https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Янка Купала і Якуб Колас: падарожжа ў Грузію


У вершы, напісаным у студзені 1938 г. у Цхалтубе, Янка Купала ўзнёсла прамовіў:

«Грузія, дружная з сонцам краіна,
Як жа ты сэрца і думкі салодзіш!
Вочы тут бачаць цуды з’яў дзіўных,
Вушы тут чуюць напевы стагоддзяў...»

Паэтычная настраёвасць класіка беларускай літаратуры не можа не зацікавіць. Гэтаму спрыяюць і некаторыя архіўныя знаходкі, звязаныя з перадваеннымі сустрэчамі, што рэхам адгукнуліся не толькі ў наступных дзесяцігоддзях, але і перакінуліся ў ХХІ стагоддзе.



Якуб Колас, Вольга Піражкова (Індзюкова), Янка Купала, Марат Індзюкоў. Цхалтуба, сакавік 1941 г.

Памятная цеплыня знаёмства

У прыватным архіве нашчадкаў Якуба Коласа захоўваецца ліст, датаваны 28 сакавіка 1953 г., адпраўлены з Тбілісі: 

Мілы Канстанцін Міхайлавіч.

Я пішу Вам і далёка не ўпэўнены, што Вы можаце мяне памятаць. Бо знаёмства маё з Вамі было вельмі даўно — у 1940 годзе (на самай справе ў 1941-м. — М. Т.).

Мама і айчым мяне запэўніваюць, што, канешне, куды ўжо запомніць! За гэты час занадта шмат што адбылося і змянілася.

А я і Вас, і нябожчыка Янку Купалу выдатна захаваў у сваёй свядомасці. Дасланыя Вамі кнігі з Вашым аўтографам і фатаграфіі складаюць асаблівы прадмет майго гонару. Асабліва добра запомнілася, як у нас за сталом Янка Купала ўпершыню пачуў аб узнагароджанні яго Сталінскай прэміяй. (У Цхалтуба, памятаеце?) Так, вельмі даўно гэта было. Мой айчым, Улад. Вас. Піражкоў, з часу вайны да гэтай пары ў Арміі, урач-падпалкоўнік, ужо старэнькі стаў. А мама катэгарычна адмаўляецца старэць. Просяць перадаць Вам паклон.

А я таксама «старэю». 13 крас. мне будзе ўжо 24 гады. Зараз я заканчваю філалагічны факультэт (аддзяленне рускай мовы і літаратуры) Тбіліскага ўніверсітэта. Заканчваю на выдатна, ды вось бяда — не ведаю грузінскай мовы, а гэта сур’ёзная перашкода для паступлення ў аспірантуру. Грэшны, канешне, але што зробіш. Прыйдзецца выязджаць. І вось я вырашыў Вас патурбаваць пытаннем — можа быць у Мінску ва Універсітэце або ў Інстытуце літаратуры АН БССР мае сэнс паспрабаваць мне здаваць у аспірантуру. Ці не складзе для Вас цяжкасці напісаць мне пра гэта? 

Зрэшты, я ўсведамляю ўсю нясціпласць маёй просьбы, і, калі яна хоць кропельку Вас абцяжарыць, напішыце проста так, быццам бы я ні пра што і не пытаўся.

Я буду вельмі шчаслівы атрымаць ад Вас хоць некалькі радкоў.

Шчыра паважаю і люблю Вас Марат Індзюкоў.

Некаторыя падзеі, згаданыя ў лісце, патрабуюць тлумачэння і ўдакладнення.

У 1941 годзе напрамак міжнародных маршрутаў «Мінск — Тбілісі» быў адкрыты яшчэ зімой. Газета «Звязда» 19 лютага апублікавала допіс «Дэлегацыя беларускага народа выехала ў Грузію». Адметны падбор рэспубліканскай дыпламатычный місіі, якая адправілася на святкаванне 20-годдзя Грузінскай ССР: «У саставе дэлегацыі — старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР тав. Наталевіч, народная артыстка Саюза ССР тав. Александроўская, народны камісар асветы БССР тав. Уралава, народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас, пісьменнік-ордэнаносец К. Крапіва, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР тав. Батоўкін, старшыня калгаса імя Сталіна Крынкаўскага раёна Беластоцкай вобласці тав. Чэкель, стаханавец мінскага завода „Бальшавік“ тав. Петрык і стаханаўка фабрыкі імені Куйбышава тав. Кандрацюк».

Наступная паездка, ужо на аздараўленне, адбылася вясной. Якуб Колас пісаў 4 сакавіка ў Маскву Ніне Нагіной: «І вось з другога сакавіка я знаходжуся ў Цхалтуба. Я не адзін: са мной і Янка Купала. Ён ужо трэці раз тут, і чалавек, можна сказаць, свой. Таму мы акружаны ўвагай з боку медыцынскага персанала. Наша доктарка, Ціна Дзмітрыеўна, грузінка, вельмі мілы чалавек і цудоўная дзяўчына, якой можна толькі захапляцца. Нам прапісаны ванны, і мы ўчора прынялі першую. <...> Чысла 22 мы выедзем адсюль, спынімся на кароткі час у Тбілісі, а адтуль дамоў».

Пастанова Савета Народных Камісараў Саюза ССР аб прысуджэнні Сталінскіх прэмій за выбітныя работы ў галіне мастацтва і літаратуры была апублікавана ў газеце «Правда» 16 сакавіка 1941 г. (У лісце М. Індзюкова год названы няправільна, але абставіны прыведзены цікавыя; дата перададзенай інфармацыі па радыё можа быць удакладнена.) Прэміяй 1-й ступені ў намінацыі «Паэзія» былі ўганараваны Мікалай Асееў — за паэму «Маякоўскі пачынаецца» (1940), Янка Купала — за зборнік вершаў «Ад сэрца» (1940) і Паўло Тычына — за зборнік вершаў «Пачуццё адзінай сям’і» (1939).

Паэтычным адказам на высокую ўзнагароду паслужылі вершы Янкі Купалы «Дзякую партыі Леніна — Сталіна» («Правда»; 1941, 27 сак.), пад якім пазначана месца напісання «Тбілісі — Масква», і верш «Паклон мой народу за песні» («Звязда»; 27 сак.) з паметай «Цхалтуба — Масква. 23 — 14 сакавіка, 1941 г.».

Сямейнае і грамадскае

Некаторыя звесткі пра айчыма Марата Індзюкова, падпалкоўніка медыцынскай службы Уладзіміра Васільевіча Піражкова, падказаў сайт «Памяць народа», складзены па матэрыялах Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Паводле гэтай крыніцы, нарадзіўся ён 1 жніўня 1895 года ў сяле Ганеты Махарадзеўскага раёна Грузінскай ССР (адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел савецкага часу). Службу праходзіў у 1940–1953 гг. Інтэрнэтпартал «Дарога памяці» дапамог выявіць фотаздымак падпалкоўніка Уладзіміра Піражкова.

Падпалкоўнік медыцынскай службы Уладзімір Піражкоў. 1950-я гг.

У мірны час Уладзімір Васільевіч пераключыўся на выкладчыцкую і навуковую дзейнасць. У 1961 г. у Тбіліскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце абараніў дысертацыю «Тыфліскі ваенны шпіталь і яго роля ў развіцці грамадскай медыцыны ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя ў Грузіі». Аўтар абапіраўся на дакументы, выяўленыя ў архівах Тбілісі, Масквы, Ленінграда, прадставіў шэраг цікавых імёнаў у гісторыі медыцыны.

Адным з арганізатараў і першым галоўным урачом шпіталя быў чэх Іван Прыбіль (1782–1866), які хутка авалодаў грузінскай і рускай мовамі: «Дасканала ведаючы некалькі замежных моў, І. А. Прыбіль знаёміў ардынатараў шпіталя з навейшымі дасягненнямі замежнай медыцыны, каб найбольш каштоўнае і клінічна праверанае ўкараніць у шпітальную практыку».

Сёння вядомасць доктара ХІХ стагоддзя куды большая: адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі Расійскай імперыі; лячыў пісьменніка Грыбаедава, суправаджаў Мікалая І падчас яго падарожжа па Каўказе. «Як хірург і актыўны дзеяч грамадскай медыцыны Каўказа вялікай папулярнасцю карыстаўся І.І.Мінкевіч (1825— 1897 г.)», — сцвярджаецца ў дысертацыі і пацвярджаецца нагляднымі прыкладамі. З інфармацыі, якая засталася паза навуковым даследаваннем, адзначым: Іван Іванавіч быў памочнікам Мікалая Пірагова, удзельнікам Крымскай вайны, заснавальнікам і прэзідэнтам Каўказскага медыцынскага таварыства. Для беларусаў асабліва цікава і важна, што шырока вядомы і прызнаны вучоны нарадзіўся ў Невелі Віцебскай губерні.

Дакладна не вядома, як адгукнуўся Якуб Колас на ліст Марата Індзюкова, але зусім пэўна можна сцвярджаць, што далейшы лёс тбіліскага просьбіта быў звязаны з Беларуссю. З вуліцы Кіеўскай сталіцы Грузіі Марат Індзюкоў адправіўся ў аспірантуру факультэта журналістыкі Кіеўскага ордэна Леніна дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т.Р.Шаўчэнкі. (Перад гэтым, верагодна, была праца ў Мінску.) На кафедры тэорыі і практыкі партыйнасавецкага друку ў 1968 г. ім была абаронена кандыдацкая дысертацыя «Некаторыя праблемы тэорыі і практыкі жанраў „вобразнай публіцыстыкі“ ў тэлевізійным вяшчанні (па матэрыялах Украінскага і Беларускага тэлебачання)».

Акрамя публікацый у перыядычным друку, асобным выданнем пад эгідай Таварыства «Веды» Украінскай ССР была выдадзена брашура М.Індзюкова «Псіхалагічныя аспекты ўспрымання гукаглядзельнай інфармацыі» (Кіеў, 1976).

Янка Купала сярод дактароў і гасцей санаторыя. Цхалтуба, 23 лістапада 1938 г.

Не толькі тэорыя, але і практыка навукова-тэхнічнага прагрэсу звязала аўтара з Сінявокай. У газеце «Вечерний Брест» 23 верасня 2011 г. апублікаваны матэрыял Людмілы Бунеевай «Мікрафон уключаны! Мы — у эфіры!», прысвечаны 50-годдзю рэгулярнага тэлевізійнага вяшчання ў горадзе над Бугам. З успамінаў Вячаслава Машуціна, які прыйшоў працаваць на студыю ў 1962 г.: «Паколькі тэлебачанне было справай нечуванай у Брэсце, сюды адкамандзіравалі групу спецыялістаў з Мінска. У іх задачу ўваходзіла наладзіць тут работу. Намеснік старшыні камітэта Марат Індзюкоў і рэжысёр Уладзімір Цыбулька — вось айцызаснавальнікі тэлестудыі. Менавіта яны ставілі на ногі брэсцкае тэлебачанне. Разумныя, кампетэнтныя, інтэлігентныя, яны пакінулі пасля сябе найлепшыя ўспаміны. У іх мы ўсе вучыліся».

Хлопчык са здымка

Адзін з калектыўных фотаздымкаў, зробленых у Цхалтубе ў 1941 годзе, быў ідэнтыфікаваны наступным чынам: «Янка Купала, Якуб Колас, Эліко Метэхелі, Марат Індзюкоў (хлопчык)». Менавіта з такім подпісам яго арыгінал, што захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, быў змешчаны на сайце грузін Беларусі mamuli.by. На публікацыю адгукнуўся чытач пад нікам лела: «На фатаграфіі 1941 года жанчына не Эліко Метэхелі. Яна ўжо не працавала там з 1939 года. Я яе ўнучка...» 

Праўдападобна, што на здымку (які ў сваю чаргу можна датаваць больш дакладна — сакавік 1941-га) маці Марата Індзюкова — Вольга Фёдараўна Піражкова (Індзюкова).

У сувязі з выяўленымі матэрыяламі можна прапанаваць новую версію і адносна ідэнтыфікацыі асоб на здымку 1938 года: «Янка Купала сярод дактароў і адпачываючых санаторыя. Цхалтуба, 1938 год». Крайнімі злева можа быць сужэнства Уладзіміра і Вольгі Піражковых... Такімі пошукамі, іх вынікамі і запаўняюцца старонкі ў гісторыі міжнацыянальных, міжасобасных сувязей мінулых часоў. Гэтыя былі зроблены з дапамогай Веры Міцкевіч, унучкі Якуба Коласа, нястомнай даследчыцы яго радаводу і літаратурнай спадчыны.

Мікола Трус, кандыдат філалагічных навук


 

Кoличество переходов на страницу: 153