https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як Іван Жахлівы забаяўся з Батурам


Дуэлі ў Беларусі

Ужо амаль стагодзьдзе такі сродак высьвятленьня стасункаў у нашым грамадзтве не практыкуецца. А ў даўнейшыя часы ўсё было як у людзей.

У раньнім Сярэднявеччы дуэлі існавалі ў выглядзе судовых паядынкаў-ардаліяў. Іхнія ўдзельнікі ўступалі ў двубой у прысутнасьці сьвятароў і прадстаўнікоў улады. Пераможца ня толькі сьвяткаваў сваю перавагу ў дужасьці й спрыце, але і прызнаваўся невінаватым.

Яшчэ адным відам дуэляў былі паядынкі падчас вайсковых дзеяньняў, калі бакі рабілі спробу вырашыць справу ня бітвай, а адзінаборствам ваяводаў ці выбраных ваяроў. У нас пад уплывам Заходняй Эўропы пачалі адбываліся рыцарскія двубоі. Вядома, да прыкладу, як у 1390 годзе сышліся памерацца сіламі брат Ягайлы пінскі князь Нарымунт і нямецкі рыцар з войска Вітаўта, што тады імкнуўся адваяваць у Ягайлы Вільню.

У XVI стагодзьдзі ў Вялікім Княстве Літоўскім надышла эпоха клясычных дуэляў. Знакаміты Статут 1588 году меў адмысловы артыкул, які двубоі сувора забараняў, пагражаючы неслухам адміністратыўнымі й крымінальнымі санкцыямі ажно да пакараньня сьмерцю.

Тым ня менш забарона не была поўнай. Вялікі князь і гетман маглі даць адпаведны дазвол, калі на тое будуць "прычыны вялікія і важныя". Прычыны знаходзіліся. У 1581-м Сьцяпан Батура атрымаў абразьлівы ліст ад Івана Жахлівага. Наш манарх адказаў выклікам на двубой: "Вазьмі зброю, сядзь на каня, сыдзіся са мной у абраны час, пакажы, які ты муж і як давяраеш праўдзе сваёй. Рассудзім спрэчку мячом, каб меней крыві хрысьціянскай лілося". Крамлёўскі тыран праўдзе сваёй, відаць, зусім не давяраў, бо не знайшоў мужнасьці даць на выклік хаця б пісьмовы адказ.

Варты гаспадара быў і маскоўскі ваявода Шуйскі, якому ў тым самым годзе ў часе аблогі нашымі войскамі Пскова ўручылі абгрунтаваны выклік на паядынак ад кароннага гетмана Яна Замойскага. На прызначанае месца дуэлі масковец, парушыўшы слова гонару, не зьявіўся.

Ды, нягледзячы на veto, двубоі сярод шляхоцкага стану рабіліся ўсё больш пашыранымі. На шаблях альбо пісталетах біліся дэпутаты соймаў і соймікаў. Хапала і тых, для каго бясконцыя дуэлі ператвараліся ў спосаб жыцьця. Сярод іх, напрыклад, князь Багуслаў Радзівіл, які ў маладосьці вандраваў па Эўропе, адзначыўшыся ў некалькіх краінах дзясяткамі двубояў.

Гарадзенскі сойм Рэчы Паспалітай у 1678 годзе прыняў яшчэ адну пастанову пра забарону дуэляў. Ды на яе мала зважалі, пагатоў увайшлі ў моду паядынкі, прычынамі якіх былі красуні ліцьвінкі і полькі. Паколькі іхняя прыгажосьць з кожным векам адно расьцвітала, колькасьць дуэляў таксама расла. Ужо ў крыху пазьнейшыя часы прадстаўнікі магнацкіх родаў Людвік Міхал Пац і Адам Юры Чартарыйскі двойчы выходзілі да бар’еру, каб высьветліць, хто мацней кахае Ганну Сапяжанку.

Наш суайчыньнік расейскі пісьменьнік Фадзей Булгарын, што паходзіў з-пад Узды, пісаў пра тыя часы: "І на вайне, і ў мірныя гады мы шукалі небясьпекі, каб сьцьвердзіць сьмеласьць і зухаватасьць. Баляваць, біцца на шаблях, буяніць — усё гэта было зьместам нашага вайсковага жыцьця. Буянства падлягала пакараньню, але ня пляміла афіцэрскага гонару... Страляліся рэдка, але секліся за любую драбніцу. А пасьля зазвычай было замірэньне, а потым балюшкі й сяброўства".

Найноўшая гісторыя Беларусі сьведчыць: шматвяковая традыцыя продкаў не зусім канула ў Лету. Гуляе паданьне, што ў сярэдзіне 1980-х пісьменьнік Уладзімер Дамашэвіч, вядомы сваімі выступамі ў абарону беларускай мовы, выклікаў на дуэль калегу па літаратурным цэху Івана Чыгрынава.

А мне, паглядзеўшы гэтак званыя "нацыянальныя" тэлеканалы, часам хочацца паслаць выклік цэламу тузіну асобаў, у якіх даўно атрафіравалася чалавечая якасьць, што называецца сумленьнем.

Радыё Свабода
Уладзімер Арлоў
14 сьнежня 2010


 

Кoличество переходов на страницу: 1481


Комментарии