https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Птушкі


У арыгінале песня называецца "Летят перелётные птицы". Міхаіл Ісакоўскі напісаў верш у 1948 годзе, а неўзабаве Мацвей Блантар паклаў яго на музыку. Савецкая грамадскасць адразу ўспрыняла новы вакальны твор, і ён быў вельмі папулярны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. У песні "Летят перелётные птицы" панарамна перададзеныя патрыятычныя пачуцці, якія перапаўнялі савецкіх людзей пасля перамогі ў Другой сусветнай вайне, выказаная іх святая вернасць роднай зямлі, грамадзянская самаахвярнасць дзеля яе росквіту. Музыка песні ўражвае арганічнай суладнасцю інтанацый асабіста лірычных, самотна тужлівых, пафасна прысягальных. Гэтая мажорна настраёвая і інтымна-памерная танальнасць мелодыі кранае і наступныя пакаленні...

Алесь Камоцкі — таленавіты музыка і паэт, вядомы сярод сучаснікаў як бард-мысляр, — перастварыў тэкст рускамоўнай песні. Бо многія тагачасныя рэаліі ўжо ўспрымаюцца ў сучасным асвятленні і пэўным чынам суадносяцца з іншымі падзеямі. І ўзнікла неабходнасць акрэсліць сюжэтную канву нацыянальнымі відарысамі. Паэт стасаваў музыку М. Блантара з новым зместам — духам блізкім да ісакоўскага верша, але адрозным ад арыгінала разгорнутым мастацка-паэтычным малюнкам, напоўненым беларускімі дэталямі і каларытам. А ў назве "Птушкі" адлюстраваны не толькі адлёт птушак у вырай, а найперш пазначана наша, людское існаванне між двума Сусветамі, і ў зямным быцці мы мусім трымацца годна, суладна, з любоўю...

Апошнім часам Алесь Камоцкі актыўна ўзяўся за ўключэнне замежных вакальных дыямантаў у беларускамоўную прастору. Ён паспяхова пераклаў-перастварыў тэксты шэрагу італьянскіх, японскіх, рускіх, савецкіх песень — і яны міла і пяшчотна заззялі ў суседстве з беларускімі. Тэксты гэтых вакальных твораў увайшлі ў чарговы паэтычны зборнік Алеся Камоцкага "Глыбіня дажджу", што выпусціла выдавецтва "Мастацкая літаратура" ў 2007 годзе, уключаны ў яго кампакт-дыск "З бацькоўскай кружэлкі"...

Расповед пра перастварэнне рускамоўнай песні "Летят перелётные птицы" прапанаваны захопленым аматарам і апантаным папулярызатарам беларускай песні Нінай Гецаравай з вёскі Бярозаўка Слаўгарадскага раёна. Па яе просьбе змяшчаем некаторыя звесткі пра Алеся Верамеевіча Камоцкага: нарадзіўся ў 1958 годзе ў Барысаве, закончыў філасофскае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта, выдаў паэтычныя зборнікі "Спроба ісці па расе", "Наспадзяванае", альбомаў "Дом", "Дым", "Дах" і іншых. Ён ладзіць музычныя сустрэчы, выступае з канцэртамі ўласных твораў.

Птушкі


Верш Алеся Камоцкага, паводле Міхаіла Ісакоўскага
Музыка Мацвея Блантара


Блакітам нябёсаў асенніх,

Паветрам празрыстага дня

Лятуць пералётныя птушкі

Цяплейшае сонца дагнаць.

А я на зямлі застаюся

Чакаць маразы і снягі —

У роднай сваёй Беларусі,

Дзе кожны куток дарагі.

* * * 

Растане ільдзінка расстання,

Развеецца смутак стары,

Стагоддзі лічыць не прыстане

Зязюля ў зялёным бары.

Мая маладзее надзея

І робіць салодкім палын,

Тут, нават калі захварэю,

Ніколі не буду адзін.

* * *

Калі яшчэ вернуцца гусі,

Калі яшчэ прыйдзе вясна...

Да печы пакуль прытулюся,

Зірну на падворак з вакна.

Цяплее пятля снегавею,

Што вывесіў студзень на тын.

Ці ж гэтак душу мне сагрэюць

Спякотныя сонцы чужын.

Падрыхтаваў Міхась Шавыркін
Звязда



 

Кoличество переходов на страницу: 1671


Комментарии