https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Да 120-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы


У беларускай літаратуры творчая індывідуальнасць народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы ўзвышаецца велічна, непаўторна і ярка. Яго творчасць - цэлая эпоха ў нацыянальнай драматургіі.

Жыццёвы шлях Кандрата Крапівы быў складаным і насычаным падзеямі. Нарадзіўся будучы пісьменнік у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці 5 сакавіка 1896 года ў сялянскай сям'і.

Сапраўднае яго прозвішча Атраховіч Кандрат Кандратавіч. Бацькі, Кандрат Міхайлавіч і Пелагея Данілаўна, мелі шэсць дзесяцін зямлі, нажытых цяжкай працай, хацелі, каб яны засталіся адзінаму сыну Кандрату.

Вучыўся ён у царкоўна-прыходскай школе ў роднай вёсцы, ва Уздзенскім народным вучылішчы, Стаўбцоўскім і Койданаўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах. Восенню 1913 года экстэрнам здаў у Мінску экзамен на званне народнага настаўніка і хутка атрымаў назначэнне на работу.

Але доўга настаўнічаць не давялося - пачалася Першая сусветная вайна. У жніўні 1915 года Кандрат Крапіва быў прызваны ў армію і праз некаторы час накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў.

Баявое хрышчэнне малады прапаршчык атрымаў восенню 1916 года на Румынскім фронце. Там жа ён сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Зімой 1918 года Кандрат Крапіва як настаўнік быў дэмабілізаваны з арміі і вярнуўся ў родную вёску.

З кастрычніка 1918 года ён працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Каменка Уздзенскай воласці. У 1919 годзе Кандрат Крапіва ажаніўся з Аленай Канстанцінаўнай Махнач, якая была родам з вёскі Нізок, а потым зноў пайшоў на вайну.

Са жніўня 1920 па 1923 год ён служыў у Чырвонай Арміі, быў камандзірам узвода. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родны край. У 1925 годзе Кандрат Крапіва пераехаў з сям'ёй у Мінск.

У сталіцы ён працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Быў членам літаратурных аб'яднанняў "Маладняк" і "Узвышша".

Ужо ў сталым узросце Крапіва паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1930 годзе. У 1932-1936 гадах быў загадчыкам аддзела ў часопісе "Полымя рэвалюцыі".

Пісьменнік удзельнічаў ва ўз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР і савецка-фінскай вайне 1939-1940 гадоў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў у рэдакцыі газеты "Красноармейская правда", потым у рэдакцыі франтавой газеты Заходняга фронту "За Савецкую Беларусь".

З сакавіка 1943 года і да канца вайны быў адказным рэдактарам ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Адразу пасля вайны Кандрат Крапіва быў назначаны адказным рэдактарам сатырычнага часопіса "Вожык", дзе працаваў у 1945-1947 гадах.

З 1947 па 1989 год ён працаваў у Акадэміі навук Беларусі: быў загадчыкам сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, дырэктарам Інстытута мовазнаўства, віцэ-прэзідэнтам, вядучым навуковым супрацоўнікам - кансультантам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Літаратурная дзейнасць Кандрата Крапівы пачалася яшчэ ў Чырвонай Арміі з простай газетнай карэспандэнцыі і фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы. Пісаў ён тады на рускай мове, але хутка перайшоў на беларускую.

Першы друкаваны твор Кандрата Крапівы - фельетон у вершах "Жылі-былі", быў апублікаваны ў газеце "Красноармейская правда" ў 1922 годзе, а першы твор на беларускай мове - сатырычны верш "Сваты" - з'явіўся ў газеце "Савецкая Беларусь" 23 мая 1922 года.

З гэтага часу і пачалася яго свядомая літаратурная праца. У сярэдзіне 1920-х гадоў выйшлі першыя зборнікі паэта "Асцё" і "Крапіва". У першых гумарыстычных і сатырычных кнігах Кандрата Крапівы праявіўся яркі, самабытны талент пісьменніка. К.К.Крапіва,

Асноўнымі жанрамі паэзіі на першым этапе творчасці Кандрата Крапівы сталі байка і сатырычна-гумарыстычныя вершы. Байкі - адна з вяршынь у творчасці Кандрата Крапівы. Гэта фенаменальная з'ява ў беларускай літаратуры. У гэтым жанры праявіліся яго выдатныя якасці народнага філосафа і гуманіста, у ім ён змог аб'яднаць злабадзённыя вобразы часу з глыбіннымі праблемамі агульначалавечай маралі, са спрадвечнымі духоўнымі каштоўнасцямі. Яны і сёння заварожваюць сваёй мудрасцю і прыгажосцю мовы.

У класічны фонд беларускай літаратуры ўвайшлі байкі паэта "Каршун і цецярук", "Дыпламаваны баран", "Сава, асёл ды сонца" і многія іншыя. У 1931 годзе быў апублікаваны адзін з найбуйнейшых сатырычных твораў Крапівы - паэма "Хвядос - Чырвоны нос". Нягледзячы на казачна-фантастычны сюжэт, паэма адлюстроўвала рэчаіснасць 20-х - пачатку 30-х гадоў.

У ранні перыяд сваёй літаратурнай творчасці Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне літаратурнай прозы. У гэтым напрамку яго асноўным жанрам стала сатырычнае апавяданне. Апавяданні пісьменніка, як і яго сатырычная паэзія, насычаны вострым, часам грубаватым народным гумарам, уедлівай іроніяй, сарказмам. Яны былі сведчаннем развіцця рэалістычна-сатырычнай лініі ў беларускай прозе 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

У пачатку 1930-х гадоў Кандрат Крапіва звярнуўся да новага для яго літаратурнага жанру: пачаў пісаць раман "Мядзведзічы", прысвечаны жыццю беларускай вёскі напярэдадні калектывізацыі. Раман застаўся няскончаным.

У пачатку 1930-х гадоў Кандрат Крапіва звярнуўся да драматургіі. Першым драматычным творам пісьменніка была псіхалагічная драма "Канец дружбы", у якой узнімаліся складаныя маральна-этычныя праблемы. П'еса была пастаўлена ў 1934 годзе ў БДТ-1. На той жа сцэне гледачы ўбачылі народна-гераічную драму "Партызаны", напісаную драматургам да 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У ёй адлюстравана барацьба беларускага народа ў перыяд грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі.

У канцы 30-х гадоў Кандрат Крапіва звярнуўся да жанру сатырычнай камедыі і напісаў п'есу "Хто смяецца апошнім", якая стала яркай з'явай не толькі ў беларускай, але і савецкай драматургіі. У гэтым творы талент Крапівы-сатырыка раскрыўся з выключнай сілай. У п'есе высмейваліся кар'ерысты, авантурысты, шантажысты і падхалімы. Імёны яе камедыйна-сатырычных персанажаў ператварыліся ў хадзячыя назвы. Гэта камедыя была пастаўлена ў больш як 120 тэатрах былога Савецкага Саюза і многіх замежных тэатрах, экранізавана кінастудыяй "Беларусьфільм".

У гады Вялікай Айчыннай вайны Кандрат Крапіва зноў звярнуўся да аператыўнага баявога жанру - сатырычнага верша. Ён пісаў байкі, памфлеты, фельетоны ў вершах. У гэты час з'явілася п'еса "Проба агнём". У ёй драматург паказаў, як выпрабоўваўся характар і пачуцці людзей у першыя гады вайны, як набываў мужнасць, духоўна і маральна гартаваўся чалавек. П'еса ўпершыню была пастаўлена Беларускім тэатрам імя Якуба Коласа ў 1943 годзе.

Тэма вайны хвалявала Кандрата Крапіву і ў пасляваенны час. Ёй прысвечаны драмы "З народам" і "Людзі і д'яблы", у якіх дзеянне разгортваецца на акупіраванай тэрыторыі. У гэтых творах пісьменнік расказвае пра мужнасць падпольшчыкаў, аналізуе сацыяльныя і маральныя вытокі здрадніцтва. У пасляваенны перыяд Кандрат Крапіва стварыў п'есы "Пяюць жаваранкі", "Зацікаўленая асоба", "Брама неўміручасці", "На вастрыі". Усе гэтыя творы актуальныя па сваёй тэматыцы, адны з іх лірычныя, іншыя вострасюжэтныя, насычаны жывым народным гумарам. Яны вылучаюцца яркай самабытнасцю і глыбіннай народнасцю. Яны выкрываюць і дасціпна высмейваюць распаўсюджаныя забабоны, бытавое бескультур'е, пляткаранне, п'янства, шарлатанства, прэтэнцыёзнасць.

Беларускі драматург Андрэй Макаёнак так сказаў аб творчасці пісьменніка: "Ды ён жа проста герой! Сапраўдны герой! І сапраўды - колькі гарлахвацкіх ён зваліў, паклаў на лапаткі! Колькі туляг ён падняў, страсянуў і паставіў на ногі? Колькі выявіў і высмеяў дыпламаваных бараноў? Колькі жаб пераехала яго сатырычнае савецкае кола?! І заўсёды ў творах Крапівы спадарожнічаюць гнеў і смех. Гнеў і смех!"

Драматычныя творы Крапівы шырока ставяцца ў тэатрах Беларусі, большасць з іх выйшла на падмосткі далёка за яе межамі. Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы свету. Сам пісьменнік шырока вядомы як перакладчык рускай і замежнай класікі. Кандрат Крапіва быў не толькі літаратарам. Ён аўтар навуковых прац па літаратуразнаўстве і мовазнаўстве, крытычных артыкулаў па беларускай літаратуры.

Крапіва быў рэдактарам "Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы", "Беларуска-рускага слоўніка", "Руска-беларускага слоўніка".

Выдатны знаток беларускай мовы, Крапіва ўзначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай савецкай энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі. Ён шмат зрабіў, каб сучасная беларуская мова была больш жывой, сакавітай, каларытнай, адпавядала народнай моўнай стыхіі. Кандрат Крапіва - акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук.

Творчыя і навуковыя заслугі пісьменніка адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. У 1956 годзе яму было прысвоена званне "Народны пісьменнік Беларусі", у 1978 - "Заслужаны дзеяч навукі Беларусі". Пісьменнік удастоены звання Герой Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны 4 ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў. Кандрат Крапіва - тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1941 годзе ён атрымаў гэту ўзнагароду за п'есу "Хто смяецца апошнім", у 1951 - за лірычную камедыю "Пяюць жаваранкі", ў 1971 - за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі. У 1974 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за камедыю "Брама неўміручасці".

Кандрат Крапіва шмат займаўся грамадскай работай. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага савета БССР у 1947-1990 гадах. У 1946 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі пісьменнік прымаў удзел у рабоце 1-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Лондане, ва Усесаюзным кангрэсе ў Чэхаславакіі, у 1963 годзе - у Міжнародным кангрэсе славістаў у Балгарыі.

Памёр таленавіты пісьменнік на 95-м годзе жыцця ў 1991 годзе. У 1992 годзе Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову "Аб увекавечанні памяці Кандрата Крапівы", згодна з якой імя пісьменніка ў 1993 годзе было прысвоена Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Уздзенскай сярэдняй школе нумар 2.

У Мінску на доме нумар 76 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імем названы вуліцы ў гарадах Мінску і Уздзе.

Аб Кандраце Кандратавічу Крапіве ў 1983 годзе створаны дакументальны фільм "Кандрат Крапіва" (рэжысёр М.Купеева). У 2016 годзе да 120-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы ў Маскве адбыўся цыкл мерапрыемстваў.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры арганізаваў вернісаж "Кандрат Крапіва. Ад маленства да сталасці…", які адкрыўся 4 лютага ў Дзелавым і культурным комплексе (ДКК) беларускага пасольства. У фондах музея знаходзіцца больш як 1,5 тыс. музейных прадметаў, перададзеных на захоўванне наследнікамі Кандрата Крапівы. Сярод экспанатаў - дакументы, рукапісы, фатаграфіі, кнігі і ілюстрацыі да твораў пісьменніка.

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Тэатр-студыя кінаакцёра УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" на сцэне ДКК прадставіў спектакль "Хто смяецца апошнім" паводле п'есы Кандрата Крапівы - знакавага твора беларускага класіка. Мерапрыемствы адбыліся ў рамках Года культуры.

БЕЛТА, 3 сакавіка 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 879