Газета працягвае публікацыю матэрыялаў у падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея Алеся Адамовіча. Сёлета мы адзначаем 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, і падарунак ад Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў сапраўдным сюрпрызам.
Фільм, які цяжка глядзець
Дзевяць фатаграфій фармату А-3, зробленых падчас здымак фільма «Ідзі і глядзі» таленавітым савецкім фотамайстрам Мікалаем Гнісюком, цяпер знаходзяцца на часовым захоўванні ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя Леніна. Іх карэспандэнту «Звязды» перадала загадчык аддзела электронных рэсурсаў бібліятэкі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Ладожына. Яна аўтар праекта «Расійскія акцёры беларускага кіно і беларускія акцёры расійскага кіно», у выніку якога была зроблена гэта выстаўка. А ў Магілёў трапіла дзякуючы плённаму супрацоўніцтву ўніверсітэта і абласной бібліятэкі. Спачатку размовы пра тое, што яна можа застацца ў вобласці, не было. Але калі смаляне даведаліся, што тут ствараецца музей Алеся Адамовіча і гэты працэс падтрымлівае найстарэйшая беларуская газета, то вырашылі зрабіць падарунак.
Па-за кадрам
Савецкае кіно нельга ўявіць сабе без творчасці Міколы Гнісюка, дзякуючы яму мы ведаем у твар славутых артыстаў таго перыяду. Яго фотаздымкі размяшчаліся на старонках часопіса «Советский экран», дзе ён працаваў, і беларускага аналага гэтага выдання «На экранах». Яго прозвішча ўвайшло ў сотню найлепшых фатографаў планеты. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця. Але спадчыну таленавітага майстра добра прапагандуе яго жонка Надзея Майданская.
— Надзея Мікалаеўна кантактуе з кіношным сусветам, ведае многіх артыстаў, — расказвае Таццяна Ладожына падрабязнасці працы над праектам. — Яна адгукнулася на прапанову паўдзельнічаць у нашай справе і прыехала ў Смаленск. Партрэты акцёраў — гэта была галоўная тэма Міколы Гнісюка. А вось яго рэпартажныя здымкі мала вядомыя. І кадры са здымачнай пляцоўкі фільма Элема Клімава «Ідзі і глядзі», які ствараўся сумеснымі намаганнямі кінастудый «Беларусьфільм» і «Масфільм», можна лічыць унікальнымі. Надзея Мікалаеўна спецыяльна падбірала іх для нашай выстаўкі.
Відавочцы расказвалі, што фільм «Ідзі і глядзі» ствараўся цяжка. Элем Клімаў успамінаў, як складана было прапускаць праз сябе гэтыя здымкі тым людзям, якія перажылі вайну. І нават Алесь Адамовіч аднойчы горка засумняваўся ўслых у тым, што фільм нехта будзе глядзець.
Балючы настрой амаль фізічна адчуваецца і на фота Міколы Гнісюка. Вось худзенькая фігурка Флёры — галоўнага героя фільма. Гэта першая роля расійскага акцёра Аляксея Краўчанкі, больш вядомага гледачу па стужках «Зорка», «Спецназ». Мала хто з сённяшніх яго прыхільнікаў пазнае ў ім сведку жахлівай нацысцкай карнай акцыі. Яшчэ адна галоўная гераіня фільма Вольга Міронава прысвяціла сябе настаўніцкай справе, але засталася ў кадры Гнісюка ў якасці актрысы.
Моладзь падыходзіла, каб сказаць «дзякуй»
Тэма партызанскай барацьбы і спаленых вёсак агульная для Смаленскай і Магілёўскай абласцей. Таму творы Алеся Адамовіча выклікаюць у расіян шчырую цікавасць. Асабліва ў тых раёнах, дзе праводзіцца сур`ёзнае патрыятычнае выхаванне моладзі. Нягледзячы на тое, што пісьменнік ніяк не звязаны са Смаленшчынай, настаўнікі прапагандуюць яго творчасць сярод школьнікаў. Адзін з такіх раёнаў — Дземідаўскі, вядомы сваім ваенна-гістарычным фестывалем «Слабада партызанская». На тэрыторыі раёна знаходзіцца нацыянальны парк «Смаленскае Паазер`е», дзе дагэтуль захаваліся сляды акопаў і зямлянак. Ён, дарэчы, выступіў адным са спонсараў выстаўкі. І першы яе паказ адбыўся менавіта ў гэтым раёне. А 22 чэрвеня выстаўка пераехала ў Смаленск.
— Я не бралася казаць пра фільм «Ідзі і глядзі», пакуль не пачула экспертаў — крытыка Людмілу Перагудаву, Надзею Майданскую, — расказвае Таццяна Ладожына. — І зараз упэўнена: мы павінны расказваць дзецям пра вайну, потым яны самі ва ўсім разбяруцца. Маёй дачцэ 21 год, і яна спыталася, чаму я ёй раней не паказвала гэты фільм. Ён яе зачапіў, яна нават дапамагала мне выбіраць урыўкі для мерапрыемства. А потым прывяла на яго сябровак. Тыя, хто ўпершыню бачыў урыўкі, потым пераглядалі фільм цалкам. Некаторыя бацькі казалі, што нашы дзеці да такога не падрыхтаваныя, не трэба гэта глядзець. Але чаму нельга? Зараз вунь у Расіі змагаюцца з сапраўднай праблемай, якая пагражае дзецям з інтэрнэта. Пад яе ўплывам яны здзяйсняюць самагубства — вось рэальная пагроза. Сёння дзеці глядзяць фільмы пра вампіраў і не баяцца. Гэтую фобію прыдумалі самі дарослыя. Мяне ўразіла, калі ў Смаленску на выстаўку завіталі юнакі проста з вуліцы. Хлопцам па 20 гадоў. Яны ўбачылі аб`яву і зайшлі. А потым падышлі, каб падзякаваць.
Каго лічыць героем
— Цяпер паўсюдна праводзяцца ваенна-гістарычныя фестывалі, рэканструкцыі, гэта ўсё папулярна, але неяк павярхоўна, — разважае Таццяна Ладожына. — Трэба пасля іх размаўляць, аналізаваць, выказваць свае думкі. Мы, напрыклад, на тую выстаўку запрасілі студэнтаў трох вышэйшых навучальных устаноў і прапанавалі паўдзельнічаць у дыскусіі на тэму гераізму. Абмяркоўвалі на прыкладах герояў «Узыходжання» паводле Васіля Быкава. Сама вельмі люблю творчасць гэтага пісьменніка. І тэм для разважанняў у яго шмат. Вось хто ў гэтай аповесці герой — Сотнікаў або Рыбак? Дачка сказала, што Сотнікаў усё сам сапсаваў. Рыбак больш змыслы, але, можа, і трэба быць хітрэйшым? Навошта было падстаўляць усю вёску?
«Хатынскую аповесць» Адамовіча я чытала ў дзяцінстве, тады ў мяне не было магчымасці з`ездзіць у Хатынь. Пабывала там ужо дарослай — пасля рэканструкцыі. І была пад уражаннем. Сапраўдны гераізм сціплы. Некалькі гадоў таму я даведалася, што мая бабуля хавала ад немцаў яўрэйку, ратавала яе ад гета. Мая маці яшчэ маленькай бачыла ліст з Ізраіля ад той жанчыны з падзякай за выратаванне. Але бабуля ніколі нікому пра гэта не казала.
Мы наогул мала пра вайну гаворым. Звычайна ўсе прачынаюцца 9 мая або 22 чэрвеня. Вось вы робіце добрую справу, ствараеце музей Алеся Адамовіча. Я вельмі жадаю, каб усё ў вас склалася. У нас падобная сітуацыя з музеем Барыса Васільева. Яго таксама прасоўвае група энтузіястаў. Але гэта вельмі патрэбная справа.
Нагадваем, што дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама;
р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ СБ «Беларусбанк», код 760 г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Увага! Указанне назначэння плацяжу прынцыповае! Гэты доўгі сказ абавязкова павінен быць пазначаны на банкаўскім дакуменце.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Ссылка на источник:
Смаляне падарылі будучаму музею фотавыстаўку да фільма «Ідзі і глядзі»