https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пра змену эпох, брудныя гульні Захаду, новую сусветную вайну і з`яднанасць. Выступленне Аляксандра Лукашэнкі на саміце АДКБ


Перш за ўсё хачу падзякаваць усім вам за выступленні. Шчырыя, адкрытыя прагучалі ацэнкі сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Дазвольце падзяліцца сваім бачаннем таго, што адбываецца.

Пра нацыянальныя і калектыўныя інтарэсы

Безумоўна, кожны з нас глядзіць на свет праз прызму нацыянальных інтарэсаў. Гэта, зразумела, апраўдана. Мы, кіраўнікі дзяржаў, нясём адказнасць за свае народы і адказваем перад імі за іх будучыню і бяспеку.

У той жа час баланс захавання нацыянальных і калектыўных інтарэсаў усімі дзяржавамі - членамі АДКБ гарантуе стабільнасць і бяспеку рэгіёна ў цэлым. Гэта дыялектыка. Пры тым, што ў кожнага з нас ёсць свая зона адказнасці ў рамках арганізацыі, мы разумеем, што сучасныя выклікі і пагрозы маюць глабальны характар. Больш таго, яны сплятаюць нашы нацыянальныя інтарэсы ў адзін вузел.

Таму спынюся на ключавых, магістральных праблемах, якія закранаюць усіх і цесна ўзаемазвязаны адна з адной.

Нас ужо закруціў віхор змены эпох. Пра гэта вы ўсе вельмі часта гаворыце ў сваіх выступленнях. Мы з вамі - сведкі разбурэння былой сістэмы міжнародных адносін. І мы - удзельнікі злому існуючай аднапалярнай, калі хочаце, заходнецэнтрычнай мадэлі.

Адбываецца паэтапны пераход да шматпалярнасці. Складаны, драматычны пераход. Гэта звязана з тым, што заходнія палітыкі не хочуць уступаць сваіх пазіцый, ігнаруючы няўмольны ход гісторыі, які, як вядома, спыніць немагчыма.

Пра новую гонку ўзбраенняў

Пад лозунгам "парадку, заснаванага на правілах", які падмяняе міжнароднае права, Захад усё часцей спрабуе падмяць пад сябе ўвесь свет. У ход ідуць усе вядомыя брудныя меры: ад санкцый, шантажу да распальвання міжэтнічных канфліктаў.

Правільна пастаўлена пытанне: што гэта за правілы і хто ўстанавіў гэтыя правілы? Пытанне рытарычнае. Зразумела, мы ведаем, хто і навошта. Сутнасць у іншым: гуляць па гэтых правілах не хоча большая частка свету, а мова дыпламатыі ўжо даўно заменена бразганнем зброі. Міжнароднае права працуе выключна для выбраных.

На фоне адыёзнай ваяўнічай рыторыкі асобных палітыкаў і поўнай страты ўзаемнага даверу ідзе мэтанакіраванае раскручванне спіралі новай гонкі ўзбраенняў.

Пра канфлікт на Блізкім Усходзе

Пажар рэгіянальных канфліктаў, з прымяненнем у тым ліку найноўшых сістэм узбраенняў, у любы момант можа перакінуцца ў іншыя краіны. Не сакрэт, што зброя, якая пастаўляецца ў Кіеў, ідзе на чорныя рынкі. Калі заходніх палітыкаў гэта не турбуе, то мы разглядаем некантралюемы рух зброі і тэхнікі ваеннага прызначэння як патэнцыяльную пагрозу бяспецы не толькі для нашага рэгіёна, але і ўсіх краін свету. Асабліва цяпер, калі разгараецца новы ачаг на Блізкім Усходзе.

Аб прычынах палесціна-ізраільскага канфлікту, двайных стандартах калектыўнага Захаду ў ацэнцы дзеянняў удзельнікаў сказана дастаткова.

Аб гэтым гавораць нават прыхільнікі дзеючых рэжымаў Злучаных Штатаў і Еўрасаюза. Раскол у лагеры так званых заходніх дэмакратаў - гэта сённяшняя рэальнасць і сведчанне іх палітычнага ацверажэння. Але размова не пра гэта. Хоць тэзіс генеральнага сакратара ААН Гутэрыша, які назваў адной з прычын насілля адсутнасць прагрэсу ў палітычным урэгуляванні, заслугоўвае ўвагі і развіцця тэмы.

Больш непакоіць прадчуванне глабальнай катастрофы, якое ахапіла свет, аб тым, што з іскры рэгіянальнага канфлікту можа разгарэцца полымя новай сусветнай вайны. Аб гэтым гавораць часта і шмат, а за акіянам толькі і чакаюць, што ў яе будуць уцягнуты краіны, блізкія да лініі зоны адказнасці АДКБ.

Гэты так званы кіруемы хаос, муць - тое, чаго жадаюць Злучаныя Штаты і Захад.

Пра "абарончы характар" НАТА

У той жа час на заходнім флангу імклівымі тэмпамі ўзбройваюцца натаўскія суседзі. Ваенны бюджэт, напрыклад, Польшчы расце як на дражджах і ў наступным годзе абяцае дасягнуць 4 працэнтаў ад ВУП. Цікава, як гэта суадносіцца з пастаяннымі дэкларацыямі пра абарончы характар Альянсу? Або з назвай анансаваных буйнейшых з часоў халоднай вайны вучэнняў НАТА ("Steadfast Defender" ("Стойкі абаронца").? Гэта ніяк не суадносіцца.

Мы за такімі так званымі абарончымі манеўрамі назіраем даўно. З таго моманту, як у 96 годзе мінулага стагоддзя вывелі з Беларусі ядзерную зброю. Чым усё скончылася - пашырэннем НАТА на Усход, вучэбнай адпрацоўкай у 2016 годзе сцэнарыя нанясення ядзернага ўдару па Беларусі. Заўважце, па ініцыятыве адміністрацыі так званага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Барака Абамы. 2016 год. Прычым па задуме вучэнняў Беларусь нават не была ўцягнута ў канфлікт.

Пра гарант бяспекі ў рэгіёне

Можна шмат гаварыць аб незаконных аднабаковых прымусовых мерах, ваенных правакацыях на граніцы, інфармацыйных дыверсіях, мільёнах долараў, укінутых у падрыхтоўку дзяржпераваротаў, якія не адбыліся. Я ўжо не гавару пра адкрытую дэманстрацыю гатоўнасці падключыць да гэтай мэты сілы НАТА. Навошта ў жніўні 2020 года побач з беларускай граніцай кружылі стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі Б-52? Каму пасылалі сігнал? Не толькі Беларусі. Зразумела каму.

На гэтым фоне папрокі аб размяшчэнні ў нашай краіне, на нашай тэрыторыі расійскай тактычнай ядзернай зброі проста абсурдныя. Мы, паўтару соты раз, нікому не пагражаем. Мы проста вучымся дыпламатычнаму так званаму этыкету ў тых, хто зрабіў мову сілы сусветным трэндам.

Гэта рэаліі сённяшняга дня - толькі наяўнасць магутнай зброі гарантуе бяспеку ў рэгіёне і дае права голасу на міжнароднай арэне.

Пра падыходы да вырашэння вострых пытанняў

Паважаныя калегі!

Сам факт, што мы сабраліся за адным сталом, сведчыць аб тым, што мы адэкватна рэагуем і ацэньваем выклікі часу і гатовы процістаяць ім сумесна. Тое, што некаторых нашых партнёраў штарміць і ў публічных выказваннях, і ва ўчынках, якія маюць правакацыйны характар, - перш за ўсё іх праблемы. Я скажу адно: калі ёсць прэтэнзіі, то трэба агучваць іх, гледзячы ў вочы адзін аднаму, а не размаўляць праз укіды ў сродкі масавай інфармацыі.

Для гэтага мы збіраемся ў такім складзе - каб абмеркаваць усе вострыя пытанні і знайсці рашэнні. А ствараць сітуацыю канфлікту, робячы падарунак тым, хто не зацікаўлены ва ўмацаванні бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, могуць толькі палітыкі-аднадзёнкі. Гэта безадказна і недальнабачна.

Перакананы, што, нягледзячы ні на што, мы можам справіцца з усімі цяжкасцямі ў зоне сваёй адказнасці. І мы гэта робім. Няхай не ў поўным аб'ёме, але робім шмат, асабліва апошнім часам.

Мы вітаем прагрэс ва ўрэгуляванні канфлікту на Паўднёвым Каўказе. Спадзяёмся, што зробленыя крокі закладуць аснову для ўстойлівага і доўгатэрміновага міру ў гэтым рэгіёне, дзе пражываюць дружалюбныя нам народы - армяне і азербайджанцы. Падкрэсліваю: дружалюбныя нам народы.

Не сумняваюся, што палітычная мудрасць прэзідэнтаў Кыргызстана і Таджыкістана стане (ужо стала) вырашальным укладам ва ўрэгуляванне супярэчнасцей паміж Бішкекам і Душанбэ, дасць магчымасць нам сфакусіравацца на забеспячэнні бяспекі знешніх граніц АДКБ на паўднёвым флангу арганізацыі.

Дарэчы, Беларусь у гэтай частцы падтрымлівае прапанову Эмамалі Шарыпавіча пра больш пільную ўвагу да нашых паўднёвых рубяжоў.

Пра адзінства ў АДКБ

Дарагія сябры!

У аснове беларускага старшынства ляжаў дэвіз "Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі". Будзем адзіныя мы - будзе мацней наша арганізацыя.

Прытрымліваючыся пастаўленых мэт, мы правялі шэраг мерапрыемстваў палітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай сферы, а таксама па лініі процідзеяння транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы. Я не стану гэта пералічаць, паколькі наш генеральны сакратар, ды і вы пра гэта падрабязна гаварылі.

Паважаныя калегі!

Мы сфармулявалі прыярытэтныя напрамкі старшынства такім чынам, каб яны залажылі аснову на доўгатэрміновую перспектыву развіцця АДКБ. Але гэтага мала. Трэба быць больш моцнымі і з'яднанымі. Давайце шчыра: у нас пакуль гэтага максімальна не хапае. Трэба ісці да гэтага хутчэй, каб не атрымалася, што калі недзе ўспыхне, тады мы схамянёмся і пачынаем варушыцца.

Звяртаюся да генеральнага сакратара АДКБ і будучага казахстанскага старшынства з прапановай садзейнічаць іх далейшай практычнай рэалізацыі. Упэўнены, што гэта пойдзе на карысць нашай арганізацыі, усім нашым краінам.

Дарагія сябры!

На заканчэнне дазвольце падзякаваць вам, вашым краінам за падтрымку намаганняў Беларусі на пасадзе старшыні і пажадаць Казахстану і асабіста яго Прэзідэнту Касым-Жамарту Кемелевічу Такаеву поспехаў у ажыццяўленні вельмі няпростай і адказнай місіі - старшынства ў арганізацыі ў 2024 годзе.

БЕЛТА, 23 лістапада 2023

Кoличество переходов на страницу: 99