Плодам цьвет становіцца увосень,
хлебам – колас буйны на мяжы,
боль – жыцьцёвай заваддзю адносіць,
толькі памяць застаецца жыць.
Калі вецер зашапоча лісьцем,
раскалыша неўгамонны лес, –
памяць валачэ мяне ў дзяцінства,
ў дзедаў кут, у гудзевіцкі бэз.
Цьвіў той бэз, як цуд, на ўсіх дарогах,
апіраўся на амшэлы брук,
воблакам суквецьця ля парогаў
нахіляўся да дзіцячых рук.
Ўсюды папялішчы і руіны
і з каменьняў голыя муры,
толькі неба ў лужах каляінаў,
залаты сярпочак угары.
Бой заціх, кругом пустое поле,
дзевяць вёснаў на маім вяку,
я вучуся ў Гудзевіцкай школе,
лётаю па бэзавым вянку.
Сівы дзед мой, пан зь сям’і мужыцкай,
гэтак дзіўна ўнучку гадаваў
сыпаў шчодра у прыполік дзічкі,
залатоўку на сшыткі даваў.
А зімою браў к сабе на санкі,
затуляў з каленцамі ў кажух,
да бацькоў мы гналіся маланкай,
аж званочак хахатаў наўкруг.
А у школе? У школе ўсё па-польску.
Не «адзін», а «едэн», «пенць» – ня «пяць»,
«буль» – ня «боль» і «бэндзе весь» –
ня «вёска», –
вучыць пані дзетак размаўляць.
Мы пяём, адказваем, чытаем,
а калі выходзім на парог –
гаманіць Радзіма дарагая,
роднай мовай плешчацца ў грудзёх.
I на ёй, адзінай,
звоняць росы,
зоры палымяныя ўначы,
на зары разбуджаныя кросны,
дзеўчына, па воду бегучы.
Маладзіцы ткуць ляны, бывала,
песьні вечарынамі пяюць...
Нават ноч пад дрэвамі сьціхала,
толькі б песьні гэтыя пачуць.
Валаконцы у дзіцячай жмені,
ляскатаньне церніц-сакатух,
верацёнаў танец летуценны,
на кудзелі залацісты пух.
Маладая пральляў задумёнасьць,
досьвіткамі казкі без канца,
белая, зімовая чароўнасьць,
ў пост вялікі хвосьцік селядца.
Ўсё гэта завалакло гадамі,
я сягоньня ў сваім краі – госьць.
Варушу вось цяжкі, шэры камень,
што маю прыціснуў маладосьць.
Ціхі боль, якому не уняцца,
незнарок разбуджаны ўспамін
пра мазольныя далоні ў працы,
пад сярмягай – людскасьць і цяплынь.
Гудзевічы, род мой незабыты,
беларуская мая сям’я.
Дождж змывае з надмагільнай пліты
дарагое дзедава імя...
1966 Ссылка на источник:
Гудзевічы