https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У X стагоддзі крывічоў хавалі з ваўкамі, крывічанак - з авечкамі


Пра што яшчэ здольныя расказаць курганныя могільнікі?

У дзясятым стагоддзі, калі скандынавы толькі засялялі паўночную Францыю, а палінезійцы былі ў кроку ад адкрыцця Новай Зеландыі, Русь толькі пачынала прымаць хрысціянскі выгляд. Прынамсі, на беларускіх землях у гэты час панавала яшчэ паганства.

Карэспандэнты "Звязды" наведалі раскопкі курганнага могільніка ў в. Бірулі Докшыцкага раёна і даведаліся,
якія адрозненні існавалі ў пахавальных абрадах крывічоў.

Рыдлёўка, пэндзлік, шпаталь, а побач — нівелір і металашукальнік. Больш за тыдзень археалагічная экспедыцыя полацкіх і віцебскіх археолагаў сумесна з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук працуе на раскопках.

Аб'екты даследавання, сканцэнтраваныя на паселішчы VІІІ ст.  і курганным могільніку Х ст., воку недасведчанага беларуса скажуць не шмат. Іншая рэч — археолагі: па адным толькі раскопе яны могуць распавесці не толькі пра тое, як ЖЫЛІ нашы продкі, але і пра тое, як яны ПАМЕРЛІ.

Капаць — не перакапаць

— А я думаў, што капаць тут — тое самае, як бульбу капаюць, — усміхаецца Яўген Фраленка. — Але ж не — пласт за пластам тут трэба здымаць акуратненька.

Студэнты Ягор Воранаў і Яўген Фраленка з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Біруліцкім лесе праходзяць сваю першую археалагічную практыку. І хоць у будучыні хлопцы бачаць сябе больш спецыялістамі ў сферы турызму, чым археолагамі, і адзін, і другі прызнаюцца, што былі б зусім не супраць знайсці які рарытэт у нетрах докшыцкай зямлі.

— Вядома, думалася, што знаходак будзе больш, — гаворыць Ягор Воранаў. — Косці там якія знойдзем, але добра і так. Затое на сапраўдныя раскопкі патрапілі. Падабаецца атмасфера ўнутры нашай групы.

На раскопках побач з археолагамі студэнты працуюць амаль кожны раз. Паводле слоў гісторыка Віктара Чараўко (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт), цікавасць у студэнтаў да археалогіі ёсць заўсёды. Асабліва калі тое, пра што чытаеш у кніжках, пасля можаш пабачыць на свае вочы. Цікава і тое, што археалагічная практыка ў студэнтаў — адна з першых. На старшых курсах студэнты працуюць з архівамі, затым вучацца апрацоўваць тэкставую і графічную інфармацыю, а пасля — шчыруюць на практыцы педагагічнай.

— Літаральна нядаўна мы знайшлі пярсцёнак і фрагменты браслетаў, невялікі фрагмент падвескі, — расказвае пра знаходкі завочнік Аляксандр Суржэнка. — У матэрыяльным плане ніякай каштоўнасці яны не ўяўляюць, а вось у культурна-гістарычным — бясцэнныя.

"Крывічоў хавалі з ваўкамі, крывічанак - з авечкамі"

Кіраўнік археалагічнай экспедыцыі Андрэй Вайцяховіч курганнымі могілкамі зацікавіўся з падачы сваіх сяброў-настаўнікаў. І калі гадоў восем таму ён толькі пачынаў цікавіцца курганамі, то сёння ўжо рыхтуе дысертацыю на гэтую тэму. На раскопкі ў лес Андрэй Вячаслававіч бярэ не толькі студэнтаў-практыкантаў, але і 7-гадовага сына Ладзіміра. Для малодшага Вайцяховіча гэта ўжо чацвёртая экспедыцыя ў жыцці.

Заплечнік археолага — гэта тэлефон, сцізорык, фотаапарат, шуфлікі, рулетка і дажджавік. Усе рэчы — патрэбныя. Паводле слоў археолага, курганны могільнік у Бірулях цікавы найперш ...паленымі касцямі.

— Што дзіўна, у адным такім кургане
Х ст. — да пяці кілаграм абпаленых касцей. Гэта пры там, што з аднаго чалавека, у сярэднім, касцей застаецца кілаграмы два. У Х стагоддзі на гэтай тэрыторыі было яшчэ паганства і толькі ў др. пал. Х — пач. ХІ ст. з прыняццем хрысціянства тут адбываецца пераход да інгумацыі.

— Чым унікальны біруліцкі могільнік?

— Яго ўнікальнасць ў тым, што з яго дапамогай можна прасачыць момант трансфармацыі паганства. Спачатку курганы трапляліся амаль без костак і інвентару, потым пачаў з'яўляцца ляпны посуд, у іншай групе курганоў — ножыкі і аздобы з каляровага металу (на жаль, усё вельмі моцна пашкоджана агнём). Матэрыяльнай каштоўнасці яны не ўяўляюць, але вось навуковую! Трапляюцца нават візантыйскія рэчы — іншаземныя.

— Спадар Андрэй, вы казалі, што асаблівую ўвагу варта звярнуць на жаночыя курганы. Чаму?


— У другой палове Х ст. побач з ляпнымі збанамі ў жаночых пахаваннях сустракаюцца кругавыя збаны. Вось толькі якасць у іх вельмі дзіўная: такога кшталту збаны былі характэрныя больш для паўднёвых тэрыторый. Гэта гаворыць пра хвалю перасялення з поўдня. І мясцовыя крывічы пераймалі традыцыі па вырабе посуду.

— А калі казаць пра мужчынскія курганы?

 — Тут, як і на мяжы полацкай зямлі, у пач. ХІ ст. пачынаюць з'яўляцца інгумацыі ўзброеных мужчын. Такія пахаванні сведчаць аб працэсе ўваходжання гэтых тэрыторый у Полацкае княства. Як і на ўсёй тэрыторыі Полацкага княства, тут са з'яўленнем такіх пахаванняў крэмацыя знікае. Хрысціянства, як вядома, з крэмацыяй змагалася. Варта звярнуць увагу на тое, што са з'яўленнем тут пахаванняў узброеных мужчын, з магіл знікае кругавая кераміка — адбываецца адкат назад, зноў адыход да ляпнога посуду.

— Пра што гэта гаворыць?

— Відаць, частка насельніцтва адсюль проста сышла, або іх папросту знішчылі,

— Чым цікавыя для нас курганы з крэмацыяй?

— У кожным такім кургане абавязкова прысутнічаюць косці жывёл. Тут мы выявілі цікавую тэндэнцыю: жаночыя пахаванні суправаджаюцца касцьмі свойскай жывёлы — авечак, кароў, сабак, качак, курэй. Мужчынскія пахаванні — наадварот, тут сустракаюцца косці драпежнікаў (куніц, лісіц, ваўкоў, баброў). Што цікава: у кожным пахаванні — і ў мужчын, і ў жанчын — у магілу клалася таксама свіння. Гэта была самая папулярная свойская жывёла. У Беларусі месцаў, дзе б на Х ст. былі выяўлены пахаванні з фаўністычнымі комплексамі, больш няма.

У заключэнне гутаркі Андрэй Вайцяховіч прызнаўся, што быў прыемна здзіўлены стаўленнем да раскопак мясцовай улады.

— Калі я паехаў дамаўляцца да мясцовых улад, то ўсе пытанні былі вырашаны за 5 хвілін. Для мяне гэта быў прыемны шок. У іншых раёнах Беларусі, дзе ўжо давялося папрацаваць, часцей за ўсё ўзгадвалі пра "ўборачныя кампаніі" і пра тое, што "часу няма".

"Калі б мы жылі ў VІІІ ст., то свае падвескі гублялі б часцей"

Паступова ад раскопаў на курганах накіроўваемся да раскопаў на паселішчы. З выгляду — проста вялікі ўзгорак, на якім расце лес. Але не — гэта гарадзішча ранняга жалезнага веку! Тут праходзяць раскопкі Інстытута гісторыі Акадэміі навук (далей — АН).

— Першы раскоп зроблены, ужо можна даведацца, хто тут жыў і ў які час, — распавядае навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН Зоя Харытановіч. — Жыццё ў гэтым гарадзішчы працягвалася амаль тысячу гадоў. Першыя насельнікі былі прадстаўнікамі днепра-дзвінскай культуры. Тут жыў адзін род — дзве-тры сям'і. Вядома, што жылі яны тут некалькі стагоддзяў: былі выяўлены характэрныя фрагменты керамікі. Знойдзены таксама некалькі гаспадарчых ям, а вось жытла, на жаль, не выяўлена.

— А што тут было далей?

— Змянілася культурнае аблічча — і дзесьці з 7-8 ст. гарадзішча засяляюць носьбіты банцараўскай культуры. Аднак керамікі гэтага перыяду няшмат, знойдзены бронзавая падвеска і жалезны ножык.

На склоне Шведскай гары, як называюць гэты пагорак мясцовыя жыхары, зроблены яшчэ адзін раскоп. У гэтым селішчы, паводле слоў навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН Сяргея Дзярновіча, пражывала насельніцтва культуры банцараўшчыны (максімальнае датаванне — 8 ст.).

— Знойдзены тут прадметы побыту характэрныя для банцараўскай культуры. Таксама сустракаюцца рэшткі, якія сведчаць пра культуру смаленска-полацкай гліны (8-9 ст.). Пасля ж жыхары адсюль сыходзяць.

Насамрэч жа, ніякіх забабонаў няма. Мне, напрыклад, даводзілася начаваць у адным пакоі з рэшткамі з пахавання, але ніхто не сніўся і ў сне не прыходзіў. Адзінае, пра што стараюцца заўсёды памятаць археолагі, — да пахаванняў трэба ставіцца з павагай.

Археолагаў уважліва слухаюць студэнты, якія дапамагаюць праводзіць на селішчы раскопы. Аднагрупнікі Марына Зямлянка, Павел Крыцкі і Аляксандра Шустава сёлета скончылі першы курс універсітэта, але настрой у моладзі баявы. "Калі нават і не станем археолагамі, то ўсё роўна будзе ў нас бясцэнны вопыт", — прызнаюцца студэнты.

— А калі б вы самі жылі ў VІІІ ст. на гэтым селішчы, як бы вы жылі?

— Мы пабольш бы смецця пасля сябе пакідалі, — смяюцца будучыя гісторыкі. — Пабольш бы падвесак, керамікі — гэта каб археолагам пасля лягчэй было.

— Я займаўся б выплаўкай металу і кавальствам, — усміхаецца Павел.

— А мы ў такім выпадку гатавалі б для каваля, абвешаныя падвескамі, — дадаюць дзяўчаты.

Вось цікава, а ці будуць раскопваць нашыя нашчадкі праз пару стагоддзяў нас? І ці шмат яны знойдуць?

Ілья Лапато
Звязда, 21 ліпеня 2011



 

Кoличество переходов на страницу: 1418


Комментарии