https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Акно ў шырокі свет


У асяроддзі мінскіх збіральнікаў паштовак, ды і ўвогуле мінскіх калекцыянераў добра ведаюць маскоўскага калегу — кандыдата геаграфічных навук Кірыла СОКАЛА. Ён часты госць у Беларусі, Мінску. Кірыл Геліевіч — аўтар даследаванняў, прысвечаных манументальным помнікам Расійскай імперыі, член рэдкалегіі маскоўскага часопіса «Филокартия», супрацоўнік Маскоўскага дзяржуніверсітэта. Наша размова з маскоўскім збіральнікам артэфактаў даўніны — пра яго ацэнкі апошніх праяў у беларускай калекцыянерскай справе.

— Ведаю, што вы ўважліва сочыце за падзеямі ў жыцці калекцыянераў Беларусі...

— І не толькі сачу, як і ўсялякі раўнівы калега, але і сам па меры магчымасцяў удзельнічаю ў справах, клопатах калекцыянераў Беларусі. Вось зараз дапамагаў арганізоўваць выстаўку мінчан Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева ў Маскве...

Гэтыя калекцыянеры ўжо даўно супольна працуюць. Абодва — апантаныя збіральнікі ілюстрацыйнага матэрыялу пра Беларусь, пра розныя куточкі вашай унікальнай старонкі. Ведаю, што іх прыязныя стасункі — гэта не што іншае, як сучасны працяг вядомага ў Беларусі праекта «У пошуках страчанага». І выстаўка ў Маскве гэтым разам  была прысвечана вайне 1812 года.

— Здаецца, ва Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева ёсць і кніга па матэрыялах яго збору менавіта на гэтую тэму?

— У 2012 годзе мы з Уладзімірам Аляксеевічам выпусцілі таксама сумесную кнігу — «Помнікі Айчыннай вайне 1812 года на старых паштоўках». Гэтая работа прынесла мне вялікую асалоду і яшчэ раз пераканала, што старая паштоўка можа служыць унікальным матэрыялам, унікальнай дакументальнай крыніцай у галіне гістарычнай геаграфіі.

Але зараз я хацеў бы нагадаць пра крыху бліжэйшую да нашых дзён працу Уладзіміра Ліхадзедава, у якой ён рэалізаваўся разам з Уладзімірам Пефціевым. Размова пра іх сумесны альбом «Святы роўнаапостальны князь Уладзімір», які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда». Зразумела, выданне гэтае не адбылося б, калі б не самыя высакародныя амбіцыі абодвух калекцыянераў. Мяне здзіўляе і ўражвае маштабнасць іх памкненняў. Як у рабоце над гэтым альбомам, так і ўвогуле.

Дзякуючы руплівасці Уладзіміра Пефціева і Уладзіміра Ліхадзедава мы маем магчымасць аглядаць ці не ўсе літаграфіі Фабера дзю Фора...

— Гэта ўсё ж, калі гаварыць пра тэму вайны 1812 года?..

— Так. Фабер дзю Фор — легендарны нямецкі мастак-баталіст. У званні лейтэнанта ён прайшоў з войскам Напалеона ўсю рускую кампанію. У складзе корпуса маршала Нея. Зарысоўваў пейзажы Расіі, салдатаў на прывалах, пераправы, маршы войскаў, самі баі. Пазней дапрацоўваў свае накіды акварэллю. Упершыню малюнкі Фабера дзю Фора былі прадстаўлены гледачам у 1816 годзе. А ў 1840-м серыя была выдадзена пад назвай «Лісты з майго партфеля, намаляваныя на месцы ў час кампаніі ў Расіі». Розныя спецыялісты ацэньваюць ілюстрацыі Фабера дзю Фора як досыць інфарматыўную крыніцу па вайне 1812 года з розных пунктаў гледжання.

А яшчэ ў калекцыі Уладзіміра Пефціева — літаграфіі з карцін Верашчагіна... Так што, прадстаўляючы зараз у Маскве гэтых апантаных беларускіх калекцыянераў, я шмат разважаў пра вартасці іх працы па збіральніцтве гістарычнай памяці. У Расіі зараз шмат робіцца ў плане ўзнаўлення сапраўднай гісторыі Айчыны. Самая прадстаўнічая ўвага нададзена дзейнасці гістарычнага і геаграфічнага таварыстваў. З'явілася шмат новых перыядычных выданняў, прысвечаных выключна гісторыі. І ўсе яны імкнуцца шырока ілюстраваць свае публікацыі. І старадаўнімі літаграфіямі, дакладней іх рэпрадукцыямі, і старымі паштоўкамі. Думаю, што і ў Беларусі такі ілюстрацыйны матэрыял, які маецца ў калекцыях Уладзіміра Пефціева і Уладзіміра Ліхадзедава, павінен быць запатрабаваным.

— Тут важны яшчэ і такі вось момант... Паштоўка, літаграфія павінны рухаць, развіваць свядомасць, шырыць прастору ўяўленняў (заўважу, праўдзівых уяўленняў) пра розныя адрэзкі нашай гісторыі...

— А як іначай?!. І не проста свядомасць развіваць, а яшчэ і да добрых спраў грамадства падштурхоўваць... Вось і Ліхадзедаў з Пефціевым не трымаюць сабранае ў цёмных пакоях. Для іх калекцыі — рухавік. Ведаю, што збіральнікі ініцыююць розныя практычныя справы. Уладзімір Ліхадзедаў знайшоў раней невядомы помнік Айчыннай вайне 1812 года... Дакладней, спярша знайшоў фотаздымак. Высветліў, што помнік гэты знаходзіўся па дарозе з Вілейкі ў Маладзечна, яго разбурылі. Слядоў ніякіх, інфармацыі — нуль. Адна выява. Можна толькі здагадвацца, якіх сіл і намаганняў каштавала ўзнаўленне гэтага помніка, усталяванне яго на тым самым ці амаль на тым месцы, дзе ён стаяў болей як паўстагоддзя назад. Супольна Уладзімір Ліхадзедаў з Уладзімірам Пефціевым прыцягнулі да справы і аднадумцаў, і ўлады мясцовыя. Як вынік — новы стары помнік нашым прашчурам, што абаранілі і Расію, і Беларусь ад напалеонаўскага нашэсця. І прысвечаны ён усім, хто загінуў у вайну 1812 года. Нават без акцэнтаў аб тым, хто на якім баку ваяваў...


— У межах праекта «У пошуках страчанага» пабачылі свет ужо ці не 20 філакартычных альбомаў, кніг...  Ці ўсе з іх вам знаёмыя? Якую ацэнку вы даяце гэтаму напрамку ў рабоце калекцыянераў?

— Такой аўтарскай бібліятэкі няма не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. А мо нават і ў свеце... Выдавецкая дзейнасць калекцыянераў уражвае... Ведаю, што моцна падтрымала Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава ў частцы альбомнага выкладання філакартычнага матэрыялу і дзяржава...

— Так, толькі ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла пяць альбомаў з серыі «У пошуках страчанага»... А пачаткам работы па прадстаўленні паштовак шырокай грамадскасці стала шматгадовая работа з праектам на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня». Наклад выдання зрабіў сваю справу. Пазней да друкавання рэпрадукцый старых паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава падключыліся іншыя масмедыя.

— І што самае важнае, і кнігі, альбомы, і газетныя, часопісныя публікацыі маюць істотны тэкставы складнік... З выданнямі можна ісці ў школу, у студэнцкія аўдыторыі. Паштоўка можа і павінна дапамагаць вывучаць гісторыю краіны.


— Калі гаварыць пра планы вашага супольнага супрацоўніцтва...

— Я не згадаў яшчэ адзін помнік, узноўлены з дапамогай і на сродкі беларускіх калекцыянераў. Гэта святая справа: помнік праваслаўнаму святару Фёдару Юзэфовічу. Ён не пашкадаваў свайго жыцця дзеля ўсталявання справядлівасці. Тым самым і застаўся ў памяці нашчадкаў. А работай па ўзнаўленні помніка Уладзімір Пефціеў і Уладзімір Ліхадзедаў прадоўжылі памяць, заклалі падмурак на будучыню ў справе выхавання і асветніцтва. Спадзяюся паўдзельнічаць разам з маімі беларускімі калегамі ў новых выданнях, у новых выстаўках. Ведаю, што Уладзімір Аляксеевіч плануе выдаць кнігу пра манументы, помнікі, якія месціліся на тэрыторыі Беларусі да 1941 года, да Вялікай Айчыннай вайны. Буду рады, калі маё супрацоўніцтва прынясе ў гэтай справе карысць.

— Дзякуй, Кірыл Геліевіч, за гутарку, за дапамогу беларускім калекцыянерам, за падтрымку іх сур'ёзных пачынанняў!

Гутарыў Павел АЛЬСОВЫ



 

Кoличество переходов на страницу: 620


Комментарии