаюцца задачы па сацыяльна-эканамічным развіцці Полацка і Віцебскай вобласці.

Лукашэнка таксам наведаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе яму паведамілі аб выкананні даручэння па рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынкаў былога езуіцкага калегіума, у карпусах якога размяшчаецца гэта ўстанова адукацыі. Усяго было перададзена дзевяць карпусоў. К гэтаму часу ўведзены ў эксплуатацыю пасля мадэрнізацыі шэсць з іх.

Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з праектамі па рэстаўрацыі і рэканструкцыі гістарычнай часткі Полацка. У прыватнасці, размова ідзе аб развіцці інфраструктуры тэрыторый, што прылягаюць да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і Сафійскага сабора. Прэзідэнт ухваліў прапанаваныя планы, зазначае прэс-служба.

Падчас наведвання ўніверсітэта і азнаямлення з навучальнай літаратурай размова таксам зайшла пра тое, што перыядычна ў грамадстве і адукацыйным асяроддзі мусіруецца пытанне аб неабходнасці вывучэння таго ці іншага прадмета ў школах на якой-небудзь адной з дзвюх дзяржаўных моў. "Навошта ўзнімаць пытанні, калі яны ўжо даўно вырашаны і якія спакойна вырашаюцца самі па сабе", — сказаў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ўжо ясна акрэсліў сваю пазіцыю: кожны павінен свабодна выбіраць, на якой з дзяржаўных моў вучыцца. Ён таксама заўважыў, што скончыў рускамоўную школу, але гэта яму не перашкодзіла паспяхова вывучаць беларускую мову.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 25 мая 2012
 
Дата публикации:25.05.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4639
 
Ключевые слова:
Полацак Беларуская мова История Беларуси
 
 


Комментарии