https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З «залатога фонду» Рэчы Паспалітай


Так супала, што ў двух магілёўскіх музеях — гісторыі Магілёва і абласным краязнаўчым — сёння экспануюцца слуцкія паясы. Супрацоўнікі ў адзін голас кажуць, што ім невымоўна пашчасціла выйсці на калекцыянераў гэтых рэдкіх каштоўнасцяў і пераканаць іх падзяліцца на нейкі час рарытэтамі. Наколькі падзея значная, можна меркаваць па лічбах, якія сёння можна знайсці ў інтэрнэце. Па некаторых звестках, у музеях Беларусі захавалася ўсяго каля 11 цэлых паясоў, з іх толькі 5 выраблены непасрэдна ў Слуцку, пра што сведчаць лацінскія і кірылічныя надпісы. Магілёў жа наогул упершыню можа пахваліцца выстаўкамі такіх прадметаў.

У экспазіцыі «Злататканая адзнака годнасці», якая сёння прадстаўлена ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Еўдакіма Раманава, унікальныя прадметы ткацтва XVІІІ—XІX стагоддзяў. Сярод пятнаццаці эксклюзіўных экспанатаў — паясы Слуцкай мануфактуры, Ліёнскай мануфактуры з паметкай «Слуцк», расійскай мануфактуры, ёсць адзін кунтушовы пояс, фрагменты дэкаратыўных тканін, якія з’яўляюцца ўзорамі ткацтва. А яшчэ кунтуш і жупан — неад’емныя часткі легендарнага «сармацкага» стылю беларускай шляхты. Экспазіцыю дапаўняюць працы вядомага беларускага графіка Уладзіміра Басалыгі з фондаў Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава.

— Гэтая выстаўка — вялікая падзея для культурнага жыцця нашага горада, і вельмі радасна бачыць такія ўнікальныя рэчы матэрыяльнай культуры, якія былі абавязковай часткай шляхецкага ўбору Рэчы Паспалітай, — кажа мастацтвазнаўца МДУ імя Куляшова, аўтарка кнігі «Сармацкая культура беларускай шляхты ў XVІ—XVІІІ стагоддзях» Лада КЛІМУЦЬ. — Наогул слуцкі пояс — з’ява шматгранная. Па-першае, гэта твор мастацтва са сваім унікальным стылем, тэхнікай выканання. Па-другое, гэта, безумоўна, з’ява гістарычная, таму што звязана з канкрэтным перыядам жыцця, развіцця нашай дзяржавы, атаясамліваецца з канкрэтнымі падзеямі. Па-трэцяе, гэта ідэалагічная і сімвалічная з’ява. У Рэчы Паспалітай пояс сімвалізаваў высокі статус у грамадстве, а яшчэ — незалежнасць дзяржавы, ідэю і сімвал нацыянальнай адметнасці. На жаль, у беларускіх музеях твораў такога кшталту не шмат, таму, лічу, усім нам пашчасціла ўбачыць цудоўныя па выкананні, у сімвалічным і гістарычным планах рэчы.

Для любога музея — гонар выстаўляць на агляд такія жамчужыны нацыянальнай культуры, а мець наогул прэстыжна. Калекцыянер з Мінска прапанаваў Музею гісторыі Магілёва набыць слуцкі пояс за мільярд беларускіх рублёў (60 тысяч долараў). Ён сатканы з шаўковых і сярэбраных нітак з пазалотай, чатырохбаковы, дасягае ў даўжыню 3,5 метра, створаны прыкладна ў 1770—1790 гадах. Зараз вывучаецца попыт і прапрацоўваюцца магчымасці выкупу гэтай каштоўнасці.

— Мы ўдзячны калекцыянеру, што ён даў нам магчымасць да канца года дэманстраваць гэты цудоўны экспанат, — кажа дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей БАЦЮКОЎ. — Ён ужо не раз дэманстраваў свой талент знаходзіць спонсараў для набыцця сапраўдных скарбаў для Магілёва. Дастаткова ўзгадаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, які каштаваў 45 тысяч долараў. Цяпер менавіта ў Магілёве захоўваецца адзіны ў краіне арыгінал гэтага рэдкага выдання. Разліковы рахунак для збору сродкаў на слуцкі пояс пакуль не адкрыты, але дырэктар кажа, што тут затрымкі не будзе. Галоўнае — знайсці мецэнатаў. «Наогул слуцкіх паясоў захавалася ў свеце ўсяго некалькі сотняў, — не ўтойвае ён свайго жадання зрабіць усё, каб толькі каштоўны экспанат застаўся ў музеі. — Каля трохсот знаходзіцца ў Варшаўскім нацыянальным музеі, у Расіі. У вольным продажы іх не шмат. У Беларусі фактаў набыцця іх у апошнія гады амаль не фіксавалася. Мы знаходзіліся ў своеасаблівым вакууме, такія прадметы амаль не траплялі на наш рынак. Цяпер нешта перамянілася. Той, што экспануецца ў нас, захаваны на 100%, у яго «родныя» махры, а не потым нашытыя, як рабілася падчас выканання пояса. Гэта сведчыць пра тое, што прадмет вышэйшай катэгорыі. Аналагічны яму ёсць у Нясвіжы, яго купілі, калі адкрывалі новую экспазіцыю пасля рамонту.

Аляксей Бацюкоў шчыра парадаваўся і за сваіх калег з абласнога музея.

— Краязнаўчы музей трымае высокую планку, паказвае прыклад у выставачнай дзейнасці, — адзначыў ён. — Гэта сапраўдны феерверк такіх каштоўнасцяў. Лёс склаўся так, што ў Магілёве цэлае свята на гэты конт. Можна прасачыць гісторыю слуцкага пояса з таго моманту, як Радзівілы запрасілі да сябе армянскага майстра Яна Маджарскага з горада Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), які валодаў тэхнікай ткацтва залатой і сярэбранай нітак. Ён пачынаў з традыцыйных усходніх арнаментаў, і тут, на беларускай зямлі, паясы атрымлівалі дадатковыя элементы, тыповыя для нас. Гэта адбылося на такім высокім узроўні эстэтычнага выканання, што слуцкія паясы сталі карыстацца папулярнасцю ва ўсёй Еўропе. Гэта той выпадак, калі беларускае мастацтва паднялося на самы верх, атрымала самую высокую адзнаку.

Нэлі ЗІГУЛЯ 

zigulya@zviazda.by


 

Кoличество переходов на страницу: 726


Комментарии