У Баку ў часопісах «Азербайджан» і «Улдуз» (заснавальнік выданняў — Саюз пісьменнікаў Азербайджана) у канцы мінулага года пабачылі свет апавяданні Алеся Бадака «Ідэальны чытач» і «Уцёкі на край дажджу». Перакладчык на азербайджанскую мову — вядомы празаік Камран Назірлі. Мы звязаліся з пісьменнікам з Баку і вось што ён расказаў:
— Гэта не адзіны мой зварот да перакладаў беларускай прозы. Пераўвасобіў на азербайджанскую я і аповесць лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Праўда, пакуль што гэты пераклад не надрукаваны. Зараз у полі зроку ў мяне як перакладчыка — шэраг кніг дзіцячых пісьменнікаў Беларусі. Ваша літаратура ў гэтым плане з'яўляецца для нас прыкладам. У нас цяпер не так і шмат пішуць адрасна для дзяцей. А што да прозы Алеся Бадака, то мяне прывабіла ягоная непадробная лірычнасць, душэўнасць, у апавяданнях ёсць настраёвасць. Баюся ўсялякіх параўнанняў, але ж калі нешта даводзіць з разлікам на іх, то з такой жа асалодай я чытаў Канстанціна Паўстоўскага, Юрыя Казакова, можа быць — яшчэ і Юрыя Нагібіна. У перакладчыцкай працы мне дапамагло і непасрэднае знаёмства з Беларуссю, вашым сімпатычным народам. Шмат у чым зайздрошчу беларусам сённяшнім...
У Беларусі і Азербайджана на сучасным этапе складваюцца неблагія творчыя стасункі ў галіне літаратуры. Шмат перакладае з азербайджанскай паэзіі Таццяна Сівец. Дарэчы, пабываўшы ў сталіцы гэтай каўказскай краіны, яна напісала паэму «Баку». Асаблівую цікавасць да беларускай літаратуры праяўляе цэнтр перакладу пры Кабінеце міністраў Азербайджанскай Рэспублікі. А ў Беларускім педагагічным універсітэце працуе Цэнтр культуры Азербайджана. Выйшлі ў Мінску апошнім часам і кнігі азербайджанскіх пісьменнікаў Чынгіза Алі аглу і Севіндж Нурукызы ў перакладзе на беларускую мову.
Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ
Кoличество переходов на страницу: 1160
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |