https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Патрэбен комплекс мер, якія забяспечаць выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах


Наколькі ў Беларусі забяспечана роўнасць рускай мовы і беларускай? З чаго пачынаць людзям, якія хочуць вывучыць беларускую мову? Чаму беларускую мяжу ахоўваюць пагранiчнiкi, а не памежнiкi? Калі спыніцца палітыка этнацыду беларусаў?

Напярэдадні Дня роднай мовы госцем онлайн-канферэнцыі на TUT.BY стаў дырэктар Інстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец, які старанна адказаў на ўсе зададзеныя пытанні.  

Лёс беларускай мовы сапраўды хвалюе нашых гледачоў, слухачоў і чытачоў. У гэтым можна пераканацца, зірнуўшы на колькасць пытанняў, адрасаваных нашаму госцю.

Навошта патрэбны ваш Інстытут? Ці, можа, для таго, каб прадукаваць прафесараў, якія даказваюць, што трыста год таму нейкае слова вымаўлялася па-іншаму? Якая карысць сучаснаму грамадству ад вашай дзейнасці?

На гэтае пытанне адказаць і проста, і складана. Проста – таму што можна было б наогул не адказваць. Той, хто задаў гэтае пытанне, відаць, для сябе мае ўжо адказ. Але калі гаварыць сур’ёзна, то такія інстытуты, як наш Інстытут мовы і літаратуры, вельмі патрэбныя, таму што яны займаюцца даследаваннем праблем беларускай культуры, нацыянальнай мовы і літаратуры. Зусім не выпадкова, што ў 20-я гады правобразам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стаў Інстытут беларускай культуры, які быў створаны ў 1922 годзе. Асноўнай задачай гэтага інстытута было даследаванне праблем беларускай мовы, літаратуры і нацыянальнай культуры – гэта тыя нацыянальныя каштоўнасці, якія, у рэшце рэшт, і фарміруюць нацыю.

Калі была створана Нацыянальная акадэмія навук, то на базе мовазнаўчых кафедраў гэтага Інстытута культуры і быў створаны самастойны Інстытут мовазнаўства.

Асноўнай задачай Інстытута мовазнаўства на ўсім працягу яго існавання, складанай яго гісторыі, з’яўляецца даследаванне сістэмы беларускай мовы і падрыхтоўка тых прац па беларускай мове, якія забяспечваюць выкарыстанне беларускай мовы як важнейшага сродка камунікацыі, важнейшага фактара і сімвала нацыянальнай самасвядомасці і часткі беларускай культуры, што і фарміруе нацыянальную адметнасць Беларусі і нашай краіны ў сусветнай супольнасці.

Менавіта ў Інстытуце мовазнаўства падрыхтаваны тыя фундаментальныя працы па беларускай мове, якія не толькі дазволілі апісаць сістэму беларускай мовы на ўсіх яе ўзроўнях, што дазволіла беларускай мове ўвайсці ў лік найбольш высокаразвітых літаратурных пісьмовых моў свету і найбольш даследаваных славянскіх моў, але і забяспечылі патрэбы моўнай практыкі, сталі базай для ўсёй вучэбнай літаратуры для ўсіх узроўняў адукацыі на беларускай мове. Гэта значыць, што працы нашага Інстытута, слоўнікі, граматыкі і іншыя даведнікі сёння рэальна забяспечваюць патрэбы моўнай практыкі і выкарыстанне беларускай мовы ў нашым грамадстве як сродка зносін і сродка і фактара беларускай нацыянальнай культуры.

Больш за два гады таму было прынята рашэнне аб аб’яднанні Інстытута мовы і літаратуры. Многія знаўцы негатыўна паставіліся да гэтага, адзначыўшы, што не на тым эканомілі, нават у савецкія часы да гэтага не даходзілі. Які вынік гэтага аб’яднання можна зрабіць сёння?

Гэта было чыста арганізацыйнае пытанне, якое звязана з імкненнем зрабіць больш эфектыўнай дзейнасць тых гуманітарных інстытутаў, якія працуюць паралельна ў блізкіх, сумежных галінах нацыянальнай навукі. Цяпер, праз два гады, калі можна падвесці нейкія вынікі, можна сказаць, што нам удалося захаваць і кадравы састаў гэтых двух інстытутаў, і асноўныя навуковыя напрамкі, даследаванні па якіх зараз праводзяцца ў аб’яднаным інстытуце. Але галоўнае – гэтае аб’яднанне і больш цеснае супрацоўніцтва дазваляе ўбачыць і тыя перспектывы і найбольш актуальныя праблемы, якія звязаны з функцыянаваннем беларускай мовы ў нашым грамадстве, з даследаваннем яе сістэмы і з выяўленнем тых тэндэнцый, якія зараз адбываюцца ў беларускай мове і найбольш выразна выяўляюцца ў сучаснай літаратурнай творчасці. Гэтае аб’яднанне не адбілася адмоўна на дыяпазоне і ўзроўні навуковых даследаванняў у галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства. Больш таго, зараз мы працуем над выкананнем адной дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў “Беларуская мова і літаратура”.

Адкуль у нашай мове з часам з’яўляюцца ўсё больш русізмаў? Шмат з тых слоў, якія мы вучылі ў школе, зараз замененыя на больш блізкія да рускіх. Гэта такая тэндэнцыя, што беларуская мова будзе той жа самай трасянкай?

Праблема суадносін і ступені супадзення ў слоўнікавым складзе беларускай і рускай моў ляжыць у яе гісторыі і звязана з асаблівасцямі фарміравання новай беларускай літаратурна-пісьмовай мовы. Пачынаючы ад пачатку ХХ стагоддзя да пачатку ХХІ стагоддзя, на працягу ўсіх ста гадоў беларуская літаратурная мова, тая мова, якую мы вывучаем ў школе і якой карыстаемся як сродкам зносін, адчула на сабе самыя розныя ўплывы і змену розных тэндэнцый у сваім развіцці. Але на працягу ўсяго гэтага развіцця беларускай мовы вельмі актуальнай была пурыстычная праблема адштурхоўвання ад сістэм суседніх, блізкіх моў і актуалізацыі, перш за ўсё, у слоўнікавым складзе, тых моўных з’яў і сродкаў, якія адрозніваюць беларускую мову ад суседніх. Калі паглядзець аб’ектыўна з пазіцый сённяшняга дня на стогадовы перыяд развіцця беларускай мовы, я павінен сказаць, што паступова ішоў працэс фарміравання і выяўлення нацыянальна адметных рыс беларускай мовы, якія і складаюць яе спецыфіку.

Улічваючы моўную сітуацыю, у якой існуе і развіваецца беларуская мова, трэба сказаць, што яна пастаянна адчувае на сабе ўплыў суседніх моў, а гэта з’яўляецца адной з прычын таго, што ў беларускай мове з’яўляюцца русізмы. Але больш важнай праблемай з’яўляецца іншы аспект: можна гаварыць не толькі пра непасрэдны ўплыў і запазычанні з рускай мовы, хаця гэта таксама ёсць. Трэба гаварыць, і гэта вельмі важна, пра ўскосны ўплыў рускай мовы, пра тое, што стварае ўражанне ўплыву рускай мовы, таму што слоўнікавы склад беларускай мовы вельмі актыўна папаўняецца інтэрнацыянальнай лексікай англа-амерыканскага паходжання. Гэтая лексіка актыўна пранікае ў сістэму і беларускай мовы, і рускай мовы, і іншых славянскіх і еўрапейскіх моў. Гэта стварае ўражанне збліжэння слоўнікавых сістэм, а паколькі наша беларуская мова існуе паралельна з рускай, такія запазычанні ствараюць уражанне рускамоўнага ўплыву.

Безумоўна, ёсць моманты, звязаныя з непасрэдным уплывам рускай мовы. Але ёсць яшчэ адзін аспект: у слоўнікавым складзе беларускай і рускай моў ёсць значная колькасць агульнай лексікі ўсходнеславянскага паходжання, а гэта таксама стварае ілюзію ўплыву рускай мовы.

Тым не менш праблема ўплыву рускай мовы на слоўнікавы склад беларускай мовы існуе, і таму на сённяшнім этапе развіцця сістэмы беларускай мовы і яе слоўнікавага складу вельмі важнай з’яўляецца тэндэнцыя, якая ў навуковай літаратуры атрымала назву “тэндэнцыя да нацыяналізацыі”, і звязана яна з тым, каб нейкім чынам абмежаваць колькасць лексікі, якая звазана з уплывам суседняй мовы, і актуалізаваць тую лексіку, якая паказвае нацыянальную спецыфіку нашай мовы.

Наколькі ў Беларусі забяспечана роўнасць рускай мовы і беларускай? Даволі шмат пытанняў існуе да рэдакцыі “Закона аб мовах” 1998 года. У прыватнасці, Канстытуцыйны суд у 2003 годзе пастанавіў, што гэты закон супярэчыць нейкім палажэнням Канстытуцыі і не забяспечвае гэтай роўнасці. Як ставіцца да гэтага пытання Інстытут мовы і літаратуры?

У нас заканадаўча замацавана дзяржаўнае двухмоўе, і ў гэтым сэнсе можна гаварыць пра заканадаўчае, канстытуцыйнае раўнапраўе дзвюх моў. Але рэальна у большасці сфер ужытку дамінуе руская мова, а ў некаторых сферах ужытку, асабліва ў тых, што фарміруюць прэстыж мовы, фактычна пануе адна руская мова. Праблема заключаецца не ў тым, каб прымаць нейкія заканадаўчыя акты, якія б забяспечылі раўнапраўе моў, а ў тым, каб быў прыняты комплекс мер, якія б забяспечылі паўнавартаснае выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх тых сферах, дзе яна павінна і можа выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова нашай краіны. Гэта ставіць на парадак дня такі важны і істотны аспект – як разумець дзяржаўнае двухмоўе. З аднаго боку, дзяржаўнае двухмоўе трэба разумець як права кожнага грамадзяніна нашай краіны карыстацца любой дзяржаўнай мовай у сваёй дзейнасці. Але з другога боку, дзяржаўнае двухмоўе трэба разумець так, што дзяржава, як гарант Канстытуцыі, павінна рэальна забяспечыць кожнаму грамадзяніну гэтае права. Гэта значыць, што беларуская мова павінна быць рэальнай, практычна выкарыстоўваемай мовай перш за ўсё ў дзяржаўных установах для таго, каб грамадзянін на практыцы мог рэалізаваць сваё права карыстацца любой дзяржаўнай мовай. Уся дакументацыя, усе афіцыйныя бланкі павінны быць выкананы на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Лічу, што пераклад вайсковых тэрмінаў у тым выглядзе, як гэта нядаўна зрабілі для роты ганаровай варты, - гэта здзек з беларускай мовы. Лепей ужо пакінуць па-руску, чым такі пераклад. Менавіта з такіх выпадкаў і ўсталявалася думка, што беларускую мову немагчыма ўжываць у большасці сфераў жыцця і што яна - "колхозный вариант русского". Нават неспецыялісту па мовах відавочна, што, напрыклад, слова "смірна" не мае ў сабе нічога беларускага. Тут два варыянты: або перакладчыкі - невукі, або гэта нейкі сабатаж, маўляў, хацелі па-беларуску - трымайце. А потым здзіўляемся, чаго беларусы цураюцца сваёй мовы... Няўжо не маглі знайсці правільнага і больш мілагучнага перакладу?

Гэты пераклад ужо атрымаў рэзананс. Ёсць яшчэ і трэці варыянт адказу. Напэўна, той, хто задаваў гэтае пытанне, не трымаў у руках усяго тэксту перакладу і не зусім знаёмы з праблемамі перакладу такога роду тэкстаў.

У нашым інстытуце ў канцы мінулага года па заказе Міністэрства Узброеных Сіл нашай краіны ажыццёўлены пераклад воінскіх статутаў на беларускую мову – гэта тэкст аб’ёмам каля 700 старонак. Таму пра вартасць гэтага перакладу абсалютна немагчыма меркаваць па тых трох словах, якія атрымалі распаўсюджанне і каментарыі на старонках інтэрнэта ў тым ліку.

Воінскія статуты адносяцца да такога спецыфічнага роду афіцыйных дакументаў, дзе пры перакладзе патрабуецца надзвычайная асцярожнасць дзеля таго, каб захаваць дакладнасць, паслядоўнасць і сістэмнасць. Таму нават нейкія асобныя выразы трэба ацэньваць у кантэксце.

Сапраўды, гэты пераклад быў ажыццёўлены нашымі кваліфікаванымі спецыялістамі ў адпаведнасці з сучасным станам літаратурных норм беларускай мовы і ў адпаведнасці з новымі правіламі правапісу беларускай мовы, якія ўступаюць у дзеянне з першага верасня 2010 года. Больш таго, сам факт перакладу статутаў на беларускую мову трэба лічыць вельмі выдатнай з’явай таму, што ён, па-першае, сведчыць аб тым, што беларуская мова сёння мае тэндэнцыю да пранікнення ў тыя сферы ўжытку, якія традыцыйна былі рускамоўнымі. Па-другое, гэта сведчыць і пра тое, што беларуская мова сапраўды з’яўляецца высокаразвітай літаратурнай мовай з упарадкаванай тэрміналогіяй, што дазваляе ёй паспяхова абслугоўваць усе сферы жыцця сучаснага грамадства.

Пры выкарыстанні беларускай мовы ў любой сферы ўжытку пазбяганне іншамоўных запазычанняў, у тым ліку і русізмаў, не павінна стаць самамэтай, таму што ў адваротным выпадку мы можам завесці беларускую мову ў тупік, таму што мы абмяжоўваем яе лексічныя магчымасці. Сёння беларуская мова ўжо засведчыла свой статус як самастойнай, адметнай, асобнай славянскай мовы, якая займае сваё належнае месца ў славянскай моўнай прасторы. Праблема супадзення асобных моўных сродкаў з іншымі блізкароднаснымі мовамі – гэта справа важная, але да яе трэба адносіцца спакойна, разважліва і разумна.

Пры падрыхтоўцы перакладу статута перакладчыкі вельмі ўважліва адносіліся да адбору моўных сродкаў, і выбраныя варыянты перакладаў тых каманд, якія гучалі ў пытанні, на мой погляд, з’яўляюцца найбольш аптымальнымі. Не можа быць ніякіх прэтэнзій да каманды “раўняйся”: гэта форма загаднага ладу дзеяслова “раўняцца”, абсалютна пашыранага ў беларускай мове, і існуе цэлае гняздо вытворных слоў з гэтым коранем. Гэтае слова абсалютна дакладна перадае сэнс гэтай каманды.

Праблема са словам “смірна” заключаецца ў тым, што, з аднаго боку, ствараецца ўражанне, што гэта чысты русізм. Магчыма, гэта і так. Але трэба мець на ўвазе і тое, што слова “смірны” і вытворныя ад гэтага слова даўно вядома беларускай мове, таму што гэта слова славянскага паходжання. Гэтае слова сустракаецца і ў старабеларускай мове, яно добра вядома сучасным беларускім гаворкам. Праблема заключаецца не ў тым, каб абсалютна не ўжываць такога тыпу словы ў беларускай мове, а ў тым, што спецыфіка выкарыстання падобных слоў адрозніваецца ў беларускай і рускай мове. У рускай мове гэтае слова і цэлы шэраг слоў з гэтым коранем выкарыстоўваюцца больш шырока і ў розных стылях мовы. У беларускай мове гэтае слова замацавалася толькі ў адной сферы ўжытку – у сферы воінскай тэрміналогіі, і яно абсалютна дакладна перадае тую каманду, якую называе.

Напэўна, маглі быць прапанаваны іншыя варыянты, але з усіх магчымых варыянтаў гэты падыходзіць найлепш. Напрыклад, у “Руска-беларускім слоўніку” 1937 года пад рэдакцыяй А. Александровіча рускаму “смирно” адпавядае “зважай”. Аднак з пункту гледжання сучаснай лексічнай сістэмы беларускай мовы значэнне слова “зважай” не зусім адпавядае сэнсу той каманды, якую мы перадалі словам “смірна”. Дарэчы, слоўнік Александровіча многімі спецыялістамі ацэньваецца як прыклад русіфікацыі слоўнікавага складу беларускай мовы. На сённяшні дзень слова “зважай” суадносіцца з іншым комплексам лексічных значэнняў, накіраваных да прыцягнення ўвагі.

Прэтэнзіі высоўваюцца і ў дачыненні каманды “крокам марш”. Слова “марш” мае поўнае права ўжывацца ў беларускай мове, таму што яно знаходзіцца ў радзе лексічных адзінак, якія з’яўляюцца запазычанымі з французскай і нямецкай моў як у рускай, так і ў беларускай мове. Прапаноўвалася замест слова “марш” выкарыстоўваць форму “руш” як воінскую каманду. Але ў сучаснай беларускай мове дзеяслоў “рушыць” (форма загаднага ладу “руш”) не вельмі прымальны для мовы афіцыйных дакументаў, мае і іншае значэнне.

Так што гэтыя словы маюць поўнае права выкарыстоўвацца ў беларускай мове, але праблема заключаецца ў тым, што сфера іх выкарыстання іншая, чым у рускай мове.

Для таго каб воінскія статуты маглі паспяхова выкарыстоўвацца ў гэтай сферы дзейнасці, яны павінны быць зразумелымі сучасным носьбітам беларускай мовы, і той пераклад, які ажыццёўлены ў нашым інстытуце, адпавядае ўсім патрабаванням дакладнасці, унармаванасці, лексічнай і тэрміналагічнай строгасці. Ніякага здзеку з беларускай мовы я тут не бачу.

Пераклад такіх тэкстаў – справа вельмі складаная. На ажыццяўленне гэтага перакладу праводзіўся тэндар, але ніхто не пагадзіўся. Я хацеў бы заклікаць усіх прыхільнікаў беларускай мовы, хто на самой справе зацікаўлены ў тым, каб беларуская мова развівалася і пашыралася яе выкарыстанне ва ўсіх найбольш важных і актуальных сферах сучаснага жыцця, да канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва, таму што толькі агульнымі намаганнямі можна зрабіць гэтую важную, карысную і неабходную для сучаснага беларускага грамадства справу.

Мне падаецца, што вельмі часта праблемы ўзнікаюць на роўным месцы. Напрыклад, у Інстытута мовы і літаратуры ў інтэрнэце няма свайго сайта, вашыя прадукты ў інтэрнэт таксама не выкладаюцца. Таму большасць людзей, па сутнасці, не ведае, чым вы займаецеся, не можа параўнаць з тым, што ёсць. Інстытут не займаецца беларусізацыяй інтэрнэту. Чаму так? Ці плануецца ў перспектыве гэтым займацца?

Я прымаю гэтую прапанову, таму што пэўная праблема тут ёсць. У бліжэйшы час у інтэрнэце з’явіцца наш сайт, дзе будуць адлюстраваны напрамкі і вынікі нашай навуковай дзейнасці.

Самай лепшай рэкламай нашай дзейнасці з’яўляецца яе вынік, тыя працы па беларускай мове, якія накіраваны ў тым ліку і на забеспячэнне патрэб моўнай практыкі: гэта і слоўнікі, і граматыкі, і іншыя даведнікі. Але, відаць, у сённяшнім жыцці гэтага недастаткова. Сапраўды, патрэбна мэтанакіраваная работа на тое, каб больш шырока і сістэмна асвятляць характар дзейнасці і вынікі нашага Інстытута ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і ў інтэрнэце.

Мноства сучасных беларускіх кніг выходзяць малым накладам. Тым часам увесь свет пераходзіць на электронную форму захавання публікацый. Ці ёсць у Інстытута якія-небудзь заканадаўчыя напрацоўкі ў галіне цэнтралізацыі збору сучаснай беларускай інфармацыі ў адзіным банку ведаў? Не сакрэт, што ўжо даўно прыйшлі часы электроннага шыхтавання кніжных макетаў. Можа, варта абавязаць выдавецтвы перадаваць дзяржаве тэксты кніг у электронным выглядзе, а не следаваць старой традыцыі здачы абавязковага дзяржаўнага экземпляра ў Нацыянальную бібліятэку? Тады б паступова пачала вырашацца і праблема арганізацыі простага доступу грамадзян да грамадскага багацця - ведаў, незалежна ад геаграфічнага палажэння. Распавядзіце пра планы Інстытута ў гэтай галіне.

Інстытут па роду сваёй дзейнасці не ў стане фарміраваць корпус беларускамоўных тэкстаў – гэта задача бібліятэк. Я ведаю, што ў Нацыянальнай бібліятэцы нашай краіны такая работа ўжо вядзецца. Больш таго, вядзецца работа па пераводзе на электронныя носьбіты і помнікаў старабеларускага пісьменства. Напрыклад, зусім нядаўна з удзелам супрацоўнікаў нашага інстытута была падрыхтавана электронная версія такога унікальнага помніка старабеларускага пісьменства, як ”Слуцкае Евангелле”. Я думаю, такая работа будзе пашырацца і набываць сістэмны характар. Мы са свайго боку будзем дапамагаць і ўдзельнічаць у гэтым.

У адпаведнасці з профілем нашай дзейнасці мы рыхтуем так званы корпус беларускай мовы, дзе таксама накапліваюцца самыя розныя беларускамоўныя тэксты для таго, каб працаваць са слоўнікавым складам спецыялістам. Гэты корпус беларускай мовы ў бліжэйшы час стане базай для падрыхтоўкі новага поўнага сучаснага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. Той слоўнік, які ёсць зараз, - гэта “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў пяці тамах (шасці кнігах) – з’яўляецца найбольш поўным і аўтарытэтным даведнікам па беларускай лексіцы, але ён адлюстроўвае слоўнікавы склад беларускай мовы 60-80 гадоў мінулага стагоддзя. Сёння ёсць аб’ектыўная неабходнасць падрыхтоўкі больш поўнага, актуальнага сучаснага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы.

Ці будзе гэты слоўнік выкладзены ў інтэрнэт?

Калі ён будзе падрыхтаваны, мы яго выкладзем. Ёсць ужо некаторыя слоўнікі, у прыватнасці, руска-беларускія, якія выкладзены ў інтэрнэце.

Падчас перапісу было даволі шмат заўваг у грамадскасці адносна фармулёўкі моўнага пытання. Родная мова вызначалася як “першая, засвоеная ў дзяцінстве”. Але шмат людзей перайшлі на беларускую мову і лічаць яе роднай. Якое вашае стаўленне да гэтай праблемы?

Паняцце “родная мова” дастаткова шырокае і разумеецца па-рознаму. Адно з разуменняў – гэта тая мова, якая засвоена першай. Другое паняцце – мова бацькоў. Родная мова – гэта тая мова, якая з’яўляецца пераважнай у карыстанні; мова таго народа, да якога ты належыш. Усё гэта ў сукупнасці і вызначае паняцце “родная мова”. Іншая справа, што не заўсёды поўна і дакладна тлумачыцца, што можна і варта разумець пад паняццем “родная мова”, але, на мой погляд, у нас вельмі моцна на першае месца выстаўляецца такое разуменне, як родная мова таго народа, да якога належыць чалавек. У перадапошнім перапісе насельніцтва гэта вызначылася вельмі выразна: пераважная колькасць беларусаў, больш за 80%, назвалі роднай менавіта беларускую мову. Гэта значыць, што незалежна ад таго, якой мовай яны рэальна карыстаюцца ў сваім паўсядзённым жыцці, яны свядома адносяць сябе да гэтага народа, гэтай нацыі, дзяржавы і культуры. Сёння беларуская мова з’яўляецца вельмі важным паказчыкам, сродкам і сімвалам нацыянальнай ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі.

Больш таго, сёння мы не можам знайсці ні адной сферы дзейнасці, дзе не выкарыстоўвалася б, хай сабе і вельмі вузка, і беларуская мова. Кожны жыхар Беларусі, незалежна ад таго, якую мову ён лічыць роднай, якой мовай ён пераважна карыстаецца ў сваёй дзейнасці, абавязкова сутыкаецца з інфармацыяй на беларускай мове. Гэта значыць, што сёння беларуская мова ў нашым грамадстве рэальна запатрабавана.

Сёння беларуская мова вельмі інтэнсіўна пранікае ў сферу канфесійнай дзейнасці. Беларуская мова рэальна выкарыстоўваецца ў практычным набажэнстве.

З чаго пачынаць людзям, якія хочуць вывучыць беларускую мову?

Для практычнага авалодання беларускай мовай нам не хапае аднаго – моўнага асяроддзя, таму пачынаць трэба з таго, каб гаварыць па-беларуску, чытаць беларускія тэксты. Ёсць меркаванне, што школа не дае якаснай беларускамоўнай адукацыі. Я лічу, што школа з’яўляецца тым асноўным інстытутам і інструментам, які дае сістэмныя веды пра беларускую мову. Кожны, хто авалодвае асновамі гэтых ведаў, можа паспяхова карыстацца беларускай мовай у сваёй дзейнасці. Іншая справа, што для актыўнага карыстання беларускай мовай не хапае моўнай практыкі і моўнага асяроддзя. Трэба часцей выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй дзейнасці і вітаць любыя крокі па пашырэнні беларускай мовы ў самыя розныя сферы ўжытку, перш за ўсё ў сферу гукавой і візуальнай рэкламы і інфармацыі. Трэба ацаніць той факт, што зараз беларуская мова паступова ўкараняецца ў гарадскі транспарт.

Ёсць нараканні на тое, што часта дыктары ў сродках масавай інфармацыі робяць памылкі ў беларускай мове. Але трэба памятаць, што памылак не робіць той, хто нічога не робіць. Калі ёсць імкненне свядома авалодаць нормамі літаратурнай мовы, перайсці да яе практычнага выкарыстання, такія памылкі будуць з часам лёгка пераадолены.

Больш за паўстагоддзя таму Якуб Колас пісаў у сваім развітальным лісце: “Калі беларускай мовай загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, можна мець пэўнасць, што справа з мовай пойдзе на лад”. Ці згодны вы з гэтым?

Ёсць такая праблема, і яна вельмі важная. Выкарыстанне мовы абумоўлена адносінамі да яе ўсяго грамадства. Я думаю, што выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах – ад побытавай да сферы дзяржаўнага кіравання – можа змяніцца толькі тады, калі ў цэлым у грамадстве будзе сфарміравана ўсведамленне прыярытэту беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі, як мовы, якая фарміруе нацыянальна адметны імідж нашай краіны ў свеце. Без гэтага іміджу Беларусь не можа прэтэндаваць на дастойнае месца ў сусветным супольніцтве.

Пытанне да прафесара Аляксандра Лукашанца: "А цi чулi вы, як нашыя дыктары радыё (правадная сетка, Мiнск) увесь час кажуць "тэсцiраванне", "канспекцiраванне", "рэдакцiраванне"? А то паслухайце! А цi бычылi вы, што пiшуць "бягучымi лiтарамi" ў мінскiх тралейбусах? Сорам! I што вы думаеце рабiць з гэтым?"

У сённяшняй беларускамоўнай практыцы назіраецца тэндэнцыя да пераважнага выкарыстання дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксамі -ава-, а не -ірава-. Таму нарматыўнымі зараз сапраўды лічацца ў асноўным дзеясловы на -ава- , аднак не ва ўсіх выпадках. У адпаведнасці з сучаснымі правіламі пераважна ўжываюцца ў вусным і пісьмовым маўленні рэдагаваць, канспектаваць, але тэсціраваць. Да гэтага трэба адносіцца як да пераходнай нормы і часцей звяртацца да слоўнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Што датычыцца надпісаў “бягучымі літарамі” ў грамадскім транспарце, то, на мой погляд, яны выкананы ў асноўным на добрай беларускай мове ў адпаведнасці з яе сучаснымі нормамі. Трэба толькі вітаць выкарыстанне беларускай мовы ў гэтай сферы візуальнай інфармацыі, таму што тым самым пашыраецца практычнае выкарыстанне беларускай мовы і ствараецца неабходны “моўны фон”. Да магчымых нешматлікіх недакладнасцей у надпісах трэба адносіцца з разуменнем. Чым больш будзе пашырацца сфера выкарыстання беларускай мовы, тым менш будзе памылак ва ўжыванні. Увогуле памылак не робіць толькі той, хто нічога не робіць.

Аляксандр Аляксандравіч, скажыце, калі ласка, як асабіста вы ставіцеся да "тарашкевіцы" і ці ёсць для яе месца ў будучыні адраджэння мовы? Дзякуй загадзя. Ваш студэнт з Гомеля.

Я перакананы, што “тарашкевіца” як сістэма беларускай мовы, якая функцыянавала ў 20-я гады ХХ стагоддзя і арыентавалася на нормы паводле “Беларускай граматыкі для школ” Б. Таршкевіча, адыграла выключна важную ролю ў станаўленні сучаснай беларускай літаратурнай мовы і яе пашырэнні ва ўсе сферы ўжытку ў той перыяд. Гэта наша культурная гістарычная спадчына, вельмі важны этап у гістарычным развіцці беларускай мовы. Увогуле “тарашкевіцу” ў такім разуменні трэба лічыць адным з найбольш важных, пачатковых фарміраванняў новай беларускай літаратурна-пісьмовай мовы, якая адыграла важную ролю для беларускамоўнай практыкі наогул.

Для сучаснага этапа існавання беларускай мовы, на мой погляд, не зусім правільна гаварыць пра яе адраджэнне. Адраджаць можна тое, што ўжо знікла, не існуе. Беларуская мова сёння – гэта жывая мова, якая адыгрывае важную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Яна з’яўляецца рэальным сродкам камунікацыі, часткай беларускай нацыянальнай культуры, фактарам і сімвалам нацыянальнай свядомасці. Яна рэальна фарміруе міжнародны прэстыж нашай краіны ў свеце. Таму сёння больш правільна і карэктна будзе гаварыць пра неабходнасць пашырэння беларускай мовы ў тыя сферы ўжытку, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі.

Гэты працэс можа быць паспяховым толькі тады, калі будзе забяспечана стабільнасць і адзінасць літаратурных норм беларускай мовы. Менавіта гэта і павінна вызначаць адносіны да “тарашкевіцы” на сучасным этапе. Гэта факт гістарычнага развіцця беларускай мовы. Вяртанне ў ХХІ стагоддзі да беларускай мовы перыяду 20-х гадоў мінулага стагоддзя немагчыма і немэтазгодна. Гэта тупіковы шлях развіцця любой натуральнай мовы, у тым ліку і беларускай. У школьным навучанні, у афіцыйных сферах ужытку пісьмовай мовы з улікам сучаснай моўнай сітуацыі павінна выкарыстоўвацца сучасная беларуская літаратурная мова, нормы якой зафіксаваны ў сучасных слоўніках беларускай мовы, граматыках і іншых даведніках.

Зразумела, што гэта не азначае, што сучаснаму беларускамоўнаму чытачу не павінны быць недаступнымі тэксты, напісаныя ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Але адносіны да іх павінны быць як да гістарычнай духоўнай спадчыны беларускага народа.

Вітайце, даражэнькі. Мне 40 гадоў. Працую кіраўніком невялікага прадпрыемства. Толькі цяпер прыйшоў да разумення неабходнасці ўжывання роднай мовы. Жудасна нуджуся па тых часах, калі ўлетку, быўшы хлапчуком, прыязджаў да бабулі і дзядулі ў Мінскую вобласць і слухаў гэтакае ласкавае шчабятанне вяскоўцаў. Як-то ўнутрана адчуваю неабходнасць вяртання да роднай мовы. Можа быць таму, што надакучыла лаяцца мацюком на вялікім і магутным. Дзе і як у маім веку я магу пайсці вучыцца ў Брэсце. Уладзімір.

Есть ли какие-либо официальные пособия по разговорному белорусскому языку для взрослых? Когда планируется что-то подобное издать?

У свой час яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя быў падрыхтаваны дапаможнік па беларускай мове для тых, хто жадаў авалодаць ёй самастойна. Гэты дапаможнік называўся так: “Белорусский язык для говорящих по-русски" (аўтары: Крывіцкі А.А., Міхневіч А.Я., Падлужны А.І.). Пасля выходзілі перапрацаваныя выданні гэтага дапаможніка. У канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя таксама выдаваліся дапаможнікі, якія прызначаліся для самастойнага авалодання беларускай мовай. На жаль, сёння іх можна знайсці толькі ў бібліятэках. Таму падрыхтоўка новага практычнага дапаможніка для самастойнага авалодання беларускай мовай з’яўляецца актуальнай задачай. У гэтым сэнсе магу толькі выказаць вам шчырую падзяку за падказку.

Увогуле ж для таго, каб авалодаць практычна беларускай мовай, нам усім не хапае аднаго – беларускамоўнага асяроддзя. Я лічу, што для практычнага авалодання беларускай мовай у сучасных умовах трэба перш за ўсё пачаць ёю рэальна карыстацца (не баючыся памылак у маўленні), больш чытаць па-беларуску і слухаць вусную беларускую мову.

Я раю вам звярнуцца на кафедру беларускай мовы Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта. Упэўнены, што там вам дапамогуць. Вы таксама можаце звярнуцца да мяне ў Інстытут мовы і літаратуры НАН Беларусі, я таксама пастараюся дапамагчы вам з літаратурай.

Чаму беларускую мяжу ахоўваюць пагранiчнiкi, а не памежнiкi?

Таму што вучняў у школе вучаць настаўнікі, а не вучыцелі. Пытанне вельмі сур’ёзнае і патрабуе ўважлівага разгляду. Слоўнікавы склад любой натуральнай мовы, у тым ліку і беларускай, пастаянна развіваецца, змяняецца. Адны словы выходзяць па розных прычынах з актыўнага ўжытку, адначасова з'яўляюцца новыя, якія называюць разнастайныя з’явы рэчаіснасці. Акрамя таго, любая мова валодае слоўнымі сродкамі, якія могуць ужывацца для называння адных і тых жа прадметаў і з’яў. Так, у беларускай мове традыцыйна для называння лініі, якая падзяляе тэрыторыі розных краін, выкарыстоўваюцца словы граніца і мяжа. Пры гэтым у другой палове ХХ стагоддзя ў афіцыйным, тэрміналагічным ужытку пераважна выкарыстоўваліся словы граніца, пагранічнік. Аднак у апошні час у беларускім маўленні слова граніца паступова выцясняецца словам мяжа (дзяржаўная мяжа), якое становіцца фактычна пераважным для называння адпаведнай з’явы. Слова граніца адпаведна выцясняецца на перыферыю слоўнікавага складу беларускай мовы. Адпаведна лагічным з’яўляецца ваша пытанне аб выкарыстанні назоўніка "памежнік" замест пашыранага зараз "пагранічнік". Зусім верагодна, што праз некаторы час так і адбудзецца. Праблема заключацца ў тым, што гэтыя працэсы ў мове адбываюцца з рознай хуткасцю. Гэта залежыць толькі ад моўнай практыкі. Магчыма, што актывізацыю ва ўжыванні слова памежнік стрымлівае тое, што яно з’яўляецца дакладнай копіяй (калькай) слова пагранічнік і ўспрымаецца часткай насьбітаў беларускай мовы як штучнае. Але ў дадзеным выпадку пашырэнне таго ці іншага слова залежыць толькі ад калектыўнай моўнай практыкі. Яскравым прыкладам падобных працэсаў у мове з’яўляецца замена раду слоў таможня, таможны, таможнік паралельным радам мытня, мытны, мытнік.

1. Дзе вы панабіралі такіх граматных "спецыялістаў", што пасля перакладу імі статуту ўся краіна смяецца?

2. Ці супрацоўнічаеце з Міністэрствам адукацыі? Які ад гэтага плён? Чаму дазволілі, каб гісторыю Беларусі выкладалі па-расейску?

Каб меркаваць аб вартасцях і недахопах перакладу на беларускую мову воінскіх статутаў і ўзроўню кваліфікацыі перакладчыкаў, неабходна хаця б азнаёміцца з гэтым перакладам. Я не хачу нікога крыўдзіць, але ў мяне ствараецца ўражанне, што гвалт вакол перакладу статутаў на беларускую мову ўздымаюць якраз тыя, каму вельмі не хочацца, каб беларуская мова пачала выкарыстоўвацца ў гэтай сферы дзейнасці. Акрамя таго, трэба хоць трохі ведаць спецыфіку беларускай мовы, а таксама спецыфіку афіцыйных тэкстаў, дзе неабходна захаваць дакладнасць, тэрміналагічную адназначнасць і ўспрымальнасць носьбітамі сучаснай беларускай мовы.

У прынцыпе, здзіўляе і тое, чаму звычайная з’ява з'яўлення афіцыйных тэкстаў на дзяржаўнай мове, што цалкам адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выклікала такі ажыятаж.

Адносна супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі магу адзначыць наступнае. Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пастаянна і плённа супрацоўнічае з Міністэрствам адукацыі. Нашы супрацоўнікі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы, абмеркаванні і рэцэнзаванні школьных праграм, падручнікаў і іншых дапаможнікаў па беларускай мове і літаратуры і г.д.

Увогуле распрацоўкі інстытута ў галіне беларускай мовы і літаратуры служаць тэарэтычнай і факталагічнай базай для вучэбнай літаратуры для ўсіх узроўняў адукацыі.

Пытанне аб мове выкладання гісторыі, на жаль, знаходзіцца па-за межамі маёй кампетэнцыі. Хаця асабіста я з’яўляюся прыхільнікам таго, каб усе прадметы гуманітарнага цыклу, а таксама “Геаграфія Беларусі” выкладаліся па-беларуску, незалежна ад мовы навучання ў школе.

Добрый день! У меня большое желание учить детей не только говорить по-белорусски, но и читать и писать. К сожалению, в книжных магазинах я не нашла подходящих книг на белорусском языке для детей 2-7 лет. В продаже отсутствуют книги большого формата, в твердом переплете, с яркими рисунками и подписями крупным шрифтом, которые могли бы привлечь внимание маленького ребенка. Интересно, какое влияние может оказывать Институт языкознания на издательства? Кто может решить проблемы нехватки книг на белорусском языке для самых маленьких. Ведь очевидно, что язык нужно учить не в школе, а уже в колыбели.

Вялікі дзякуй за такое важнае і актуальнае для нашай моўнай рэчаіснасці пытанне.

На жаль, сёння Інстытут мовы і літаратуры НАН Беларусі як навукова-даследчая ўстанова практычна не можа аказваць непасрэднага ўплыву на фарміраванне выдавецкіх планаў і месца ў гэтых планах літаратуры для дзяцей малодшага ўзросту. Відаць, гэтым павінны ў першую чаргу займацца Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі, а таксама творчыя саюзы краіны. Але вельмі добра, што вы ставіце такое пытанне. Чым больш шырока будзе абмяркоўвацца праблема, тым хутчэй будуць шукацца шляхі для яе вырашэння.

І яшчэ адзін істотны, на мой погляд, момант. Для таго каб дзіця з калыскі пачало асвойваць беларускую мову, неабходна, каб яна рэальна выкарыстоўвалася ў сям’і і існавала шырокае моўнае асяроддзе.

Калі спыніцца палітыка этнацыду беларусаў? Калі ў нас будзе беларускамоўны універсітэт?

Палітыка этнацыду беларусаў (калі можна так ставіць пытанне для нашай рэчаіснасці) спыніцца тады, калі ў грамадстве сфарміруецца выразнае ўсведамленне неабходнасці захавання і развіцця нацыянальных каштоўнасцей, перш за ўсё нацыянальнай мовы як найважнейшага фактара нацыянальнай свядомасці і адметнасці.

Не ведаю, калі ў нас будзе беларускамоўны універсітэт.

Поспехаў і дасягненняў вашаму Інстытуту. Цікава, а якую беларускую кнігу з апошніх вы прачыталі?

Дзякую за пажаданні поспехаў. На жаль, застаецца вельмі мала часу на чытанне мастацкай літаратуры. Але я рэгулярна знаёмлюся з публікацыямі ў беларускамоўных літаратурна-мастацкіх часопісах. Вельмі люблю чытаць Якуба Коласа, захапляюся прозай Кузьмы Чорнага. З прачытанага ў апошні час мяне найбольш моцна ўразіў гістарычны раман балгарскага пісьменніка Дончава “Час памежны” (у перакладзе на беларускую мову).

Спадар Лукашанец, якія PR-мерапрыемствы запланаваны і ажыццяўляюцца вашай установай з мэтай данесці да грамадскасці пра сябе і тое, чым вы займаецеся (г.зн. родную мову) - онлайн-канференцыя на ТУТ.БАЙ не ў лік.

Я ўжо часткова адказаў на гэтае пытанне вышэй. Магу толькі дадаць, што супрацоўнікі інстытута рэгулярна выступаюць у СМІ, на радыё і тэлебачанні. У гэтых выступленнях яны расказваюць пра навуковыя напрацоўкі інстытута, пра іх ролю для духоўнага жыцця сучаснага беларускага грамадства. Рэгулярна праводзяцца прэзентацыі найбольш значных распрацовак і выданняў інстытута. Найлепшай прапагандай дзейнасці інстытута з’яўляецца, безумоўна, выданне кніг, што рыхтуюцца супрацоўнікамі інстытута. Разам з тым, ваша пытанне сведчыць, што гэта работа павінна быць пастаўлена больш шырока і праводзіцца сістэмна і пастаянна. Вялікі дзякуй за падказку.

Хацеў бы падзякаваць за вашую працу і пажадаць плёну. І параіць вашым супрацоўнікам часцей звяртацца да новых лінгвістычных напрамкаў і ўлічваць набыткі не толькі савецкай ды рускай школ, але і сусветнай філалагічнай навукі.

Вельмі прыемна пачуць добрыя словы і слушныя парады. Вялікі дзякуй. Інстытут мовы і літаратуры НАН Беларусі, які праводзіць даследаванні ў галіне беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, імкнецца ўлічваць сучасныя сусветныя тэндэнцыі ў гэтай галіне гуманітарных ведаў. Многія працы і даследаванні нашых навукоўцаў вядомы і карыстаюцца аўтарытэтам не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Акадэмічныя лінгвісты і літаратуразнаўцы актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы міжнародных славістычных праектаў, што дазваляе прадставіць беларускамоўны матэрыял на шырокім славянскім фоне. Фактам прызнання высокага ўзроўню беларускай філалогіі (мовазнаўства і літаратуразнаўства) трэба лічыць той факт, што ХV Міжнародны з’езд славістаў, у якім прымаюць удзел вучоныя-гуманітарыі з сарака краін свету, адбудзецца ў 2013 годзе ў Мінску. Правядзенне гэтага буйнейшага славістычнага форума ў Беларусі дазволіць не толькі прадэманстраваць свету дасягненні беларускай гуманітарнай навукі, але і азнаёміць замежных гасцей з беларускай культурай, гісторыяй і традыцыямі.

Увогуле сучасныя тэхналогіі доступу да навуковай інфармацыі і міжнародных кантактаў садзейнічаюць уключэнню беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства ў агульны кантэкст развіцця сусветнай гуманітарнай навукі, але разам з тым патрабуюць і надзвычайнай мабільнасці і саміх навукоўцаў. Мы стараемся працаваць у гэтым напрамку.

Дзень добры!
Нядаўна даведаўся, што асноўныя палажэнні правапіснай рэформы 1933 года (якую вы, мяркуючы па інтэрв'ю ў часопісе "Беларуская Думка", ацэньваеце станоўча) распрацавалі не вучоныя-мовазнаўцы (у іх праекце захоўвалася перадача запазычанняў на манер "тарашкевіцы", а таксама пераход е/я ў прыназоўніках, сцягваліся падваенні з мяккімі знакамі), а члены спецыяльнай "Палітычнай камісіі для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы", у склад якой бальшавіцкія ўлады не пусцілі ніводнага філолага. Першае маё пытанне: чаму гэты факт амаль нікім не афішуецца? Другое: як падобныя відавочна палітычныя, штучныя змены, мэтай якіх з'яўлялася русіфікацыя нашай мовы, маглі станоўча паўплываць на беларускую мову?
Трэцяе: чаму ў новым праекце беларускага правапісу практычна не ўлічаны сапраўдныя акадэмічныя прапановы 1930 і 1933 гг.? Загадзя дзякуй за адказы!

Зададзенае вамі пытанне вельмі складанае і патрабуе спецыяльнага разгляду. У межах сённяшняй размовы магу толькі коратка спыніцца на некаторых момантах узнятай вамі праблемы. Не магу цалкам пагадзіцца з такой пастаноўкай праблемы. Пытанні беларускага правапісу ў розныя перыяды вырашаліся не так адназначна, як вы сцвярджаеце. Па-першае, асноўныя прынцыпы беларускага правапісу, якія былі сфармуляваны Б. Тарашкевічам у яго “Беларускай граматыцы для школ”, захоўваюцца да сённяшняга часу. Праблема ў асноўным заключаецца ў асаблівасцях распаўсюджання гэтых прынцыпаў на спрадвечна беларускія словы і словы іншамоўнага паходжання (запазычанні). Гэтая праблема была актуальнай на ўсіх этапах вырашэння правапісных праблем у ХХ стагоддзі.

Пасля Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі была створана спецыяльная правапісная камісія ў складзе С. Некрашэвіча, Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, П. Бузука, І. Бялькевіча, Я. Купалы, У. Чаржынскага і А. Багдановіча, якая і падрыхтавала да 1929 года праект новага беларускага правапісу. Асноўныя палажэнні гэтага праекта былі захаваны і ў рэформе 1933 года. Дарэчы, гэта была першая і апошняя рэформа беларускага правапісу. Усе астатнія змены, у тым ліку і тыя, што прадугледжаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, з’яўляюцца толькі частковымі ўдакладненнямі, накіраванымі на прывядзенне беларускай пісьмовай мовы ў адпаведнасць з асаблівасцямі беларускага вымаўлення і моўнай практыкай. Такім чынам, можна гаварыць, што акадэмічныя прапановы 1930 (калі маецца на ўвазе праект правапіснай камісіі) і 1933 года ў Законе 2008 года ўлічаны.

Калі ў вас ёсць жаданне, я згодны абмеркаваць узнятае вамі пытанне асобна. Мае каардынаты, спадзяюся, вам вядомы. Акрамя таго, магу адаслаць вас да свайго артыкула, які апублікаваны ў часопісе “Пачатковае навучанне” (№ 1 за 2010 год).

Спадар Лукашанец, ці праўда, што вы вучыліся на "рускім" аддзяленні. Як вы ў такім разе сталі адмыслоўцам у беларускай мове?

Я добра разумею падтэкст гэтага пытання, тым не менш пастараюся адказаць на яго сур’ёзна. Я сапраўды скончыў рускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Больш таго, я скончыў аспірантуру пры Інстытуце рускай мовы Акадэміі навук СССР. Чаму я паступіў на рускае аддзяленне філфака? Магчыма таму, што мне, вясковаму юнаку, які скончыў беларускамоўную школу і да 18 гадоў гаварыў толькі па-беларуску, было значна цяжэй паступіць менавіта на рускае аддзяленне. Магчыма, гэтым я хацеў задаволіць свае амбіцыі, і зараз я задаволены, што мне ўдалося гэта зрабіць. Аднак я хачу расчараваць тых, што хацеў бы залічыць мяне ў рады русіфікатараў. Справа ў тым, што навучанне на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта прадугледжвае не практычнае авалоданне рускай мовай, а набыццё тэарэтычных ведаў па мовазнаўстве, па гісторыі і заканамернасцях развіцця сістэмы мовы, якія можна прымяняць у адносінах да розных моў. Акрамя таго, на рускім аддзяленні выкладаўся і курс беларускай мовы. З 1977 года я працую ў Інстытуце мовазнаўства (зараз Інстытуце мовы і літаратуры) і пастаянна займаюся праблемамі беларускай мовы, у тым ліку заканамернасцямі развіцця яе сістэмы на сучасным этапе.

Я перакананы, што больш шырокая лігвістычная кампетэнцыя, веданне іншых моў (акрамя рускай і беларускай я валодаю і іншымі славянскімі мовамі) дазваляе больш аб’ектыўна і дакладна даследаваць і разумець асаблівасці развіцця сістэмы беларускай мовы.

Ці не здаецца вам, што ў сённяшніх умовах найлепшым для беларускай мовы было б прызнанне людзей, якія размаўляюць па-беларуску, моўнай меншасцю (не нацыянальнай, бо мы ўсе аднаго паходжання) і распрацоўка адпаведнага заканадаўства, якое б падтрымлівала гэтую меншасць. Бо калі глядзець на еўрапейскія прыклады, то мінарытарным мовам там цяпер жывецца нашмат лепш. Напр., сітуацыя ў Уэльсе з валійскай мовай паляпшаецца і колькасць носьбітаў за апошнія дваццаць гадоў вырасла амаль на 5 адсоткаў (а гэта, пагадзіцеся, многа ва ўмовах дамінавання вельмі моцнай ангельскай), і да таго ж бальшыня новых валійскамоўных - гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 25.

Наша сітуацыя кардынальна адрозніваецца, напр., ад украінскай, дзе людзі могуць не размаўляць, могуць нават не любіць украінскую, але ўсё адно ведаюць і здольныя на ёй выказвацца пры патрэбе. У нас жа бяда ў тым, што вялізная частка насельніцтва (пераважна школьнікі і маладыя людзі) увогуле не ўмеюць размаўляць, а часам нават разумець беларускую мову.

Я катэгарычна супраць такой прапановы, паколькі лічу, што яна не адпавядае рэчаіснасці. Сёння беларуская мова з’яўляецца рэальным сродкам зносін для значнай часткі грамадзян нашай краіны, фактарам нацыянальнай культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці і ідэнтыфікацыі. З інфармацыяй на беларускай мове рэальна сутыкаецца штодзённа практычна кожны жыхар Беларусі. Акрамя таго, нягледзячы на складанасці свайго існавання ў многіх сферах ужытку, сёння беларуская мова выяўляе тэндэнцыі да пашырэння ў найбольш актуальныя для жыцця сучаснага грамадства сферы (канфесійную, інтэрнэт-камунікацыю і г.д.). У нас таксама сёння прэстыж беларускай мовы ў многім падтрымліваецца прадстаўнікамі маладой інтэлектуальнай эліты.

У палітычным плане гэтая прапанова таксама не мае падстаў, паколькі датычыцца дзяржаўнай мовы краіны.

Я мечтал, чтобы мои дети свободно владели "беларуcкай мовай". Белорусской школы у нас нет. Они закончили русскую школу и не могут даже выразить свои мысли по-белорусски. Что надо сделать государству, по вашему мнению, чтобы, закончив школу, дети в Беларуси могли владеть белорусским языком на одном уровне с русским?

Дзяржаве патрэбна забяспечыць дэмакратычнае і цывілізаванае дзяржаўнае двухмоўе, пры якім кожны грамадзянін мае права выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці любую дзяржаўную мову, а дзяржава павінна рэальна забяспечыць грамадзяніну гэтае права.

Аднак ніякія меры з боку дзяржавы не дадуць жаданых вынікаў, калі не будзе створана рэальнае беларускамоўнае асяроддзе, у першую чаргу ў сям’і. Таму найбольш актуальнай у гэтых адносінах бачыцца задача стварэння беларускамоўнага асяроддзя сумеснымі намаганнямі дзяржавы і самога грамадства.

Я заранее извиняюсь... Белорусского языка не было, нет и не будет, неужели этого не понимают люди в вашем институте? Пока на нем люди с пеленок не будут думать, не только говорить (а этому не быть никогда, вы, как человек грамотный, должны это понимать), со школьной скамьи это не выучить. У меня младший сын ходит во второй класс, а старший в шестой, на этом примере могу сообщить, что ни тот, ни другой не знают ни белорусского языка, ни русского языка, два языка - противоположность друг другу. Белорусский язык в школе надо оставлять на уровне факультатива и по желанию. Мой вопрос к вам: когда это может случиться?

А як жа быць у такім разе з тым, што існаванне беларускай мовы прызнаецца ва ўсім свеце. Як быць з багатай літаратурна-пісьмовай спадчынай, увасобленай на беларускай мове? Як быць з багатай сучаснай беларускай літаратурай? Як быць з нашым продкамі (бацькамі, дзядулямі і бабулямі), якія гаварылі на гэтай мове? Як мы будзем глядзець ім у вочы (у гэтым, а магчыма, і ў тым жыцці)? Як быць з матэрыяламі перапісу насельніцтва 1999 года, калі больш за 82% беларусаў назвалі беларускую мову роднай? Я не хачу вас пакрыўдзіць, але вельмі дзіўна, што такое пытанне ставіць у ХХІ стагоддзі чалавек, які карыстаецца камп’ютарам і інтэрнетам.

Вашы дзеці-школьнікі не ведаюць ні беларускай, ні рускай мовы. Упэўнены, што гэта праблемы не вашых дзяцей, а менавіта вас. Прабачце.

Калі беларуская мова ў школе стане вывучацца толькі як факультатыў? Адказваю. Ніколі! Гэта дзяржаўная мова. А сістэма дзяржаўнай адукацыі павінна забяспечыць аднолькавае вывучэнне ў школе абедзвюх дзяржаўных моў.

Адкажыце, калi ласка. Як усталёванаму грамадзянiну i дзе (цi ёсць якiя курсы) авалодаць роднай мовай?

Наколькі я ведаю, сёння няма спецыяльных курсаў па беларускай мове. Аднак, калі з’явіцца такая неабходнасць, гэтую праблему можна будзе лёгка вырашыць. У нашай краіне дастаткова высокакваліфікаваных кадраў, якія здольны выкладаць беларускую мову для дарослых.

Добры дзень!
Чаму ў нашай арміі "матерятся" па-руску, няўжо няма моцных выразаў у беларускай мове?

Напэўна таму, што ў гэтай сферы выкарыстоўваецца выключна руская мова. Дзеля справядлівасці хачу заўважыць, што абсцэнная лексіка (словы, што адносяцца да рускага мату) з’яўляецца агульнаславянскай па сваім паходжанні і ёсць у большасці сучасных славянскіх моў. Калі беларуская мова пачне рэальна выкарыстоўвацца ў гэтай сферы, то, несумненна, з’явіцца і “беларускі мат”. Праблема заключаецца ў павышэнні агульнай культуры маўлення грамадства (у тым ліку ў вайсковай сферы).

Якiя ёсць планы перахода з кiрылiцы на лацiнку (калi яны ўвогуле ёсць)?

На сённяшні дзень не існуе планаў пераходу беларускай пісьмовай мовы на лацінку. Такое пытанне на сённяшні дзень не з’яўляецца актуальным. 

Аляксандр Лукашанец
ТUT.BY , 22 лютага 2010

 

Кoличество переходов на страницу: 3423


Комментарии