https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ягайла


Пэўна, не маюць рацыі тыя гісторыкі і даследчыкі мінулага, якія даюць рэзка адмоўныя ацэнкі Ягайлу, як і тыя, хто ўсхваляюць яго. Адны бачаць у асобе Ягайлы здрадніка праваслаўнай веры і радзімы, які з-за ўлады забіў свайго родзіча Кейстута, аддаў за польскую карону палякам Літву, а іншыя ўзносяць яго як мудрага караля. Пры ўсім аўтарскім суб'ектывізме паспрабуем зірнуць на Ягайлу ягонымі вачыма, зразумець яго.



Ужо ў пачатку свайго праўлення юны Ягайла (яму было каля 15 гадоў) апынуўся ў надзвычай цяжкіх умовах. Старэйшыя зводныя браты ад Марыі Віцебскай не прызнавалі яго ўлады. А полацкі князь Андрэй увогуле ад'ехаў у Маскву і намовіў маскоўскага князя да паходу на ВКЛ, падчас якога іншы Альгердавіч, Дзмітрый, здаў свае вотчыны Старадубкі і Трубчэўск.

У адрозненне ад старэйшых Альгердавічаў, малодшыя (ад другой Альгердавай жонкі Улляны Цвярской) засталіся без удзельных княстваў, а значыць і без палітычнай вагі. Магчыма таму, каб падтрымаць іх, Альгерд і перадаў велікакняжацкі пасад свайму любімцу Ягайлу.

Калі аналізаваць раннюю палітыку Ягайлы, робіцца відавочным, што яна была скіравана на ліквідацыю Троцкага княства і знішчэнне Кейстута і ягоных сыноў, а пасля чарга дайшла б і да старэйшых Альгердавічаў. Такі злахітры план магла прыдумаць толькі дзеталюбная маці, якая ўсялякімі сродкамі хацела ўладкаваць сваіх сыноў, не даць іх у крыўду, не дазволіць стаць ізгоямі. Па натуры прастадушны і мяккацелы, Ягайла міжволі падначальваўся ёй, а справы за яго рабіў старэйшы брат, разумны і дзейсны Скіргайла — Іван. Менавіта яны з дапамогай крыжакоў і распрацавалі план адхілення Кейстута ад дзяржаўных спраў і ўвогуле яго фізічнай ліквідацыі. Ягайла паслухмяна ішоў за імі. Магчыма, Кейстута забілі без Ягайлава ведама, па загадзе Скіргайлы, Ягайла ўсяляк выракаўся забойства Кейстута, не даваў згоды на расправу з Вітаўтам, з якім сябраваў. Не здзіўлюся, калі ўся камбінацыя з Вітаўтам (яго ўцёкі з Крэўскага замка ў Ордэн) была ажыццёўлена крыжакамі з мэтай развязаць у ВКЛ дынастычную вайну, што ім і ўдалося.

Матчыным уплывам можна растлумачыць і саюз у 1380 годзе Ягайлы з татарскім цемнікам Мамаем супраць Масквы. Хто-хто, а Улляна Цвярская марыла адпомсціць Маскве за заваяванне Цверы, дапамагчы свайму брату ў барацьбе з ёй. А Ягайлу трэба было вярнуць Старадубі і Трубчэўск, чаго ён і дамогся, не ўступаючы ў бой з войскам Дзмітрыя Данскога. Нібыта Ягайла спазніўся на Кулікоўскую бітву, а сапраўды за гэтай палахлівай асцярожнасцю хаваўся хітры разлік: аслабіць ва ўзаемнай бітве абодва бакі, а пасля скарыстацца яе вынікамі. Гэтым уменнем выкарыстоўваць чужы плён Ягайла авалодае дасканала, толькі трэба было ўмець дачакацца свайго часу, і ён чакаў.
Вайна з Вітаўтам (а па сутнасці з Ордэнам, які яго падтрымаў) у 1383—1384 гадах назаўжды змяніла палітычнае становішча не толькі Ягайлы, які памірыўся з Вітаўтам, але і ўсяго ВКЛ.

Ягайла, зразумеўшы хісткасць свайго становішча на велікакняжацкім пасадзе не ўмацаваў яго, а вырашыў перасесці на каралеўскі пасад Польшчы. І калі ў 1385 годзе палякі прапанавалі стаць іх каралём пры ўмове жаніцьбы з дачкой польскага караля Людовіка Венгерскага (таго самага, якое правёў Кейстут), Ядвігай, заключыць унію ВКЛ з Польскім каралеўствам, хрысціць у каталіцтва паганцаў Літвы, Ягайла пагадзіўся. Спрэчкі аб матывах заключэння 14 лютага 1385 года Крэўскай уніі працягваюцца і цяпер. Можна прызнаць, што Ягайла не ўстаяў перад спакусай быць каралём. А хто адмаўляўся добраахвотна ад каралеўскай кароны? Ён умацаваў сваё асабістае становішча, але не забываў і пра інтарэсы Літвы. У саюзе з Польшчай ён бачыў залог узвышэння і ВКЛ. Не думаю, што ён свядома даў згоду на ўваходжанне ВКЛ у Польскае каралеўства. Відавочна, ён стаў ахвярай польскіх інтрыг, не разабраўшыся ў лацінскім тэрміне «аррlісаrе», які азначаў «нешта далучыць» і «з нечым аб'яднацца». Палякі тлумачылі гэты тэрмін як далучэнне ВКЛ да Польскага каралеўства і ўсімі праўдамі і няпраўдамі дамагаліся яго ажыццяўлення. Ці мог Ягайла прадбачыць, што Крэўская унія прывядзе праз два стагоддзі да дзяржаўнай смерці ВКЛ? На жаль, ён не быў празарліўцам.

Зрэшты, не трэба забываць і яго апостальскую місію па хрышчэнні Літвы. Хоць вынікі яе досыць сціплыя, было ахрышчана каля 30 паганцаў і тое ў радавых уладаннях Ягайлы, а не ўва ўсёй дзяржаве, заснавана Віленскае біскупства і пабудавана 7 касцёлаў, у тым ліку ў Крэве, Гайне і Абольцах. Тым самым ВКЛ ужо не лічылася дзяржавай паганцаў, і Ордэн пазбавіўся ідэалагічнага апраўдання сваёй агрэсіі. У 1392 годзе Ягайла пасля крывавай барацьбы з неўтаймаваным Вітаўтам перадаў яму ў кіраванне ВКЛ, захаваўшы за сабой вярхоўную ўладу пад тытулам «вярхоўны князь Літвы».



З усіх яго спраў як польскага караля перш за ўсё адзначым ператварэнне Кракаўскага калегіума ва ўніверсітэт — адзіны асветніцкі цэнтр такога высокага ўзроўню на ўсходзе Еўропы. Па праве ўніверсітэт называецца Ягелонскім. Польшча павінна быць удзячна гэтаму «дзікуну», што ён выратаваў яе ад нямецкага засілля і лацінавізацыі. Сам факт, што Ягайла размаўляў па-беларуску, і гэтая мова загучала на кракаўскім двары, прымусіла моцна знямечаных палякаў шанаваць сваю мову. А візантыйскія мастацтвы русінаў, якія распісвалі польскія касцёлы, падарвалі панаванне змрочнай готыкі. Сам просты выгляд Ягайлы, які не любіў упрыгожанняў, прастата ў абыходжанні, адсутнасць самалюбства і фанабэрыстай знявагі да людзей, шчодрасць і міласэрнасць, нібыта вярталі польскі двор да часоў першых каралёў, напаўнялі яго атмасферу свежым подыхам маладосці, а не цырымоніямі і рытуальнымі ўмоўнасцямі.

За польскімі справамі Ягайла не забываў пра родную Літву і ўсяляк дапамагаў ёй, за што і дакаралі яго палякі. Хоць і не даў Вітаўту згоды быць каралём Літвы, баючыся страціць яе назаўжды для сваіх сыноў Уладзіслава і Андрэя Казіміра. На старасці гадоў ад чацвёртай жонкі Соф'і Гальшанскай у яго нарадзіліся спадкаемцы (хоць падазравалі, што гэта дзеці палюбоўнікаў каралевы). Як добры бацька, ён хацеў забяспечыць сваіх сыноў усім неабходным. Адсюль і ўступкі польскай шляхце, за прызнанне ягоных сыноў спадкаемцамі польскай кароны.

Часам Ягайла выглядае гэткім беларускім дзецюком на польскім пасадзе. Сучаснікаў здзіўлялі яго простанародныя звычкі, прымаўкі, прастадушная шчырасць. Пэўна, ён і сам быў не рады, што атрымаў ад Бога такую высокую ўладу. Некалькі разоў парываўся скласці з сябе каралеўскую карону, што яму не далі зрабіць. Просты кароль задавальняў як шляхту, так і народ. А ён глядзеў на ўладу, як на цяжар, што яму наканавана несці па жыцці і скардзіўся на свой лёс: «Так шмат мяне абцяжарвае гэтае зямное каралеўства, якое я маю, як пыл пад маімі нагамі». І каб гэта зразумець, трэба было пражыць такое доўгае жыццё.

Вітаўт ЧАРОПКА

Крыніца 



 

Кoличество переходов на страницу: 333


Комментарии