Буракі незаменныя для вінегрэта, баршчу і селядца пад футрам. А яшчэ гэта вельмі карысная гародніна. Яна змяшчае бор, марганец, жалеза, дапамагае крывятварэнню, паляпшае працу кішэчніка. Буракі карысная для добрай працы печані. Гэты карняплод часта рэкамендуюць тым, хто імкнецца пахудзець ці проста зрабіць сваё харчаванне больш здаровым, бо пры ўсёй карысці каларыйнасць сырога бурака невысокая: 40 ккал на 100 г прадукта.
Што нядаўна высветлілі навукоўцы пра буракі? Чаму менавіта гэтаму карняплоду ставяць у заслугу медалі брытанскіх алімпійцаў? Як правільна гатаваць буракі і чаму самым карысным з’яўляецца іх сок? Пра гэта расказвае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гумен Гарбанніджад.
— Доктар Гумен, чаму буракі так добра прыжыліся ў славянскай кухні?
— Кожная кухня мае пэўныя мясцовыя асаблівасці. Японская ўключае шмат рыбы, у міжземнаморскай багата арэхаў і чырвонага віна. Гэта звязана з той колькасцю вітамінаў, мінералаў, бялкоў, вугляводаў, якую людзі гэтай мясцовасці павінны атрымліваць. Напрыклад, народы крайняй поўначы чукчы ці эскімосы ядуць свежазамарожаную рыбу без тэрмічнай апрацоўкі, бо там не расце зеляніна. І каб забяспечыць дастатковую колькасць вітамінаў і мінералаў, неабходна есці сырую рыбу.
На нашай тэрыторыі клімат мяняецца, робіцца больш цёплым. Але раней былі суровыя зімы. Пры гэтым адсутнічала свежая зеляніна, гародніна і садавіна, таму з’явіліся свае асаблівасці харчавання, каб у зімовы час забяспечыць арганізм вітамінамі, асабліва вітамінам С. Тую гародніну, якую маглі, захоўвалі на зіму, — капусту, моркву, буракі. Напрыклад, квасілі капусту. Яна не толькі ўтрымлівае мінералы і вітамін С, але і працуе як добры прабіётык.
Цяпер гэтай праблемы няма, у 21 стагоддзі наладжана лагістыка, і круглы год мы маем доступ да свежай гародніны, фруктаў, зеляніны.
Аднак буракі занялі сваё трывалае месца ў славянскай кухні. Яны не толькі пастаянны кампанент у разнастайных салатах і іншых стравах. Іх выкарыстоўваюць у лячэбных мэтах, калі дрэнна працуе кішэчнік і ёсць схільнасць да запораў.
Даўно вядома, што гэта гародніна мае каштоўныя для здароўя ўласцівасці. Аднак падчас апошніх даследаванняў брытанскага інстытута Экстэра, якія праводзіліся цягам 15 гадоў, высветлілася, што іх карысныя ўласцівасці нашмат больш, чым меркавалі раней.
Лічыцца нават, што тым медалямі, якія ў 2012 годзе атрымалі англічане на Алімпіядзе, яны абавязаны буракам, бо іх кармілі стравамі з гэтай гародніны і паілі бурачным сокам.
— У чым карысныя ўласцівасці буракоў?
— Яны могуць нармалізаваць высокі ціск і павялічыць падачу кіслароду ў тканках, такім чынам павышаючы іх вынослівасць пры тым, што менш траціцца энергіі. Па дадзеных гэтага брытанскага інстытута, ужыванне буракоў павялічвае КПД мышц да 19%. Акрамя таго, яны павышаюць імунітэт.
Чырвоны колер буракі маюць за кошт лікапіну. Даўно вядома, што гэта магутны антыаксідант, які зніжае ўзровень халестэрыну і мае доказы супрацьракавага дзеяння. Акрамя таго, тая гародніна, якая ўтрымлівае вялікую колькасць лікапіну, багатая на калій, які важны для паўнацэннай работы сэрца. Лікапін сам па сабе добры антыаксідант, змяншае імавернасць з’яўлення ракавых пухлін, і змяншае ўзровень халестэрыну ў сасудах.
Буракі ўтрымліваюць вялікую колькасць нітрату, які ператвараецца ў нітрыт, а той у сваю чаргу ў аксід нітрату. Аксід нітрату спачатку працуе як пашыральнік сасудаў, таму ён можа знізіць ціск на 5 адзінак рт.сл. Дзякуючы чаму ён на 10 % змяншае імавернасць ішэмічнага інсульту галаўнога мозга і інфаркту сэрца.
Акрамя гэтага, аксід нітрату пашырае сасуды ў пэўных участках галаўнога мозгу, якія адказваюць за ўвагу і засяроджанасць. Такім чынам, людзі, якія рэгулярна ўжываюць буракі, становяцца больш уважлівымі, могуць лягчэй засяродзіцца на пэўных праблемах і ім лягчэй удаецца іх вырашэнне.
Даследаванне паказала, што ў пажылых людзей, якія рэгулярна ўжываюць буракі, змяншаецца біялагічны ўзрост мозга, і ён пачынае працаваць крыху лепш для свайго ўзросту, змяншаюцца праявы дэменцыі, рассеянасці.
Для спартоўцаў, дзе ролю адыгрываюць секунды і долі секунды, 19 % маюць вялікае значэнне. А для людзей пажылога ўзросту гэта азначае, што ім лягчэй дайсці да магазіна, выканаць нейкую працу па дому ці перанесці іншую фізічную нагрузку.
— Ці мае значэнне, у якім выглядзе мы ўжываем буракі?
— Для таго, каб атрымаць максімум карысных уласцівасцяў, вельмі важна як мы гатуем буракі. У многіх славян ёсць такая якасць: казаць, што так рабіў мой дзед, значыць так буду рабіць і я. У той час калі ўвесь свет глядзіць наперад, робіць па апошніх методыках, славяне любяць паступаць, як сто гадоў таму. Таму важна гатаваць правільна, а не так, як гэта рабілі шмат гадоў таму.
Большасць людзей доўга вараць буракі. Нітрат, пра які я згадваў, водарастваральны, і для таго каб па максімуму выкарыстоўваць уласцівасці гэтага карняплоду, атрымліваецца, што мы павінны выпіць гэту ваду. Але натуральна, ніхто так не робіць, і атрымліваецца, што самае карыснае мы выліваем у ракавіну. А застаецца цукар і лікапін.
Згодна з апошнімі даследаваннямі, каб атрымаць максімум каштоўных рэчываў, мы павінны ўжываць буракі ў сырым выглядзе або запячы ў духоўцы, завярнуўшы ў фольгу, каб яны не страцілі сок. Пры варцы карысныя рэчывы буракі губляюць цягам 10 хвілін, але за такі час яны, вядома, не дойдуць да гатоўнасці.
Самае аптымальнае выйсце — піць бурачны сок.
— Колькі яго патрэбна, каб атрымаць тую карысць, пра якую вы казалі? І як правільна гатаваць бурачны сок?
— 2-3 буракі сярэдняга памеру ў суткі дастаткова, каб яны мелі карыснае ўздзеянне.
Калі мы ўжываем сок адразу, няма розніцы, з дапамогай якой сокавысціскалкай мы яго атрымаем. Калі мы збіраемся піць яго цягам дня і пакінуць больш чым на 45 хвілін, тады лепш падыходзіць шнэкавая сокавыціскалка. Такім спосабам сок менш дакранаецца з кіслародам, і яго можна захоўваць больш працягла.
Сок хутка пачынае сваю работу ў нашым арганізме — літаральна праз 2-2,5 гадзіны. Паляпшаецца працаздольнасць, кровазварот галаўнога мозга, КПД мышц, але калі спыніць яго прыём, то гэтак жа хутка яго дзеянне спыняецца — максімум праз 2-3 дні мы страцім гэтыя ўласцівасці. Таму калі вы займаецеся спортам, і хочаце дасягнуць лепшых вынікаў, мінімум за 3 гадзіны да трэніроўкі сок варта прымаць. І рабіць гэта пастаянна.
Трэба сказаць, што не толькі буракі ўтрымліваюць вялікую колькасць нітрату. Ліставая гародніна — шпінат, шчаўе, укроп, лімонная меліса — таксама яго маюць. Але яны не ўтрымліваюць лікапіну, таму моцнага антыаксідантнага эфекту ад іх мы не атрымліваем.
Калі хтосьці не любіць сок буракоў паасобку, яго можна змешваць з яблычным, маркоўным і сельдэрэевым. Напрыклад, маркоўны сок з’яўляецца моцным антысэптыкам, бо валодае добрымі антыбактэрыяльнымі ўласцівасцямі і паляпшае імунітэт. Але ўсё ж лідар у паляпшэнні працаздольнасці — буракі.
— Ці ўсім можна ўжываць бурачны сок?
— Яўных супрацьпаказанняў няма, акрамя таго, што ў невялікай колькасці ён можа вымываць кальцый з касцей і павялічваць перыстальтыку кішэчніка. Ну і трэба памятаць, што ён падфарбоўвае мачу ў чырвоны колер. Каб выявіць індывідуальныя супрацьпаказанні, можна параіцца са сваім доктарам. Але па вялікім рахунку, калі няма алергічнай рэакцыі і запушчанага астэапарозу, а таксама праблем з кішэчнікам, то бурачны сок можна ўжываць.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 23 студзеня 2024
Звязда, 23 студзеня 2024
Кoличество переходов на страницу: 92
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |