https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мы — беларусы, славяне, індаеўрапейцы


Кожны homo sapіens атрымлівае ад бацькоў у спадчыну каля 30 тысяч функцыянальных генаў і ўдвая больш — нефункцыянальных. Апошнія не ўплываюць на нашу здольнасць да прыстасавання, аднак хуткасць саміх мутацыйных працэсаў у іх даволі стабільная. Што дае магчымасць, падлічыўшы колькасць такіх змяненняў, прасачыць у адваротным парадку "ланцужок сваяцтва", пабудаваць генетычнае генеалагічнае дрэва асобных народаў і чалавецтва ў цэлым.

Афрыканскія карані

— Першыя людзі з'явіліся на Зямлі прыблізна 160 млн гадоў таму. У Афрыцы. Гэта было невялікае племя (2-3 тысячы чалавек), — патлумачыў член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Алег ДАВЫДЗЕНКА. — Чаму мы пра гэта ведаем? Бо ў Афрыцы былі выяўлены самыя старажытныя тыпы мітахандрыяльнай ДНК (яна перадаецца ў спадчыну па жаночай лініі). А значыць, можна меркаваць, што прамаці ва ўсіх нас адна. Y-храмасома, якую наследуюць мужчыны, таксама бярэ пачатак у Афрыцы. Такім чынам, старажытныя Адам і Ева былі афрыканцамі.

Гэта не значыць, падкрэсліў навуковец, што іншых людзей тады на планеце не існавала. Хутчэй за ўсё, яны былі, але ў генах сучаснага чалавека не пакінулі сваіх слядоў (магчыма, усе яны загінулі па прычыне нейкага катаклізму). Даследаванні ДНК неандэртальцаў сведчаць, што мы з імі больш далёкія сваякі, чым з шымпанзэ, хоць гэтыя старажытныя людзі мелі развітую крэмневую тэхналогію. Магчыма, наш від пераняў тэхналогіі ў неандэртальцаў, а саміх іх выціснуў, як менш прыстасаваны да выжывання.

Такім чынам, продкамі ўсіх сённяшніх людзей з'яўляецца адно афрыканскае племя. І нас ад іх аддзяляе ўсяго 6 тысяч пакаленняў. Прыкладна 60 тысяч гадоў таму людзі выйшлі з Афрыкі, утварыліся мангалоідная і еўрапеоідная расы. Людзі даволі хутка засялілі ўсе кантыненты, у тым ліку і Аўстралію. Сушы тады было значна больш, бо ўзровень Сусветнага акіяна быў ніжэйшы. У тыя часы тэрыторыя цяперашняй Японіі злучалася сушай з Карэяй, Амерыка — з Еўразіяй і г.д.

У гісторыі Еўропы вялікую ролю адыграла абледзяненне. Адзін ледавік часова прыпыніў першую хвалю чалавечага рассялення. Пасля яго раставання клімат стаў больш цёплым. Людзі зноў пацягнуліся ў Еўропу. Але 20 тысяч гадоў таму Еўропу накрыў другі ледавік. Папуляцыі людзей, якія паспелі засяліць гэтую тэрыторыю, значна скараціліся (з сотняў тысяч да дзясяткаў чалавек). Выжылі тыя, хто перачакаў халады ў так званых "сховішчах" — на Пірэнеях, у Прычарнамор'і, магчыма, на Балканах.

— У нармальнай вялікай папуляцыі людзі захоўваюць частоты сваіх генаў, а, калі папуляцыя "сціскаецца" да мінімуму, разнастайнасць генафонду змяншаецца. Праяўляецца эфект заснавальніка, — патлумачыў генетык. — Спадчыннікі тых, хто застаўся ў жывых, пачалі атрымліваць розную генетыку, з агульнай масы індаеўрапейцаў у сховішчах сталі фарміравацца асобныя "галіны" — народы. Паралельна ішла моўная дыферэнцыяцыя.

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі вучоныя звярнулі ўвагу на вялікую колькасць агульных ці падобных слоў у санскрыце і ў англійскай мове. Так сфарміравалася канцэпцыя моўных сем'яў. Сёння асобна вылучаюць індаеўрапейскую сям'ю моў, куды адносяцца раманскія, кельцкія мовы (валійцаў, іспанцаў, ірландцаў, французаў), германскія, славянскія, балтыйскія, санскрыт, фарсі, армянскія, грузінскія і інш. На гэтых мовах сёння размаўляюць і ў Еўропе, і ў Азіі. Грунтуючыся на гэтым, можна пабудаваць своеасаблівае "генеалагічнае дрэва моў", кшталту таго, што складаюць генетыкі, і прасачыць, як адзіная індаеўрапейская мова раскалолася на "галінкі". Найноўшыя матэматычныя мадэлі дазваляюць выяўляць і час гэтага расколу.Яны ўлічваюць хуткасць пераўтварэнняў слоў у мовах.

— Безумоўна, гэта не такая правільная пастаянная хуткасць, як у генных мутацый. І тым не менш дзякуючы ім можна сказаць, што ўзнікла раней, а што — пазней. Напрыклад, мы цяпер ведаем, што грэчаскія мовы адгалінаваліся ад індаеўрапейскай 8 тысяч гадоў таму, германскія — 6 тысяч, славянскія ад балтыйскіх адасобіліся 4 тысячы гадоў таму, а самі славянскія мовы сталі розніцца паміж сабой менш як тысячу гадоў таму. Хоць, падкрэсліў прафесар Давыдзенка, у адрозненне ад сваёй генетыкі, мову людзі могуць і памяняць (як здарылася з некаторымі кельтамі, якія пад уплывам Рымскай імперыі пачалі гаварыць на раманскіх мовах).

Угра-фіны — не індаеўрапейцы, яны гавораць не на індаеўрапейскай мове. І па генетыцы яны не "ўпісваюцца" ў нас. Гэта іншая моўная сям'я, да якой адносяцца фіны, эстонцы, венгры і некаторыя народы Расіі (марыйцы, мардва, комі-пермякі і г.д.).

Вучоныя з розных бакоў вывучаюць паходжанне народаў і прыходзяць да адной і той жа высновы: рассяленне праходзіла з аднаго месца, ад аднаго "кораня". І мовы, і генетыка "разгаліноўваюцца" па сходных схемах.

Калі ледавік пачаў сыходзіць, а тундравая зона — адступаць на поўнач, людзі працягнулі засяленне Еўропы. Тыя індаеўрапейцы, якія выратаваліся ад халадоў за Каспіем, неслі ў сваіх генах храмасому R1a. Нашчадкі тых, што перачакаў ледавік у Пірэнейскім сховішчы (іберыйцы), — храмасому R1b. Угра-фіны — N3.

На Алтаі знайшлі астанкі старажытных пасяленцаў, якія жылі там 4-5 тысяч гадоў таму. Вынікі аналізу іх ДНК сведчаць, што гэтыя людзі былі светлавалосымі і блакітнавокімі (хоць цяпер гэтую тэрыторыю насяляюць больш смуглыя народы) і мелі агульную для ўсіх індаеўрапейцаў храмасому R1a. Значна пазней у іх нашчадкаў доля R1a зменшылася, затое павялічылася доля мангалоіднай Y-храмасомы, як вынік асіміляцыі. Светлавокія і светлавалосыя людзі некалі засялялі тэрыторыю паўднёвай часткі Сібіры, поўначы Індыі, Пакістана, Афганістана, сярэднеазіяцкіх рэспублік былога Саюза. Але і ў цяперашніх жыхароў гэтых тэрыторый ёсць пэўны працэнт агульнаіндаеўрапейскай храмасомы R1a.

Дарэчы, ледавік падзяліў не толькі людзей, але і жывёл. Яны развіваліся ізалявана і "назапасілі" сваю адметную генетыку. Мядзведзі, якія да абледзянення былі адным відам, але перачакалі халады ў розных сховішчах (адны на тэрыторыі цяперашняй Іспаніі, а іншыя — на Каўказе), сустрэліся на Скандынаўскім паўвостраве пасля ледавіка ўжо як розныя падвіды.

Мы — "тутэйшыя"


На нашу тэрыторыю людзі прыйшлі 8 тысяч гадоў таму. Знойдзены і больш раннія, даледавіковыя стаянкі, але там не захавалася чалавечых астанкаў, толькі прадметы побыту.

Апошнія, хто прыйшоў да нас, былі земляробы. Хутчэй за ўсё, яны прыйшлі з тэрыторыі цяперашняй Турцыі, бо там у той час якраз актыўна развівалася земляробства.

— "Земляробчая" храмасома І1b і сёння шырока распаўсюджаная на Бліжнім Усходзе, — дадаў Алег Георгіевіч. — Ёсць яна і ў пэўнай часткі карэнных беларусаў. Земляробства ў нас пачало развівацца практычна ў той жа час, як і на Бліжнім Усходзе. У геалагічных слаях, датаваных 5 тысячагоддзем да новай эры, на паўднёвым захадзе Беларусі знойдзены пылок пшаніцы і жыта. Гэта не мясцовыя расліны, яны былі прынесены людзьмі. А на паўночным усходзе Беларусі земляробства атрымала развіццё толькі 4 тысячы гадоў таму.

Земляробы з Бліжняга Усходу былі апошнімі перасяленцамі, якія склалі ўвесь пул Y-храмасом карэнных беларусаў. Мяркуючы па назапашанай генетычнай зменлівасці, гэта адбылося каля 7 тысяч гадоў таму.

Дзякуючы земляробству, якое пачынае развівацца на паўднёва-заходняй частцы сённяшняй Беларусі, рэзка павялічваецца колькасць людзей на гэтай тэрыторыі. Шчыльнасць насельніцтва расце. Людзі адсюль больш не сыходзяць, а значыць, захоўваюць сваю генетыку. Таму тлумачэнне ўтварэння беларусаў як этнаса нашэсцем славян на балтаў, якое адбылося 1,5 тысячы гадоў таму, не мае пад сабой падстаў, заяўляе генетык. Мы — прамыя нашчадкі тых, хто жыў тут 7-8 тысяч гадоў таму. Народная тэорыя пра тое, што мы "тутэйшыя", аказалася самай правільнай.

— Пасля славян балты — самыя блізкія нам і па мове, і па генетыцы. А да славян і балтаў бліжэйшая генетычная і моўная радня — германцы. Фіны таксама жывуць побач, мы рэгулярна з імі кантактуем, але генетыка ў нас розная і мовы адносяцца да розных сем'яў. Германцы нам значна бліжэй. Генныя патокі паміж суседнімі народамі, бясспрэчна, уплываюць на генафонд нацыі, але робяць гэта вельмі марудна. Патрэбны тысячагоддзі. Асноўны наш пул застаецца тым жа, што і быў некалькі тысяч гадоў таму.

Можна сказаць, што тыя частоты, якія мы сёння назіраем па мітахандрыяльнай ДНК у карэнных беларусаў, з невялікімі адхіленнямі захоўваюцца ў нас спакон вякоў. Увогуле, калі папуляцыя вялікая, якія б заваёўнікі ні прыходзілі, з ёй нічога не зробіш, частоты генаў будуць захоўвацца, перадавацца з пакалення ў пакаленне (народ працягне аднаўляць сам сябе). Можа змяняцца эліта. У яе іншая генетыка, але яна не мае ніякага дачынення да генетыкі народа.

Зазірнуць у гісторыю

Аднаўленне насельніцтва ў земляробчай культуры да індустрыялізацыі адбываецца на вёсцы. Ды і сёння 50 працэнтаў народу нараджаецца на вёсцы. Менавіта таму генетыкі ўзялі вясковае насельніцтва за аснову даследаванняў генафонду карэнных беларусаў і стварэння нацыянальнага ДНК-банка.

— Гэта першы крок, сёння мы маем уяўленне аб генах карэнных беларусаў. Для гэтага важна было правільна ўзяць выбарку, раўнамерна размеркаваць яе па ўсёй тэрыторыі. Мы падзялілі ўсю Беларусь на 6 рэгіёнаў, зыходзячы са звестак, сабраных этнографамі. Свядома не ўключылі туды мясцовасці, дзе кампактна пражываюць іншыя народнасці (татары, яўрэі, літоўцы), а таксама так званыя "палескія ізаляты" (некалькі адасобленых вёсак, дзе свой адметны побыт, дыялект, культура, — там дзе жыхары нават фізіялагічна не падобныя на іншых палешукоў). Мы мяркуем, што гэта нашчадкі першых земляробаў, якія прыйшлі сюды 7 тысяч гадоў таму, толькі мы іх пакуль што не даследавалі.

Мы строга адбіралі пробы. У кожным з шасці раёнаў узялі тры "кропкі" ў сельскай мясцовасці, адабралі па 50 ўзораў. Бралі пробы толькі ў тых маладых людзей, у каго бабуля па матчынай і дзядуля па бацькоўскай лініі былі родам з гэтай мясцовасці. Так мы прадставілі карэнных беларусаў. Паколькі мітахандрыяльная ДНК (па жаночай лініі) і Y-храмасома (па мужчынскай) захоўваюцца ў шэрагу пакаленняў, то мы здолелі зазірнуць у генетыку нашых бабуль і дзядуляў, якія жылі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя.

Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, 80 працэнтаў нашых жыхароў лічаць сябе беларусамі. Значыць, правільным было даследаваць у першую чаргу менавіта іх. Наступны этап — даследаванне прадстаўнікоў іншых народнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі краіны, беларускіх літоўцаў, яўрэяў, татар, тых ж палескіх "ізалятаў". Тады мы зможам патлумачыць, адкуль у геном карэнных беларусаў патрапілі некалькі працэнтаў нетыповых для індааеўрапейцаў храмасом. Яны ёсць ва ўсіх еўрапейцаў — у розным працэнтным утрыманні. Адкуль яны прыйшлі да нас? Магчыма, ад тых яўрэяў, якім з часоў Вітаўта было дазволена тут сяліцца. Магчыма, ад татар.

Калі ўсе народы выйшлі з Афрыкі, то, значыць, усе мы — аднолькава старажытныя, проста наша далейшая гісторыя складвалася па-рознаму. Сёння з усёй адказнасцю можна сцвярджаць, што беларусы — самастойны этнас, мы — славяне, індаеўрапейцы.

Наяўнасць свайго ДНК-банка пацвярджае высокі ўзровень айчынных генных тэхналогій і выключае магчымасць навуковых спекуляцый наконт паходжання беларусаў.
Індывідуальная медыцына

Даследаванні ДНК беларусаў, акрамя акадэмічнага інтарэсу, маюць і чыста практычнае прымяненне. У крыміналістыцы, у медыцыне. Так, з дапамогай генетычных метадаў можна будзе танней і з большай дакладнасцю ідэнтыфікаваць асобу.

— Калі раней людзі лічылі важным, пад якой зоркай нарадзіцца, то цяпер важна разумець, з якімі генамі. Напрыклад, генамі схільнасці да пэўных хвароб, — працягвае Алег Давыдзенка. — Ёсць ферменты, якія знішчаюць таксіны ў арганізме, ксенабіётыкі. Да іх адносяцца і бытавая хімія. Уявіце рабочых на небяспечнай вытворчасці. У аднаго дзякуючы генам шкодныя рэчывы, патрапіўшы ў арганізм, адразу расшчапляюцца і выводзяцца, а ў кагосьці — не. І такі чалавек хутчэй стане інвалідам. Можа, трэба праводзіць прафарыентацыю і прафадбор? Мы над гэтым цяпер працуем разам з інстытутам гігіены.

Мы цяпер можам сказаць, што гены спадчыннай глухаты ў нас часцей сустракаюцца на Заходнім Палессі. Калі такое немаўля выявіць своечасова, то яму імплантуюць маленькі чып і дзіця не будзе інвалідам. Увогуле, у Беларусі ген спадчыннай глухаты сустракаецца часцей, чым у іншых краінах Еўропы. Як і схільнасці да гемахраматозу.

Сёння мы вывучаем 35 генаў (тых, што адказваюць за схільнасць да гіпертэнзіі, за спадчынную глухату, за ранняе атлусценне, за схільнасць да алкагольнай залежнасці і некаторых псіхічных хвароб, гены кантролю дэтаксікацыі ксенабіётыкаў, парушэння абмену жалеза, астэапарозу, гены схільнасці да аўтаімунных хвароб і інш). Гэты спіс пастаянна папаўняецца. Усё гэта дапаможа развіваць індывідуальную медыцыну. Скажам, усім цяжарным жанчынам сёння прызначаюць прэпараты жалеза, але людзям з геннымі мутацыямі па гемахраматозе яны шкодныя. Такім жанчынам трэба прызначаць іншыя прэпараты. Наш метад выяўлення гена схільнасці цяпер укаранёны ў Мінску ў цэнтры "Маці і дзіця".

Як бачыце, прастора для далейшых даследаванняў — вельмі шырокая.

Інга Міндалёва
Звязда



 

Кoличество переходов на страницу: 1827


Комментарии