https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа


Назва памятнай даты зменена з «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня» на «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — 22 чэрвеня».

Указ падрыхтаваны на падставе закона ад 5 студзеня 2022 года «Аб генацыдзе беларускага народа», у адпаведнасці з якім факты ўчынення нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фармаваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынстваў, накіраваных на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа, прызнаны. генацыдам беларускага народа.

На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. У гэтым трагічным спісе Трасцянец, Хатынь, Азарыцкая зона смерці, Чырвоны Бераг. Па няпоўных дадзеных, толькі ў лагерах на тэрыторыі Беларусі загінулі каля 1,5 млн. чалавек. На тэрыторыі краіны знішчана больш за 9 тысяч населеных пунктаў. Усяго Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара.

У памяць аб першым дні вайны ў розных кутках Беларусі штогод праходзяць памятныя і ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам Прэзідэнта, вышэйшых службовых асоб, ветэранаў, працоўных калектываў, прадстаўнікоў моладзевых і грамадскіх арганізацый, а таксама гасцей з замежных краін.

Паўсюдна да памятных месцаў, воінскіх пахаванняў у гэты дзень ускладаюцца кветкі, праводзяцца мітынгі-рэквіемы, сходы ветэранаў, маштабныя гістарычныя рэканструкцыі. Традыцыйна цэнтрам памятных мерапрыемстваў становіцца легендарная Брэсцкая крэпасць.

На світанні 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Пачалася рэалізацыя плана «Барбароса», згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці маланкавую вайну і адным ударам разграміць СССР.

На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады.

22 чэрвеня першымі рух ля савецкай граніцы заўважылі пагранічныя нарады. Лінейныя заставы пагранатрадаў у 4.00 зведалі моцны артылерыйскі і мінамётна-кулямётны абстрэл. Пасля першых ашаламляльных залпаў, непазбежнага хвіліннага замяшання прагучалі галасы камандзіраў: «Застава, ў ружжо!»

Пад прыкрыццём артылерыі нямецка-фашысцкія войскі пачалі фарсіраваць пагранічныя рэкі. Ад заходняга берага сталі адчальваць лодкі, плыты з пяхотай праціўніка, на ўсходні бераг пачалі выбірацца плаваючыя танкі, якія рушылі на ўсход, выходзячы да асноўных магістралей і дарог. Для знішчэння пагранічных застаў былі вылучаны спецыяльныя атрады аўтаматчыкаў.

Ужо ў 10.45 22 чэрвеня намеснік начальніка Заходняй пагранічнай акругі камбрыг Курлыкін дакладваў у штаб: «Баі ідуць па ўсім фронце, амаль ва ўсіх атрадах парушана сувязь, пагранічнікі змагаюцца да канца».

Стойкасць памежнікаў, іх масавы гераізм парушалі планы германскага камандавання, якое выдзяляла на падаўленне пагранічных застаў 30 хвілін. Гітлераўцы захапілі Брэст і цалкам акружылі крэпасць, аднак яе абаронцы аказалі ўпартае супраціўленне захопнікам. Асобныя групы савецкіх воінаў прадаўжалі змагацца ў крэпасці да трэцяй дэкады ліпеня 1941 года.

Моцнае супраціўленне сустрэлі нямецкія войскі і на поўдзень ад Брэста, дзе 22 чэрвеня 1941 года савецкая 75-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Сямёна Іванавіча Нядзвігіна сумесна з караблямі Пінскай ваеннай флатыліі ў раёне Маларыты спыніла наступленне 53-га нямецкага армейскага корпуса. Дзякуючы ўмелым дзеянням савецкай групоўкі на гэтым напрамку тры нямецкія дывізіі, у тым ліку танкавая, былі вымушаны 23-27 чэрвеня перайсці да тактыкі вядзення абарончых баёў.

У першыя дні вайны войскі Заходняга фронту вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі, наносілі контрудары. Байцы Чырвонай Арміі прадэманстравалі бяспрыкладную мужнасць і самаадданасць, што прывяло да поўнага крушэння плана маланкавай вайны.

У гады вайны на франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш як 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Вайсковымі злучэннямі ў час вайны камандавалі 217 генералаў і адміралаў — беларусаў. Імёны многіх нашых суайчыннікаў сталі легендарнымі, іх ведалі на ўсіх франтах. У баях пад Масквой вызначыліся Даватар, Лізюкоў, Сычэнка і многія іншыя. У адным з баёў на Курскай дузе лётчык Аляксандр Гаравец збіў дзевяць варожых самалётаў. Зінаіда Тусналобава-Марчанка вынесла з поля бою 128 параненых байцоў.

У гэтай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара — памяць аб іх будзе жыць вечна.

Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Звязда, 23 сакавіка 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 295