Іншыя прычыны ўзнікнення міжпазваночнай грыжы: скаліёз у дзяцей, розныя траўмы, празмерныя нагрузкі на пазваночны слуп, узроставыя змяненні, захворванні ўнутраных органаў, якія вядуць да парушэння абмену рэчываў у міжпазваночным дыску, вірусныя і рэўматоідныя захворванні, няправільнае харчаванне, экалогія.
Такім чынам, міжпазваночная грыжа дыска (м.п. грыжа) — вынік складанага паэтапнага працэсу. Утвараецца грыжа паступова: спачатку міжпазваночны дыск страчвае ваду, ссыхаецца, страчвае сваю амартызуючую функцыю і становіцца больш адчувальным да механічнай нагрузкі. У выніку гэтага фібрознае (храстковае) кольца, размешчанае па перыферыі дыска, патанчаецца, у ім з'яўляюцца трэшчыны, па якіх цэнтральная мяккая (студзяністападобная) частка дыска — пульпознае ядро — ссоўваецца да перыферыі, фарміруючы выпінанне (пратрузію). У выніку траўмы або інтэнсіўнай нагрузкі пратрузія можа скачкападобна павялічвацца, што прыводзіць да разрыву фібрознага кольца і выпінання студзяністага ядра ў спіннамазгавы канал. Гэта выпінанне і называюць грыжай дыска.
Найбольш часта сустракаюцца грыжы міжпазваночных дыскаў паяснічнага аддзела пазваночніка, значна радзей назіраюцца грыжы ў шыйным аддзеле, самыя рэдкія — у грудным аддзеле.
Фарміраванне грыжы і першае абвастрэнне можа справакаваць празмерная інтэнсіўная фізічная нагрузка, рыўковыя рухі, а таксама траўмы, атрыманыя, напрыклад, падчас падзення. Акрамя таго, выклікаць грыжу дыска можа спалучэнне некалькіх фактараў, якія ўздзейнічаюць на пазваночнік: напрыклад, нахіл тулава з адначасовым паваротам убок і пад'ёмам цяжару.
У далейшым абвастрэнне праяў хваробы можа выклікаць ужо менш інтэнсіўная нагрузка (статычная і дынамічная): доўгае вымушанае становішча (сядзенне за пісьмовым сталом, праца за камп'ютарам, знаходжанне працяглы час за рулём аўтамабіля), а таксама пераахаладжэнне.
Асноўным сімптомам грыжы міжпазваночнага дыска з'яўляецца боль. Часцей за ўсё ён узнікае на фоне інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі, нязграбнага руху або невялікай траўмы. Боль носіць страляючы, востры характар, часта распаўсюджваецца з паяснічнай вобласці ў адну або абедзве ніжнія канечнасці. Ён абмяжоўвае рухі ў пазваночніку, ускладняе перамяшчэнне, павароты ў пасцелі. Узмацняецца боль пры згінанні і сядзенні, натужванні, кашлі, чханні. У спакоі боль звычайна слабее, асабліва калі хворы ляжыць на здаровым баку, сагнуўшы хворую нагу ў каленным і тазасцегнавым суставах.
У некаторых выпадках боль можа суправаджацца развіццём слабасці ў адной або абедзвюх нагах, адчуваннем здранцвення ў іх. Чаму яно з'яўляецца? Грыжа, якая ўтварылася, сціскае карэньчык нерва ў месцы яго выхаду са спіннамазгавога канала і выклікае запаленне, якое суправаджаецца ацёкам. Ушчэмлены нервовы карэньчык пасылае ў галаўны мозг болевыя імпульсы, якія ўспрымаюцца хворым так, нібыта яны ідуць з нагі. Частка нерва, змешчаная па-за месцам ціску грыжы, амаль перастае функцыянаваць, што прыводзіць да рэзкага зніжэння адчувальнасці і з'яўлення слабасці ў назе.
У залежнасці ад выражанасці і ўстойлівасці болевага сіндрому м.п. грыжа лечыцца ва ўмовах стацыянара ці амбулаторна. Часцей за ўсё лячэнне пачынаецца амбулаторна, з прызначэння абязбольвальных, супрацьзапаленчых, сасудзістых і супрацьацёчных сродкаў. Калі тэрапія пачата своечасова, то ў часткі хворых гэта прыводзіць да значнага змяншэння болю.
Шпіталізацыя бывае неабходная пры вострым развіцці карэньчыкавага сіндрому — гэта значыць, пры здранцвенні і слабасці ў назе; абвастрэнні, якое зацягнулася; неэфектыўнасці амбулаторнага лячэння.
Да аператыўнага лячэння звяртаюцца ў тых выпадках, калі, нягледзячы на лекавую тэрапію, не ўдаецца купіраваць болі; калі не змяншаецца, а нарастае слабасць у ніжніх канечнасцях; а таксама пры парушэнні функцыі тазавых органаў (нетрыманне калу, мачы; зніжэнне патэнцыі ў мужчын; змяненне менструальнага цыкла ў жанчын).
Лячэнне абвастрэння можа працягвацца некалькі тыдняў і нават месяцаў, працягласць яго залежыць ад выражанасці сімптомаў захворвання. Мэтай любой тэрапіі з'яўляецца змяншэнне праяў хваробы: спыненне боляў, узнаўленне паўнавартаснай магчымасці руху і вяртанне чалавека да працы і актыўнага жыцця. Для гэта прызначаюцца медыкаментозныя прэпараты, фізіятэрапія, масаж, у некаторых выпадках — мануальная тэрапія, падводнае выцяжэнне, аператыўнае ўмяшанне.
Вельмі часта хворым з дыягназам м.п. грыжа доктар прызначае нашэнне гарсэта. Апошняе паказана ў перыяд абвастрэння захворвання пры выражаным болевым сіндроме. У перыяд рэмісіі надзяваць яго неабходна, калі мае быць фізічная нагрузка. Але не варта насіць гарсэт пастаянна — час нашэння гарсэта не павінен перавышаць 4—5 гадзін у суткі, у супрацьлеглым выпадку натуральны, мышачны, гарсэт страчвае тонус, перастае выконваць свае функцыі. Надзяваць і здымаць гарсэт трэба ў становішчы лежачы.
Хворым з м.п. грыжай некаторую палёгку можа прынесці правільна праведзеная мануальная тэрапія. Але ў гэтага метада лячэння ёсць супрацьпаказанні: напрыклад, да яго нельга звяртацца ў выпадку кампрэсіі (сціскання) грыжай дыска нервовых карэньчыкаў. Выявіць гэтыя супрацьпаказанні можна толькі пасля правядзення магнітна-рэзананснай тамаграфіі. Таму яшчэ раз звяртаем увагу — мануальная тэрапія павінна прызначацца вашым лечачым урачом!
Пасля сціхання боляў неабходна як мага раней вяртацца да штодзённай рухальнай актыўнасці, займацца лячэбнай фізкультурай (штодня выконваць фізічныя практыкаванні, якія ствараюць мышачны гарсэт і забяспечваюць правільнае размеркаванне нагрузкі на пазваночнік).
У той жа час хворым з грыжай міжпазваночнага дыска трэба старацца пазбягаць доўгай або празмернай фізічнай нагрузкі, а таксама скразнякоў і пераахаладжэння. Акрамя таго, варта абмежаваць рыўковыя рухі, пазбягаць скачкоў, рэзкіх штуршкоў і ўдараў у вобласць спіны, не пераносіць цяжкія прадметы (вагой больш як 5 кг), нахіляцца наперад варта толькі адначасова згінаючы ногі ў каленных суставах, паднімаць прадметы з падлогі толькі са становішча прысеўшы на кукішкі.
______________________________
ДАРЭЧЫ
Правільнае харчаванне і пазваночнік
* У прафілактыцы боляў у спіне і пазваночніку важнае месца займае "вітамінізацыя" рацыёну. Ужывайце прадукты з поўным наборам вітамінаў і дастатковай колькасцю кальцыю і магнію: рыба і іншыя морапрадукты, капуста, шпінат, бабы, арэхі, семечкі, гарох, хлеб з мукі грубага памолу, малако.
* Любімымі "ласункамі" міжпазваночнага дыска з'яўляюцца яблыкі і грушы, маліна і клубніцы, вінаград і тапінамбур (земляная груша), фундук і сачавіца, гарбуз, салата і соевы ёгурт.
* Не пераядайце! Старайцеся харчавацца проста. У рацыёне людзей, якія маюць праблемы са спіной і пазваночнікам, абавязкова павінны прысутнічаць курага, урук, чарнасліў, мёд, разынкі. Карысныя шчаўе, пятрушка і плады шыпшыны. Што ж да іншых прадуктаў, парада адна — умеранасць.
* Памятайце! Няма дыеты ад астэахандрозу (або іншых захворванняў пазваночніка), але ёсць дыеты ад лішняй вагі. Абавязкова разумна худзейце, таму што ваша лішняя вага цісне ўсёй сваёй масай на ваш родны пазваночнік, прымушаючы яго штохвіліны адчуваць празмерныя і непажаданыя нагрузкі.
* Устрымлівайцеся ад курэння, ужывання вострых страў, алкаголю.
* Скарыстайцеся праверанымі народнымі рэцэптамі:
1. Прыгатуйце настой звычайнага крываўніку з разліку: 1 ст. лыжка травы на шклянку кіпеню (настойваць, ухутаўшы, 1 гадзіну, працадзіць). Прымаць па 1 ст. лыжцы перад ядой.
2. Змяшайце 1,5 шклянкі соку рэдзькі з 1 шклянкай чыстага мёду і з 0,5 шклянкі гарэлкі, дадайце 1 ст. лыжку солі і старанна перамяшайце. Гэтую сумесь прымаць унутр па 1 чарцы перад сном, а таксама расціраць ёю месцы болю на спіне.
Падрыхтавала Вольга Кулінковіч,
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1435
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |