https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ад чаго залежныя вулічныя музыкі


Кожны з нас мноства разоў бачыў на вуліцах і ў пераходах маладых (і не вельмі) музыкантаў, выступленні якіх каму падаюцца рамантычнымі, каму найперш камерцыйнымі. Мы абышлі цэнтр сталіцы і распыталі некалькіх такіх творчых людзей: што прымушае іх даваць імправізаваныя канцэрты ў публічных месцах.

— Як даўно займаецеся музыкай?

Усевалад Каваленка: — З 54 пражытых гадоў іграю на гітары ўжо 42. Упершыню ўзяў у рукі інструмент у 1972 годзе. Памятаю, як мы з аднакласнікам на балконе ў Брэсце выконвалі «Ролінг Стоўнз».

Ксенія Ліхадзедава: — Мне зараз 26, а пачала займацца музыкай яшчэ ў школе. Пасля скончыла фартэпіяннае аддзяленне музычнага каледжа ў Віцебску. Таксама ўмею іграць на гітары, як і на флейце, аргане, цымбалах і варгане (гэта былі дадатковыя інструменты). Але патрэбна пастаянная практыка, каб атрымлівалася сапраўды добра. Цяпер выступаю ў тандэме з Усеваладам, ён іграе на гітары, я — на сінтэзатары.

Аляксей Амелька: — Займаюся з 16 гадоў (хлопцу зараз 29). Асвойваў гітару самастойна: сядзеў, напачатку пад касету падбіраў акорды. Калі расказваю, што нідзе музыцы не вучыўся, некаторыя здзіўляюцца. А я лічу, што ўсё магчыма, і, калі сапраўды хочаш, — даб'ешся.

Раман Смяшкоў: — Я пачынаў таксама падлеткам, на гітары іграю з 15 гадоў. Ужо ў 19—20 у Гомелі іграў у пераходзе і ў прыгарадных цягніках. Пасля быў доўгі перапынак, і вось толькі каля года назад, у 31, я зноў узяўся за інструмент.

— Што для вас вулічныя выступленні?

Усевалад Каваленка: — Для мяне гэта ў меншай ступені камерцыя. Шчыра кажучы, такім чынам асабліва і не заробіш. Вось, напрыклад, мой сябра Нікерсан працуе ў Францыі на адным месцы ўжо 15 гадоў. Яго ведаюць жыхары горада. Мала таго, людзі прыходзяць спецыяльна, каб паслухаць, як ён іграе. Сябра за гэтыя гады ўжо вельмі добра вывучыў кан'юнктуру, так што меней чым 120 еўра за вечар працы не атрымлівае. Для Нікерсона гэта чыстая камерцыя.

Аляксей Амелька: — Для мяне такія імправізаваныя канцэрты — накшталт рэпетыцый перад выступленнем на прафесійнай сцэне. Спадзяюся, што калі-небудзь для мяне яны стануць своеасаблівым пропускам на яе. На вуліцы трэба іграць на самай справе класна, каб чалавек спыніўся цябе паслухаць. Вельмі цяжка «зачапіць» прахожага.

Сапраўдны вулічны музыка адпрацоўвае праграму, а не проста так іграе, што прыйдзе ў галаву. Дарэчы, мы ніколі не просім грошай у слухачоў. Але калі нехта думае, што ўсё так проста, то памыляецца. Каб хоць нешта зарабіць, трэба каб людзям падабалася тое, што ты робіш. Гэта пастаянная праца над сабой, прычым вельмі цяжкая.Таму я іграю не кожны дзень. Пасля якаснага выступлення даводзіцца дзень-два адпачываць.

— Як звычайна рэагуюць слухачы?

Ксенія Ліхадзедава: — Залежыць ад узроўню культуры. Вельмі непрыемна, калі падыходзяць нападпітку і просяць выканаць што-небудзь непрыстойнае. Тады проста рукі апускаюцца. Але, паколькі я граю на вуліцы ўжо не першы год, у мяне выпрацаваўся своеасаблівы імунітэт.

Усевалад Каваленка: — Многа раз сутыкнуўшыся з імі, ты ўжо звыкаешся, ведаеш, як трэба паводзіць сябе, каб пазбегнуць канфлікту. На шчасце, гэта толькі малая частка людзей. У асноўным або праходзяць міма, або слухаюць, усміхаюцца (часам і не). Аднойчы быў выпадак, калі падышоў мужчына і кажа: «Я вам даў грошай толькі за тое, каб вы тут не ігралі».

Ёсць і тыя, хто прымае нас на ўра. Гэта ў асноўным тыя выпадкі, калі чалавек чуе песню, якую некалі любіў і слухаў з задавальненнем. А мы менавіта вось такія, можна сказаць класічныя, кампазіцыі і выконваем. Прахожых чапляе на эмацыянальным узроўні.

Аляксей Амелька: — Чым больш людзей спыняецца цябе паслухаць, тым цікавей працуецца. Чым больш энергіі аддаеш ты, тым больш да цябе вяртаецца ад кожнага слухача. Энергетыка вельмі акрыляе. Калі ты раз гэта адчуў, з'яўляецца нешта накшталт залежнасці, пасля хочацца працаваць яшчэ і яшчэ лепш.

Нават калі спыняецца адзін чалавек і ты бачыш, што яму шчыра падабаецца, хочацца выкладвацца на мільён працэнтаў. І не важна, колькі грошай яны табе кінуць у капялюш. Было і такое, што падыходзяць людзі і пытаюць: «Ці можна пастаяць і паслухаць, але ў мяне няма грошай». Вядома можна! Мы ніколі і ні з каго грошы не «трасём». Калі ёсць жаданне і магчымасць пакінуць невялікую суму, будзем удзячнымі. Калі не, то хопіць і ўсмешкі.

— Чаго, на ваш погляд, не хапае вулічным музыкам?

Раман Смяшкоў: — Дастаткова адвесці пару невялікіх пляцовак у месцах, аддаленых ад жылых дамоў, каб не перашкаджаць жыхарам. І каб пра іх ведалі мінчане. Гэта былі б такія своеасаблівыя свабодныя пляцоўкі: хто хоча, той іграе ці спявае. А людзі, калі ім падабаецца, слухаюць, адпачываюць. Музыканты маглі б купіць ліцэнзію на такі род заняткаў за невялікія грошы і свабодна працаваць.

Па каментарый мы звярнуліся да прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага:

— З пункту гледжання правапарадку ў гэтым занятку няма нічога супрацьзаконнага, за выключэннем таго, што знаходжанне на закрытых пляцоўках можа ствараць пэўныя праблемы для прахожых (напрыклад, у пераходах), або калі музыканты дапускаюць абразлівыя прыставанні да людзей накшталт «дай грошыкаў, дай грошыкаў».

Перад міліцыяй стаіць першачарговая задача — ахоўваць грамадскі парадак і грамадзян. Напрыклад: ідзе маці з дзіцем па пераходзе, а там музыкант, так званы «вольны мастак» спявае непрыстойную песню. Ці спадабаецца вам такое? Што, малому вушы закрываць? І ці дапаможа гэта?

Галоўнае, да кожнай справы падыходзіць з розумам. Той жа вулічны музыкант павінен разумець, што можна рабіць, а чаго нельга, не выходзіць за маральна-этычныя рамкі, ведаць, што недапушчальна ў грамадстве. «Вольны мастак» свабодны не ад абавязацельстваў перад грамадствам, а ад заключэння адносін з якім бы тое ні было калектывам. Але на яго распаўсюджваюцца ўсе тыя ж патрабаванні — прытрымлівацца прававых і маральна-этычных нормаў, якія склаліся ў грамадстве.

Увогуле, улады падтрымліваюць гэтую ініцыятыву ў рамках развіцця культуры: некалькі разоў у год праводзяцца розныя фестывалі, у тым ліку і пад эгідай Мінгарвыканкама. А ў летні перыяд амаль кожныя выхадныя праходзяць розныя мерапрыемствы з прыцягненнем музыкаў.

Дар'я Арэф'ева, студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі БДУ Звязда5 студзеня 2017



 

Кoличество переходов на страницу: 560


Комментарии