https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ад 23% да 30% мужчын атрымліваюць адмоўны вынік ДНК-тэста на бацькоўства


Хто і навошта падбірае «генетычны ключ» да таямніцы бацькоўства і ці варта давяраць выніку ДНК-тэста, мы спыталі ў спецыяліста ў галіне генетычных даследаванняў Цэнтра генетыкі «Спадчына» Лізаветы Васілеўскай.

Генетычныя даследаванні даюць шырокі спектр магчымасцяў. Напрыклад, экзомнае і геномнае секвеніраванне, выяўленне схільнасці да спадчынных захворванняў, устанаўленне наяўнасці або адсутнасці храмасомных паталогій плода, дыягностыка і ўдакладненне прычын тых ці іншых хвароб, чые вытокі трэба шукаць на генетычным узроўні... Генетыкам сёння пад сілу вельмі многае — скласці генетычны пашпарт, вызначыць здольнасці да заняткаў пэўным відам спорту... Але, мабыць, найбольш часты запыт грамадства да генетычных лабараторый — гэта ўстанаўленне бацькоўства.

Працэдура простая, але…

— ДНК-тэст на бацькоўства запатрабаваны ў любыя часы. Што б ні адбывалася ў свеце, тэст на бацькоўства нязменна цікавіць і мужчын, і жанчын: запыты — штодзённыя, нягледзячы на выхадныя і святочныя дні. Людзі хочуць ведаць праўду, і, як паказвае практыка, не шкадуюць для гэтага ні часу, ні грошай, — кажа Лізавета Васілеўская.

Працэдура здачы генетычнага матэрыялу простая: спатрэбяцца ўсяго толькі тры ватныя палачкі і папяровы канверт. Стандартным узорам з’яўляецца букальны эпітэлій — прасцей кажучы, мазок з унутранага боку шчакі. Дастаткова правесці ватнай палачкай па слізістай зверху ўніз, тры разы па адной шчацэ, тры разы — па другой. Можна зрабіць гэта дома, выкарыстоўваючы самыя звычайныя ватныя палачкі, можна прыехаць у цэнтр. З дадатковых умоў — неабходна ўстрымацца ад ежы, ужывання фарбавальных напояў і курэння на працягу паўгадзіны перад узяццем узораў, каб яны былі цалкам прыдатныя для даследавання.

Робіцца ДНК-экспертыза на ўстанаўленне бацькоўства на працягу пяці рабочых дзён і каштуе 325 рублёў, калі ўдзельнікаў двое — бацька і дзіця. За дадатковых удзельнікаў даследавання давядзецца даплаціць (205 рублёў за другое дзіця, па 100 рублёў пачынаючы з трэцяга). Работа з нестандартнымі ўзорамі абыдзецца заказчыку даражэй, тэрміны даследавання павялічацца.

Генетыкі часам сутыкаюцца з сітуацыямі, калі стандартны ўзор кліент прадставіць не можа (напрыклад, жанчына не паведамляе мужу, што вырашыла ўдакладніць, хто ўсё ж такі бацька яе дзіцяці, ці мужчына не хоча расказваць жонцы, што не зусім давярае ёй). Тады ДНК-ўзорамі могуць выступаць станок для галення, недакуркі, састрыжаныя пазногці, вушная сера, сталовыя прыборы або, напрыклад, трубачка ад соку, які піў малы.

— У прынцыпе, можна даследаваць любы матэрыял, які змяшчае клеткі. Але калі казаць аб нестандартных узорах, валасы — першае, што прапануюць кліенты, але гэта, напэўна, самы няўдалы варыянт. Па-першае, для ДНК-даследавання неабходныя валасы з цыбулінай, і па-другое, іх павінна быць сапраўды вялікая колькасць, інакш лабараторыя выдасць заключэнне «недастаткова генетычнага матэрыялу».

Тры валасінкі, знятыя з расчоскі, — гэта, хутчэй, стэрэатып з серыялаў. Таксама складана вылучыць ДНК, калі ў якасці ўзору кліенты прапануюць зубную шчотку або жавальную гумку.

Бацькі і дзеці

Для ДНК-тэста на бацькоўства неабходныя генетычныя ўзоры мужчыны і дзіцяці. Узоры маці для даследавання не абавязковыя.

— Калі ўзоры бяруцца ў абаіх бацькоў — значыць, пара ў прынцыпе не ўпэўненая, што гэта іх дзіця.

Але распаўсюджаныя «страшылкі» аб тым, што дзіця могуць «пераблытаць у радзільным доме», ні разу не пацвердзіліся — такіх выпадкаў у практыцы генетыкаў за 7 гадоў работы цэнтра не было.

— Прысутнасць маці для правядзення тэста на бацькоўства не абавязковая. Тут трэба весці гаворку ў першую чаргу аб этычным аспекце сітуацыі, — кажа суразмоўніца.

Адна справа, калі мужчына расказаў жонцы, што хоча зрабіць ДНК-тэст на бацькоўства, і тая не змагла або не захацела пры гэтым прысутнічаць. І зусім іншая — калі маці дзіцяці ў прынцыпе не паведамляюць. Або калі яна супраць. Але і ў гэтым выпадку жанчына не можа перашкодзіць правядзенню даследавання. Падаць на мужа ў суд або прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за тэст на бацькоўства немагчыма — няма такой прававой нормы, кажа спецыяліст. Хоць, зразумела, любой жанчыне непрыемна, калі муж у ёй сумняваецца, і гэта можа стаць прычынай сямейных драм — нават прывесці да разводу. Каб не псаваць адносіны, мужчыны нярэдка трымаюць свой візіт у генетычны цэнтр у сакрэце.

Слова «бацька» генетыкі да атрымання заключэння не выкарыстоўваюць. Практыкуюць больш нейтральную форму «меркаваны бацька».

— Часам кліенты пярэчаць: «Я не „меркаваны“, я на самай справе бацька», але мы прытрымліваемся гэтай нейтральнай фармулёўкі.

Бывае і наадварот — мужчына ўжо вырашыў, што дзіця «не яго», і цяпер чакае пацвярджэння сваёй здагадкі. Паводле статыстыкі, прыкладна трэць ДНК-тэстаў на бацькоўства дае адмоўны вынік.

— Калі казаць аб працэнтных суадносінах, то ў 2020 годзе адмоўных тэстаў (заключэнняў «бацькоўства выключана») было 30 % ад агульнай колькасці, у 2021-м — 23 %. У сярэднім так звычайна і бывае — ад 23 да 30 % «меркаваных бацькаў» фактычна не аказваюцца біялагічнымі бацькамі сваіх дзяцей.

Магчыма, на самай справе гэты працэнт крыху вышэйшы, бо многія таты нават не дапускаюць думкі, што могуць выхоўваць не сваё дзіця, адзначае спецыяліст. Многія мужчыны кажуць: «Мне ўсё роўна, маё ці не маё гэта дзіця ў плане генетыкі». Дарэчы, не заўсёды жанчыны падманваюць мужчын свядома. Жанчына сама можа не ведаць, хто бацька яе дзіцяці. І гаворка не аб маргіналах. Проста жыццё часам бывае складаным і заблытаным…

— Да нас звяртаюцца не толькі мужчыны. Часам жанчына хоча высветліць, хто з дваіх мужчын, з якімі ў яе былі адносіны, з’яўляецца бацькам яе дзіцяці. І тады яна ўпотай збірае нестандартныя ўзоры і праводзіць тэст.

Наколькі можна давяраць ДНК-тэсту на бацькоўства? Дакладнасць даследавання складае 99,9 %, кажа Лізавета Васілеўская.

— Мы даём гарантыю дакладнасці выніку, таму і выкарыстоўваем па тры ўзоры ад кожнага ўдзельніка. Першы і другі — для даследавання, трэці — для пераправеркі. Зрэшты, калі вынік выклікаў у кліента сумненне, рабіць паўторныя ДНК-тэсты на бацькоўства можна неабмежаваную колькасць разоў. Але, як паказвае практыка, вынік паўторнага даследавання заўсёды супадае з папярэднім.

Складанасць у тым, кажа суразмоўніца, што на такія даследаванні людзі, як правіла, прыходзяць з гатовым рашэннем, якое ўжо склалася ў іх у галаве. І калі вынік тэста не супадае з іх чаканнямі, яны чапляюцца за ідэю, што генетыкі маглі памыліцца.

— У дагаворы, які мы заключаем з кожным кліентам, ёсць найважнейшы пункт: не гарантуем, што вынікі даследавання будуць адказваць вашым чаканням. Да гэтага трэба быць гатовымі, адважваючыся на ДНК-тэст.

Але часта кліент загадзя вырашыў для сябе, бацька ён ці не бацька. І калі атрымлівае не той вынік, якога чакаў, з’яўляюцца сумненні і ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі.
«Гэта не тваё дзіця!»

Што падштурхоўвае мужчын зрабіць генетычны тэст на бацькоўства? Бывае, сябры, сваякі ці суседзі сказалі, што «сын (дачка) на цябе зусім не падобны(ая)». Здараецца, жонка падчас сваркі кінула: «Гэта не тваё дзіця!». Часам, напрыклад, калега зрабіў тэст на бацькоўства, і дзіця аказалася не яго... Ідэя «даведацца праўду» афармляецца не адразу, часам яна спее гадамі.

— Некаторыя кліенты кажуць: «Хацеў зрабіць тэст на бацькоўства ўжо пяць гадоў таму, і ніяк не асмельваўся», — распавядае спецыяліст. — А бывае, мужчыны вырашаюць зрабіць тэст на бацькоўства, калі сыну ці дачцэ ўжо 20-25 гадоў. Як паказвае практыка, калі сумненні з’явіліся, мужчына рана ці позна да нас прыйдзе. Шмат хто кажа, што не хоча ўводзіць маці дзіцяці ў курс справы, таму што «гэта проста мае асцярогі», «не хачу псаваць адносіны», «хацелася б праверыць ціха і ананімна».

Таемнае ніколі не стане відавочным, калі сам кліент не прагаворыцца сваім блізкім. Генетыкі дбайна ставяцца і да ананімнасці кліента, і да прыватнасці даследавання — гэта аснова іх прафесіянальнай этыкі.

— Па законе, заказчык мае права не прадастаўляць вынік тэста маці дзіцяці. Бываюць сітуацыі, калі маці тэлефануе ў наш цэнтр, каб даведацца аб выніку ДНК-даследавання, заказчыкам якога быў яе муж. Але мы не маем права паведамляць гэтыя звесткі нікому, акрамя кліента. На гэты выпадак у дагаворы прапісана кодавае слова, якое заказчык мае права паведаміць або не паведамляць сваім родным. І калі маці дзіцяці не можа назваць кодавае слова, яна не атрымае вынік. Тады яна падключае іншых сваякоў, і да нас звяртаецца ўжо яе мама — цешча заказчыка. Хачу падкрэсліць: мы не «хаваем мэтанакіравана» вынік ДНК-тэста на бацькоўства ад маці дзіцяці. Калі муж дасць ёй свой «пароль бяспекі», то мы агучым вынік па тэлефоне і па запыце адправім заключэнне.

У Беларусі ДНК-экспертызы праводзіць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, а таксама два прыватныя цэнтры, якія знаходзяцца ў Мінску. Узоры генетыкам прывозяць і дасылаюць з усёй краіны. Бабулі (часцей з боку татаў) нярэдка выступаюць заказчыкамі ДНК-тэста на бацькоўства — генетыкі заўважылі, што колькасць зваротаў узрастае, калі пачынаюцца канікулы і ўнукаў прывозяць да бабуль. Як правіла, такія звароты ўтрымліваюць нестандартныя ўзоры — свякрові правяраюць бацькоўства сына, не даводзячы да яго (і, зразумела, нявесткі) ведама. Радзей звяртаюцца па ДНК-экспертызу на бацькоўства бабулі з боку мамы.

— Быў цікавы выпадак. Заказчыкам выступала бабуля: яна перадала ўзоры свайго сына і ўнука. Лабараторыя выдала заключэнне: бацькоўства ўстаноўлена на 99,999... працэнта. Дзявятак пасля коскі было столькі, колькі змясцілася на бланку. Гэта значыць, яе сын дакладна з’яўляецца бацькам дзіцяці. Але бабуля не здавалася: «А калі я прынясу ўзоры іншага мужчыны, і ў яго будзе на адну дзявятку пасля коскі больш — можа быць, усё ж такі бацькам з’яўляецца ён?».

Дарэчы, не менш дакладны вынік, чым генетычны тэст на бацькоўства, дае ДНК-тэст на сваяцтва, калі сваякі — блізкія (бабуля і ўнучка, дзядуля і ўнук). Калі гаворка ідзе аб больш далёкім сваяцтве — напрыклад, пра дзядзьку і пляменніцу, ступень сваяцтва складзе каля 70 %.

Родная кроў

Далёка не заўсёды ДНК-тэст на бацькоўства сведчыць аб узаемным недаверы або канфліктах у пары, тлумачыць спецыяліст. Нярэдка генетычная экспертыза неабходная ў судзе, часам мужчына хоча прылажыць яе да завяшчання, калі, напрыклад, у яго ёсць дзеці ад розных шлюбаў. Часам пытанне аб сваяцтве ўзнікае пасля смерці меркаванага бацькі — часцей за ўсё, пры падзеле спадчыны. Калі ДНК-даследаванне на бацькоўства або сваяцтва патрэбнае ў судзе, адзначае суразмоўніца, яго можна зрабіць і ў прыватным цэнтры (заключэнні выкарыстоўваюцца як падстава для падачы іскавай заявы і доказ у судзе), але часам лепш звярнуцца ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. І ўсё ж часцей гэтае пытанне ляжыць у сферы міжасабовых адносін — заказчык хоча даведацца праўды «для сябе», кажа Лізавета Васілеўская.

— Нярэдка мы робім тэст на бацькоўства адразу пасля выпіскі мамы з малым з радзільні. Таксама магчымае ўстанаўленне бацькоўства ў дародавым перыядзе — у гэтым выпадку ДНК плода вылучаецца з крыві маці. Працэдура бяспечная — маме дастаткова здаць кроў з вены.

Дародавы тэст на бацькоўства значна даражэйшы — ён абыдзецца заказчыку ў 2750 рублёў і магчымы толькі з дзявятага тыдня цяжарнасці. Паслуга гэтая не надта запатрабаваная: прасцей і танней дачакацца нараджэння дзіцяці і ўжо тады даведацца, хто яго бацька.

Дзіўна, але ў генетычных цэнтраў бываюць нават пастаянныя кліенты — мужчыны, якія праходзілі ДНК-тэст на бацькоўства не адзін і нават не два разы. Напрыклад, зрабіўшы такое даследаванне ў нованароджанага, тата вырашае заадно «праверыць» і іншых сваіх дзяцей. Або, атрымаўшы адмоўны вынік, мужчына разводзіцца з жонкай, а праз некаторы час зноў уступае ў шлюб. І пасля нараджэння дзіцяці ў новай сям’і зноў збірае генетычныя ўзоры для экспертызы — адзін раз перажыўшы боль і расчараванне, вырашае перасцерагчыся.

Аўтар: Аляксандра Анцэлевіч
Звязда, 15 сакавіка 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 219