https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Актуальнае мастацтва з музея Эрарта пакажуць у Мінску


У Санкт-Пецярбургу ёсць адно цудоўнае месца, якое пакуль не пазначана ў кожным даведніку, але дакладна вартае асаблівай увагі — на Васільеўскім востраве стаіць прыгожы будынак недзяржаўнага музея сучаснага мастацтва «Эрарта», аднаго з найбуйнейшых гэтага напрамку ва Усходняй Еўропе. Сюды можна прыязджаць на цэлы дзень (хоць, вядома ж, магчымасці чалавечага ўспрымання абмежаваныя), гуляць па залах з найлепшымі прыкладамі сучаснага расійскага мастацтва, нават мець «сваё» месца ў эрартаўскім рэстаране. І, вядома ж, вяртацца. Неўзабаве магічная «Эрарта» стане нам крыху бліжэйшай: мінская прыватная галерэя «Дом карцін» 9 верасня адкрые выставу жывапісу NEW PAІNT.RU, у якой будзе прадстаўлена семдзесят работ дваццаці шасці выдатных сучасных расійскіх мастакоў з эрартаўскай калекцыі.

Новай выстаўкай Дом карцін адсвяткуе свой першы дзень нараджэння, а трэба сказаць, яму ёсць што адзначаць: праекты галерэі заўсёды выклікаюць выключную цікавасць. Выстава твораў Народных мастакоў Беларусі (а гэта найвышэйшае дзяржаўнае званне); графічныя работы Марка Шагала, Сальвадора Далі і Анры Маціса; экспазіцыя беларускага канцэптуаліста Руслана Вашкевіча — кожнае мерапрыемства становіцца знакавым, і праект NEW PAІNT.RU традыцыю добрай якасці працягне.

Калекцыя, што збіраецца прыехаць у Мінск, ужо выязджала за межы «Эрарты» і паказвалася ў іншых расійскіх гарадах, апроч Піцера. Нарэшце экспазіцыя пачынае сваё падарожжа па замежжы, а наша сталіца стане першым яго пунктам.

Уладзімір Аўчыннікаў, Анатоль Басін, Уладлен Гаўрыльчык, Віталь Пушніцкі, Ілья Гапонаў, Аляксандр Дашэўскі, Уладзімір Мігачоў — аўтары расійскага андэграунда і персоны не лакальнага, а сусветнага мастацтва. NEW PAІNT.RU — гэта Пецербургская школа, гэта мастакі, што ствараюць вобраз расійскага выяўленчага мастацтва апошнія трыццаць гадоў — Алена Фігурына, Анатоль Заслаўскі, Мікалай Сажын, Фелікс Валасенкаў, Валерый Лука.

Уладзімір Аўчыннікаў, напрыклад, у свой час арганізаваў адну з першых «кватэрных» выставак у пасляваенным Ленінградзе, удзельнічаў у першых неафіцыйных выставах, на якіх савецкі абывацель мог упершыню пазнаёміцца з альтэрнатыўным сучасным жывапісам, з яго дзіўнымі на той час напрамкамі і вобразамі. Работы мастака захоўваюцца ў нью-ёркскім Метраполітан-музеі, Эрмітажы і Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, у Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у музеях і прыватных калекцыях у Кітаі, ЗША, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і іншых краінах.


У мінулым Уладзіміра Мігачова з Краснадара значыцца роспіс праваслаўных храмаў, а сёння ў яго жывапісе, усё больш і больш папулярным, каноны спалучаюцца з сучаснымі павевамі. У калекцыі Эрарты захоўваюцца яго змрочныя палотны — чорнае «Мора», «Чарназём», «Чорны дым».

«Тры асілкі» — Фелікс Валасенкаў, Валерый Лука і Вячаслаў Міхайлаў — займаліся скіданнем жывапісных канонаў (калі яшчэ было што скідваць), чым зарабілі сабе скандальную рэпутацыю. Сёння яны з'яўляюцца заслужанымі рэвалюцыянерамі мастацтва.

Музей «Эрарта» збірае сучасны расійскі жывапіс і робіць гэта сваім прыярытэтам. Гэтая калекцыя ўражвае, тут ёсць усё галоўнае з гісторыі сучаснага мастацтва, а таксама негалоўнае і малавядомае, але цікавае.

Экспазіцыя, што адкрыецца ў Доме карцін, будзе падзелена на некалькі секцый — «Ідэнтыфікацыя», «Новая сур'ёзнасць», «Татальны жывапіс» і «Экспрэсіянізм». Без мэт цэласна прадставіць вобраз расійскага мастацтва NEW PAІNT.RU пакажа, як сучаснасць увасабляецца на палотнах аўтараў.

За час работы выставы, што працягнецца да 23 кастрычніка, у Доме карцін пройдзе некалькі сустрэч — у прыватнасці, з мінскім мастаком з каранямі ў піцерскім андэграўндзе Віталем Чарнабрысавым, куратарам Эрарты Уладзімірам Назанскім, калекцыянерам нон-канфармізму з Санкт-Пецярбурга Мікалаем Благадатавым.

Заведама можна сказаць, што выстаўка з калекцыі «Эрарты» стане чарговым «плюсікам» для рэпутацыі галерэі «Дом карцін».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Zviazda.By



 

Кoличество переходов на страницу: 600


Комментарии