Здараецца, лёс зводзіць з пэўнай краінай сыноў зусім іншай зямлі. І яны, здалёк убачыўшы яе хараство, наблізіўшыся і сэрцам адчуўшы прыгажосць унутраную, застаюцца вернымі новай любові. Часам для самой краіны яны могуць адкрыць нешта новае, бо быццам кажуць: «Паглядзі на сябе, ты вельмі асаблівая, ты не падобная да іншых. Я такіх раней не сустракаў і іншых не хачу…»
Так адбылося і з Джымам Дынглі, які аднойчы выпадкова даведаўся пра terra іncognіta — краіну, што знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, але так мала вядомая гэтай частцы свету. Бліжэй пазнаёміўшыся з яе ўраджэнцамі — беларусамі, што жылі ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі, — ён адзначыў для сябе, што гэта вельмі добрыя людзі. Джым прачытаў шмат літаратуры пра Беларусь і знайшоў для сябе яшчэ адну загадку, якая вельмі прывабіла яго, — шматэтнічную і шматаблічную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, што калісьці папярэднічала сучаснай краіне. А аднойчы ў Полацку, на канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю з дня нараджэння Францішка Скарыны, ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай-беларускай… Так і сталася, што Дынглі стаў руплівым беларусістам, актыўным удзельнікам англа-беларускага таварыства ў Лондане (нават яго старшынёй у пэўны час). Карэспандэнтка «Звязды» сустрэлася з гэтым брытанцам, каб пагутарыць найперш пра Беларусь.
— Гісторыя вашага знаёмства з нашай краінай многім вядомая. Вы працавалі памочнікам даследчыка ў бібліятэцы ў Вялікабрытаніі і сустрэлі там айца Аляксандра Надсана. Ён і пазнаёміў вас з Беларуссю завочна. Што найбольш прывабіла ў нашай краіне?
— Мяне зацікавіла найперш тое, што дагэтуль я нічога не ведаў пра Беларусь, хоць і скончыў факультэт славістыкі ў Кембрыджскім універсітэце. Пачаў знаёміцца з іншымі беларусамі, чытаць кнігі, і так адкрыў для сябе гэту terra іncognіta. Я знайшоў тут нешта зусім іншае, чым у Расіі, напрыклад. У той час я доўга быў у Маскве, а затым сур’ёзна заняўся вывучэннем Беларусі — і ўбачыў вялікую розніцу, у гісторыі і традыцыях.
— Раскажыце, што гэта за розніца, бо часам самі беларусы яе не бачаць…
— Я ўбачыў тут сумесь культур: праваслаўнай, каталіцкай, іўдзейскай і нават мусульманскай — гэта надзвычай цікава. Мяне вельмі ўразіла ваша гісторыя, тое, як складвалася Вялікае Княства Літоўскае, як яно фарміравалася з розных нацыянальнасцяў, тэрыторый. Гэта ўнікальная з’ява ў гісторыі Еўропы. Калі браць тую ж Расію, дзе таксама шмат народаў, культур, то пачуццё зусім іншае. Там ёсць імперскі дух. Маецца ён і ў Вялікабрытаніі.
— Давайце пагутарым пра асабістае. Ваша жонка — беларуска. Што вы ўпадабалі ў ёй з таго, што можна назваць беларускай рысай?..
— (Смяецца). Яе непасрэднасць і прамалінейнасць — без розных «завіткоў», як у англічан, хаджэння вакол і каля… Увогуле ж я не люблю стэрэатыпы, і тое, што напрыклад, усе беларусы — талерантныя — гэта няпраўда.
— Цікава, у чым праяўлялася прамалінейнасць вашай жонкі? У тым, як яна будавала стасункі з вамі?
— Можа, і так! Мы доўга ліставаліся: яна жыла яшчэ ў Мінску, а я ў Лондане. Аднойчы я прыехаў сюды на маёй машыне, а вярталіся мы ўжо разам. Яна не мела візы ў Германію (тады, у 1991—1992 гг. быў суцэльны хаос), аднак мелася віза ў Англію — без яе было нельга прыехаць.
— Можна сказаць, што ваша жонка вас заваявала?
— У пэўным сэнсе так. Мы сустрэліся ў Полацку падчас канферэнцыі, прысвечанай Францішку Скарыну, у 1990 годзе. Яна (як і вы зараз) брала ў мяне інтэрв’ю. І раптам яна сказала: «Я зраблю вам гарбату, я маю лімон». У той час гэта было вялікай рэдкасцю, і яна так ганарылася тым, што мае лімон. Такім чынам, нашы стасункі пачаліся з гарбаты.
— Наколькі цяжка ёй было прызвычайвацца да англійскага ладу жыцця?
— Найперш трэба было вывучыць мову, яна адразу пайшла на курсы. Аднак англійскай авалодала вельмі хутка. Прычым настолькі добра, што цяпер выкладае англійскую мову як замежную.
— Прызнайцеся, ці не было калі-небудзь думкі пераехаць жыць у Беларусь?..
— Такая думка ёсць. У Мінску, у раёне Зялёнага Луга мы маем кватэру. Мая жонка Эля зрабіла там капітальны рамонт, і цяпер можна ў ёй жыць. Аднак ёсць адна вялікая праблема: яна не грамадзянка Беларусі. Бо ў 1990-х гадах яна прыняла англійскае падданства — да таго, як з’явіўся закон пра двайное грамадзянства. Таму нешта прыдумаць можна, але гэта не тое пачуццё, як калі б яна мела беларускі пашпарт. Акрамя таго, я не хацеў бы жыць у Мінску цэлы год. Адзіным магчымым варыянтам бачу жыццё на дзве краіны — Англію і Беларусь.
— Чаму з’явілася гэта жаданне пераезду?
— Бо я калі і не закахаўся ў Беларусь, то яна мне вельмі падабаецца. Яна мне даспадобы больш, чым мая радзіма. Англію я ўжо не адчуваю сваёй краінай, там шмат што змянілася. Я бачу сябе ў Беларусі. Я маю тут нашмат больш сяброў, чым там. Да таго ж тут вельмі шмат цікавага адбываецца. Напрыклад, мне вельмі падабаецца Купалаўскі тэатр, і канцэрты добрыя часам праходзяць… Я жыву не ў самім Лондане, а ў горадзе ля мора. Там вельмі прыгожа, але няма амаль ніякіх культурных устаноў. Дзеці выраслі, сталі незалежнымі, таму ў Англіі нас больш нічога не затрымлівае.
— Я чытала, што адна з вашых дачок размаўляе па-беларуску…
— Яна разумее. Але размаўляе лепш па-руску. У верасні гэтага года яна прыедзе сюды на тры месяцы — займацца рускай мовай на факультэце міжнародных адносін БДУ.
У Лондане ёсць Беларуская бібліятэка імя Францыска Скарыны. Калісьці яе заснавалі святары Чэслаў Сіповіч і Аляксандр Надсан. Джым Дынглі з’яўляецца адным з членаў апякунскай рады бібліятэкі. Ён падзяліўся сваімі думкамі пра яе далейшы лёс:
— Бібліятэка мае статус дабрачыннай установы. Па англійскім законе гэта азначае, што сам будынак і тое, што ў ім, — уласнасць сяброў апякунскай рады, кожнага асабіста і ўсіх разам. Таму такога, каб нешта прадалі або яно знікла, быць папросту не можа. Пасля смерці айца Аляксандра Надсана ў бібліятэцы ніхто не жыве, але трэба дбаць, каб яна была адчыненая для чытачоў. Мы прынялі рашэнне, што сябры апякунскай рады будуць дзяжурыць у бібліятэцы на працягу 4-х гадзін па суботах. У іншы час ёй таксама можна скарыстацца, па папярэдняй дамоўленасці.
Сябры апякунскай рады распачалі працу і па алічбаванні калекцыі — каб зрабіць унікальныя матэрыялы даступнымі для шырокага кола чытачоў. Часопісы «Зніч» і «Божым шляхам» ужо ёсць у электронным выглядзе. Наступны крок — стварэнне электроннага каталога. Абмяркоўваецца таксама магчымасць выдачы кніг на дом: у Лондане досыць вялікая беларуская супольнасць, маецца нядзельная школа.
Дынглі адзначае, што наступная сустрэча апякунскай рады бібліятэкі ў Лондане прызначана на 12 верасня.
Кoличество переходов на страницу: 520
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |